Падзея тыдня. У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта прайшло сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Міністэрства спорту Расійскай Федэрацыі. Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук падзякаваў расійскім калегам за арганізацыю двух спартыўных форумаў — Гульняў краін БРІКС у Казані і Гульняў «Дзеці Азіі» ў Якуцку. Ён звярнуў увагу на неабходнасць прапрацаваць пытанне аб сумеснай арганізацыі мультыспартыўнага турніру з удзелам прадстаўнікоў дружалюбных краін. У Расіі каласальны вопыт правядзення такіх форумаў, у Беларусі таксама шмат выдатных аб’ектаў. Міністр спорту РФ Міхаіл Дзегцяроў адзначыў, што Мінск з’яўляецца цэнтрам прыцягнення буйных спартыўных мерапрыемстваў, дзе ў мінулым годзе з вялікім поспехам прайшлі ІІ Гульні краін СНД. Акрамя таго, кіраўнік расійскага ведамства падкрэсліў, што Беларусь традыцыйна адпраўляе самыя вялікія дэлегацыі на міжнародныя старты ў Расію. «На пасяджэнні калегій мы дэталёва абмеркавалі ўсе пытанні па Спартакіядзе наймацнейшых спартсменаў Беларусі і Расіі па зімовых і летніх відах спорту 2025 года. Над гэтым форумам нашы спартыўныя федэрацыі працуюць разам. Падрыхтоўка ідзе ад Смаленскай вобласці да Краснаярскага краю, мы чакаем атлетаў з Беларусі і прадстаўнікоў іншых краін. Вырашылі зрабіць гэтыя спаборніцтвы адкрытымі, ніякай дыскрымінацыі. Нядаўнія Гульні БРІКС паказалі, што цікавасць да такіх спаборніцтваў вялікая», — адзначыў Міхаіл Дзегцяроў у размове з журналістамі.
Перамога тыдня. Хакеісты сталічнага «Дынама» перамаглі ў другім дамашнім матчы рэгулярнага чэмпіяната Кантынентальнай хакейнай лігі. Матч з чарапавецкай «Поўначсталлю» скончыўся з вынікам 3:1 на карысць «зуброў». На сёння ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ мінская каманда займае пяты радок, набраўшы восем ачкоў у шасці матчах. Далей хакеісты «Дынама-Мінск» адправяцца ў Мыцішчы, дзе 26 верасня сустрэнуцца з «Куньлунем».
Турнір тыдня. У Мінску прайшоў 53-і Міжнародны турнір па вольнай барацьбе памяці трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. На спаборніцтвах выступілі барцы з 11 краін: Беларусі, Расіі, Азербайджана, Балгарыі, Узбекістана, Бахрэйна, Кыргызстана, Таджыкістана, Казахстана, Малдовы і Грэцыі. Спартсмены разыгралі медалі ў дзесяці вагавых катэгорыях. У беларусаў — два залатыя, адзін сярэбраны і сем бронзавых медалёў. Пераможцамі турніру сталі Арыян Цютрын (да 61 кг) і Аляксандр Гуштын (да 97 кг), на другую прыступку п’едэстала ў вазе да 97 кг узняўся Уладзіслаў Казлоў. Бронзавыя медалі заваявалі Дзмітрый Шамела (да 61 кг), Расул Ціхаеў, Ілья Хамцоў (абодва — да 86 кг), Яраслаў Ядкоўскі (да 92 кг), Васіль Паўлючэнка (да 97 кг), а таксама Віталь Пясняк і Павел Дзятлаў (абодва — да 125 кг).
Гераіні тыдня. Футбалісткі зборнай Беларусі (U-15) занялі другое месца на турніры развіцця УЕФА, які завяршыўся ў Мінску. У заключным паядынку беларускі перамаглі каманду Узбекістана з лікам 3:1. У саставе пераможцаў галы забілі Анастасія Туз, Ганна Яфрэменка і Дамініка Панасевіч. У першым туры беларускі разграмілі равесніц з Азербайджана — 8:1, а затым уступілі расіянкам — 1:5. Зборная Расіі атрымала перамогі ва ўсіх трох праведзеных сустрэчах і заняла першае месца. Такія міжнародныя юнацкія турніры пад эгідай УЕФА праводзяцца з 2012 года ў рамках праграмы HatTrіck. Беларусь упершыню прыняла такія спаборніцтвы ў 2013 годзе. Цяпер у турнірах бяруць удзел юнакі і дзяўчаты з усіх 55 нацыянальных футбольных асацыяцый, якія ўваходзяць у Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый.
Валерыя СЦЯЦКО
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».