Вы тут

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары


Аграрная галіна нашай краіны прыкметна памаладзела: кожны год у гаспадаркі прыходзяць некалькі тысяч маладых працаўнікоў. Сістэма аграрнай адукацыі таксама не стаіць на месцы, бо, каб кіраваць сучаснымі камбайнамі і беспілотнікамі, настройваць параметры ў сховішчах для агародніны і ладзіць работу малочнатаварных комплексаў, пераводзіць у лічбавы варыянт тэхналагічныя працэсы, патрэбны прафесіяналы. Як падрыхтаваць такіх спецыялістаў, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці? Аб гэтым і іншым размова з рэктарам Беларускага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Мікалаем Раманюком.


Студэнты сённяшнія і ўчарашнія

— Мікалай Мікалаевіч, вы з універсітэтам ужо больш за трыццаць гадоў. Сюды паступалі, адсюль выпускаліся. І, урэшце, узначалілі БДАТУ. Як лічыце, абітурыент сённяшні адрозніваецца ад абітурыента вашага пакалення?

— Калі параўноўваць абітурыентаў розных часоў, то адзначу, што ў апошнія гады назіраецца пэўная іх трансфармацыя. Спецыфіка нашага ўніверсітэта ў тым, што пераважная большасць абітурыентаў — моладзь з сельскай мясцовасці або невялікіх райцэнтраў. Яны, лічы, усе як адзін працавітыя і адказныя. 

У іх высокая ступень мэтанакіраванасці, жаданне атрымліваць новыя веды і імкненне планамерна асвойваць усе прамудрасці інжынернай навукі. Літаральна з першых дзён студэнты ўцягваюцца ў карпатлівую працу па засваенні дысцыплін і ў выніку становяцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Так было ў наш час, так і цяпер.

— І ўсё ж…

— Калі казаць канкрэтна пра адрозненні сучасных абітурыентаў ад моладзі мінулых гадоў, то адзначу некалькі ключавых аспектаў у падыходах да навучання і кар’ернай арыентацыі.

Па-першае, змяніўся ўзровень доступу да інфармацыі. Раней мы карысталіся ў асноўным традыцыйнымі крыніцамі інфармацыі: бібліятэкі, падручнікі і кансультацыі з выкладчыкамі. Тады вялікае значэнне мелі навыкі пошуку і правільнага выкарыстання інфармацыі, падрыхтоўкі да экзаменаў. Цяперашняя моладзь мае доступ да вялізнай колькасці адукацыйных рэсурсаў: відэалекцыі, анлайн-курсы, электронныя кнігі і іншыя лічбавыя матэрыялы. Яны таксама актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі і іншыя платформы для абмену інфармацыяй і атрымання ведаў.

Па-другое, абітурыенты сталі больш мэтанакіраванымі, упэўненымі ў сваім выбары і арыентаванымі на кар’еру. Яны выбіраюць найбольш запатрабаваныя прафесіі і шукаюць магчымасці для развіцця лічбавых навыкаў і кампетэнцый. Свет мяняецца, і сёння для паспяховай дзейнасці аграрыям патрэбны разнастайныя веды.

Па-трэцяе, у апошнія гады мы набіраем усё больш абітурыентаў з аграрных класаў, якія яшчэ са школы імкнуцца стаць студэнтамі нашага ўніверсітэта.

— Сёння ў АПК актыўна развіваюцца тэхналогіі, з’яўляецца энерганасычаная тэхніка і праца становіцца больш лёгкай. Ці ўплывае гэта на выбар маладых людзей месца атрымання адукацыі?

— Безумоўна, уплывае. Калісьці даярка даіла карову ўручную, а асноўнымі прыладамі працы ў цяпліцы былі рыдлёўка і матыка, сёння ж там аўтаматызаваныя практычна ўсе вытворчыя працэсы. Далёка наперад ступіла і тэхніка, якая працуе на палях. Невыпадкова кабіну сучаснага камбайна часам параўноўваюць з кабінай самалёта. Зразумела, што і кадры трэба рыхтаваць адпаведныя, памятаць, што ад нашых выпускнікоў залежыць будучыня сельскагаспадарчай галіны краіны.

У віртуальнай рэальнасці

— Што робіць адукацыю сучаснай?

