Вы гуляеце ў парку са сваёй сям’ёй або спяшаецеся на работу, як раптам хтосьці на вас ляціць і ледзь не збівае з ног. Або едзеце за рулём, і немаведама адкуль літаральна перад вашым аўтамабілем з’яўляецца самакатчык або гіраскутарыст. Знаёмыя сітуацыі? Веласіпедысты і кіроўцы сродкаў персанальнай мабільнасці ў большасці сваёй, не спыняючыся, перасякаюць дарогу, не кантралююць хуткасны рэжым, ездзяць, дзе хочуць, а вадзіцелі і пешаходы знаходзяцца ў пастаянным стрэсе — думаюць, каб не збіць каго або самім не атрымаць траўму.
У найбліжэйшы час сітуацыя на дарогах і ў пешаходных зонах павінна памяняцца. Міністэрства ўнутраных спраў ініцыіравала ўнясенне змяненняў у Правілы дарожнага руху. Новаўвядзенні найперш закрануць тых, хто перамяшчаецца на сродках персанальнай мабільнасці. Праект указа апублікаваны на прававым форуме Беларусі. Да 27 верасня кожны можа паўдзельнічаць у абмеркаванні змяненняў, якія прапаноўваюцца, і выказаць свой пункт гледжання.
Сур’ёзную карэкціроўку Правілы дарожнага руху зазналі ў кастрычніку 2022 года. У прыватнасці, упершыню ў дакуменце было зафіксавана такое паняцце, як сродак персанальнай мабільнасці, вызначаны ўмовы іх удзелу ў дарожным руху, сфармуляваны абавязкі кіроўцаў самакатаў, манаколаў і іншага транспарту. Аднак час паказаў, што залішняя ўсёдазволенасць не на карысць бяспецы вадзіцеляў, пешаходаў і саміх кіроўцаў сродкаў персанальнай мабільнасці.
Якія змяненні прапануецца ўнесці ў Правілы дарожнага руху і з чым яны звязаны, карэспандэнту «Звязды» расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі МУС палкоўнік міліцыі Віктар Ротчанкаў. Па яго словах, аб недасканаласці цяперашняй рэдакцыі Правілаў дарожнага руху ў першую чаргу сведчыць аварыйнасць, якая складваецца на вулічна-дарожнай сетцы Рэспублікі Беларусь. «Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам сродкаў персанальнай мабільнасці, у якіх удзельнікі дарожнага руху атрымліваюць цялесныя пашкоджанні, вырасла на 70 %, — канкрэтызаваў ён. — За восем месяцаў бягучага года зарэгістраваны 53 дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам сродкаў персанальнай мабільнасці, у якіх загінулі два чалавекі, астатнія атрымалі траўмы. У аварыі трапляюць і веласіпедысты. Цяжкія траўмы яны, як правіла, атрымліваюць пры перамяшчэнні на аўтадарогах».
Аднак 53 ДТЗ з удзелам сродкаў персанальнай мабільнасці — гэта толькі зарэгістраваныя выпадкі. Сутыкненняў з пешаходамі адбываецца значна больш: не на кожнае здарэнне выклікаюцца супрацоўнікі ДАІ. Так, у прыватнасці, непрыемная сітуацыя адбылася з маім калегам, які трапіў пад колы няўважлівага веласіпедыста. Пратакол на ліхача не складалі, але журналісту давялося ісці на бальнічны — веласіпедыст зламаў яму ключыцу. А колькі выпадкаў, калі самакатчыкі наязджаюць на пешаходаў, якія не выклікаюць пасля здарэння супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, а проста прымаюць словы прабачэння.
Віктар Ротчанкаў звяртае ўвагу, што на фоне росту колькасці дарожна-транспартных здарэнняў удзельнікі дарожнага руху ў розных формах выказваюць сваю занепакоенасць. «Радуе, што ўдзельнікі дарожнага руху думаюць аб бяспецы, — падкрэслівае начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС. — Асабліва вадзіцелі кажуць аб тым, што тыя нормы, якія закладзены ў Правілы дарожнага руху, не дазваляюць бяспечна перамяшчацца на вулічна-дарожнай сетцы».
Такім чынам, прапануецца змяніць статус кіроўцы сродку персанальнай мабільнасці. Цяпер гэта пешаход: адпаведна ў яго абавязкі як у гэтай катэгорыі дарожнага руху. «Аднак паколькі асоба, якая перамяшчаецца на сродку персанальнай мабільнасці, кіруе ім, то правільна яе прызнаваць вадзіцелем транспартнага сродку, — тлумачыць Віктар Ротчанкаў. — Па аналогіі з веласіпедыстамі, якія сёння з’яўляюцца вадзіцелямі транспартнага сродку — веласіпеда. Іх правы і абавязкі ў праекце Правіл дарожнага руху мы паспрабавалі ўраўняць».
