Вы тут

Энергетычны комплекс краіны гатовы да ацяпляльнага сезона


На двары яшчэ па-летняму цёпла, а айчынныя спецыялісты ўжо цалкам праверылі тэхнічны стан унутраных газаправодаў жыллёвага фонду. Нарыхтавана неабходная колькасць топачнага мазуту, укамплектаваны сродкамі абароны і патрэбнымі матэрыяламі аварыйныя брыгады, паведаміў начальнік упраўлення па фарміраванні навуковай палітыкі ў галіне газазабеспячэння і забеспячэнні агульных відаў дзейнасці аб’яднання «Белпалівагаз» Аляксандр Белкін.


На сёння ўсе прадпрыемствы, якія ўваходзяць у састаў гэтага дзяржаўнага аб’яднання, атрымалі 100 працэнтаў пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і цеплавых крыніц.

У прыватнасці, прыведзены ў здавальняльны тэхнічны стан кацельні, аптымізаваны рэжымы іх эксплуатацыі. Персанал прайшоў спецыяльныя інструктажы і супрацьаварыйныя трэніроўкі. Выканана комплекснае абследаванне больш за 7 тысяч кіламетраў падземных газаправодаў, ацэнены тэхнічны стан звыш 650 кіламетраў падземных газаправодаў з тэрмінам службы больш за 40 гадоў. Заменена звыш 93 тысяч састарэлага бытавога абсталявання.

Аляксандр Белкін таксама заявіў, што прадпрыемствы тарфяной галіны аб’яднання гатовыя забяспечыць унутраны рынак краіны тарфяным палівам у поўным аб’ёме. На сёння здабыта звыш 1,7 мільёна тон торфу, выраблена больш за 500 тысяч тон брыкетаў і тарфяной сушонкі. Ведамасныя арганізацыі рэалізавалі звыш 120 тысяч тон паліўных брыкетаў.

«Свет тэхналогій ступіў далёка наперад. Аднак, каб у зімовы час забяспечыць сабе паўнавартаснае жыццё, людзям неабходна патурбавацца аб нарыхтоўцы тарфяных брыкетаў і загадзя звярнуцца ў палівазабяспечвальную арганізацыю з заяўкай на дастаўку паліва», — дадаў начальнік упраўлення.

Што трэба ведаць і рабіць жыхарам

Да таго ж Аляксандр Белкін нагадаў, што неабходна своечасова ажыццяўляць замену газавыкарыстоўвальнага абсталявання, такога як газавыя пліты, вадагрэйныя катлы і праточныя воданагравальнікі. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў Цэнтр абслугоўвання насельніцтва газазабеспячальным арганізацыям і атрымаць увесь комплекс паслуг па замене бытавога газавага абсталявання. Такія цэнтры арганізаваны ў кожным раённым цэнтры. Таксама неабходна правяраць тэхнічны стан і надзейнасць дымавых і вентыляцыйных каналаў.

Абавязак сачыць за іх станам у прыватным сектары ўскладзена на спажыўцоў, а ў шматкватэрным жылым фондзе — на арганізацыі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і якія аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі.

Сярод прафілактычных мер ён адзначыў устаноўку сігналізатараў кантролю канцэнтрацыі метану і чаднага газу. Такія сродкі вымярэння ўсталёўваюцца ў памяшканнях з ацяпляльным і вадагрэйным газавым абсталяваннем. Яны дазваляюць своечасова папярэджваць грамадзян аб небяспечнай канцэнтрацыі гаручых газаў і спрыяюць прыняццю неадкладных мер па недапушчэнні аварыйных сітуацый, выбухаў, пажараў пры выкарыстанні газу ў побыце. «Ва ўсіх населеных пунктах нашай краіны дзейнічае скарочаны нумар 104, куды неабходна тэлефанаваць у выпадку, калі вы адчулі пах газу», — нагадаў спецыяліст.

Як справы ў спажыўцоў цеплавой энергіі?

