Вы тут

Трагедыя Беларусі — праз творы кампазітараў


...Вось толькі былі спевы і танцы, вось толькі перад вачыма буяла жыццё, расквечанае беларускім каларытам, і як жа імкліва насунулася цемра, чорныя постаці знеслі любы напамін пра чалавечую радасць. Па мірным жыцці прайшоўся каток вайны...


Прэм’ера праекта «Патэтычны дзённік памяці» адбылася ў Вялікім тэатры Беларусі. Работа над ім доўжылася амаль год: задзейнічаны вялікі састаў творчай трупы — опернай і балетнай частак, аркестр, хор, артысты міманса і нават удзельнікі дзіцячай студыі. Але для ўсіх, хто аказаўся датычны да музычнага спектакля, гэта было паглыбленне ў гістарычныя падзеі, якія разгортваліся на нашай зямлі больш за 80 гадоў таму. Насамрэч спачатку нас звяртаюць да 30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў Мінску ўтвараўся тэатр оперы і балета, калі пачыналася беларуская кампазітарская школа, калі нашых творцаў віталі на першай Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Гэта было ў 1940 годзе. Але як гэта было…

Што тады паказвалі беларусы? Вазілі мастакоў і літаратараў, свой драматычны тэатр і музычны — ужо быў Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета. На дэкадзе ён паказваў оперы «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага, «У пушчах Палесся» Анатоля Багатырова, «Кветка шчасця» Аляксея Туранкова і балет Міхаіла Крошнера «Салавей». Як гэта было, цалкам узнавіць складана, але з якім настроем тэатр тады выступаў, адчуць можна: у «Патэтычным дзённіку памяці» згадваецца перадваеннае жыццё, у якім было месца не толькі мірнай працы, але і высокаму мастацтву. Падрыхтоўчыя клопаты і само выступленне 1940 года — эпізоды — знайшлі адлюстраванне ў ХХІ стагоддзі на сцэне Вялікага. І настрой, удзячнасць ды беларускія надзеі на будучыню: «Бывайце здаровы, жывіце багата...» Песню на словы Адама Русака напісаў кампазітар Ісаак Любан, які праз некалькі гадоў апынецца на фронце Вялікай Айчыннай, а яго радзіма пад акупацыяй будзе сыходзіць крывёй, стагнаць, гарэць, але ўсё ж супраціўляцца.

Эпізоды беларускага міру і вайны ўзнаўляюцца і адлюстроўваюцца на сцэне праз эмацыянальнае адчуванне, якое дыктуе музыка беларускіх кампазітараў. Некаторыя з іх зведалі, што такое вайна. Напрыклад, Яўген Цікоцкі прайшоў Першую сусветную — чулліва гучыць песня Марысі ў яго оперы «Міхась Падгорны», салістка Настасся Масквіна здолела перадаць боль беларускай душы і адчуванне бяды. Чорная хмара ўжо насоўвалася з Захаду — там было неспакойна. Напрыклад, кампазітар Генрых Вагнер ратаваўся ад Другой сусветнай вайны, якая прыйшла ў Польшчу, знайшоў прытулак і другую радзіму ў Беларусі, але апынуўся ў эвакуацыі. У 41-м на фронт дабравольцам пайшоў Уладзімір Алоўнікаў, на пачатку вайны быў мабілізаваны Леў Абеліёвіч. Паспелі выехаць з Беларусі падчас вайны кампазітары Мікалай Аладаў, Мікалай Чуркін, Анатоль Багатыроў — сваю кантату «Беларускім партызанам» на словы Янкі Купалы ён напісаў у эвакуацыі... Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок былі дзецьмі, калі пачалася вайна. Алег Хадоска нарадзіўся ўжо пасля Перамогі, але менавіта ён як музычны кіраўнік праекта аб’яднаў фрагменты розных сачыненняў беларускіх кампазітараў у адным творы дзеля таго, каб паказаць розныя эпізоды вайны: абарону Брэсцкай крэпасці, акупацыю і жудасныя знішчэнні людзей у лагерах смерці, партызанскі супраціў, спаленыя вёскі, дзіцячыя канцлагеры... Тэма для Беларусі балючая і ў музыцы ХХ стагоддзя ўвасоблена ярка, але якая даўно не гучала.

