Для чаго чалавек прыходзіць у гэты свет: каб вечна пакутаваць альбо вучыцца атрымліваць асалоду ад жыцця? Як імпульсіўныя рашэнні маладосці становяцца лёсавызначальнымі і цалкам змяняюць асобу і яе шлях? Ці існуе сапраўднае каханне ў сучасным прагматычным свеце? Якую цану нам трэба заплаціць за злачынствы мінулага і як гэтага пазбегнуць? На пытанні з дапамогай розных літаратурных жанраў спрабуюць адказаць аўтары сёмага нумара «Нёмана».
Часопіс традыцыйна пачынаецца з рамана. Гэтым разам на сцэне жыцця разгортваюцца драматычныя падзеі шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, дзе пад вопытным кіраўніцтвам пісьменніка Фёдара Конева маладыя Ганна, Рыма і іх старэйшыя таварышы Арсеній і Васіль спрабуюць знайсці свой шлях. Рыма вельмі хацела пазнаёміць малодшую сяброўку са сваім каханым, у якога было нераспаўсюджанае і нават крыху «старэчае» імя — Арсеній. Інтэлігентнай Ганне, сапраўднай прадстаўніцы пакалення «шасцідзясятнікаў», сустрэчы ў паўразваленай вясковай хаце не вельмі падабаліся, аднак перспектыва сядзець у кватэры адной здавалася яшчэ горшай. Па даўно ўсталяваных традыцыях класічнага рамана, Ганна і Арсеній зацікавіліся адно адным. Каханне разгаралася ў сэрцах маладых людзей, а бурлівы настрой грамадзянскага ўздыму падтрымліваў хуткае збліжэнне пары. Здаецца, сюжэт вельмі прадказальны: забароненае каханне, якому наканаваны кароткі век, разбітае сэрца, парушаны лёс, а ў выніку — нечаканая сустрэча…
Аднак, нягледзячы на тыповасць апавядання, аўтар надае сваім героям непаўторныя і супярэчлівыя рысы, што прымушае чытача сачыць за развіццём гісторыі да самага канца. Стыль рамана адрозніваецца ад характару звыклых апавяданняў пра савецкі час. Тут амаль не знойдзеш прастамоўных выказванняў і лексікі, уласцівай падобным сюжэтам. Стыль вядомых рускіх класікаў Івана Тургенева, Мікалая Гогаля таленавіта пераплятаецца з сацыяльным настроем тых часоў. Тыповасці дабаўляе і агульная атмасфера безнадзейснасці. Здаецца, нарэшце прыйшла доўгачаканая адліга, у паветры пахне свабодай, аднак грамадства не можна ўздыхнуць з палёгкай — сапраўдныя запаветы Леніна так і застануцца на старонках кніг, а просты народ не стане часткай палітычнай сістэмы. Фёдар Конеў добра перадаў дух унутранага пратэсту моладзі 1960-х, спалучаючы надзею і трагедыю, упартасць і роспач у адзінае цэлае.
Урывак з паэмы «Сёстры міласэрнасці» Валянціны Паліканінай, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацкая літаратура», Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, расказвае пра подзвіг жанчын на вайне. Звычайна ваенныя подзвігі і ахвяры асацыіруюцца з мужнымі салдатамі на полі бою. Аднак Валянціна Паліканіна звярнула ўвагу чытачоў да непрыкметных удзельнікаў крывавых падзей, без якіх вынік вайны мог быць зусім іншы. Гэта сёстры міласэрнасці, медсястрычкі, якія на адным узроўні з самымі вопытнымі байцамі ахвяравалі сабой і ратавалі параненых пад свіст варожых куль.
Пространство воет и скрежещет,
И враг не чувствует вину...
И мир зовет бесстрашных женщин
Идти на подвиг и войну...
Маладыя жанчыны залечвалі не толькі раны — яны замянялі хворым іх каханых, сясцёр і маці, якіх даўно забрала вайна, слухалі развітальныя словы тых, хто паміраў, адпускалі грахі і былі побач у апошнія хвіліны. Нябачныя байцы фронту, ад чыіх дзеянняў залежыць фізічны і маральны стан усёй арміі. Валянціна Паліканіна ўзяла на сябе адказнасць расказаць пра забытых герояў мінулых падзей.
Беда казалась тучей безразмерной,
Но солнцем были дочери Христа.
Без имени, а подвиг беспримерный.
Без отчества, а святости под стать.
