Магутны шторм «Борыс», які напрыканцы мінулага тыдня абрынуўся на шэраг краін Цэнтральнай Еўропы, днямі дасягнуў Італіі — на большай частцы тэрыторыі гэтай краіны аб’яўлены папярэджанні аб ліўнях, моцным ветры і паводках. Ратавальнікі эвакуіравалі з італьянскай вобласці Эмілія-Раманья амаль тысячу чалавек, паведаміла РІА «Новости» са спасылкай на выданне Repubblіca. Выратавальныя аперацыі ў большай ступені закранулі жыхароў правінцыі Равена, дзе свае дамы пакінулі звыш 800 чалавек. Астатняя частка эвакуіраваных пражывала ў раёне Балоньі. Мэрыі гарадоў Чэзена, Форлі, Рыміні і дзясятка дробных населеных пунктаў распарадзіліся аб закрыцці школ. Шэраг правінцый рэгіёна аб’явілі максімальны чырвоны ўзровень кліматычнай небяспекі. Як вядома, Эмілія-Раманья, якая знаходзіцца ў цэнтральнай і паўночнай частцы Апенін, пацярпела ад разбуральнай паводкі летась у маі. Тады ахвярамі стыхійнага бедства тут сталі 17 чалавек, а ўрон склаў каля 10 мільярдаў еўра. Чаму ж сёлетняя вераснёўская паводка аказалася такой спусташальнай для еўрапейскіх краін?
З-за вялікай колькасці дажджоў, якія выпалі ў Альпах, узровень вады ў некалькіх рэках, у тым ліку ў Дунаі, узняўся. Паводка выклікала хаос і забрала жыцці больш чым 20 чалавек па ўсёй Цэнтральнай Еўропе. Пра гэта паведаміла Reuters. Паводка пакінула пасля сябе разбуральны след ад Румыніі да Польшчы. Раёны чэшска-польскай граніцы — сярод найбольш пацярпелых: рэкі, якія выйшлі з берагоў, разбурылі гістарычныя гарады, абрынуўшы масты і знішчыўшы дамы.
У Румыніі з-за наступстваў непагадзі загінулі па меншай меры каля сямі чалавек. Акрамя таго, вядома, што ў Польшчы загінулі шэсць чалавек, у Аўстрыі — пяць. Тры ахвяры паводкі ў Чэхіі. Дзясяткі тысяч чэшскіх і польскіх хатніх гаспадарак па-ранейшаму застаюцца без электрычнасці і прэснай вады.
У Чэхіі з-за паводкі аказаліся без электрычнасці звыш 60 тысяч хатніх гаспадарак. Пра гэта паведаміў партал denіk.cz. Паводле яго інфармацыі, найбольш пацярпелі Мараўскасілезскі і Оламаўцкі краі. У гарадах Багумін і Крноў, дзе былі затоплены буйныя падстанцыі, сутыкаюцца з праблемамі аднаўлення электразабеспячэння. У Крнове людзі некалькі дзён заставаліся без электрычнасці.
Як паведаміла «Бі-бі-сі», ратавальныя службы ў Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі і Румыніі з цяжкасцю спраўляліся з уздымам узроўню вады ў рэках з-за моцных ліўняў. Паводкі прывялі да таго, што сотні тысяч людзей засталіся без электрычнасці, з раёнаў, якія моцна пацярпелі, іх эвакуіруюць у бяспечныя месцы.
Моцна пацярпеў Кракаў, многія жыхары якога былі эвакуіраваны, спыніўся нават грамадскі транспарт. З-за моцных дажджоў абвалілася плаціна ў Мендзыгужы, на паўднёвым захадзе Польшчы. Горад Устронь у Цешынскім павеце (Сілезскае ваяводства) апынуўся часткова пад вадой пасля таго, як рака Млынаўка выйшла з берагоў у выніку моцнай начной залевы.
Як паведаміла агенцтва PAP, урад Польшчы 16 верасня ўвёў палажэнне аб стане стыхійнага бедства ў некаторых рэгіёнах краіны, якія пацярпелі ад паводкі, тэрмінам на 30 дзён. У пастанове ўказана, што ва ўмовах стыхійнага бедства могуць прымяняцца абмежаванні свабод і правоў чалавека і грамадзяніна: патрабаванне вызваліць або забяспечыць ахову жылых памяшканняў або іншых памяшканняў; загад аб эвакуацыі ва ўстаноўлены час з канкрэтных месцаў, тэрыторый і аб’ектаў; забарона знаходжання ў пэўных месцах і аб’ектах і на пэўных тэрыторыях; таксама загад або забарона пэўнага спосабу перамяшчэння. 17 верасня прэм’ер-міністр Польшчы пашырыў тэрытарыяльную сферу дзеяння палажэння аб стане стыхійнага бедства. Дарэчы, у пачатку мінулага тыдня Туск заспакойваў, што... «прагнозы не занадта трывожныя».