Новаўвядзенні датычацца і хуткаснага рэжыму. Калі па сваіх характарыстыках хуткасць самаката, манакола, сігвея або іншага ўстройства не будзе перавышаць хуткасць у 25 км/г, то гэты транспарт па-ранейшаму застанецца сродкам персанальнай мабільнасці. Калі хуткасць транспартнага сродку будзе перавышаць устаноўленыя 25 км/г, то такое ўстройства будзе прызнавацца механічным транспартным сродкам. У гэтым выпадку кіроўцу спатрэбіцца вадзіцельскае пасведчанне. Неабходна будзе таксама зарэгістраваць транспартны сродак, прайсці астатнія працэдуры па яго допуску да ўдзелу ў дарожным руху.
У праекце ўказа замацоўваецца абавязак веласіпедыстаў і асоб, якія перамяшчаюцца на сродках персанальнай мабільнасці, спешвацца пры перасячэнні праезнай часткі дарогі па пешаходным пераходзе, а таксама ў асобных выпадках пры руху па велапераездзе і веласіпеднай дарожцы.
«Тая норма, якая рэкамендавала знізіць хуткасць сродку персанальнай мабільнасці і веласіпеда да хуткасці чалавека, які ідзе, чамусьці не знайшла рэалізацыі сярод удзельнікаў дарожнага руху, што паўплывала на павелічэнне колькасці ДТЗ, — абгрунтоўвае трэцюю навацыю Віктар Ротчанкаў. — Тое ж самае прапаноўваецца рабіць і на велапераездах. Пры здзяйсненні правага павароту вадзіцелям сапраўды не заўсёды відаць гэту катэгорыю ўдзельнікаў дарожнага руху. Зразумела, яны павінны і знізіць хуткасць, і пераканацца ў тым, што нікога няма, але дадзеную катэгорыю ўдзельнікаў дарожнага руху, як паказвае статыстыка, вадзіцель не бачыць, асабліва пры здзяйсненні правага павароту. Таму прапаноўваецца спешвацца і на велапераездах. За выключэннем выпадкаў, калі велапераезд рэгулюецца транспартнымі святлафорамі для веласіпедыстаў. У такім выпадку пераезд будзе бяспечным».
Калі адсутнічае веладарожка, то на сродках персанальнай мабільнасці, як і на веласіпедах, можна будзе перамяшчацца па тратуары або пешаходнай дарожцы. А ў выпадку адсутнасці тратуара і веласіпеднай дарожкі — па краі праезнай часткі, не далей як на адзін метр ад абочыны. Аднак у пешаходных зонах, як гэта дазволена цяпер, ні на сродках персанальнай мабільнасці, ні на веласіпедах ехаць будзе нельга — гэта яшчэ адна прапанова ад Дзяржаўтаінспекцыі.
Грамадскае абмеркаванне змяненняў у Правілы дарожнага руху паказвае, што людзі ўспрымаюць навацыі па-рознаму. «Вадзіцелі падтрымліваюць гэтую ініцыятыву, веласіпедысты прапаноўваюць іншыя варыянты перамяшчэння на велапераездах, — удакладняе начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС. — Хоць яны і разумеюць, што момант небяспекі пры перасячэнні велапераезда веласіпедыст бачыць нашмат раней, чым вадзіцель аўтамабіля, у той жа час настойваюць на альтэрнатыўных варыянтах. Мы лічым, што змяненні, якія прапаноўваюцца, у першую чаргу накіраваны на зніжэнне аварыйнасці на дарогах. Сёння трэба вельмі хутка рэагаваць на выклікі, звязаныя з дарожнай абстаноўкай. З улікам пастаяннага развіцця сродкаў персанальнай мабільнасці нам трэба пастаянна трымаць руку на пульсе, бо галоўнае наша прызначэнне — захаванне жыццяў і здароўя грамадзян на вулічна-дарожнай сетцы краіны».
Карэспандэнты высветлілі, як успрынялі новаўвядзенні, якія прапаноўваецца ўнесці ў Правілы дарожнага руху, кіроўцы персанальных сродкаў мабільнасці. Ігар Сушчанка — заснавальнік супольнасці манаколавікаў Беларусі, інструктар па навучанні яздзе на манаколе. За чатыры гады існавання школы, у якой ён дзеліцца вопытам, прайшло навучанне звыш 600 чалавек. Самай малодшай вучаніцы было пяць гадоў, старэйшаму вучню — 75 гадоў.
«Манакола — адзін з самых небяспечных сродкаў перамяшчэння, і гэта можа сказаць толькі той, хто перамяшчаецца на ім, — перакананы Ігар Сушчанка. — Ты не можаш моцна разагнацца на ім, бо няма руля і тармазных калодак, чаго не скажаш пра самакатчыкаў. Па нашых назіраннях, менавіта з удзелам самакатчыкаў адбываецца больш дарожна-транспартных здарэнняў, чым з астатнімі сродкамі персанальнай мабільнасці. У гэтай сувязі лічу неабходным павысіць узрост асобы, які мае права кіраваць самакатам: з 14 на 16 гадоў».
