Вы тут

Наталля Сахарчук: «Міліцыя цяпер адкрытая як ніколі»


Сёння складана ўявіць любое падраздзяленне міліцэйскага ведамства — ці то Дэпартамент аховы, ці то Дзяржаўтаінспекцыя або ўнутраныя войскі — без прэс-службы. Дзякуючы прэс-афіцэрам наладжана ўзаемадзеянне журналістаў з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, у выніку якога міліцэйская тэматыка прысутнічае ва ўсіх медыя, а вартавыя правапарадку знаходзяцца побач з людзьмі.


Фота прэс-службы МУС

Высокую ацэнку рабоце падраздзяленняў інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў даў кіраўнік міліцэйскага ведамства. 

Падчас урачыстага мерапрыемства з нагоды 40-годдзя медыяслужбы Іван Кубракоў адзначыў, што гэта адно з самых аператыўных і перадавых падраздзяленняў МУС. «Яго супрацоўнікі ў любы час сутак выязджаюць на месца здарэння, здымаюць, перадаюць інфармацыю, працуюць у мароз, спякоту, дождж, — канкрэтызаваў ён. — Штодзень, вывучаючы зводкі аб злачынствах, правапарушэннях, даю ўказанні не толькі супрацоўнікам, якія непасрэдна адказваюць за канкрэтны кірунак, але і прэс-службе, каб спрафілактаваць пэўную сітуацыю. А для гэтага трэба правільна данесці інфармацыю, каб кожны чалавек зразумеў, як паступіць у тым ці іншым выпадку. І дзякуючы такой інфармацыі выратавана нямала жыццяў, захавана маёмасць грамадзян». Заслуга прэс-службы, па словах міністра, і ў зніжэнні злачыннасці па ўсіх кірунках, у інфармацыйным супрацьборстве.

Што канкрэтна за гэтым стаіць, а таксама як фарміруецца інфармацыйная палітыка міліцэйскага ведамства, карэспандэнту «Звязды» расказала начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Наталля Сахарчук.

«У нас ёсць усё для таго, каб рабіць якасны кантэнт»

— Наталля Міхайлаўна, што ўяўляе сабой упраўленне, якое вы ўзначальваеце?

— З улікам таго, што міліцыі — больш як стагоддзе, упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў — гэта дастаткова маладая служба.  Аднак яе гісторыя напоўнена шматлікімі падзеямі, дачыненне да якіх мае вялікая колькасць людзей. Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў — гэта адзіная магутная сістэма, якая працуе 24/7. Уяўляю, як нашаму паважанаму ветэрану Сяргею Ціванову, які закладваў фундамент усёй сістэмы, прышлося цяжка. Не было тых тэхнічных сродкаў і магчымасцяў, якімі мы валодаем сёння. Першы прэс-сакратар МУС расказваў, што спачатку ён пісаў сцэнарый сюжэта, потым здымаў яго, браў каментарый, сам манціраваў, запісваў на касету, пасля чаго ляцеў на тэлебачанне, каб зняты сюжэт трапіў у эфір, — і ўсё гэта рабіў адзін! Таму аб аператыўнасці нават размовы ісці не магло, але і часы былі абсалютна іншымі. А цяпер, як кажа кіраўнік дзяржавы, час выбраў нас, і мы абавязаны адпавядаць сучасным тэндэнцыям у інфармацыйным полі. І робім гэта. У нас каласальная падтрымка кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў. Мы абсталяваны тэхнікай апошняга пакалення, ёсць усё для таго, каб рабіць якасны кантэнт.

— Пры гэтым міліцэйскае ведамства шчыльна ўзаемадзейнічае са сродкамі масавай інфармацыі. Якім з іх аддаяце перавагу?