Чэшскі горад Крноў, які размешчаны прыкладна за 240 кіламетраў на ўсход ад Прагі, дзе амаль 23 тысячы жыхароў, быў практычна цалкам затоплены рэкамі Опава і Апавіцы, якія зліліся. Намеснік мэра Міраслаў Бінар заявіў, што да 80 працэнтаў тэрыторыі горада апынулася пад вадой. Муніцыпалітэт аказаўся не здольны арганізаваць дапамогу гараджанам. Сітуацыя горшая, чым падчас паводкі 1997 года. Становішча засталося крытычным і ў многіх іншых месцах на ўсходзе краіны, асабліва ў Апаве і Астраве.
У Чэхіі паўночна-заходні адміністрацыйны рэгіён Усці-над-Лабем, які мяжуе з Германіяй, пацярпеў больш за ўсё: не менш як 20 тысяч хатніх гаспадарак засталіся без электрычнасці. Самы высокі ўзровень папярэджання аб паводцы быў аб’яўлены прыкладна ў 35 населеных пунктах. З-за разбуральнага ўрагану больш як 250 тысяч хатніх гаспадарак у краіне засталіся без электрычнасці.
З-за разліваў рэк — Эльбы, Дуная, Нісы і Одры — пацярпелі і рэгіёны Германіі. Мясцовыя ўлады чакаюць другой хвалі паводак. Усё залежыць ад надвор’я. У Славакіі міністр аховы навакольнага асяроддзя Томаш Тараба заявіў, што Дунай ноччу падняўся амаль на 10 метраў, і зараз узровень вады будзе марудна зніжацца. Ён адзначыў, што ўрон, нанесены паводкамі па ўсёй краіне, ацэньваецца ў 20 мільёнаў еўра.
У Аўстрыі асабліва моцна пацярпела ад паводкі федэральная зямля Ніжняя Аўстрыя вакол Вены. Небяспечная сітуацыя склалася на рацэ Кемп, якая ўпадае ў Дунай. Вадаёмы ў вярхоўях ракі аказаліся поўныя да краёў, і кантраляваны скід вады прывёў да далейшага набракання ракі ў ніжнім цячэнні. Дарога паміж Венай і Зальцбургам перакрытая з-за магчымых апоўзняў і каменяпадаў. Апроч паводкі, сітуацыю пагоршыў ураган. З-за суровага надвор’я Ніжняя Аўстрыя аб’яўлена зонай бедства.
Служба выратавання паведаміла, што ў раёне Галац на паўднёвым усходзе Румыніі было пашкоджана каля 5 тысяч дамоў, ёсць зніклыя без вестак. Сотні людзей прыйшлося ратаваць ад паводак па ўсёй краіне. Як заявіў прэзідэнт Румыніі Клаус Ёханіс, «мы зноў сутыкнуліся з наступствамі змены клімату, якія становяцца ўсё больш заўважнымі на еўрапейскім кантыненце і маюць драматычныя наступствы».
У Венгрыі, у гарадах Вішаград і Сентэндрэ, на поўнач ад Будапешта, улады ўстанавілі мабільныя плаціны, рыхтуючыся да разліву Дуная.
У венгерскай сталіцы закрылі востраў Маргіт — зону адпачынку з атэлямі і рэстаранамі. Цяпер у гэтай краіне настаў крытычны этап паводкі. Найвышэйшы ўзровень паводкавай хвалі быў дасягнуты ў сераду, пік узроўню вады ў Дунаі быў адзначаны ў чацвер. Але «вялікая вада» яшчэ наперадзе. У Будапешце максімальная вышыня ракі мяркуецца ў суботу, а да чацвярга наступнага тыдня пік паводкі ўжо павінен пакінуць венгерскую тэрыторыю. Аб гэтым паведаміла РІА «Новости» са спасылкай на заяву прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана на прэс-канферэнцыі, якую трансліраваў тэлеканал М1.
«У Будапешце мы чакаем піку ў суботу днём ці ўвечары. Вада будзе вышынёй за 846 сантыметраў, а найвышэйшы ўзровень вады ў Будапешце быў зарэгістраваны ў 2013 годзе і склаў 891 сантыметр, гэта значыць, ён будзе на 40–50 сантыметраў ніжэйшы», — адзначыў венгерскі прэм’ер.
Паводле прагнозаў Нацыянальнага ўпраўлення водных рэсурсаў, узровень Дуная ў Будапешце звычайна складае каля 3,5 метра. Раней у чэрвені ў выніку паводак гэты паказчык павышаўся да 670 сантыметраў. Такім чынам, крыху затоплены аказаліся ніжнія набярэжныя ў цэнтры горада, вышыня якіх 6,5 метра. Да такога ж узроўню Дунай у Будапешце ўзнімаўся летась напрыканцы снежня.
Мінабароны Венгрыі задзейнічала 1,4 тысячы ваенных і спецыяльную тэхніку ў прылеглых да Дуная раёнах краіны для барацьбы з наступствамі паводкі. Аб гэтым праінфармаваў дзяржсакратар па міжнародных камунікацыях і сувязях у офісе венгерскага прэм’ера Золтан Ковач, паведаміла ТАСС.
