Вы тут

Наталля Кучынская: Служыць краіне і быць карыснай людзям


Наталля Кучынская — начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы, старшыня аб’яднанай арганізацыі Беларускага саюза жанчын гэтага ж раёна. З пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя» пагаварылі аб яе прафесійным шляху, мэтах і асабістых якасцях жанчыны-лідара.

У начальніка ўпраўлення па адукацыі — вялізны пласт работы па развіццю сістэмы адукацыі раёна, умацаванні кадравага патэнцыялу, матэрыяльна-тэхнічнай базы школ, дашкольных устаноў. У ліку задач, якія стаяць перад ёй, таксама прыём грамадзян, фінансава-гаспадарчая, а ў Наталлі Генадзеўны яшчэ і актыўная грамадская дзейнасць. Ленінская раённая арганізацыя ГА «БСЖ» г. Мінска аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах 3115 неабыякавых актыўных жанчын. У арганізацыі — 125 «пярвічак». Як справіцца з такой колькасцю абавязкаў? У адказ Наталля Генадзеўна ўсміхаецца: «Я вельмі люблю сваю работу!»

Нарадзілася яна ў сям’і педагогаў, з дзяцінства дапамагала маме правяраць сшыткі і марыла аб паступленні ў педагагічную ВНУ. Мара спраўдзілася. Наталля Кучынская скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (магістр дзяржаўнага кіравання). З’яўлялася дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.


«Пра грамадзянскую пазіцыю трэба заяўляць справай»

— Наталля Генадзеўна, вы пераможца рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023». Чаму менавіта намінацыя «Актыўная грамадзянская пазіцыя» аказалася вам блізкая?

— Упэўнена, што актыўная грамадзянская пазіцыя — тое, без чаго няма цяпер паўнавартаснага жыцця, у тым ліку і для жанчыны. Быць наперадзе, калі трэба — у тыле, і рабіць сваю справу адказна і з любоўю для таго, каб жыццё навокал рабілася ярчэйшым і найлепшым. Аб сваёй грамадзянскай пазіцыі трэба заяўляць справай, добра працаваць, берагчы сям’ю. Любіць, берагчы і абараняць Беларусь.

— Раскажыце аб некаторых праектах Ленінскай раённай арганізацыі ГА «БСЖ». На рахунку ў вас і вашых сябровак па БСЖ шмат дабрачынных акцый і марафоны добрых спраў.

— Сацыяльныя праекты нашай арганізацыі як кропкавыя, так і маштабныя накіраваны на падтрымку розных катэгорый жыхароў раёна — напрыклад, мам і дзяцей, жанчын залатога ўзросту — нашых паважаных ветэранаў, бацькоў, якія ў сілу жыццёвых абставін адны выхоўваюць дзяцей. Адзначу нядаўнюю цёплую акцыю «У добры шлях разам»: падарылі дзецям з ліку дзяцей-сірот, выпускнікам Дзіцячага гарадка, наборы — пасцельныя прыналежнасці, чайнік, сервіз... Бо юнакі і дзяўчаты ўступаюць у самастойнае жыццё. Мы частыя госці тут і ў сацыяльна-педагагічным цэнтры — акцыі «Нашы дзеці», «Маміны пірагі», «Збяром рабят у школу» дадаюць яркія фарбы і жаночую любоў у быт рабят, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Важным кірункам у рабоце стала ўзаемадзеянне з раённым Каардынацыйным саветам па рэалізацыі Дэкрэта нумар 18 і з прадстаўнікамі Беларускай праваслаўнай царквы па пытаннях прафілактыкі сямейнага няшчасця, фарміравання маральных і духоўных каштоўнасцяў сям’і. Эмацыянальна складаным, але вельмі важным стала наведванне напярэдадні Калядаў Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра разам з мамамі, чые дзеці прызнаны тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Успамінаю іх падзяку, хваляванне, некаторую боязь, а затым здзіўленне, што іх не лаюць, а проста падказваюць, як знайсці выйсце. Няхай духоўная гутарка паслужыць гэтым жанчынам на карысць умацавання сям’і, дапаможа наладзіць адносіны з дзецьмі.

Неабходнай формай работы сталі не проста дыялогавыя пляцоўкі, але і бацькоўскія сходы на прадпрыемствах, у ходзе размовы тлумачым пытанні выхавання дзіцяці. Арганізоўваем сямейныя спартыўныя спаборніцтвы; падтрымалі і спансіравалі правядзенне першага раённага «Каляднага балю». Ствараем прастору для раскрыцця здольнасцяў кожнага дзіцяці — праводзім «Тэатральныя сустрэчы», «Музычныя суботы». Дарэчы, нашы «пярвічкі» арганізуюць выдатныя танцавальныя вечары «Мелодыі лета» і для жанчын залатога ўзросту. Дамы з задавальненнем іх наведваюць.