Інструктар па навучанні яздзе на манаколе падтрымлівае змяненні ў Правілы дарожнага руху, але не ўсе. «Што датычыцца хуткасці ў 25 км/г, з якой належыць рухацца на сродках персанальнай мабільнасці, гэта тая хуткасць, на якой можна імгненна адрэагаваць на тую ці іншую сітуацыю, — пагаджаецца ён. — Вышэйшая хуткасць у гарадскіх умовах — гэта дыскамфорт, а мы не ворагі свайму здароўю».
Што датычыцца спешвання пры перасячэнні праезнай часткі, то, па меркаванні Ігара, абавязкова варта спыняцца перад пешаходным пераходам для таго, каб цябе заўважылі, а ўжо як яго перасякаць — справа кіроўцы сродку персанальнай мабільнасці. «У цёмны час сутак мы носім флікеры, — заўважае заснавальнік супольнасці манаколавікаў Беларусі. — Спадзяюся, што да нас прыслухаюцца. Калі мы ўсе будзем адно аднаго паважаць, будзем уважлівымі да тых, хто побач, не застанецца ніякіх бед. Забараніць — нескладана, але важна падумаць і аб тым, каб наш горад быў больш свабодны ад аўтамабіляў».
Аднаму з актыўных удзельнікаў монасупольнасці Івану Баландзіну манакола практычна поўнасцю замяніла аўтамабіль. Па яго словах, на гэтым сродку персанальнай мабільнасці ты цудоўна кантралюеш дарожную абстаноўку, хоць збоку так не здаецца. Для аб’ектыўнага разумення сітуацыі, па меркаванні маладога чалавека, неабходна размежаваць статыстыку аварыйнасці па відах транспартных сродкаў, формах уласнасці. «Напрыклад, мае значэнне, адбылося ДТЗ на ўласным сродку персанальнай мабільнасці або на арэндным, — звяртае ён увагу. — Людзі, якія валодаюць уласнымі, прычым нятаннымі, транспартнымі сродкамі, ставяцца да пытання бяспекі інакш».
Іван заўважае, што дазвол не спешвацца на абсалютна ўсіх відах пешаходных пераходаў быў уведзены для зручнасці. «На большасці пераходах, якія ў нас існуюць, усё вельмі добра прадугледжана, — канстатуе ён. — Галоўны прынцып бяспекі — раздзяленне плыняў, калі пешаходы і людзі на сродках персанальнай мабільнасці падзелены пры перасячэнні пешаходнага перахода. На жаль, па нашых асабістых назіраннях, вымалёўваецца непрыемная карціна. У першую чаргу, самі пешаходы не ведаюць Правілаў дарожнага руху, у якіх дакладна прапісана, дзе павінен знаходзіцца падчас руху пешаход, а дзе — веласіпедыст. Толькі на ўроках АБЖ для дзяцей расказваюць некаторыя рэчы, але не больш за тое».
Па меркаванні кіроўцы сродку персанальнай мабільнасці, як толькі ўсе пачнуць выконваць Правілы дарожнага руху, нават у бягучай рэдакцыі, гэтыя праблемы адразу ж знікнуць. У выпадку, калі пункт пра спешванне немагчыма пакінуць, малады чалавек прапаноўвае хаця б не спешвацца там, дзе для гэтага прадугледжана ўся інфраструктура: спецыяльная разметка, святлафоры. Аб гэтым акурат і ідзе размова ў праекце ўказа.
Што датычыцца хуткасці, то 25 км/г Іван лічыць бяспечнай для любога сродку персанальнай мабільнасці і веласіпеда. «Выклікае апасенне, што тыя сродкі персанальнай мабільнасці, якія маюць вышэйшую хуткасць, плануюць зрабіць механічнымі транспартнымі сродкамі — і адпаведна дазволяць ім перамяшчацца па праезнай частцы, — кажа ён. — Давайце ўявім, як чалавек, якога па новых правілах не абавязалі мець ніякай экіпіроўкі, але дазволілі перамяшчацца па праезнай частцы, рухаецца па праспекце ў гадзіну пік з хуткасцю больш як 25 км/г. Нашы вадзіцелі абсалютна не прызвычаіліся да з’яўлення малагабарытных транспартных сродкаў на праезнай частцы. У нас нават мапеды з’яўляюцца рэдкасцю на дарогах».
Неабходнасць забароны перамяшчэння сродкаў персанальнай мабільнасці ў пешаходных зонах, напэўна, не выклікае сумнення ў многіх. «Усё-такі пешаходная зона — для пешаходаў, гэта месца максімальна павышанай небяспекі, дзе знаходзяцца дзеці, — акцэнтуе ўвагу Іван Баландзін. — Мы адносімся да гэтага з разуменнем і адабрэннем. Адзінае — павінен быць нейкі абходны шлях. Паколькі ўкараненнем сродкаў персанальнай мабільнасці ў жыццё нашага грамадства спрабуецца знізіць сацыяльную нагрузку, у прыватнасці на грамадскі і асабісты транспарт, зрабіць не толькі горад, але і ўсю краіну больш зялёнай, патрэбна думаць і аб гэтых удзельніках дарожнага руху».
Вераніка КАНЮТА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».