Вы тут

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?


Сумесныя пасяджэнні Пастаянных камісій парламента з прадстаўнікамі галіновых міністэрстваў і ведамстваў — неад’емная частка работы над законапраектамі. Яны дазваляюць дасканала разгледзець змяненні, якія прапаноўваюцца да ўнясення, пачуць меркаванні тых, каму непасрэдна давядзецца працаваць з новымі законамі. Але ж не толькі на гэтай стадыі дэпутаты сустракаюцца з чыноўнікамі і работнікамі вытворчасці. Яшчэ адна мэта — аналіз дзеяння і эфектыўнасці ўжо прынятых законаў.


Фота: БелТА

Адно з такіх пасяджэнняў было прысвечана Кодэксу аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, які набыў сілу ў ліпені гэтага года. Члены Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве на чале з Юрыем Наркевічам сустрэліся з намеснікам міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандрам Шваюновым. Яны абмеркавалі прамежкавыя вынікі работы будаўнічай галіны, як адбіўся на дзейнасці будаўнікоў кодэкс, а таксама агучылі пытанні, з якімі сутыкаюцца грамадзяне і будаўнічыя арганізацыі ў іх акругах.

Тэндэнцыі — станоўчыя

На пачатку пасяджэння Аляксандр Шваюноў пазнаёміў дэпутатаў са станам спраў у галіне. Ён адзначыў, што сёлета арганізацыі будкомплексу краіны захоўваюць асноўныя станоўчыя тэндэнцыі мінулых гадоў і павялічваюць долю галіны ў структуры ВУП. Так, па выніках студзеня—ліпеня яна склала 5,1 % і павялічылася на 1,7 працэнтнага пункта ў параўнанні з пачаткам года. Такім чынам, тэмп росту валавой дабаўленай вартасці па секцыі «Будаўніцтва» вырас на 9,5 працэнтнага пункта, а ўклад у фарміраванне ВУП павялічыўся на 0,4 працэнтнага пункта.

Сярод галоўных задач, якія стаяць перад галіной, намеснік міністра назваў загрузку вытворчых магутнасцяў і адзначыў, што яна паспяхова вырашаецца. Прырост аб’ёмаў вытворчасці забяспечаны як на менавіта будаўнічых пляцоўках (тэмп росту падрадных работ за студзень—ліпень склаў 109,5 %), так і на прадпрыемствах будіндустрыі (індэкс фізічных аб’ёмаў склаў — 105,9 %, у тым ліку па арганізацыях, падведамасных МАіС, — 106,1 %). У цэлым зацверджаны ўрадам графік па росце падрадных работ выконваецца з апярэджаннем. Таксама як станоўчы момант Аляксандр Шваюноў адзначыў, што прадукцыйна працуюць арганізацыі ўсіх форм уласнасці: тэмп выканання падрадных работ па арганізацыях рэспубліканскай формы ўласнасці склаў 118,3 %, камунальнай — 110,7 %, прыватнай — 108,9 %.

Спыніўся намеснік міністра і на жыллёвым будаўніцтве. Паводле яго слоў, у 2021–2023 гадах заданне па агульным уводзе жылля перавыканана на 102,5 %, у рэспубліцы пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю больш як 12,8 млн кв. метраў. Станоўчая дынаміка захоўваецца і ў гэтым годзе: за сем месяцаў уведзена 1,9 млн кв. метраў, або 66,7 працэнта да задання на 9 месяцаў.

Забяспечанасць насельніцтва жыллём на пачатак года склала 29,9 кв. метра на аднаго жыхара пры ўстаноўленым на канец 2025 года параметры — 28,5 кв. метра. Між іншым, па гэтым паказчыку Беларусь займае адну з лідарскіх пазіцый сярод краін СНД. Так, у Расіі ён складае 28,8 кв. метра на чалавека, а ў Казахстане — 23,9 кв. метра.

Знешні вектар

Па словах намесніка міністра, у сучасных умовах для стабільнай дзейнасці галіны недастаткова ўтрымліваць пазіцыі на базавых рынках — трэба максімальна развіваць знешнегандлёвыя сувязі. На гэта нацэлены літаральна ўвесь будаўнічы комплекс.