Чума больниц. Чахоточность вокзалов.
Свирепый дым. Ушедшие в глазах...
История о многих рассказала,
О многих позабыла рассказать.
Пра лёсавызначальныя сустрэчы і глыбокую адданасць піша ў сваіх апавяданнях «Партрэт» і «Рыжык» Алесь Бадак (пераклад з беларускай Алега Ждана-Пушкіна). Віктар Канстанцінавіч малюе амаль усё жыццё, аднак вялікай славы і прызнання так і не атрымаў. Спачатку быў занадта сціплы і няўпэўнены, а пазней сярод больш вядомых калег стаў адчуваць сябе чужым. У асабістым жыцці таксама не склалася: ні жонкі, ні дзяцей у Віктара Канстанцінавіча не было. Аднак сустрэча з Вольгай Іванаўнай падарыла мастаку даўно забытае юнацкае хваляванне, якое творца адлюстраваў на партрэце і надоўга захаваў у сэрцы. У апавяданні «Рыжык» галоўны герой былы інжынер Вадзім пасля шматгадовай працы выйшаў на заслужаную пенсію. Доўгі час не мог прыняць свой узрост і новы статус. «„Старасць — як латанае-пералатанае адзенне: на чужых плячах яна заўсёды выглядае больш зношанай, чым на сваіх“, — падумаў Вадзім у той дзень, калі яму споўнілася шэсцьдзесят». Дапамагло хобі і выпадкова знойдзены сябар — стары сабака Рыжык. Нечаканая сустрэча змяніла самаго Вадзіма, які ў сталым узросце знайшоў кагосьці блізкага, хто падзяліў з ім радасць і сум.
Апавяданні Алеся Бадака напоўнены філасафічнымі разважаннямі, якія таленавіта перададзены аўтарам праз звычайныя бытавыя рэчы. І «Партрэт», і «Рыжык» расказваюць пра пажылых людзей, іх праблемы і хваляванні цікавяць чытачоў рознага ўзросту і сацыяльнага статусу.
Паэзія Людмілы Шаўчэнка трагічная, сентыментальная, шчырая.
У кароткіх вершаваных радках адлюстраваны боль страты, настальгія па былых радасных імгненнях, роспач і смутак. Паэтэса ўзнімае важныя тэмы, якія датычацца кожнага. Гэта не грамадскія праблемы, не тое, што хвалюе сусвет. Людміла Шаўчэнка піша пра маленькія раны душы, якія мае кожны з нас.
Здаецца, голас яе паэзіі — унутраны шэпт, які не дае спаць па начах.
Порой бывает так несладко —
Слов не найдешь, чтоб рассказать...
Ведь жизнь — мудрёная загадка,
Нельзя всего предугадать.
Віктар Праўдзін працягвае агульны лірычны настрой нумара ў сваіх апавяданнях «Пяць цукерак ад фрыца», «Западня», «Па-людску», «Чыстыя рукі».
У першым творы чытача ахутвае атмасфера вясковага зімняга вечара. Галоўная гераіня Зоя Іванаўна вярнулася ўспамінамі ў цяжкае ваеннае дзяцінства. Напэўна, у многіх бабуль ёсць гісторыя пра добрага немца са смачнымі цукеркамі. Аднак Зоя Іванаўна атрымала зусім іншы жыццёвы досвед, калі маленькая сямігадовая Зоська амаль не заплаціла жыццём за пяць мятных цукерак. Віктар Праўдзін паказвае, што і сярод ворагаў можна трапіць на добрага чалавека, а можна і памыліцца. «А мне цяпер — усё жыццё ўспамінаць і фашыста Фрыца, і добрага немца Курта...»
Пісьменнік мае схільнасць да «гаворачых» назваў, што можна заўважыць па апавяданні «Чыстыя рукі». Гэта невялічкая і, на першы погляд, простая гісторыя пра карумпіраваных чыноўнікаў. У цэнтры твора — звычайная сям’я. Матуля гатуе сняданак, маленькі сын не хоча ісці ў дзіцячы садок, а імкнецца даглядзець сон, старэйшыя сястрычкі збіраюцца ў школу, а тата спіць пасля начной змены. Здаецца, звычайная карціна сярэднестатыстычнай сям’і. Аднак спакойную ціхую раніцу руйнуе навіна пра высокапастаўленага хабарніка. У галаве не ўкладваецца думка: як такіх людзей дапускаюць да высокіх чыноў? Марыя — галоўная гераіня апавядання — пасля навіны адчувае сябе бруднай, ёй вельмі хочацца памыць рукі. Але маленькі сынок Яська, які яшчэ не зведаў усю несправядлівасць гэтага свету, наіўна смяееца: «Матуля, рукі ж чыстыя!»
