Адсутнасць бульбяных градак у вёсцы сёлета кампенсуецца наяўнасцю старога яблыневага саду. У чым тут паралелі, спытаеце? Проста сёлета збіраць апалыя яблыкі — тое самае, што бульбу за «тэкам». Ведаеце, што такое «тэк»? Навясная бульбакапалка да трактара, якая захоплівае дзве градкі і пакідае за сабой паласу ператрэсенай зямлі і россып бульбы на ёй, — капацца ў зямлі не трэба, толькі збірай. Не ведаю, наколькі гэты цуд тэхнікі папулярны ў 20-х гадах ХХІ стагоддзя, а ў 80-я—90-я дваццатага быў і на калгасных, і на прысядзібных палетках вяскоўцаў вельмі распаўсюджаны. У нашай мясцовасці нават дзеяслоў адмысловы з’явіўся — «тэкаць», «растэкаць», што вельмі весяліла мужа маёй сястры, які быў родам з-пад Баранавічаў, дзе гэткіх неалагізмаў не было.
Дык вось, сёлета яблыкаў на зямлі ў садзе — як бульбы ва ўраджайны год на растэканых градках: збіраеш не разгінаючыся, і фінішу не відаць. Асабліва калі прыязджаеш толькі на выхадныя — за тыдзень іх нападае столькі (сказаў бы: яблыку няма дзе ўпасці, але будзе тут не вельмі дарэчы, хаця і па сутнасці). Розніца з капаннем бульбы сапраўды невялікая, толькі што яшчэ блытаешся ў зусім нядаўна пакошанай, але ад такога неспадзяванага цяпла хутка падрослай траве. Збіраеш, як і бульбу, у два кашы — прыгожыя, крамяныя, амаль не папсаваныя — сабе ды сябрам-знаёмым на пачастунак, цэлыя, але з выгляду горшыя, больш дробныя, зеленаватыя — на пачастунак свінкам мясцовага фермера. Ён спецыяльна раздае мяшкі, і пасля выхадных ля многіх брамак на вуліцы стаяць па дзве-тры напоўненыя яблыкамі нашулкі. Ён пасля ездзіць і закідвае іх у свой джып... Асобна стаіць у садзе тачка, па-нашаму — каламажка. У каламажку ляціць уся «некандыцыя» — моцна пабітыя, гнілыя. Гнілых сёлета асабліва шмат — штрыфель і нават антонаўкі не вытрымалі гарачага і мокрага лета…
Спачатку ад гэтага занятку атрымліваеш задавальненне і нават асалоду — удыхаеш водар антонавак, раз-пораз адкусваеш ад якога яблыка асабліва прываблівы спелы бачок. Але калі праз паўтары гадзіны фермерскія мяшкі пад завязку поўныя, сабе ўжо насыпана з запасам, суседка назбірала колькі хацела, ты штурхаеш перад сабой ужо сёмую ці восьмую поўную цяжкую каламажку і бачыш, што яшчэ трэба пазбіраць пад дзвюма яблынямі, — тут ужо не да асалоды і не да задавальнення. Баліць спіна, кружыцца галава — карацей, збіраць яблыкі ў яблычны год — надзвычай цяжкая праца, скажу я вам. У каламажку ўжо ляцяць усе без разбору — не пазбіраць іх нельга, бо закісляць і без таго кіслую ў нашых мясцінах глебу, і тады ў садзе будзе расці суцэльная крапіва. За плотам ужо насыпаны добры такі капец, які за зіму проста згніе. Шкада, канешне, але ж дзяваць гэты багацюшчы сёлета ўраджай проста няма куды.