І ёсць добрыя вынікі. Так, за першае паўгоддзе экспарт будаўнічых, інжынерных і архітэктурных паслуг у цэлым па краіне склаўся на ўзроўні 366,5 млн долараў ЗША, або 108,1 %. Асноўным стратэгічным партнёрам традыцыйна застаецца Расійская Федэрацыя (83 % ад агульнага экспарту паслуг). Асабліва важна тое, што на сёння нашы будаўнікі працуюць ужо ў больш як 70 рэгіёнах Расіі. Такому цеснаму ўзаемадзеянню спрыяе і аўтарытэт айчынных бударганізацый, бо ўсе ведаюць: калі зроблена беларусамі, то гэта заўжды якасна і надзейна. Ці то сацыяльныя або вытворчыя аб’екты, ці то жыллёвае будаўніцтва.

Збалансаванасць і фінансавая ўстойлівасць

Як адзначыў Аляксандр Шваюноў, на сёння ў галіне збалансаваны ўсе задзейнічаныя рэсурсы і тым самым павышаны ўзровень яе фінансавай устойлівасці. Так, па выніках першага паўгоддзя будаўнічы комплекс забяспечыла прыбытковая і рэнтабельная работа: прыбытак ад рэалізацыі склаў 761,4 млн рублёў (тэмп росту 139,1 %), рэнтабельнасць продажу — 9,1 %, атрыманы чысты прыбытак у памеры 511,3 млн рублёў (тэмп росту 164,5 %). Дзякуючы гэтаму, скарацілася колькасць стратных арганізацый і на 29,7 % павысілася сярэдняя заработная плата па секцыі «Будаўніцтва».

Дасягнуць добрых вынікаў дапамагло і развіццё будаўнічай вытворчасці. Рэалізаваны шэраг захадаў па павелічэнні долі айчыннай будаўнічай прадукцыі пры ўзвядзенні аб’ектаў у краіне, цяпер гэта каля 90 %. З апярэджаннем вытворчай праграмы выпускаюцца базавыя будаўнічыя матэрыялы: заданне па вытворчасці цэменту перавыканана на 9,5 %, тары са шкла — на 10,2 %, паліраванага шкла — на 54 %.

Паводле слоў намесніка міністра, рост прамысловай вытворчасці і паляпшэнне якасці прадукцыі, што выпускаецца, забяспечваецца, у тым ліку, і за кошт стварэння новых і правядзення мадэрнізацыі дзеючых вытворчасцяў, пашырэння асартыменту прадукцыі. Яскравыя прыклады такой работы — ААТ «Гродзенскі шклозавод», ААТ «Керамін», ААТ «Бярозабудматэрыялы»…

Ён таксама заўважыў, што на найбліжэйшую перспектыву плануецца рэалізацыя праектаў па мадэрнізацыі вытворчасці цеплаізаляцыйных матэрыялаў (каменнай ваты, шклаваты), пашырэнні асартыменту керамічнай пліткі за кошт асваення вытворчасці керамічных панэляў. Акрамя таго, запланаваны будаўніцтва завода па вытворчасці кальцыніраванай соды прадукцыйнасцю 300 тыс. тон у год, а таксама арганізацыя выпуску штучнага гіпсавага каменю на аснове фосфагіпсу для атрымання партландцэменту на аснове адходаў вытворчасці ААТ «Гомельскі хімічны завод».

Такім чынам высокая якасць і даступнасць айчынных будматэрыялаў дае магчымасць арганізацыям галіны канкурыраваць на знешніх рынках. Сярэдняе значэнне долі замежных паставак у аб’ёмах вытворчасці складае каля 40 %, а па шэрагу прадпрыемстваў керамічнай і шкляной падгалін — да 70 %. Наша шкляная прадукцыя, напрыклад, запатрабавана ў больш як 20 краінах, керамічная — у больш як 10, гадавы аб’ём экспарту цэменту перавышае 2,2 млн тон.

