Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Трэба рыхтавацца да вайны. І дай бог, каб гэтай вайны не было»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў 230-ы агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі. У цэнтры ўвагі галоўнакамандуючага — беспілотная авіяцыя. Тэма надзвычай актуальная, паколькі, як заўважыў Прэзідэнт, сучасная вайна — гэта вайна беспілотнікаў. «Сёння мы бачым, што без беспілотнікаў, БПЛА, няма вайны, — сказаў ён. — Без беспілотнікаў ні пра якую вайну, ні пра якую перамогу гаворкі няма. Яны ўжо занялі сваё месца, як контрбатарэйная барацьба, як сістэмы РЭБ супрацьдзеяння беспілотнікам». Кіраўніку дзяржавы далажылі, як беларускія Узброеныя сілы плануюць развіваць і удасканальваць беспілотную авіяцыю з улікам сучасных узброеных канфліктаў. Галоўнае патрабаванне Прэзідэнта да дакладчыкаў — усё павінна быць натуральна, як у баі, без аніякай паказухі. Логіка цалкам зразумелая — у баі магчымасці патрэніравацца не будзе, звярнуў увагу беларускі лідар.


Фота: БелТА

«Трэба, каб усё было сваё»

Галоўнакамандуючаму прадэманстравалі айчынныя распрацоўкі ў сферы беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку расказалі аб навінках і дапрацоўках у ранейшых мадэлях. Арганізацыі, якія ўваходзяць у сістэму Дзяржкамваенпрама і прадпрыемствы абароннага сектара эканомікі прадставілі больш за 30 адзінак тэхнікі ваеннага прызначэння айчыннай вытворчасці. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў вытворчасці такіх сродкаў трэба максімальна арыентавацца на айчынныя камплектуючыя. «Трэба сваё. Трэба, каб было ўсё сваё», — падкрэсліў ён. У цэлым, задача ад кіраўніка дзяржавы — канкрэтна вызначыцца, якія менавіта мадэлі тэхнікі патрэбны Узброеным сілам, колькі іх неабходна, якія прадпрыемствы будуць іх вырабляць. Аглядаючы кожны ўзор тэхнікі, ён удакладняў у міністра абароны, начальніка Генеральнага штаба, наколькі тая ці іншая мадэль неабходна нашым Узброеным сілам, як яна зарэкамендавала сябе на практыцы. Ключавое патрабаванне — каб усё было надзейна і эфектыўна. І не ў дакладах, а на практыцы. 

Прэзідэнту паказалі, як гэта тэхніка паводзіць сябе ў баі. На палігоне былі прадэманстраваны баявыя магчымасці айчынных перспектыўных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Сярод іх і тыя адзінкі, якія былі прынятыя на ўзбраенне ў гэтым годзе. Напрыклад, ударны беспілотны авіяцыйны комплекс (БАК) «Чакан-В» і шматфункцыянальны беспілотны авіяцыйны комплекс малой дальнасці «Беркут-3». Ударны БАК «Чакан В» распрацаваны ААТ «558 Авіяцыйны рамонтны завод» і прызначаны для пошуку, выяўлення і паражэння стацыянарных або маларухомых наземных аб’ектаў. Беспілотнікі, якія ўваходзяць у склад комплекса (іх можа быць ад 7 да 10), аднаразовага прымянення («камікадзэ») з дальнасцю дзеяння да 25 км. БАК малой дальнасці «Беркут-3» — гэта распрацоўнка ААТ «АГАТ-сістэмы кіравання». Разведвальны комплекс прызначаны для вядзення паветранай оптыка-электроннай разведкі ў бачным і інфрачырвоным дыяпазонах днём і ноччу. Раней на ўзбраенне былі прыняты ўдарныя БАК «Квадра-1400» і «Баражыруючая труба». Дзяржкамваенпрам арганізаваў іх серыйную вытворчасць. Узоры ВАК «Квадра-1400» і «Баражуючая труба» распрацаваны і серыйна вырабляюцца ААТ «Канструктарскае бюро «Дысплей». Яны прыняты на ўзбраенне ў верасні 2022 года і пастаўляюцца ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Падчас розыгрышу практычнага эпізоду «Комплекснае баявое прымяненне сродкаў барацьбы з беспілотнікамі» Прэзідэнту прадставілі, акрамя дзейнасці беспілотных авіяцыйных комплексаў, таксама і работу вырабаў «Званок» і «Фумігатар». Яны ў эпізодзе дазволілі вайскоўцам своечасова выявіць і прадухіліць напады варожых БЛА на штурмавую групу і на санітарны аўтамабіль.