— Актыўна ўкараняюцца лічбавыя тэхналогіі: віртуальная рэальнасць, інтэрактыўныя камунікацыйныя тэхналогіі і іншыя. Так, напрыклад, сёлета ва ўніверсітэце створана навучальная лабараторыя інтэлектуальных тэхнічных сістэм у АПК, дзе студэнты адточваюць навыкі і ўменні выкарыстання сучасных лічбавых тэхналогій.

— Уявіце, што перад вамі абітурыент альбо старшакласнік, які яшчэ выбірае будучую прафесію. Як вы пераканаеце яго спыніцца на БДАТУ, якія аргументы на карысць такога выбару?

— Наш універсітэт мае шэраг унікальных асаблівасцяў і з’яўляецца вядучай аграрнай тэхнічнай установай вышэйшай адукацыі. Мы максімальна нацэлены на практыка-арыентаваную падрыхтоўку спецыялістаў. Паралельна з асноўнай вучобай у студэнтаў ёсць магчымасць атрымаць рабочую прафесію (кіроўца механічных транспартных сродкаў катэгорыі «В»; трактарыст-машыніст катэгорыі «З», «D», «F»; слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання; электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання). І гэта не ўсё — пры жаданні маладыя людзі могуць атрымаць і іншыя спецыяльнасці: спартыўнага трэнера, спецыяліста па кадравым справаводстве, арганізатара экскурсійнага абслугоўвання насельніцтва, гаспадара аграсядзібы, кансультанта па абароне правоў спажыўцоў. Адзначу і арганізацыю адукацыйнага працэсу: у нас пяцідзённы навучальны тыдзень, субота — дзень кансультацый.

— Якія базавыя спецыяльнасці атрымліваюць выпускнікі ўніверсітэта?

— Мы ажыццяўляем падрыхтоўку па шасці інжынерных і дзвюх эканамічных спецыяльнасцях. Пасля заканчэння ўніверсітэта спецыяліст зможа працаваць не толькі ў АПК, але і ў любой галіне народнай гаспадаркі, бо спецыяльнасці, атрыманыя ў нас, не вузкія, яны закранаюць розныя бакі інжынернай дзейнасці. Дарэчы, універсітэт адзіны ў Беларусі вядзе падрыхтоўку спецыялістаў па ахове працы на вытворчасці. А пры заключэнні мэтавага дагавора гарантавана паступленне на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці (кірункі адукацыі «Сельская гаспадарка» і «Ахова працы») без уступных экзаменаў.

Пяць з шасці інжынерных спецыяльнасцяў адносяцца да катэгорыі найбольш запатрабаваных эканомікай, што дазваляе паступаць без экзаменаў уладальнікам залатога ці сярэбранага медалёў, дыплома з адзнакай пасля заканчэння ліцэя або каледжа, пераможцам апошніх этапаў рэспубліканскіх алімпіяд. А абітурыентам, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу, даецца права пазаконкурснага залічэння.

Усе навучальныя карпусы і інтэрнаты размешчаны ў крокавай даступнасці адзін ад аднаго ў самым цэнтры Мінска. Летам унутраны дворык нашага кампуса патанае ў зеляніне, на яго тэрыторыі ёсць сталовая, маладзёжны цэнтр, спартыўныя пляцоўкі…

Практыка і яшчэ раз практыка

— На адной з нядаўніх прэс-канферэнцый прагучала фраза аб тым, што БДАТУ — адна з самых практыка-арыентаваных ВНУ краіны…

— Так, перш за ўсё адзначу, што практыка-арыентаванае навучанне — гэта не толькі арганізацыя навучальных, вытворчых і пераддыпломных практык. Гэта, акрамя таго, яшчэ і ўкараненне прафесійна-арыентаваных тэхналогій навучання, якія сфарміруюць у студэнтаў значныя для будучай прафесійнай дзейнасці якасці, веды, уменні і навыкі, прафесійны вопыт. Прасцей кажучы — усё тое, што дазволіць ім якасна выконваць свае абавязкі падчас працы. Справа ў тым, што практыка-арыентаванае навучанне як працэс немагчыма рэалізаваць выключна ў рамках рознага роду вытворчых практык. Каб дасягнуць максімальнага эфекту, неабходна ўвесь час удасканальваць вучэбна-праграмную дакументацыю, што мы і робім. Калі казаць больш канкрэтна, то ў нас агульная працягласць практык у залежнасці ад спецыяльнасці складае ад 28 да 30 тыдняў і праходзіць у тры этапы.