Як аказалася, цалкам прымальна. Пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага сезона ў нашай краіне атрымалі 90% спажыўцоў і 91% цеплавых крыніц. Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер Дзяржэнергагазнагляду Аляксандр Гулевіч, вынікам падрыхтоўкі да работы ў асенне-зімовы перыяд з’яўляецца рэгістрацыя пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц у Дзяржэнергагазнаглядзе.

У цэлым па краіне падлягаюць афармленню пашпарта гатоўнасці 29 209 спажыўцоў цеплавой энергіі і 10 410 ведамасных цеплакрыніц. Рэгістрацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з графікамі, зацверджанымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Па стане на сёння ўжо можна падвесці папярэднія вынікі гэтай работы ў разрэзе абласцей.

Брэсцкая вобласць зарэгістравала 94% пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і 96% пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц, Віцебская — 78% і 83%, Гомельская — 100% па абодвух пунктах, Гродзенская — 98%, Магілёўская — 99%, Мінская — 79% і 82%, Мінск — 79% і 75%. Усяго па краіне зарэгістравана на сёння 90% пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і 91% пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц.

Дарэчы, першай вобласцю, якая зарэгістравала 100% пашпартоў гатоўнасці, стала Гомельская. Іх рэгістрацыя была завершана 2 верасня.

Што датычыцца падрыхтоўкі да зімы паліўна-энергетычнага комплексу краіны, на сёння ў поўным аб’ёме зарэгістраваны пашпарты гатоўнасці арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства энергетыкі. Што датычыцца арганізацый канцэрна «Белнафтахім», то спажыўцы атрымалі 95% пашпартоў гатоўнасці, а цеплакрыніцы — 97%.

У частцы газавага нагляду сур’ёзная ўвага — газіфікаваным шматкватэрным жылым дамам. Такіх у Беларусі больш за 43 тысячы. На сёння больш за 95% іх абследавана, пацверджана іх гатоўнасць да асенне-зімовага перыяду. Таксама сур’ёзная ўвага Дзяржэнергагазнаглядам удзяляецца кантролю за аднаўленнем пашкоджаных кабельных ліній. Па стане на 10 верасня ў краіне было пашкоджана 115 кабельных ліній, у тым ліку восем кабельных ліній, якія ажыццяўляюць электразабеспячэнне спажыўцоў першай катэгорыі.

Аляксандр Гулевіч таксама назваў тыпавыя парушэнні пры падрыхтоўцы арганізацыі да работы ў асенне-зімовы перыяд. Гэта адсутнасць цеплавой ізаляцыі цеплаўстановак цеплавых сетак, несвоечасовае прадстаўленне актаў іх гідраўлічных выпрабаванняў, прамыванняў, несвоечасовае прадстаўленне актаў праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў, нездавальняльны стан дымавых каналаў, парушэнне цэласнасці ізаляцыі кабеляў і электраправодак.

«Сёлета ёсць новаўвядзенне. На Адзіным партале электронных паслуг даступна да заказу адміністрацыйная працэдура 3.10.1. Гэта рэгістрацыя пашпарта гатоўнасці цеплакрыніцы або пашпарта гатоўнасці спажыўца цеплавой энергіі да работы ў асенне-зімовы перыяд. Пры наяўнасці аформленага акта гатоўнасці рэгістрацыя пашпартоў ажыццяўляецца аўтаматычна, калі няма неабходнасці наведваць структурнае падраздзяленне Дзяржэнергагазнагляду. Такім спосабам ужо зарэгістраваны 643 пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і 530 пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц», — адзначыў галоўны інжынер Дзяржэнергагазнагляду.

Падрыхтоўка да работы ў асенне-зімовы перыяд павінна быць скончана, а пашпарты гатоўнасці неабходна зарэгістраваць да 30 верасня. «Работнікі нашай арганізацыі працуюць і ў выхадныя дні, асабліва ў гэты час, каб забяспечыць тэмпы рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці», — падкрэсліў Аляксандр Гулевіч.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.