Улетку гэтага года Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь упершыню была праведзена комплексная праверка выканання Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 2018 года «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» (ААПТ) у дачыненні да заказнікаў і помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. У выніку былі выяўлены шматлікія парушэнні, якія абазначылі праблемныя напрамкі ў сістэме функцыянавання ААПТ.
Як расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення па наглядзе ў сферах экалогіі і землекарыстання Генеральнай пракуратуры Андрэй Карачэнка, у 35 раёнах Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей устаноўлены факты неналежнага кіравання такімі аб’ектамі. Згодна з арт. 31 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», для кіравання заказнікам, помнікам прыроды, калі не створана дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова (ДПУ), прызначаецца адказная службовая асоба. На момант праверкі такія адказныя за многія ААПТ не былі прызначаны. Адпаведна, ніякай рэальнай дзейнасці, звязанай з планаваннем і правядзеннем прыродаахоўных мерапрыемстваў, там не праводзілася.
Слаба альбо цалкам не выконваліся функцыі аховы. Палявыя мерапрыемствы не праводзіліся ва ўсіх правераных ДПУ Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, а таксама кіруючымі органамі, якімі вызначаны выканкамы. Разам з тым работнікі пракуратуры выявілі грубыя парушэнні рэжымаў ААПТ. Напрыклад, на землях рэспубліканскага заказніка «Слаўгарадскі» (Магілёўская вобласць) паблізу возера Святое выяўлены факт псавання зямель (памер шкоды склаў 11 тысяч рублёў) — устаноўлена незаконнае размяшчэнне летняга лагера для буйной рагатай жывёлы ў пойме ракі Проні. У заказніку мясцовага значэння «Каліноўскі» (Бялыніцкі раён) выяўлена незаконнае будаўніцтва зоны адпачынку (узведзена альтанка, стол, лаўкі, арганізавана вогнішча). Па патрабаванні пракуратуры незаконныя аб’екты дэманціраваны. Ва ўзбярэжнай паласе ракі Бярэзіны на тэрыторыі заказніка рэспубліканскага значэння «Свіслацка-Бярэзінскі» (Клічаўскі раён) зафіксаваны факты несанкцыянаванага размяшчэння рыбакамі палатак, стаянак механічных транспартных сродкаў, развядзення вогнішчаў.
За 2022–2023 гады на тэрыторыі Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей устаноўлена больш за 300 парушэнняў, звязаных з невыкананнем рэжыму аховы і выкарыстання заказнікаў і помнікаў прыроды. Навакольнаму асяроддзю нанесена шкода на суму звыш 300 тысяч рублёў.
Адсутнасць даступнай поўнай і актуальнай інфармацыі аб устаноўленым прававым рэжыме на тэрыторыях некаторых правераных заказнікаў і помнікаў прыроды таксама садзейнічае прычыненню экалагічнай шкоды. Рэдкія і відавочна састарэлыя аншлагі не змяшчаюць неабходных даных. На рэспубліканскай інтэрактыўнай карце Мінпрыроды, а таксама інфармацыйных рэсурсах выканкамаў, іншых кіруючых органаў граніцы ААПТ не адлюстраваны. У выніку грамадзяне часта мімаволі становяцца парушальнікамі рэжыму аховы.
Асобна варта сказаць аб планах кіравання. У краіне распрацаваны і зацверджаны планы кіравання для 25 (26 працэнтаў) з 98 рэспубліканскіх і 2 (менш за 1 працэнт) з 278 мясцовых заказнікаў. Але нават існуючыя нярэдка аказваюцца фармальнымі паперамі. Больш за тое, асобныя адказныя выканаўцы (Бялыніцкі і Клічаўскі лясгасы) былі азнаёмлены з планам кіравання рэспубліканскімі заказнікамі «Астравы Дулебы» і «Заазер’е» (Магілёўская вобласць) толькі ў ходзе праверкі Генеральнай пракуратуры. І гэта нягледзячы на тое, што самі дакументы былі распрацаваны і зацверджаны райвыканкамамі яшчэ ў 2019 годзе.