Раней з гэтым праблем не было. Па-першае, у хляве была скаціна, якой яблыкі былі добрым прыкормам. Карове іх наразалі на кавалкі, сыпалі ў яслі. І малако было ўвосень з адчувальным водарам антонавак. Свінням іх секлі секачом у карыце, прысыпалі ржаной мукой, і дзюдзі з апетытам іх хрумкалі, трасучы вялікімі вушамі. Салодкімі штрыфелямі частавалі нават курэй, тыя ахотна дзяўблі здробненую мякаць... Па-другое, па вёсках ездзілі нарыхтоўшчыкі. За яблыкі плацілі літаральна капейкі, але ж і здавалі іх дзясяткамі, нават сотнямі кілаграмаў. На некалькі пачкаў цукру зарабіць можна было, усё ж не задарам... Ну і па-трэцяе, у кожнага гаспадара, які сябе паважае, была сокавыціскалка «Журавінка»…
Гэты несмяротны агрэгат перамолваў усё, што засоўвалася ў яго вузкае рыльца і падпіхвалася спецыяльным «таўкачыкам». Апарат з пяшчотнай назвай натужна рыкаў, выдаваў гук, вельмі падобны на гук піларамы, — і з аднаго боку пачынаў паціху капаць рудаваты сок, з іншага, калі зрушыць адмысловы рычажок, вывяргалася гэткая самая рудаватая макуха. Яе дробнымі шматкамі ў рэшце рэшт было запырскана ўсё — і сцены, і столь, і ўсе, хто знаходзіўся ў радыусе дзеяння цуда-тэхнікі.
Соку ціснулі шмат — «Журавінка» нястомна вішчала на кухні некалькі дзён. Піць яго свежавыціснутым было немагчыма: вельмі кіслы. Хіба што развесці гатаванай вадой і падсаладзіць. Але з яго рабілі «квас», а па сутнасці, дамашняе лёгкае віно. Налівалі ў вялікія — дваццацілітровыя — шкляныя пузатыя бутлі, сыпалі крыху цукру, закаркоўвалі і ставілі ў склеп... Асаблівай папулярнасцю гэты лёгкі напой карыстаўся налета падчас майскіх работ на агародзе — мужчыны з задавальненнем наталялі ім смагу, нахадзіўшыся за плугам. Бралі яго з сабой і на касьбу, налівалі ў вялікі тэрмас, каб даўжэй заставаўся халодным. Мы, малыя, таксама некалькі разоў яго каштавалі, але, памятаю, рэзкаваты кіслы смак нам зусім не спадабаўся…
«Журавінка» крактала і вішчала ў хаце кожную восень да сярэдзіны 90-х, пакуль жыла бабуля, пакуль трымалі вялікую гаспадарку. Яблычнае віно было для кабет, у якіх у хаце няма гаспадара, спосабам разлічыцца з мясцовымі мужыкамі за пакошаны двор ці ўзараны агарод. Пасля сокавыціскалка бясследна знікла, і пра яе ўжо ніхто не згадваў. Яблыкі неяк парадкавалі без яе, пасля купілі каламажку, і праблема вырашылася…
Тры гады назад рабочыя разбіралі стары хлеў. «Ты глянь, „Журавінка“!» — здзіўлена ўсклікнуў старэйшы. Яна была на вышках, пад слоем старога сена. Пажаўцелая, з паржавелым дыскам. Але — спраўная, хлопцы высветлілі гэта, уваткнуўшы ў разетку. «Ну вось, будуць яблыкі, пастаўлю віна», — прыгаворвала я, выціраючы ад гразі пузатую шкляную бутлю, якая дзіўным чынам таксама захавалася ў тым старым хлеве... Праўда, планы так і засталіся планамі. Зухаватыя хлопцы, атрымаўшы разлік, неўпрыкмет звезлі з сабой і бутлю, і «Журавінку», і новыя дзверы, якія стаялі ў тым жа хляве…
Я б, напэўна, той сок і не рабіла, але згадваю пажаўцелую сокавыціскалку, што нечакана з’явілася з мінулага жыцця, — і шчымліва шкада. Ці то сялянская добрая сквапнасць гэта, ці то адчуванне «няма таго, што раньш было»?.. Зрэшты, няма часу самааналізам займацца — хутка выхадныя, а за тыдзень ізноў у садзе яблыку няма дзе ўпасці…
Алена ЛЯЎКОВІЧ
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.