А што з работнікамі?

Гаворачы пра кадравы патэнцыял галіны, Аляксандр Шваюноў канстатаваў, што на дадзены момант назіраецца пэўны разрыў паміж патрэбамі будаўнічай сферы і магчымасцямі адукацыйных устаноў. Ёсць пытанні да падрыхтоўкі кадраў, прафарыентацыйнай работы і паляпшэння іміджу прафесіі будаўніка. Вырашэнне існуючых праблем бачыцца ў сістэмным да іх падыходзе і ўзаемадзеянні міністэрства з установамі адукацыі, галіновым прафсаюзам, Рэспубліканскім саюзам будаўнікоў. Пры гэтым, па словах чыноўніка, на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, урада і Мінбудархітэктуры, галіновага прафсаюза прынята дастаткова мер па замацаванні кадраў у будаўнічай галіне.

І гэта дае свой плён: за студзень—ліпень гэтага года колькасць занятых у будаўнічай галіне павялічылася на 6,5 тысячы чалавек (да 118,7 тысячы работнікаў). У мэтах замацавання ў будаўнічых арганізацыях кваліфікаваных кадраў і недапушчэння іх адтоку прымаюцца меры па павышэнні ўзроўню заработнай платы. Дарэчы, сёння ў параўнанні з іншымі відамі дзейнасці будгаліна па ўзроўні заработнай платы займае пятае месца.

Відавочна, што новыя задачы, якія стаяць перад будаўнічым комплексам, патрабуюць і новых падыходаў да падрыхтоўкі спецыялістаў. Патрэбна таксама пашырэнне кваліфікацыйных патрабаванняў, якія адпавядаюць сучасным тэхналагічным тэндэнцыям. Таму з мэтай актуалізацыі прафесійна-кваліфікацыйнай структуры галіны зацверджаны 23 прафстандарты і распрацаваны пяць новых. Сумесна з профільнымі ўстановамі адукацыі вырашаецца пытанне падрыхтоўкі кваліфікаваных практыка-арыентаваных кадраў, у тым ліку з уцягваннем вопытных спецыялістаў-будаўнікоў у адукацыйны працэс. Падрыхтавана адпаведная дарожная карта, асноўны ўпор у якой зроблены на мэтавую падрыхтоўку.

Знакавая падзея для галіны

Менавіта так абазначыў Аляксандр Шваюноў уступленне ў дзеянне Кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, які абагульніў асноўныя дакументы, што рэгламентуюць парадак узвядзення будынкаў і збудаванняў на ўсіх стадыях: ад ідэі да прыёмкі ў эксплуатацыю.

Вялікае значэнне мае тое, што навацыі спрасцілі патрабаванні да ўсіх удзельнікаў будаўнічага працэсу і адначасова павысілі іх персанальную адказнасць. Сярод важкіх момантаў намеснік міністра назваў наступныя:

— надзяленне мясцовых органаў улады правам узгаднення размяшчэння аб’ектаў з адступленнямі ад горадабудаўнічай дакументацыі, зацвярджэння генпланаў гарадоў абласнога падпарадкавання, што дае магчымасць істотна скараціць дакументаабарот і тэрміны выхаду інвестара на будпляцоўку;

— спрашчэнне патрабаванняў па атрыманні дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва. Грунтоўна пашырыўся пералік выпадкаў, пры якіх яна і зусім не патрабуецца: мадэрнізацыя і рамонт, знос грамадзянамі нежылых капітальных пабудоў на выдзеленых зямельных участках, будаўніцтва ў мэтах ліквідацыі або папярэджання аварыйных і надзвычайных сітуацый, узвядзенне садовых домікаў, гаспадарчых пабудоў і іншыя;

— звядзенне да мінімуму патрабаванняў да будаўніцтва і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і нежылых капітальных пабудоў пятага класа складанасці. Згодна з кодэксам, неабавязкова атрымліваць дазвол на будаўніцтва, распрацоўваць праект, узгадняць яго ў мясцовым органе ўлады і ў далейшым здаваць такі аб’ект у эксплуатацыю. У астатніх выпадках дастаткова атрымаць толькі пашпарт забудоўшчыка з мінімальным наборам патрабаванняў.