— Міліцыя прысутнічае ў кожным сегменце. Нягледзячы на тое, што цяпер практычна ўсё сышло ў інтэрнэт, мы цудоўна разумеем, што ёсць аўдыторыя, якая чытае перыядычныя выданні. У абавязковым парадку міліцэйская тэматыка прысутнічае на тэлебачанні: у нас ёсць свае рубрыкі, перадачы. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў рэгулярна бяруць удзел у прамых эфірах на радыё. Ёсць шэраг сваіх праграм, асабліва ў рэгіёнах, дзе мясцовыя радыёстанцыі карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. Як толькі пачаўся працэс раскруткі месенджараў і сацыяльных сетак, мы цудоўна разумелі, што і там мы павінны прысутнічаць. У кожным абласным упраўленні ўнутраных спраў існуюць свае тэлеграм-каналы, але ўсе яны прытрымліваюцца інфармацыйнай палітыкі ведамства, дзе самае галоўнае — гэта аператыўнасць і дакладнасць.

— Падпісчыкі тэлеграм-канала МУС аднымі з першых даведваюцца аб падзеях, якія адбываюцца ў ведамстве. Там вельмі шмат і прафілактычнай інфармацыі, якая дапамагае не трапіць у бяду...

— Тэлеграм-канал ведамства — асноўная крыніца давядзення аператыўнай інфармацыі да нашых людзей. Калі мы пачынаем вучэнне ў Століне, то загадзя папярэджваем аб гэтым людзей. Гэта робіцца як з інфармацыйнай (каб людзі разумелі, што ніякай вайны няма, ідзе вучэнне), так і з прафілактычнай мэтай (каб грамадзяне планавалі свае маршруты з улікам атрыманай інфармацыі). У тым ліку праз тэлеграм-канал мы паказваем людзям, што гатовы да любых выклікаў і пагроз, кажам аб тым, каб людзі спалі спакойна, бо краіна знаходзіцца пад абаронай. Затрымалі забойцу — гаворым аб гэтым. Арыштавалі педафіла — таксама паведамляем. І абсалютна не для піяру. Самае галоўнае — прафілактыка. Паказваем, што ў гэтым кірунку робіць міліцыя, заклікаем бацькоў звяртаць увагу на паводзіны сваіх дзяцей, каб яны не трапілі ў бяду. Як кажа кіраўнік нашага ведамства, злачынства лепш спрафілактаваць, чым потым раскрываць. Інфармацыю аб ідэалагічных мерапрыемствах таксама трансліруем загадзя — такім чынам запрашаем людзей, каб яны прыйшлі і разам з намі раздзялілі наша свята. Напрыклад, дзякуючы Івану Кубракову была праведзена вялікая работа па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу капітана Уладзімірава ў Магілёўскім раёне. Калі комплекс адкрываўся, мы запрашалі ўсіх ахвотных туды прыехаць. Калі арганізоўвалі «Цягнік памяці» ў Брэсце, таксама запрашалі ўсіх з сабой, каб людзі памяталі сваю гісторыю і былі бліжэйшымі да міліцыі. 

Апошнім часам вельмі шмат людзей наведвае мерапрыемствы, акцыі з удзелам Міністэрства ўнутраных спраў. Тут можна напрамую пагаварыць з міністрам, паціснуць яму руку, сфатаграфавацца. Міліцыя цяпер адкрытая як ніколі.

— Ці можна казаць аб тым, што на гэта паўплываў 2020 год?

— Вядома, але не толькі. Прыйшоў новы кіраўнік ведамства — змянілася і інфармацыйная палітыка. Што датычыцца падзей 2020 года, як казаў наш міністр, мы тады прайгралі інфармацыйную вайну. Аднак не памыляецца той, хто нічога не робіць. Ёсць вопыт, які мы прааналізавалі і зрабілі пэўныя высновы. Ды і нашы людзі пасля 2020 года сталі іншыя. Яны шануюць мір, бяспеку і парадак. Давайце глядзець праўдзе ў вочы: на тэрыторыі Беларусі можна спакойна хадзіць вечарам і не баяцца за дзяцей, якія гуляюць на вуліцы.

«Няма мяжы ўдасканаленню, самаўдасканаленню і самаразвіццю»

— Колькі падпісчыкаў у тэлеграм-канала МУС?