Як заявілі ў Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце, дэманстрацыя чарговы раз паказала, што айчынныя распрацоўшчыкі ўзбраення трымаюць руку на пульсе часу і здольныя адказваць на сучасныя выклікі і пагрозы ваеннай бяспецы, садзейнічаючы вырашэнню баявых задач ва ўмовах вядзення сучаснага бою.

Беспілотнікі — справа сур’ёзная

Сучасныя віды ўзбраення і падрыхтоўку кадраў, якія будуць з імі працаваць, а таксама падрыхтоўку людзей, здольных устаць на абарону сваёй краіны, абмеркавалі на нарадзе Прэзідэнта з ваеннымі. «Старая формула: хочаш міру — рыхтуйся да вайны. Хоць што нам тут перад кімсьці апраўдвацца, што мы не збіраемся ваяваць, што мы не жадаем ваяваць... Гэта ўсё ўжо сказана», — заўважыў ён. У той жа час, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, апаненты і праціўнікі, якія рыхтуюцца супраць нас ваяваць, сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі, і робяць сваю справу. «Трэба рыхтавацца да вайны. І дай бог, каб гэтай вайны не было, — заўважыў Вярхоўны Галоўнакамандуючы. — Якой бы ні была вострая абстаноўка вакол Беларусі, мы пакуль не назіраем тэндэнцый да развязвання супраць нас вайны. Але, бачачы, як разгортваюцца падзеі на фронце ў суседняй дзяржаве і вывучаючы войны, якія здарыліся за апошнія гады ў свеце, мы ўжо рэфармавалі чатыры разы нашу армію. І ўжо, напэўна, пяты раз падыходзім да мадэрнізацыі Узброеных сіл».

Адна з навінак у ваеннай сферы — беспілотнікі, без якіх, яшчэ раз звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, цяперашняя вайна немагчымая. «Так, беспілотнікі гэта навінка, ды, мусіць, вайну (калі раптам здарыцца.) яна назад не паверне, але значна паўплывае на ход ваенных дзеянняў. Беспілотнікі — справа сур’ёзная. Справа, як вайскоўцы гавораць, вельмі эфектыўная і выгадная з пункту гледжання вайны. Жудасна так казаць, але тым не менш. І сёння, як я ўжо гаварыў, ваюючыя бакі не шкадуюць беспілотнікаў для таго, каб паляваць на аднаго чалавека, таму што гэта танней, чым падрыхтаваць байца», — заўважыў Прэзідэнт. 

Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для таго, каб супрацьстаяць беспілотнікам, за якімі, безумоўна, будучыня, трэба мець надзейную сістэму абароны, сістэму радыёэлектроннай барацьбы. І з гэтым у нашай краіне праблем няма, адпаведныя кампетэнцыі захаваліся яшчэ з савецкіх часоў. «Мы ведалі гэта даўно, гэта нашая беларуская тэма. І ў Савецкім Саюзе мы былі на перадавых, і зараз вельмі спатрэбілася, таму мы павінны і можам ствараць самыя сучасныя комплексы падаўлення беспілотных лятальных апаратаў і не толькі іх. Нямала зроблена, але яшчэ больш трэба зрабіць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на новы тэрмін — контрбатарэйная барацьба. Ён заўважыў, што гэта больш, чым тэрмін — цэлы працэс у баі. «Цябе атакавала артылерыя, ты павінен імгненна пазначыць каардынаты, адкуль ты атакаваны, і адказаць, накрыць гэтую артылерыю. — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Рабіць трэба хутка, але для гэтага трэба мець адпаведныя сістэмы і многае іншае, што дэманструе практыка бою, практычна ў нас за плотам». 