— Што за этапы?

— Для праходжання вучэбнай практыкі на першым этапе ва ўніверсітэце створаны Рэспубліканскі вучэбна-вытворчы цэнтр практычнага навучання новым тэхналогіям і па асваенні комплексаў машын, дзейнічае шэсць спецыялізаваных майстэрняў, вучэбна-даследчы корпус і тры вучэбна-вытворчыя цэнтры ў Мінскай вобласці. Тут студэнты набываюць працоўныя прафесіі слесара, кіроўцы, трактарыста.

Другі этап праходзіць у базавых арганізацыях і на філіялах кафедраў. У нас створана 38 філіялаў кафедраў на вядучых прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу, навукова-практычных цэнтрах НАН Беларусі. Акрамя таго, разам з Мінсельгасхарчам і камітэтамі па сельскай гаспадарцы аблвыканкамаў вызначана больш за 200 базавых сельскагаспадарчых арганізацый па ўсёй рэспубліцы, ад адной да трох у кожным раёне для праходжання вытворчых практык студэнтамі-мэтавікамі.

Трэці этап практычнай падрыхтоўкі, пераддыпломная практыка, уяўляе сабой працу дублёрамі асноўнага работніка. Звычайна яна праходзіць па месцы размеркавання выпускнікоў. Самі ж дыпломныя работы выконваюцца з улікам рэальных праблем менавіта гэтага прадпрыемства, што, з аднаго боку, максімальна накіроўвае «дыплом» у практычнае рэчышча, а з другога — скарачае адаптацыйны перыяд маладых спецыялістаў, яны ўжо ведаюць агульны стан гаспадаркі, яе моцныя і слабыя бакі.

Дадам таксама, што апошнім часам мы пайшлі шляхам стварэння брэндавых аўдыторый. Айчынныя вытворцы тэхнікі з задавальненнем адгукаюцца і дапамагаюць нам у іх абсталяванні. Напрыклад, сёлета такую аўдыторыю на базе БДАТУ адкрыў Мінскі маторны завод. Гэта паслужыла вялікай падмогай не толькі для выпуску кампетэнтных спецыялістаў, якія добра ведаюць прадукцыю ММЗ і якасна выконваюць сэрвіснае суправаджэнне яго вырабаў, але і для абмену вопытам з прадстаўнікамі іншых арганізацый і прадпрыемстваў, якія праходзяць навучанне на базе ўніверсітэта.

Ад камбайна да беспілотніка

— Вытворчую базу ўніверсітэта па аснашчанасці параўноўваюць з экспазіцыяй тэхнікі на выставе «Белагра». Яна такая ж сучасная і тэхналагічная?

— Ва ўніверсітэце створана ўнікальная матэрыяльная база, і ў нас дзейнічае правіла — лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. З якіх дэталяў складаецца трактар, як працуе рухавік, у чым асаблівасць даільнага абсталявання і для чаго патрэбны GPS-тэхналогіі ў энегранасычанай мабільнай тэхніцы — пра ўсё гэта студэнты могуць даведацца, не выходзячы за межы студэнцкага гарадка.

У выставачным павільёне БДАТУ пастаянна абнаўляецца інфармацыя аб сучасных тэхналогіях механізацыі, набываюцца найноўшыя ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Сёлета адкрыліся інавацыйныя навукова-адукацыйныя лабараторыі дыстанцыйнага кантролю і кіравання сельскагаспадарчай тэхнікай і абсталяваннем, робатамі і дронамі, беспілотнымі робатамі. Ёсць лабараторыі маніторынгу выкарыстання інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, датчыкаў і ІoT-прылад. Наладжана аўтаматызацыя кіравання бізнес-працэсамі ўніверсітэта для лічбавізацыі стратэгічнага планавання, фінансава-эканамічнай справаздачнасці.

— На чым заснавана ўзаемадзеянне ўніверсітэта з работадаўцамі, ці ёсць нейкія асаблівыя, адметныя рысы?

— У адпаведнасці з даручэннем міністра сельскай гаспадаркі і харчавання ўсе студэнты 1-2 курсаў замацаваны за сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Заключаны 791 індывідуальны дагавор, у тым ліку 419 дагавораў для студэнтаў першага курса.