— З моманту змянення інфармацыйнай палітыкі нашага ведамства колькасць падпісчыкаў вырасла. На цяперашні момант мы падыходзім да лічбы ў 50 тысяч. Гэта заслуга ўсіх супрацоўнікаў сістэмы МУС і нашых паважаных падпісчыкаў — значыць, нас цікава глядзець, чытаць, значыць, мы сапраўды знайшлі сваю нішу і ўяўляем цікавасць для людзей. Мы можам працаваць і ў чатыры гадзіны раніцы, і ў 10 гадзін вечара, і ў 12 ночы. Нядаўна на наш адрас прыйшло афіцыйнае апавяшчэнне, у якім сказана, што ў сегменце права тэлеграм-канал Міністэрства ўнутраных спраў — нумар адзін.

— Ці так жа паспяхова ідуць справы ў іншых сацыяльных сетках?

— Усе сацыяльныя сеткі МУС, у тым ліку рэгіянальныя, на цяперашні момант маюць амаль мільён падпісчыкаў. Колькі б нас ні банілі ў Іnstagram, мы працягваем работу. Мы цудоўна разумеем, хто супраць нас працуе. Нашы апаненты не хочуць, каб мы паказвалі людзям тое, што адбываецца на самай справе. Згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, самай папулярнай сацсеткай у нашай краіне з’яўляецца TіkTok. Улічваючы гэта, мы перафарматаваліся, і на цяперашні момант колькасць падпісчыкаў нашага акаўнта складае звыш 100 тысяч.

Там пастаянна размяшчаецца эксклюзіўны кантэнт, асабліва з удзелам міністра ўнутраных спраў. Праводзіцца работа і ў Facebook, добра раскручаны «ВКонтакте» і X (былы Twіtter). Мы прысутнічаем усюды — і ўсюды ў нас свая мэтавая аўдыторыя. Мы расцём, развіваемся, каб ні на адну секунду не выпасці з інфармацыйнага поля. Для таго, каб адпавядаць сучасным патрабаванням, нашы супрацоўнікі пастаянна праходзяць навучанне. Няма мяжы ўдасканаленню, самаўдасканаленню і самаразвіццю.

— Сайт ведамства ўжо не канкурыруе з сацыяльнымі сеткамі?

— Практычна шэсць гадоў таму была створана адзіная інфармацыйная сістэма сайта Міністэрства ўнутраных спраў. Дзякуючы сайту людзі могуць даведацца, як напісаць заяву, зварот у міліцыю, скласці іншы дакумент — гэта інфармацыйная крыніца. Вельмі вялікая колькасць ідзе падзяк у адрас супрацоўнікаў міліцыі. Дзякуючы каментарыям, мы бачым настроі людзей і цудоўна разумеем, у якім кірунку трэба працаваць. 

Дзякуючы і сайту, і сацыяльным сеткам, у нас ёсць зваротная сувязь з аўдыторыяй: людзі задаюць пытанні, прапаноўваюць арганізаваць сумесныя прафілактычныя мерапрыемствы, некаторыя просяцца, каб іх узялі на работу ў прэс-службу МУС.

— Каму аддаяце прыярытэт — міліцыянерам або журналістам?

— Прафесіяналам. Не ўсе журналісты могуць быць міліцыянерамі, а не ўсе міліцыянеры — журналістамі. Ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў служаць людзі і з журналісцкай адукацыяй, і з юрыдычнай, педагагічнай, іншай. У кожнай прэс-службе як мінімум ёсць чалавек з журналісцкай адукацыяй. Журналісцкая адукацыя — гэта цудоўна, але калі чалавек не ведае асаблівасцяў міліцэйскай службы, яму будзе няпроста. 

Мы з задавальненнем бяром на работу тых журналістаў, якія, напрыклад, працавалі ў раённай газеце і асвятлялі міліцэйскую тэматыку: яны разбіраюцца ў тонкасцях службы. Калі чалавек хоча працаваць, у яго гараць вочы, то ўсё атрымаецца — і няважна, якую адукацыю ён мае.

«Увагу і давер людзей заваявалі дзяржаўныя крыніцы інфармацыі»

— Ці патрэбна рэагаваць на фэйкі?

