Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Данецкай Народнай Рэспублікі Дзянісам Пушыліным. «Мы супрацоўнічаем даўно. А што тычыцца Беларусі, то ў складзе Украіны мы заўсёды супрацоўнічалі з Данецкай вобласцю. І, натуральна, у гэтыя складаныя, цяжкія часы з тых яшчэ часоў (ужо 10 гадоў) мы не адмаўляліся ад гэтага супрацоўніцтва, гатовыя працягваць і цяпер. Тым больш што пэўныя напрацоўкі ёсць, база створана», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што ў гэтым супрацоўніцтве трэба пазбаўляцца ад пасрэднікаў, на што беларускі бок безумоўна гатовы.
«Тут у нас розныя намёкі і іншае, нават з Захаду, што вы вось будзеце супрацоўнічаць, пакрыўдзіце Украіну. Мы нікога не крыўдзім. Мы гатовы супрацоўнічаць і з Украінай на тых жа прынцыпах, што і з Данецкай рэспублікай», — заявіў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што Беларусь прымае на лячэнне і аздараўленне дзяцей з ДНР. Яны вельмі задаволеныя. «Праўда, мяне ледзь у суд нейкі не зацягнулі, што мы крадзём, аказваецца, вашых дзяцей. Ну дык я прапанаваў і Украіне, і амерыканцам: калі ласка, прыязджайце, знайдзіце хоць адно ўкрадзенае дзіця. Гэта не нашы прынцыпы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён пацвердзіў, што Беларусь гатова супрацоўнічаць з ДНР, абсалютна не парушаючы ніякія міжнародныя нормы і нормы нашых узаемаадносін. «Мы працуем у імя людзей. Ёсць праблема ў будаўніцтве ў вас — мы будзем вас падтрымліваць і дапамагаць. Ёсць у вас праблема кагосьці лячыць, адукацыю атрымаць — мы гатовы з вамі супрацоўнічаць. Абсалютна на такіх прынцыпах гатовы супрацоўнічаць і з Украінай. Таму не трэба тут на нас накатваць, навальваць. Мы людзі міралюбівыя. У аснове нашага сяброўства і супрацоўніцтва — толькі мір», — канстатаваў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што ў ДНР могуць разлічваць на Беларусь, калі ўбачаць у краіне нешта неабходнае для аднаўлення і развіцця свайго краю.
Дзяніс Пушылін ад імя жыхароў ДНР і сябе асабіста падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ўсебаковую дапамогу, у першую чаргу гуманітарнаму характару. «У нас вельмі шмат кропак судакранання. І гэта не толькі агульная гісторыя, але і бачанне далейшага развіцця. Гэта толькі моцнае, шчаслівае грамадства, заснаванае на справядлівасці. І наша задача — выбудаваць такія ўмовы, каб не сорамна было перадаць наступным пакаленням. Дзякуй вам», — сказаў ён.
Журналістам Дзяніс Пушылін расказаў, што ў эканамічным і гуманітарным супрацоўніцтве Беларусі і ДНР ужо створана база для наступных крокаў. Па яго словах, найперш размова ідзе аб гуманітарным складальніку — арганізацыі адпачынку дзяцей з Данбаса. «Ёсць магчымасць узаемадзеяння па маладзёжным напрамку. Ужо прайшло некалькі форумаў у Беларусі і Расійскай Федэрацыі, і яны прыносяць пэўны эфект. Аднагодкі адзін аднаго разумеюць значна хутчэй. Нашым маладым рабятам ёсць што расказаць, расказаць у параўнанні, як гэта бывае, што нясе псеўдадэмакратыя, якая навязвалася, што нясуць тыя „каштоўнасці“ і ў што гэта выліваецца», — адзначыў Дзяніс Пушылін.
Эканамічнае супрацоўніцтва таксама набірае абароты. Дзяніс Пушылін расказаў, што на тэрыторыі ДНР ідзе грандыёзная будоўля, і ў ДНР у сувязі з гэтым ёсць пэўныя патрэбнасці, у тым ліку ў будаўнічай і камунальнай тэхніцы.«Неабходна і рамонтная база, таму што на нашых кар’ерах засталася тэхніка БЕЛАЗ, яна патрабуе рамонту. Рэспубліка Беларусь гатова аказаць садзейнічанне ў рамонтна-тэхнічным забеспячэнні, і гэта пункт узаемавыгаднага супрацоўніцтва», — заявіў Дзяніс Пушылін. Яшчэ адзін важны пункт супрацоўніцтва — пастаўка ў ДНР беларускіх прадуктаў харчавання. Тут таксама ёсць попыт, гэта работа сістэматызуецца.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.