Няма аматара беларускай літаратуры, які б не ведаў, што Уладзімір Караткевіч — геній нацыянальнай гістарычнай прозы. А што да ўсяго і паэт, здагадваецца менш чытачоў. А, паводле яго маці Надзеі Васільеўны, «пісаць, спачатку „бубніць“ вершы пачаў гадоў у шэсць». Ды і першымі яго кнігамі былі паэтычныя — «Матчына душа» і «Вячэрнія ветразі», а пасля з’явілася «Мая Іліяда» і пасмяротная «Быў. Ёсць. Буду». Нагадваю пра гэта нездарма. У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга яго выбраных вершаў. Падобная ранейшым: «Цвяток радзімы васілька» Максіма Багдановіча, «Уладар ветраў» Алеся Бадака, «Ніткі бліскавіц» Рыгора Барадуліна, «Мой боль і запавет» Генадзя Бураўкіна, зборнікі паэтаў абласных аддзяленняў і іншыя.
Усе яны без указання назвы серыі, але ў блізкім мастацкім афармленні. І ўкладальнік усіх кніг Віктар Шніп. Ды гаворка не пра гэта, а пра тое, што аб’ём выбранага недзе ў межах пяці ўлікова-выдавецкіх аркушаў. Калі ўзяць, для прыкладу, таго ж Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна — дык гэта паэзія такога высокага мастакоўскага кшталту, што цяжка адабраць нешта найбольш значнае.
А што ўжо казаць пра Рыгора Барадуліна?! Тым больш пра Уладзіміра Караткевіча, у якога што ні прачытаеш — радуе.
Не ведаю, як доўга Віктар Анатольевіч перагортваў старонкі яго паэтычных кніг, але, мяркую, з гэтым справіўся выдатна. Па сваім гусце мяркую. Не сумняваюся, што найбольш важнае, напісанае Уладзімірам Караткевічам, у гэтае выбранае ўвайшло. Важна не толькі гэта. Больш-менш поўна прадстаўлены і яго раннія творы. Знаёміцца з імі цікава па той прычыне, што, з аднаго боку, не адразу, вобразна кажучы, ён хапаў быка за рогі, а з другога — відавочна, хоць і паступова, упэўнена знаходзіў сваю тэму, якую, калі пастарацца яе абагульніць, можна вызначыць як Беларусь і беларусы. Не так істотна, пра што напісаны гэтыя творы — пра любасць да родных краявідаў, людзей, якім адрасаваны прысвячэнні, пра каханне лірычнага героя і каханне іншых людзей і, канечне, подступы, хай спачатку як бы кволыя, да гістарычнай тэматыкі з яе нацыянальна выяўленым каларытам.
Апраўдана. што «Бацькаўшчына светлая мая» адкрываецца вершам «Орша». Пісаў яго Уладзімір Караткевіч яшчэ ў 1955 годзе, настаўнічаючы ў адной з вясковых школ ва Украіне. Яго прызнанне ў любові да горада, які даў яму жыццё, набывае такую споведзь, што, нават не маючы голасу, можа назваць песняю, а ён жа меў да ўсяго абсалютны музычны голас:
Яна не блішчыць красою,
А ў сэрца навек запала,
З паркам сваім змарнелым,
З сваёй Кабыляцкай гарой,
З лянівай сястрой Аршыцай,
Што летам бруіцца памалу
Ў шырокі, як песня наша,
Магутны, сівы Дняпро.
Пранізлівым лірызмам, прыхаванай усмешкай напоўнены верш «Заяц варыць піва». Праз нейкую старонку змешчана «Бацькаўшчына» — ці не першае ўслаўленне роднага краю, якое і дало назву гэтай кнізе. «Балада пра паўстанца Ваўкалака» — таксама ў творчасці Уладзіміра Караткевіча пачатак, але звязаны з адлюстраваннем ім гістарычнай праблематыкі. І «Гісторыя з першым каханне» — тэма, што будзе пазней гучаць у шмат якіх творах.
Так паступова Віктар Шніп, адбіраючы асноўнае з творчасці Уладзіміра Сямёнавіча, імкнецца ўпэўніць чытача, які слаба ведае яго як паэта, наколькі ён арыгінальны, як, не абыходзячы розныя тэмы, мог сказаць пра іх сваё слова. Калі паспрабаваць звесці змест гэтых ранніх твораў з тымі, якія былі напісаны пазней, відаць, як з гадамі з’яўляліся такія акорды, калі лірыка і публічнасць не існавалі асобна, а спалучаліся. Яскравы прыклад — верш «Беларуская песня», напісаны 16 красавіка 1968 года:
Дзе мой край? Там, дзе вечную песню
пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць
варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх
дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца
ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць
ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною,
нібы карабель...