— На любыя інфармацыйныя ўкіды трэба рэагаваць правільна. На сённяшні момант у нас дастаткова сіл і сродкаў, каб працаваць у гэтым кірунку.  Апошнім часам нашы апаненты, ужо не маючы ніякай інфармацыйнай нагоды, пачынаюць нешта высмоктваць з пальца. Не на ўсё трэба звяртаць увагу. 

Нашы людзі стаміліся ад ілжывай інфармацыі «опапамыйніц». Самы галоўны паказчык — тое, што ад гэтых рэсурсаў адпісваецца вялікая колькасць людзей. Пасля таго, як перафарматавалася работа СМІ і прэс-службаў ведамстваў, увагу і давер людзей заваявалі дзяржаўныя крыніцы інфармацыі, бо расказваюць аб падзеях праўдзіва і аператыўна.

— Што выбераце, калі стаіць пытанне даць інфармацыю аператыўна, але недакладна, або падрабязна, але не хутка?

— Мы ніколі не выстаўляем непраўдзівую інфармацыю. Напрыклад, адбылося ДТЗ, пацярпелі людзі, але мы пакуль не ведаем, хто вінаваты ў гэтай сітуацыі. У такім выпаду інфармацыя падаецца так, каб заявіць аб факце, але нікога не пакрыўдзіць. Мы не можам дапусціць страты даверу да міліцыі з боку нашых грамадзян. А з улікам таго, што цяпер ён вельмі высокі, не маем права зрабіць хоць адну памылку. Так, ёсць здаровая канкурэнцыя паміж ведамствамі, але калі ты не ўпэўнены або нічога не ведаеш, то лепш увогуле нічога не гаварыць.

— На вашых інфармацыйных рэсурсах нярэдка на сувязь з аўдыторыяй выходзяць супрацоўнікі крымінальнага вышуку, упраўленняў па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці, іншыя спецыялісты. З чым гэта звязана?

— Інфармацыйная палітыка ведамства не будуецца на зводцы. Ёсць аналітыка, сезоннасць, іміджавы і ідэалагічны складнікі — усё павінна працаваць у комплексе. Міліцыя шматаблічная. А таму не павінен выходзіць адзін прэс-сакратар і выступаць на розныя тэмы. Правільна, калі па кожным кірунку інфармацыю даносіць профільны спецыяліст. Калі мы разумеем, што ідзе рост кіберзлачынстваў, праінфармуем аб гэтым і дадзім рэкамендацыі, як не стаць ахвярай. І ніхто гэта не зробіць лепш за супрацоўніка Галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці. Так і супрацоўнік ДАІ, які найбольш дасведчаны ў гэтай тэме, больш кампетэнтна здольны паведаміць удзельнікам дарожнага руху іх правы і абавязкі.

— Наталля Міхайлаўна, наколькі складана кіраваць такім шматгранным і вялікім калектывам? Дзе знаходзіце сілы працаваць у рэжыме нон-стоп?

— Мы сапраўды працуем у рэжыме 24/7. Але калі ёсць падтрымка родных і блізкіх, кіраўніцтва ведамства і асабовага складу, які гатовы з табой працаваць у такіх умовах, як бы цяжка ні было, гэта дае сілы і жаданне рухацца наперад, рэалізоўваць вялікія праекты, якія не толькі звязаны са СМІ. Людзі гатовы працаваць суткамі толькі для таго, каб у нас быў мір. Ці лёгка кіраваць такім вялікім калектывам? Не зусім. Усе людзі розныя, але задача кіраўніка — знаходзіць падыход да кожнага супрацоўніка. У падраздзяленнях інфармацыі і грамадскіх сувязяў працуюць прафесіяналы, ідэалагічна вывераныя супрацоўнікі, сапраўдныя патрыёты. У мяне самы лепшы калектыў. Хачу падзякаваць усім за плённае ўзаемадзеянне, пажадаць бясконцай энергіі, каб і далей мы былі лідарамі ў інфармацыйным парадку дня.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.