У нас наладжана ўзаемадзеянне з 223 базавымі сельскагаспадарчымі арганізацыямі, якія вызначаны загадамі камітэтаў па сельскай гаспадарцы аблвыканкамаў — гэта суб’екты АПК, якія валодаюць сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай, вытворчай і арганізацыйна-тэхналагічнай базай.

Для ўзмацнення практыка-арыентаванай кампаненты адукацыйнага працэсу студэнтаў зацверджаны графік выязных заняткаў на вытворчасці. Штогод фарміруем не менш за 20 студэнцкіх атрадаў для працы на прадпрыемствах. У 2023 годзе, напрыклад, у іх удзельнічалі больш за 40 % студэнтаў дзённай формы навучання.

Цеснаму супрацоўніцтву з сельскагаспадарчымі арганізацыямі садзейнічае і аказанне ім кансультатыўнай дапамогі па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, эксплуатацыі і тэхнічным сэрвісе тэхнікі, эканоміцы і арганізацыі вытворчасці на прадпрыемстве.

Наступленне на «лічбу»

— Ці з’явяцца ў найбліжэйшы час у АПК новыя кірункі, а значыць, і новыя прафесіі? Універсітэт гатовы аператыўна падрыхтаваць запатрабаваных спецыялістаў?

— Сёння ўсё больш абаротаў набірае лічбавая сельская гаспадарка, можа з’явіцца неабходнасць у спецыялістах, якія займаюцца, напрыклад, зборам, аналізам і інтэрпрэтацыяй даных, якія працуюць з дронамі, сэнсарамі, спадарожнікамі і іншымі рэсурсамі. З часам узнікне патрэба ў спецыялістах па кіраванні разумнымі фермамі, цяпліцамі. Наспявае адкрыццё новай спецыяльнасці «Тэхнічная эксплуатацыя і беспілотныя лятальныя апараты ў сельскагаспадарчай вытворчасці».

І мы гэта ўсё прадугледжваем. Напрыклад, ужо ў мінулым навучальным годзе рэалізавана 17 актуалізаваных і новых навучальных праграм павышэння кваліфікацыі з разглядам пытанняў лічбавізацыі. Адна з іх накіравана на фарміраванне ў рэспубліцы кампетэнтнага персаналу ў галіне ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі і нагляду за ўсімі відамі жывёл (статкаў), птушкі, пушна-футравых жывёл, жывёл-гідрабіёнтаў, пчол (пчаласем’яў), а таксама ў частцы ідэнтыфікацыі і нагляду за прадуктамі жывёльнага паходжання, ветэрынарнай дзейнасці. Гэтыя спецыялісты змогуць працаваць у дзяржаўнай інфармацыйнай сістэме AІTS. Па ўзгадненні з Мінсельгасхарчам распрацаваны і рэалізаваны тры праграмы павышэння кваліфікацыі, якія забяспечваюць максімальна хуткае ўкараненне інавацый у вытворчы працэс.

З пастаянным развіццём тэхналогій і павелічэннем попыту на бяспечныя, устойлівыя і прадукцыйныя рашэнні ў сельскай гаспадарцы новыя напрамкі і прафесіі будуць з’яўляцца і надалей. А мы, у сваю чаргу, гатовы займацца падрыхтоўкай адпаведных спецыялістаў.

— Ці сочыце вы, як складваецца далейшае прафесійнае жыццё вашых выпускнікоў? Ці дапамагаеце ім у выпадку неабходнасці?

— Мы суправаджаем усіх нашых выпускнікоў на працягу мінімум пяці гадоў іх працоўнай дзейнасці. Работнікі дэканатаў, былыя куратары навучальных груп увесь час падтрымліваюць сувязь з маладымі спецыялістамі, цікавяцца ўмовамі працы і побыту. Вядома, дапамагаем ім і, вядома, ганарымся іх дасягненнямі.

За 70 гадоў наша кузня кадраў падрыхтавала больш за 65 тысяч спецыялістаў для АПК. Сярод іх шмат паспяховых кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый. Прычым не толькі ў Беларусі. З большасцю выпускнікоў у нас склаліся цёплыя, сяброўскія адносіны. І менавіта такія выпускнікі БІМСГ-БДАТУ, якія не забываюць дарогу ў родную альма-матар, даюць нядаўнім выпускнікам і цяперашнім студэнтам прыклад таго, як з падзякай ставіцца да мінулага, быць адкрытымі да новага і не баяцца перамен.

Алена ВІНАГРАДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.