Там, дзе сэрца маё з першым крокам,
як молат, заб’ецца,
Калі б нават сляпым і глухім
я прыйшоў да цябе.
Пералік таго, што звязана з родным краем, паўтараецца, але ён не «абцяжарвае» ўспрыманне, бо згадваюцца рэаліі, дарагія не толькі кожнаму беларусу, але і прадстаўнікам іншых народаў, якія лічаць Беларусь сваёй Радзімай: «Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі, // Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары, // А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі, // Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары. // Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі, // Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок». Хіба можна не шанаваць такі край, не любавацца ім?!
Ты — наш сцяг, што нікому,
нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць,
забыць ці мячом зваяваць.
Мы клянёмся табе баразной сваёй
першай на полі
І апошняй раллёй, на якую ўпадзём
у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе.
А які глыбокі сэнс закладзены ў вершы «На Беларусі Бог жыве»! Ідучы ад вядомага народнага выслоўя, Караткевіч-паэт сцісла і ў той жа час пераканаўча, абгрунтавана выказвае тое, што ў яго празаічных творах набывае аб’ёмнае гучанне, публіцыстычную рэальнасць, заснаваную на тагачасных падзеях, звернутых у нашу сучанасць. Інакш і быць не можа, бо «„На Беларусі Бог жыве“, — // Так кажа мой просты народ. // Тую праўду сцвярджае раса ў траве // І адвечны зор карагод», «Нам ёсць што піць, // З падмосткаў ліць, // Чым палі свае акрапіць, // А як давядзе, то ёсць нам дзе // І ворага ўтапіць». Найбольш глыбокі сэнс закладзены ў гэтыя радкі:
А калі ён пашле на нас кару і гнеў,
Ну што ж — мы з ім свае:
Ў вяршыні самых гонкіх дрэў
Маланка з неба б’е.
У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў
Маланка ніколі не б’е.
І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
«На Беларусі Бог жыве».
І няхай давеку жыве.
Гэты ж верш надзіва актуальны: «Абяцаюць нам новы раскошны дом, // Але тут нам жыць і кахаць, // Тут пад кожным навекі здабытым бугром // Нашы продкі забітыя спяць. // Яны аддалі нам меч і касу, Слова з вуснаў, цяпер нямых... // І нам немагчыма пайсці адсюль // І пакінуць са смерцю іх».
Завяршаецца кніга вершам, напісаным Уладзірам Караткевічам за год да яго заўчаснай смерці:
Можна ўсё: пусціць каханне дымам,
Ўзяць і занядбаць мінулы шлях.
Але толькі — не любіць Радзімы
З чорнаю павязкай на вушах,
З чорнаю павязкай на вачах.
Толькі слухаць словы нездрадлівыя,
Толькі не тлуміць яе маной,
Бо адным мы вінны, пакуль жывы,
Перад нашаю вялікай нівай:
Праўдай абавязаны мы ёй.
Ісцінай.
Адзінаю.
Адной.
Гэта — запавет Уладзіміра Сямёнавіча, але не дэклараваны, як у сяго-таго з паэтаў, калі словы правільныя, дзеянні нібыта абгрунтоўваюцца патрэбныя, а ў самога ў душы пустата, а то і абыякавасць да таго, што адбываецца наўкола. Для Уладзіміра ж Караткевіча тое, што ён гаварыў, было яго ўнутранай праграмай, якая з пражытымі гадамі не мянялася, бо жыў па высокім рахунку сумлення. Падабаецца мне і верш, вынесены на трэцюю старонку (на другой — кароткая біяграфія):
Радок бяззбройны і бясспрэчны
Слабым — адзіна верны шчыт.
І не знікаць Паэтам вечна,
У вечнай Песні жывучы!
Калі пайду з юдолі гора,
Не скончыўшы найлепшы сказ,
То божы свет мяне паўторыць,
Як паўтараў ужо не раз.
Як моры, зоры і азёры,
Якія ў вечнасць забяру.
Свет шчодры,
Свет мяне паўторыць...
Ну а не свет,
дык Беларусь.
Мне — досыць.
Ужо гэтым шмат сказана, аднак не менш гавораць і яго вершы, якія ўвайшлі ў кнігу «Бацькаўшчына светлая мая».
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.