Вы тут

Галоўны глядач у Купалаўскім


Цяпер на кожным спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы дадасца яшчэ адзін глядач, праўда, віртуальны: сам Янка Купала, Іван Дамінікавіч Луцэвіч. У тэатры ў яго з’явілася пастаяннае месца — тое самае, на якім ён пры жыцці любіў сядзець. Калі паглядзіце на левую ложу, убачыце крэсла з шыльдачкай і партрэт класіка.


Вось такім незвычайным атрымаўся першы сумесны праект Купалаўскага тэатра і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якія 13 верасня падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве. Дата падпісання дагавора і адкрыцця «Месца Янкі Купалы» выбрана невыпадкова: 104 гады таму пачаў сваю дзейнасць Беларускі дзяржаўны тэатр, сённяшні Купалаўскі. Пра этапы яго гісторыі распавёў прысутным на ўрачыстай цырымоніі генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандр Шастакоў:

— Напярэдадні дня нараджэння мы падпісваем дагавор аб супрацоўніцтве з літаратурным музеем Янкі Купалы, якому споўнілася 80 гадоў. Здаецца, мы сёння разам з Купалам. Ён быў найлепшым сябрам творчага калектыву. Наведваў спектаклі, прысутнічаў на рэпетыцыях, удзельнічаў у абмеркаваннях і заўсёды дапамагаў акцёрам і рэжысёрам тэатра даведацца гісторыю роднага краю, багацце фальклору.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская падкрэсліла, што падпісанне дагавора паміж музеем Песняра і Купалаўскім тэатрам дасць новыя магчымасці для рэалізацыі сацыяльных праектаў:

— Мы ўсе разам імкнёмся на шляху інавацый і будзем развівацца ў гэтым кірунку.

Ганна Галінская перадала кіраўніку тэатра ліст сучасніцы Івана Дамінікавіча Луцэвіча Ларысы Гарэцкай, у якім якраз і згадваецца, што Пясняр звычайна сядзеў у тэатры ў левай ложы, каля самой сцэны.

«Месца Янкі Купалы» было ўрачыста адкрытае яго ўнучатым пляменнікам — Віктарам Аўлачынскім. У гэты дзень у тэатры была прэзентавана яшчэ адна навінка — галерэя знакамітых купалаўцаў, створаная па ініцыятыве галоўнага мастака тэатра, народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана. Сярод тых, чые партрэты будуць вітаць гледача, — Фларыян Ждановіч, Еўсцігней Міровіч, Стэфанія Станюта, Галіна Макарава, Леў Літвінаў, Валерый Раеўскі ды іншыя асобы, якія адыгралі вялікую ролю ў станаўленні беларускага тэатральнага мастацтва і стварылі славу Купалаўскага тэатра.

Людміла ІВАНОВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Кіно

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?