Тэрміны дзеяння некаторых з правераных планаў кіравання (заказнікі «Асвейскі» і «Слаўгарадскі»), як высветлілася, скончыліся, і бягучая дзейнасць такіх ДПУ ажыццяўляецца з парушэннямі заканадаўства. Бо нават арганізацыя турыстычнай, рэкрэацыйнай, аздараўленчай і іншай дзейнасці можа ажыццяўляцца толькі ў адпаведнасці з планам кіравання ААПТ (арт. 31, п. п. 3.9. Закона «Аб ААПТ»).
Не выконваюцца і многія прыродаахоўныя мерапрыемствы, замацаваныя ў дакументах. Напрыклад, у рэспубліканскім заказніку «Чырвоны Бор» назіральныя вышкі і памосты для агляду ландшафтаў, назірання за птушкамі і капытнымі не ўстаноўлены (тэрмін — 2019–2020 гады), рамонт канструкцый на існуючых экалагічных сцежках не ажыццёўлены (тэрмін — 2017 год), новыя экалагічныя маршруты не створаны (тэрмін — 2019–2020 гады), афіцыйны вэб-сайт не функцыянуе (тэрмін — з 2015 года). На тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Асвейскі» рамонт дамбы і шлюза на Дзегцяроўскім канале не праведзены (тэрмін — 2009–2010 гады), пры гэтым ДП «Віцебскгіправадгас» будаўнічы праект распрацаваны яшчэ ў 2006 годзе.
Навуковае абгрунтаванне для выканання мерапрыемстваў па падтрыманні ў рэспубліканскім заказніку «Слаўгарадскі» пойменных лугоў у адкрытым стане не распрацавана (тэрмін — 2019 год), выпас жывёлы на аснове прынцыпу зялёнай эканомікі для прадухілення зарастання пойменных участкаў не арганізаваны. Землі ўздоўж ракі Сож паблізу г. Слаўгарада зараслі драўняна-хмызняковай расліннасцю. Акрамя таго, вывучэнне энтамафаўны водна-балотнага ўгоддзя, распрацоўка мер аховы яе рэдкіх кампанентаў, а таксама аднаўленне нерасцілішчаў асноўных прамысловых відаў рыб не праводзіліся. Біятэхнічныя мерапрыемствы для вадаплаўных птушак не ажыццяўляліся.
Парадаксальна, але былі выяўлены факты, калі кантроль за выкананнем планаў кіравання рэспубліканскімі заказнікамі («Спораўскі», «Званец», «Налібоцкі», «Астравы Дулебы» і «Заазер’е») быў ускладзены на арганізацыі лясной гаспадаркі або ДПУ. Пры гэтым у шэрагу выпадкаў выканаўцамі вызначаны райвыканкамы, органы Мінпрыроды, МНС, у адносінах да якіх лясгасы і ДПУ функцыю кантролю выканаць не здольныя.
Як адзначыў у размове Андрэй Карачэнка, аналіз выяўленых правапарушэнняў паказаў, што сённяшняя сістэма кіравання ААПТ неэфектыўная. Фактычна ўсе ААПТ працуюць у аўтаномным рэжыме. Няма адзінай структуры і вертыкалі кіравання. Бракуе каардынацыйнага цэнтра і агульных падыходаў да работы, не праводзяцца метадычныя заняткі, заканадаўчая база не актуалізавана. І, што крытычна, адсутнічаюць кантрольна-ацэначныя паказчыкі дзейнасці ААПТ!
Па выніках праведзенай праверкі Генеральная пракуратура прапанавала ўраду прыняць меры па захаванні і аднаўленні (узнаўленні) каштоўных прыродных комплексаў і аб’ектаў, а таксама даручыць Мінпрыроды, Нацыянальнай акадэміі навук і аблвыканкамам выправіць выяўленыя парушэнні. У мэтах выканання гэтага даручэння Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аператыўна распрацаваны і зацверджаны план неабходных мерапрыемстваў, які пачалі ўжо выконваць.
Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ
Фота з архіва прэс-службы Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.