— Адслухана і адгледжана вялікая колькасць твораў кампазітараў пачынаючы ад 30-х гадоў ХХ стагоддзя да нашых сучаснікаў. Шмат цудоўнай музыкі, нельга ўмясціць усё, што хацелася б, таму што рамкі спектакля абмежаваны. Мы стараліся, каб музыка была кантраснай. Яна рознастылёвая, але Ганна Дзмітрыеўна Маторная прыдумала цудоўны рэжысёрскі ход з рэтраспекцыяй: калі гучыць музыка 30-х гадоў, якая моцна адрозніваецца і ад музыкі шасцідзясятнікаў, і сучасных кампазітараў. Мы вяртаемся ў 39-ы год, — тлумачыць кампазітар Алег Хадоска, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. — Выкарыстаны творы кампазітараў, якія ў нас практычна не гучаць, на жаль. Напрыклад, першая сімфонія Глебава «Партызанская» (мы ведаем урыўкі з балета «Альпійская балада»), а яна прагучала адзін раз і больш не выконвалася. Араторыя Багатырова «Бітва за Беларусь» прагучала толькі адзін раз. Араторыя Уладзіміра Алоўнікава «Партызанская песня»... 

У партызанскім блоку гэта ўсё даволі сучасна гучыць. У Генрыха Вагнера, Яўгена Глебава музыка больш складаная, чым нават пішуць сучасныя кампазітары. Чароўным чынам розная стылістыка аб’ядналася. У спектаклі ўсё ідзе лагічна і дапаўняе адно аднаго, бо гэта акадэмічная музыка, сур’ёзная. Яна вельмі эмацыянальная. І для мяне як для музычнага кіраўніка было важна зрабіць усё на самым высокім узроўні, асабліва калі разам з музыкай Вагнера, Глебава, Смольскага гучаць твае творы. Бо ў нас спектакль склаўся, але не хапала нейкіх пазлаў, таму некалькі твораў былі адмыслова напісаны для гэтага спектакля. Прынамсі, нумар «Памяці Хатыні» пра спаленыя вёскі. Не маглі абысці ўвагай гісторыю дзіцячага канцлагера «Красны Бераг». Наогул, тэма такая, што дрэнна гэта рабіць нельга.

Яшчэ адзін вельмі важны складнік праекта — дакументальны. Таму што ёсць рэальная гісторыя. І тут гучаць і пішуцца (літаральна) на сцэне словы з дзённікаў рэальных людзей, якія жылі, пакутавалі, змагаліся і занатоўвалі свае думкі і адчуванні на паперы. Гэтыя гісторыі ўплецены ў дзею і надаюць ёй пэўнае публіцыстычнае гучанне — дзеля таго, каб зварот да гледачоў быў больш уражлівы і пераканаўчы.

— Гэта наша ўяўленне пра гісторыю, якую мы павінны памятаць, пачынаючы ад маленькіх гісторый кожнага асобнага чалавека (калі гучыць адначасова некалькі галасоў з розных дзённікаў — нібыта ўвесь наш народ), — адзначае галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі, рэжысёр-пастаноўшчык праекта Ганна Маторная. — Мы імкнуліся агучыць найбольш балючыя моманты. Правялі значныя даследаванні — і ў музыцы, і ў частцы дакументальных сведчанняў, бо вялікае значэнне маюць дакументы, якія нам прадаставіў музей-гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя дакументы і новыя факты, якія адкрыліся, дазваляюць зразумець, што адбывалася ў Беларусі — гэта жудасная трагедыя забітых, сцёртых, знішчаных людзей. Гэта гісторыя партызан і падпольшчыкаў... Калі я еду ў тралейбусе і мне распавядаюць пра падпольшчыка Лявонція Адзінцова, якога спалілі ў лагеры смерці «Трасцянец», мяне перапаўняе гонар, што я цяпер ведаю пра гэта шмат. За паўтары гадзіны немагчыма ўсё сказаць, але для нас адным з найбольш эмацыянальных эпізодаў з’яўляецца гісторыя дзіцячага лагера смерці «Красны Бераг» — ён ператвараецца на сцэне ў крывавы бераг. Вядома, што, згодна з генеральным фашысцкім планам «Ост», прадугледжвалася вынішчэнне 75 працэнтаў насельніцтва Беларусі.

Паглыбіўшыся ў дакументальныя матэрыялы, плакалі ўсе, хто меў дачыненне да пастановачнай часткі, прызналася мастак-пастаноўшчык, галоўны мастак тэатра Любоў Сідзельнікава. 

