14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Што чакае наведвальнікаў выставы-кірмашу BTІ 2024?


Восеньская галіновая выстава BelTexІndustry праходзіць штогод, і гэта, без перабольшання, цэнтральная падзея года для спецыялістаў усіх кірункаў шматграннай сферы лёгкай прамысловасці Беларусі: ад тэхнолагаў да дызайнераў.


У гэтым кастрычніку Міжнародная выстава-кірмаш па аптовым продажы тавараў лёгкай прамысловасці BTІ-2024 адкрыецца ў Мінску ў 48-мы раз. Па традыцыі канцэпцыя мерапрыемства ўнікальная і не паўтарае леташнюю.

— Традыцыйна ў рамках BTІ найлепшыя прадпрыемствы галіны лёгкай прамысловасці Рэспублікі Беларусь дэманструюць свае навінкі, прапаноўваюць аптовым пакупнікам распрацоўкі «восень — зіма» і «вясна — лета» наступнага года, каб атрымаць зваротную сувязь ад гандлю ў выглядзе заявак або папярэдніх аб’ёмаў. І, у прынцыпе, атрымаць меркаванне наведвальнікаў выставы (з чым адгадалі, з чым не адгадалі), абмеркаваць цэнавыя прапановы, — канкрэтызавала старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна, — гэта дынамічная сустрэча вытворцаў і пакупнікоў.

Экспазіцыя і ўдзельнікі

Гаворачы аб асаблівасцях выставы ў цэлым для галіны, кіраўнік канцэрна адзначыла:

— У апошнія гады ў сувязі з глабальнымі зменамі на знешніх контурах значнасць вочных зносін паміж вытворцамі і пакупнікамі ўзрастае. З году ў год мы бачым зацікаўленасць у такіх сустрэчах, на іх прыязджае ўсё больш наведвальнікаў з розных краін.

Шырокая геаграфія, удзел замежных экспанентаў — у цэлым знакавая асаблівасць BTІ. У мінулым годзе на выставе былі прадстаўлены Расійская Федэрацыя, Кітайская Народная Рэспубліка, Узбекістан.

— У гэтым годзе мы з задавальненнем адзначаем зацікаўленасць не толькі нашых партнёраў з розных акруг Расійскай Федэрацыі. Цікавасць праяўляюць краіны СНД: вялікая дэлегацыя чакаецца ад нашых калег з Асацыяцыі лёгкай прамысловасці Узбекістана, чакаем прадстаўнікоў Кыргызстана і Казахстана. Таксама папярэдне пацвердзілі свой удзел прадстаўнікі зацікаўленых колаў Зімбабвэ. У экспазіцыі будзе ўдзельнічаць таксама Турцыя.

— У выніку ўскладнення сістэмы паставак і разлікаў найбліжэйшыя краіны пачалі бачыць адна ў адной сапраўдных партнёраў і калег, — падкрэсліла Таццяна Лугіна. — Хачу адзначыць зацікаўленасць краін СНД у развіцці партнёрства не толькі ў частцы гандлю, але і ў частцы бізнесу.

Ужо адпрацаваны шэраг праектаў, якія дадуць магчымасць выбудоўваць кааперацыйныя ланцужкі ўзаемадзеяння, дзе выкарыстоўваюцца моцныя бакі кожнай краіны. Беларуская лёгкая прамысловасць традыцыйна моцная сваімі дызайнерамі, канстатавала Таццяна Лугіна. У нас моцная школа канструктарска-дызайнерскага напрамку, моцныя традыцыі фэшн-індустрыі. У іншых краінах — свае моцныя бакі. На пошук пунктаў судакранання і будуць накіраваны бітубі-перагаворы і дзелавыя сустрэчы.

А ў цэлым, адзенне і абутак, тавары для дома і аксесуары беларускай вытворчасці запатрабаваны.

— Сёлета «Беллегпрам» паказвае тэмпы імпарту 106 %, і найбольшы прырост — на рынках далёкага замежжа і краін СНД. Гэта вынікі працы, якую мы ўклалі, асвойваючы рынкі Узбекістана, Казахстана, Кыргызстана, Азербайджана, Таджыкістана. Гэтыя рынкі даюць дастатковы тэмп росту, — распавяла Таццяна Лугіна. — Нядрэнна працуем у гэтым годзе з індыйскім рынкам, тэмп росту па кітайскім рынку — амаль у 3,2 раза.

З еўрапейскіх краін ільняныя тканіны Беларусь пастаўляе ў Італію, невялікія пастаўкі ёсць у Бельгію і Сербію. Досыць значную нішу ў пастаўках ільняных тканін займае таксама Турцыя.