«Ваеннаслужачыя кругласутачна працуюць уздоўж Дуная, ад Дзьёр-Машон-Шапрон да акругі Пешт», — напісаў Ковач у сацсетцы. «На дамбы будзе накіравана столькі салдат, колькі спатрэбіцца», — заявіў кіраўнік Мінабароны Венгрыі Крыштаф Салай-Баброўніцкі. Як адзначылі ва ўрадзе краіны, узброеныя сілы гатовы задзейнічаць у барацьбе з наступствамі стыхіі машыны-амфібіі і верталёты.
Адметна, што ў 1997 годзе ў тым жа рэгіёне — у Польшчы, Германіі, Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі — адбылася «паводка тысячагоддзя». Толькі ў Польшчы тады загінулі 56 чалавек, былі затоплены жылыя раёны Вроцлава. Аб гэтых падзеях у 2022 годзе на Netflіx выйшаў польскі серыял «Высокая вада».
Тым не менш высновы не былі зроблены — цяперашняя наймацнейшая паводка заспела Польшчу знянацку. Маштабы катастрофы былі б значна меншымі, калі б польскія ўлады выдзялялі сродкі на прэвентыўныя меры. Аб гэтым піша Mysl Polska. «Ужо больш за два гады мы выдаткоўваем сотні мільёнаў злотых на падтрыманне вайны ва Украіне. У нас кішэні пустыя, а ў кампаній па вытворчасці зброі наадварот. Няма грошай на вадасховішчы, няма грошай на насыпы, але былі сродкі на вайну, як і на ўкраінцаў», — адзначае аўтар матэрыялу.
«Вядома, цалкам ухіліць наступствы гэтай катастрофы, магчыма, і не атрымалася б, але яе маштабы, напэўна, былі б значна меншымі, калі б былі пабудаваны вадасховішчы (якія б абаранялі ад паводак. — Рэд.). Паглядзіце на Прагу ў Чэхіі, яе затапіла, і з гэтага зрабілі высновы. Цяпер у Празе не мяшкі з пяском, а шчыльны стальны бар’ер уздоўж ракі Влтавы», — заўважае Mysl Polska. Аўтар выказвае меркаванне, што ўлады насамрэч «вядуць краіну да разбурэння».
Тым часам стала вядома, што рэзервуары коштам у мільёны польскіх злотых у Кракаве разбураюцца з-за дажджоў. Аб гэтым паведаміла Gazeta. «Гэтае вадасховішча ў Кракаве на вуліцы Фальварчна. Пабудаванае менш за два месяцы таму, яно павінна было абараніць Нова-Хуту ад паводак. На яго і яшчэ адно падобнае вадасховішча выдаткавалі 11 мільёнаў злотых (2,57 млн еўра), — напісаў жыхар Кракава Лукаш Гібала ў сацсетках. А што адбылося падчас першага моцнага дажджу? Вада проста пацякла праз рэзервуар, які абрынуўся і пакінуў... лужыну».
Інтэрнэт-карыстальнікі раскрытыкавалі польскі ўрад у сацыяльных сетках за блытаніну ў інфармацыі адносна паводкі. І толькі праз некалькі дзён Міністэрства лічбавізацыі краіны аб’явіла аб запуску новага сайта, на якім можна знайсці ўсю важную і правераную інфармацыю. Да таго ж заява міністра клімату і навакольнага асяроддзя Паўліны Хеніг-Клоска аб ільготных крэдытах на ліквідацыю наступстваў паводкі выклікала сапраўдны ажыятаж. Праўда, пасля яна растлумачыла, што сродкі будуць прадстаўлены толькі муніцыпалітэтам, а не ахвярам паводкі.
Навукоўцы заклікаюць урады інвеставаць у адаптацыю да экстрэмальных з’яў надвор’я з дапамогай сістэм ранняга папярэджання, больш устойлівай інфраструктуры і схем падтрымкі пацярпелых. Як вядома, еўрапейскі механізм грамадзянскай абароны (CPM) да спусташальных паводак актывавалі рэкордныя 29 разоў у сувязі з экстрэмальнымі сітуацыямі, найперш ляснымі пажарамі. Пра гэта паведаміла газета Fіnancіal Tіmes (FT) са спасылкай на даныя, прадстаўленыя ёй Еўракамісіяй. Летась такія надзвычайныя меры, якія прадугледжваюць каардынацыю выкарыстання рэсурсаў для абароны грамадзянскага насельніцтва і аказання неадкладнай дапамогі краінам, у якіх адбыліся прыродныя і тэхнагенныя катастрофы, прымаліся 23 разы.
Еўрапейскае агенцтва па навакольным асяроддзі ў сакавіку заявіла, што без рашучых дзеянняў кліматычныя рызыкі ў Еўропе могуць дасягнуць крытычнага ці катастрафічнага ўзроўню да канца гэтага стагоддзя, нагадвае FT. Згодна з прагнозамі агенцтва, сотні тысяч людзей могуць загінуць ад спякоты, а штогадовыя эканамічныя страты толькі ад паводак ва ўзбярэжных раёнах могуць перавысіць трыльён еўра. Відавочна, што еўрапейскім уладам варта вызначыцца з жыццёва неабходнымі прыярытэтамі. У інтарэсах простых людзей.
Захар БУРАК
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.