Апавяданні «Западня» і «Па-людску» аб’яднаны адзінай тэмай — даўняй сувяззю чалавека і прыроды. Аднак людзі вырашылі, што яны вышэйшыя істоты, самыя разумныя і дасканалыя. Таму цяпер можна забіваць братоў нашых меншых і ганарыцца гэтым. Тонкая сатыра спалучаецца з глыбокім аналізам праблемы, што існуе. У абодвух апавяданнях важную ролю іграюць дзеці — як апошняя надзея на будучыню, дзе чалавек, нарэшце, з павагай і любоўю ставіцца да навакольнага свету.
Сугучна з вершамі Людмілы Шэўчэнкі дзеліцца сваімі думкамі Уладзімір Зязюлін у паэтычным цыкле «Жыць для іншых узнёсласцю радкоў». Зноў філасофскія разважанні пра сэнс жыцця, хуткабежнасць часу, цяжкія падзеі мінулага. Творы паэта нельга аб’яднаць у адну тэму. Быццам кожным вершам аўтар хоча ахапіць новыя і новыя вяршыні. Звязвае іх толькі агульная мелодыя, што адзіным матывам пранізвае радкі.
Вот-вот твоё нарушится молчанье
И ты напишешь что-то, чуть дыша.
И новый стих подарит на прощанье
И сладость губ, и холод палаша.
И будут вновь и радость, и разлука,
И взгляд любви, и слезы, и упрёк.
И будет та, особенная, мука —
Жить для других
возвышенностью строк.
Завяршае рубрыку «Проза» апавяданне Ларысы Бабіновіч «Камень». Падзеі разгортваюцца каля адзінага сына паспяховага адваката Віктара Паўлавіча. Юнак трапіў у рэанімацыю, і ўрачы раяць спадзявацца на цуд. Віктар Паўлавіч не разумее, за што яму такія пакуты. Аднак вопытны доктар, які пабачыў не аднаго цяжкага пацыента, падказвае: не за што, а для чаго. Апавяданне прымушае задумацца, як нават самыя бяскрыўдныя ўчынкі могуць стаць трагедыяй у будучыні. «У кожнага ёсць свая канарэйка, задушаная ў дзяцінстве». Пісьменніца паглыбляе чытача ў складаны свет чалавечых пачуццяў, дзе шмат супярэчнасцяў і ўнутранай барацьбы.
У рубрыцы «Дакументы. Нататкі. Успаміны» Пётр Жаўняровіч расказвае пра малавядомыя літаратурныя і сяброўскія сувязі паміж беларускім класікам Уладзімірам Караткевічам і расійскай паэтэсай, бардам і перакладчыцай Навелай Матвеевай. Аўтар спасылаецца на дзённікавыя нататкі, лісты і ўспаміны розных дзеячаў культуры. Пётр Жаўняровіч прапаноўвае чытачам сёмага нумара «Нёмана» азнаёміцца з лістамі Навелы Матвеевай да Уладзіміра Караткевіча і трыма дароўнымі подпісамі, якія суправаджаюцца каментарыямі аўтара. Лісты і пераклады захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх рукапісаў Цэнтральнай нацынальнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кнігі з подпісамі — у працоўным кабінеце беларускага пісьменніка. Усе прыведзеныя матэрыялы публікуюцца ўпершыню. Гэта добрая магчымасць бліжэй пазнаёміцца з вялікім творцам, убачыць генія праз прызму чужога таленту.
Публіцыстыка ў гэтым нумары часопіса прадстаўлена інтэрв’ю Кіріла Ладуцькі з намеснікам дырэктара Інстытута Еўропы Другога Пекінскага інстытута замежных моў Сюй Чуаньхуа. Прадметам размовы сталі беларуска-кітайскія літаратурныя сувязі, якія развіваюцца хуткімі тэмпамі. Галоўныя пытанні: ці чытаюць класіку ў Кітаі? Якія тэндэнцыі назіраюцца ў сучаснай кітайскай літаратуры? Ці карыстаецца попытам беларуская літаратура за мяжой? Усе адказы — у нумары.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».