— Сёння прадпрыемствы канцэрна сістэмна пераходзяць на рэалізацыю на экспарт гатовай прадукцыі ў большай долі, чым паўсыравінныя і сыравінныя тавары. У структуры паставак будзем штогод павялічваць долю гатовай прадукцыі, — падкрэсліла старшыня «Беллегпрама». — Накіроўваць на экспарт трэба прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, гэта сусветны трэнд. І рынак адлюстроўвае ў апошнія гады попыт на тавары ўжо ў канчатковым, спажывецкім выглядзе.

Аб чым будуць размаўляць прафесіяналы

Дзелавая частка BelTexІndustry сёлета надзвычай насычаная.

— Традыцыйна ў рамках BTІ мы падводзім папярэднія вынікі продажу школьных калекцый бягучага сезона, — адзначыла Таццяна Лугіна. — І гэты год не будзе выключэннем: запланавана прамежкавая справаздачная сесія сумесна з МАРГ і з запрашэннем Міністэрства адукацыі.

Мэта мерапрыемства — усебакова прааналізаваць аб’ёмы, асартымент, мадэльны рад адзення для школьнікаў і перавагі пакупнікоў, каб да канца кастрычніка можна было намеціць задачы ў гэтай галіне на 2025–2026 год, растлумачыла кіраўнік «Беллегпрама». Таксама ў рамках выставы запланавана падпісанне мемарандума канцэрна «Беллегпрам» з Інстытутам дызайну і фэшн-індустрыі Расійскай Федэрацыі.

Але ў цэнтры ўвагі гэтага маштабнага прафесійнага форуму будзе не толькі абмеркаванне глабальных напрамкаў развіцця галіны лёгкай прамысловасці як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні, але і шэраг прафесійных вузкаспецыяльных пытанняў. Для прафесійнай аўдыторыі запланавана мноства цікавых мерапрыемстваў, расказала намеснік дырэктара па выставачнай дзейнасці РУП «Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» Вікторыя Агафонава. Гэта, у прыватнасці, майстар-класы «Як раскруціць асабісты брэнд», «Як натуральныя тавары фарміруюць новую культуру спажывання», «Рынак работы ў сферы лёгкай прамысловасці», прэзентацыя «Упакоўка як элемент маркетынгу», бізнес-прэзентацыя «Як настроіць продажы», модны агляд «Трэнды сезона восень — зіма 2024–2025».

Што чакае наведвальнікаў

Але, вядома, і прафесіяналы, і шматлікія наведвальнікі ў першую чаргу чакаюць модных паказаў, і іх таксама будзе дастаткова. Гэтая галіновая выстава — адна з самых наведвальных, калі казаць менавіта аб тых, хто прыходзіць «проста паглядзець», бо тэма лёгкай прамысловасці і індустрыі моды цікавая практычна кожнаму спажыўцу. І арганізатары гэты факт улічваюць: менавіта гэты прафесійны форум яны імкнуцца ператварыць у яркае шоу і зрабіць непаўторным. Нязменнай з года ў год застаецца толькі тэматыка выставы — яна ахоплівае ўсе сферы і кірункі лёгкай прамысловасці: ад жаночага, мужчынскага і дзіцячага адзення і абутку да тканін і нятканых матэрыялаў, бялізны і трыкатажу, гарсэтных вырабаў і купальнікаў, скуры і футра, фурнітуры і аксесуараў.

Апроч вядучых айчынных брэндаў, упершыню ў экспазіцыі BTІ можна будзе ўбачыць стэнд выставы Fashіon Style Russіa. Гэта праект, які арганізоўвае Расійскі саюз прадпрымальнікаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці, ён аб’ядноўвае ўсе галіны лёгкай прамысловасці і сегменты моды, з’яўляецца прасторай, дзе прадстаўляюць сябе больш за 150 расійскіх і замежных брэндаў. У дні работы BTІ-2024 адбудуцца паказы калекцый сямі расійскіх дызайнераў, а знакамітым госцем форуму стане Сяргей Сысоеў, член Асацыяцыі высокай моды і прэт-а-партэ Расіі, член Міжнароднага саюза дызайнераў.

Ужо на цырымоніі адкрыцця можна будзе ацаніць вынік калабарацыі дызайнерскай думкі беларускіх, узбекскіх і кыргызскіх прафесіяналаў моды і стылю. Дарэчы, арганізатары абяцаюць, што цяперашняя цырымонія адкрыцця BTІ стане асаблівай, унікальнай і не падобнай да папярэдніх.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Рухавік фэшн-індустрыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.