Беларускі прафсаюз работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва падвёў вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю харчавання механізатараў. Пераможцам прызнаны калектыў рэстарана «Арэса» Любанскага райспажыўтаварыства. Повары гэтага аб’екта рыхтуюць абеды для 350 работнікаў гаспадарак Любанскага раёна сем дзён у тыдзень з пачатку пасяўной.
Павіншаваць з перамогай, уручыць заслужаную ўзнагароду і падзякаваць калектыву за прафесіяналізм, якасную і добрасумленную работу кіраўнік галіновага прафцэнтра Аксана Герашчанка адправілася асабіста.
— На працягу многіх гадоў наш прафсаюз надае вялікую ўвагу ўборачнай кампаніі. І гэта не проста разавая акцыя, а сістэмная і мэтанакіраваная работа, якая праводзіцца на ўсіх узроўнях, ад Рэспубліканскага камітэта да абласных арганізацый, — адзначыла старшыня.
Тэхнічная інспекцыя працы галіновага прафсаюза ў перыяд масавых палявых работ праводзіць сістэматычны маніторынг аб’ектаў грамадскага харчавання, правярае тэхналагічнае абсталяванне, умовы працы, сочыць за якасцю прыгатавання ежы. На асаблівым кантролі прафсаюза — выкананне правіл аховы працы, у тым ліку правядзенне пазапланавых інструктажаў па тэхніцы бяспекі, забеспячэнне работнікаў спецадзеннем, спраўнасць абсталявання.
Калектыў рэстарана «Арэса» невялікі, але стабільны. Тут працуюць тры повары, стаж якіх пераваліў за два дзясяткі гадоў. Лічаць, што паесці любяць усё, а мужчыны — асабліва. Тым больш, такія моцныя і працавітыя, як аграрыі Любаншчыны.
— Гатуем абеды для механізатараў з красавіка. Дамовы заключаныя з дзвюма гаспадаркамі і забяспечваць працаўнікоў палёў гарачым харчаваннем мы будзем яшчэ ўвесь кастрычнік, — расказвае повар 4-га разраду Аксана Філюта. — Гэта правільна, бо працаўнікоў у нас шмат і хадзіць дадому на абед займае шмат часу. Іншая справа, калі гарачыя стравы прывезлі ў поле. У хлопцаў і настрой паднімаецца, і праца спорыцца.
Трэба адзначыць, што справа ў жанчын хоць і высакародная, але фізічна нялёгкая.
— Для палягчэння работы павароў з пачатку сезона складаецца двухтыднёвае меню, якое зацвярджаюць гаспадаркі. У меню ў абавязковым парадку ўключаецца 500 г першага, ад 200 да 400 г гарніру, 200 г мяснога, пітво, хлеб, кандытарскі выраб. У спякоту апроч абавязковага меню дадаткова кожнаму механізатару выдавалася 1,5 літра мінеральнай вады. Сярэдні кошт абеду складае ад 10 да 15 рублёў, — расказала начальнік аддзела грамадскага харчавання Любанскага райспажыўтаварыства Ірына Яновіч.
Па словах Аксаны Герашчанка, сёлета ў аглядзе-конкурсе ўдзельнічалі 39 арганізацый сферы гандлю і спажывецкай кааперацыі, якія забяспечвалі харчаваннем каля 2,5 тысяч механізатараў.
— Традыцыйна конкурс праходзіць у два этапы. Лепшае прадпрыемства грамадскага харчавання вызначаюць спачатку на абласным узроўні, а далей выяўляюць пераможцу з тых, хто выйшаў у фінал. Галоўныя крытэрыі — якасць прыгатавання ежы, умовы, у якіх працуюць работнікі грамадскага харчавання і, безумоўна, іх нагрузка: колькасць чалавек, для якіх гатуюць абеды, перыядычнасць, — адзначыла кіраўнік галіновага прафцэнтра.
У гэтым годзе ў фінал выйшлі шэсць арганізацый, якія на працягу многіх гадоў забяспечваюць камбайнерам надзейны тыл. Гэта рэстаран «Арэса» г.Любань Любанскага раённага спажывецкага таварыства (3 повары з красавіка месяца па кастрычнік забяспечваюць аднаразовым харчаваннем 350 механізатараў); бар «Славянскі» г.Столін філіяла «Горкаапгандаль» Столінскага раённага спажывецкага таварыства (6 повараў з красавіка па цяперашні час забяспечваюць аднаразовым харчаваннем 200 механізатараў); сталовая № 13 г.Рэчыца Светлагорскага філіяла Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства (3 повары забяспечвалі аднаразовым харчаваннем 80 чалавек з красавіка па жнівень); кафэ хуткага абслугоўвання г.п.Лёзна Бешанковіцкай філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства (2 повары забяспечваюць з красавіка па цяперашні час 110 механізатараў аднаразовым харчаваннем); рэстаран «Сустрэча» г.п.Воранава Воранаўскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства (5 повараў забяспечваюць харчаванне з красавіка па кастрычнік 180 механізатараў, з якіх 120 — аднаразовым харчаваннем і 60 — двухразовым); кафэ «Стары Дворык» Глускага раённага спажывецкага таварыства (4 повары кормяць трохразовым харчаваннем 138 механізатараў з красавіка па кастрычнік).
Алена КРАВЕЦ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.