У праекце дзённікі, напісаныя падчас вайны, становяцца эмацыянальным сродкам уздзеяння: яны адноўленыя мастакамі тэатра на заслонах — без скажэння почырку і слоў. І ўзмацняюцца дакументальнымі здымкамі, якія ўзнаўляюцца нібыта на экране. І, як у музыцы сабрана вялікая колькасць кампазітараў, так і ў візуальным афармленні звярнуліся да вобразаў розных беларускіх мастакоў. Працуючы над гэтым спектаклем, мастак-пастаноўшчык адштурхоўвалася ад «суровага» стылю, які ў пэўны перыяд быў уласцівы беларускаму жывапісу ХХ стагоддзя. Звярталіся да мастакоў, у творах якіх была адлюстравана ваенная гісторыя, яны таксама выступаюць як сведкі, — Міхаіл Савіцкі, Васіль Шаранговіч, Май Данцыг. Іх работы паміж сабой добра спалучаюцца. Як і «Курган Славы» Паўла Масленікава звяртае да таго, што драматычныя падзеі выкрасліць з памяці немагчыма.

Музыка, спевы, пластыка і мастацкія вобразы разам нараджаюць эмоцыю, якая павінна «прабіць» свядомасць сучаснага чалавека, які вельмі далёка ад тых падзей. Таму ёсць адсылка да манументаў, што створаны дзеля ўшанавання памяці пра вайну. Некаторыя вобразы з манументаў вельмі пазнавальныя. Як, напрыклад, у частцы пра спаленыя вёскі артысты балета ўзнаўляюць вобраз жыхара Хатыні Іосіфа Камінскага, які выжыў, з дзіцем на руках — над пластычнымі эпізодамі працаваў галоўны харэограф тэатра Ігар Колб. Сапраўды, шмат што немагчыма выказаць словамі, але можна абазначыць і паказаць праз рухі. Мастацкая метафара, вобраз могуць урэзацца глыбока ў свядомасць. Скрозь усю дзею праходзіць агульны вобраз — умоўнага нашага Сучасніка, які паглыбляецца ў гісторыю, нібыта назірае, думае, разважае, перажывае і робіць выснову (яго ролю выконвае Станіслаў Трыфанаў).

Сучаснікі — і патэнцыяльныя гледачы — жывуць у розных кутках Беларусі. Паказ праекта, створанага пры дапамозе фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, запланаваны на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, сярод рэальных манументаў. Там павінна адгукнуцца частка вакальна-сімфанічнай паэмы «Героям Брэста» Генрыха Вагнера — голас маці гучыць у выкананні драматычнай актрысы Веры Паляковай (гэта прапісана ў аўтара, а ў музычным спектаклі ўзнікае пазнавальны вобраз Радзімы-маці).

Праект сапраўды можна паказваць па-за сценамі тэатра. Галоўнае, што ў ім гучыць унікальная, эмацыянальна насычаная беларуская музыка, якая мае адметную інтанацыйную прыроду, што пастараліся падкрэсліць галоўны дырыжор тэатра і дырыжор-пастаноўшчык Арцём Макараў. Дырыжор Віталь Грышчанка адзначыў, што выкананне патрабуе ад аркестра немалой фізічнай працы і эмацыянальнай аддачы.

— Наша задача — заглыбіць чалавека ў філасофію разумення таго, што такое смерць. Мы не кажам пра гэта наўпрост, а праз вобразы. Мы кажам пра тое, што такое жыццё. Што такое памяць. Мы гаворым, што такое мастацтва, — падсумоўвае Ганна Маторная. — Збор розных матэрыялаў сышоўся ў ёмістую канструкцыю, якая дазваляе сказаць пра тое, хто падчас гэтай вайны сышоў, хто пацярпеў, і ўсё гэта можна вызначыць адным словам: Беларусь. Таму мы пачынаем наш спектакль са слоў «Мы, беларусы». А заканчваем словамі: «Наша памяць свяшчэнная». «Патэтычны дзённік памяці» мы сёння пішам для нашых нашчадкаў. Мы кажам: як цудоўна, калі ў нашай краіне быў мір, і як страшна, што ён быў разбураны. І як важна сёння гаварыць пра вайну — такім чынам сцвярджаем, што нам патрэбны мір.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Словы на сэрцы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.