Армію трэба прывесці ў ідэальны стан

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што кампактная, невялікая па колькасці насельніцтва Беларусь па эканамічных магчымасцях не зможа ўтрымліваць армію, якая патрэбна для вядзення вайны. Таму трэба прыстасоўвацца. Паводле слоў Прэзідэнта, для таго, каб абараняць сваю краіну, трэба мець, найперш, народнае адзінства і дысцыпліну. «Гэта ў нас ёсць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Таксама ён звярнуў увагу, што неабходна, з улікам асаблівасцяў сучаснага бою, звярнуць увагу на падрыхтоўку тэрытарыяльнай абароны. «І народнае апалчэнне, каб кожны дом мог абараніць чалавек, які не трапляе ў армію (пажылыя і гэтак далей), але добра які валодае зброяй. Сістэма ў нас вызначана, яна практычна створана. Мы яе правяраем», — адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржсакратару Савета Бяспекі пастаўлена жалезная задача — усё праверыць, не для паказухі, пачынаючы ад народнага апалчэння да Узброеных сіл. «Гэта значыць, сістэма абароны нашай краіны ў нас створана», — рэзюмаваў Прэзідэнт. Ён нагадаў пра сваю задачу паставіць на улік, тых, хто служыў у спецыяльных падраздзяленнях сілавых ведамстваў і здольны і сёння эфектыўна ваяваць, абараняць краіну. «У бліжэйшы час праверым усе падраздзяленні, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, што на падрыхтоўку спецпадраздзяленняў патрачаны вялікія грошы і падрыхтоўка гэтых людзей можа быць вельмі дарэчнай ў няпросты час. Да абароны краіны варта прыцягнуць і паляўнічых, якія ўмеюць трымаць зброю ў руках. Члены таварыства паляўнічых і рыбаловаў да выканання адпаведных задач гатовы. «Паляўнічых у нас шмат, яны павінны мець сваё падраздзяленне са сваёй зброяй. Дзе мы падрыхтуем лепшых снайпераў, чым у іх? Таму і гэта трэба выкарыстоўваць, па-гаспадарску трэба паставіцца», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трэба разлічваць на савецкую практыку, калі выдзяляліся грошы, будаваліся ваенныя гарадкі, дзе збіралі шмат людзей і вучылі іх ваяваць. «Хлопцы, мы так эканоміку пакладзем. У нас жабраком народ будзе хадзіць. Мы не можам вялікія грошы ўкладваць у такую сістэму падрыхтоўкі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўнакамандуючы нагадаў пра сваю задачу ваенным падысці да перафарматавання навучання і падрыхтоўкі ў самой арміі, каб не было залішняй муштры, каб ваеннаслужачыя былі гатовы фізічна, з чым аказаліся невялікія праблемы. «Фізпадрыхтоўка, як і агнявая падрыхтоўка, павінна быць на першым месцы, як агнявая, тактычная, гэтак далей, як і вывучэнне сучасных відаў зброі. — запатрабаваў Галоўнакамандуючы. — Армію трэба ўзварушыць і прывесці яе ў ідэальны стан, пакуль у нас ёсць гэтае адзінства ў грамадстве і ёсць дысцыпліна». Ён заўважыў, што адказам на пытанне, зрабілі гэта ці яшчэ не, будзе «не».

Кіраўнік дзяржавы анансаваў, што як толькі скончыцца сельскагаспадарчы сезон, і будуць закрытыя іншыя пытанні, у асенне-зімовы перыяд, калі будзе больш часу, ваенных (не толькі армію, але таксама і розныя спецпадраздзяленні) МУС, КДБ чакае самая жорсткая праверка па ўсіх напрамках. «Усім нарэзаны задачы, усе усё ведаюць — трэба выконваць», — зрабіў акцэнт Галоўнакамандуючы. Таксама ён расказаў, што, пры пошуку добрых спецыялістаў, здольных ваяваць, было вырашана стварыць яшчэ адно падраздзяленне з разумных, талковых, моцных людзей, але ўжо дарослых, на кантрактнай аснове, якія ўжо прайшлі службу ў арміі або іншых падраздзяленнях.

Валерыя СЦЯЦКО
Баранавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.