— Вялікую ўвагу вы ўдзяляеце патрыятычнай рабоце з насельніцтвам.

— У сэрцы кожнай жанчыны б’ецца часцінка вялікага сэрца любай Беларусі. Патрыятычныя ініцыятывы заўсёды падтрымліваюцца адміністрацыяй Ленінскага раёна. Напрыклад, фестываль «У сям’і пачатак Беларусі» — патрэбная і важная справа, заўсёды аб’ядноўвае вялікую колькасць дружных сем’яў раёна. Праходзіць ён у Лошыцкім парку ў Дзень горада і ў Дзень Перамогі. Праект «Ішлі дзяўчынкі на вайну», які распавядае пра жанчын сям’і — мам, бабуль, цётак, якія набліжалі Вялікую Перамогу на фронце і ў тыле, даўно перастаў быць раённым і выйшаў на міжнародны ўзровень.

Вельмі важна праводзіць выязныя дыялогавыя пляцоўкі з наведваннем месцаў памяці. Нядаўняя паездка нашага маладзёжнага актыву ў мемарыяльны комплекс «Азарычы» разам з малалетняй вязніцай найстрашэннага Азарыцкага лагера смерці Надзеяй Лось пакінула незгладжальны след у сэрцы дзяўчат. Менавіта так перадаецца гістарычная памяць.

Традыцыйна нашы актывісткі ўдзельнічаюць у акцыі «Тыдзень лесу», сёлета чатыры га лесу пасаджана рукамі жанчын нашай арганізацыі. Гэта таксама патрыятызм у дзеянні.

— Чыю работу ў раённай арганізацыі ГА «БСЖ» вы хацелі б адзначыць?

— Шчыра кажучы, наша Ленінская жаночая арганізацыя вельмі дружная, працаздольная, крэатыўная, шчырая і лёгкая на ўздым. Удзячная кожнай жанчыне, вельмі шаную аднадумак нашага праўлення! У мяне выдатныя памочніцы: намеснікі Святлана Мусіловіч і Святлана Багдашова, сакратары арганізацыі Таццяна Піваварчык і Аксана Арлова, старшыня маладзёжнага крыла Ірына Кароль. Па мудрую параду звяртаюся да Наталлі Уладзіміраўны Бушной. Годным прыкладам умацавання шэрагаў нашых «пярвічак» і актыўнага ўдзелу ў жыцці раёна служыць работа маладых пярвічных арганізацый: РУП «Белпошта» (старшыня Наталля Крупская), СААТ «Камунарка» (старшыня Наталля Мядзведзіцкава), УАЗ «3-я гарадская клінічная бальніца імя Я. У. Клумава» (старшыня Святлана Кандрацьева).

Важна падкрэсліць, што наша арганізацыя — частка моцнай арганізацыі жанчын сталіцы, якую ўзначальвае Вольга Чамаданава, сапраўдны патрыёт і лідар. Старшыні раённых арганізацый вельмі дружныя, мы аднадумцы ў рашэнні статутных задач, адстойванні дзяржаўных інтарэсаў.

«Слухаць і чуць кожнага»

— У рабоце вы вельмі патрабавальныя як да сябе, так і да падначаленых. Дзе чэрпаеце сілы, энергію?

— У чытанні добрай літаратуры і зносінах з добрымі людзьмі! Люблю лес, вандрую. З прыемных момантаў — кубак кавы ў прыгожай кавярні, наведванне тэатра і філармоніі. Сілы дае храм. Сілы дае сям’я.

— Што вам дапамагае ва ўменні разумець людзей, Наталля Генадзеўна, бо каб дапамагчы, важна зразумець.

— У рабоце важна слухаць і чуць кожнага. Безумоўна, дапамагае бацькоўскае выхаванне, псіхолага-педагагічная падрыхтоўка, уменні і навыкі менеджменту ў сферы адукацыі.

— Сёння ўсё больш жанчын займаюць кіруючыя пасады. Чым адрозніваецца жаночы стыль кіравання ад мужчынскага?

— Кожны чалавек і кіраўнік унікальны. Калі вобразна выказаць адрозненне, то мужчына бачыць лес, а жанчына — кожнае дрэва ў ім. Мужчына стратэг, мы ж выдатныя тактыкі. Кіраваць — рабіць справу паспяховай. Імідж арганізацыі — яе людзі, нашы супержанчыны, якія могуць усё — і пашкадаваць, і запатрабаваць, і самую складаную задачу вырашыць, і дзяржаўныя інтарэсы абараніць! Кожную маленькую справу мы робім з вялікай любоўю, у імя нашых сем’яў, у імя росквіту любай сталіцы і роднай Беларусі.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Фота прадастаўлена субяседніцай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Як развіваецца гастратурызм у Беларусі?

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.