Таксама ён адзначыў, што пры бягучым рамонце ўжо не патрэбна праектная дакументацыя, дазвол, атэстаты адпаведнасці і кваліфікацыйныя пасведчанні аб тэхнічнай кампетэнтнасці сістэмы вытворчага кантролю, дэкларацыі бяспекі на будаўнічыя работы. Акрамя таго, пры прыёмцы аб’екта ў эксплуатацыю цяпер разглядаецца толькі адпаведнасць яго праектнай дакументацыі. Асобна Аляксандр Шваюноў падкрэсліў, што кодэкс вызначае дакладны рэгламент у дачыненні да даўгабудаў. Так, згодна з дакументам, прыпыніць будоўлю можна пры тэрміне будаўніцтва да года — не больш за два разы, ад года да двух — не больш за тры, звыш двух гадоў — чатыры разы. Узвядзенне жылога дома можна прыпыняць толькі тройчы, пры гэтым сумарна на тэрмін не больш за тры месяцы.

Рэзюмуючы, намеснік міністра выказаў упэўненасць, што рэалізацыя ўсіх намечаных планаў у сукупнасці будзе садзейнічаць далейшаму павышэнню эфектыўнасці работы будаўнічага комплексу.

Падчас абмеркавання дакладаў дэпутаты закранулі шэраг пытанняў, якія датычыліся функцыянавання будаўнічых арганізацый у рэгіёнах, заработнай платы работнікаў галіны, падрыхтоўкі кадраў і распрацоўкі праектнай дакументацыі. У прыватнасці, было агучана пажаданне перагледзець нормы выпрацоўкі і аплаты для муляраў. Аляксандр Шваюноў адказаў, што гэтае пытанне вельмі ўважліва вывучалася ў ведамстве і на сёння гэтыя нормы аптымальныя. Быў праведзены аналіз работы спецыялістаў, у тым ліку і з хронаметражом рабочага часу. Як высветлілася, асноўная праблема тут не ў нормах, а ў арганізацыі рабочага працэсу. Прасцей кажучы, калі ўсе тэхналагічныя аперацыі будуць выконвацца своечасова, то і заробкі будуць дастойныя. Звярнуў увагу намеснік міністра і на тое, што ўзровень заработнай платы не павінен адрывацца ад паказчыка прадукцыйнасці працы.

Іншае пытанне, якое ўзнялі дэпутаты, — розныя медыцынскія патрабаванні да навучэнцаў па рабочых спецыяльнасцях і ўласна да спецыялістаў. Сапраўды, часам узнікае сітуацыя, што па стане здароўя малады чалавек можа навучацца па спецыяльнасці, а вось ужо працаваць пасля заканчэння — не. Пытанне не сказаць каб відавочнае і вельмі вострае, але прэцэдэнты былі…

Таксама парламентарыі звярнуліся да намесніка міністра з прапановай павялічыць колькасць тыповых праектаў для аб’ектаў сацкультбыту. То-бок, напрыклад, ёсць праекты для школ, умоўна, на 1200 вучняў, на 800 і на 400. А на 500, 600 ці 300 — няма, і трэба ўносіць змены ў існуючыя тыпавыя праекты, што істотна адбіваецца на кошце будаўніцтва. Аляксандр Шваюноў зазначыў, што на самай справе гэтая праблема — не праблема. 

У краіне існуе так званы Фонд паўторнага скарыстання, дзе павінны назапашвацца ўсе праекты, па якіх вялося будаўніцтва і якімі можна карыстацца. Таму, перш чым уносіць змены ў тыпавы праект, варта звярнуцца ў адпаведныя службы і знайсці той, што падыходзіць.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Юрый Наркевіч падкрэсліў важнасць і прадукцыйнасць такіх сустрэч як для дэпутацкага корпуса, так і для профільных ведамстваў, бо яны дазваляюць трымаць руку на пульсе падзей і быць у курсе сітуацыі ў галінах.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.