У «Мастацкай літаратуры» выйшла даўно запатрабаваная кніга — «Народны каляндар школьніка: святы для дзяцей і тых, хто іх любіць». Аўтар канцэпцыі і тэксту — вядомая пісьменніца, аўтарытэтны выдавецкі рэдактар Аксана Спрынчан.
Шмат хто пра фармат, ідэю кнігі патлумачвае ўступнае слова да выдання: «Вы любіце святы? Можаце не адказваць, я адгадаю — любіце. А як жа іх не любіць — на святах весела і цікава!
Ёсць святы, якіх без вас ніхто ніколі не адзначаў. Да прыкладу, ваш дзень народзінаў. Уяўляеце, як гэта класна: вы з’явіліся, і адразу ў свеце стала на адно свята болей. Гэта свята толькі вашае і вашых блізкіх.
Але бываюць святы, якія святкуюць тысячы гадоў. Нешта ў гэтых святах за стагоддзі мянялася, нешта заставалася. Ніводзін навуковец не ведае, у які дзень якое свята нарадзілася. Але ў іх вельмі прыгожыя назвы: Каляды, Гуканне вясны, Вялікдзень, Сёмуха, Купалле…
І вось гэтыя цікавыя і таямнічыя святы святкуе ўвесь наш народ, святкавалі мае прапрапрабабулі і прапрапрадзядулі, святкавалі вашыя прапрапрабабулі і прапрапрадзядулі. Святкую я і пэўная, што і для вас гэта святы.
Святы аб’ядноўваюць нас. Яны былі яшчэ да таго, як з’явіліся кнігі, а што ўжо казаць пра тэлефон. А цяпер мы можам не толькі святкаваць, але і чытаць пра святы ў кнігах і ў сеціве. А калі вы адзначаеце свята, можаце яшчэ зрабіць фотаздымкі, напісаць гісторыю, як яго адзначалі, і, можа, нават прыдумаць для вядомага свята сваю цікавую гульню.
Ведайце: калі вы святкуеце — нашы народныя святы жывуць. Яны жывыя, пакуль мы з імі». Лепей і не скажаш!
Адкрывайце кнігу, гартайце яе раздзелы згодна народнаму каляндару (а назвы ў раздзелаў наступныя — «У зімовую часінку пагуляйся са сняжынкай»; «Увесну святу ў хаце цесна»; «Святкуй улетку, пакуль цёпла, дзетка!»; «На восеньскае свята ўсяго багата») — і рыхтуйце святы. Спярша, зразумелая справа, — Каляды! Пасля — Грамніцы (Стрэчанне), Масленіца. А мінула зіма, пачалася вясна — Гуканне вясны, Вялікдзень, Радаўніца. Улетку — Сёмуха, Купалле, Спас. Асеннія святы — Багач, Пакровы, Дзяды.
Аксана Спрынчан падрабязна (і без нагрувашчвання тэксту лішняй, складанй інфармацыяй) выкладае характар святу, патлумачвае, з якой часінай яно звязана, расказвае, як павінна, згодна народнай традыцыі, праходзіць свята. Удакладняе, хто якімі клопатамі пры падрыхтоўцы свята павінен быць занятым. Расказвае аўтар і складальнік кнігі «Народны каляндар школьніка» на тое, як праходзіць свята, а ў некаторых выпадках падае і сапраўдны яго сцэнарый. Падкрэслівае і тое, што пры святкаванні ў той ці іншай мясцовасці бываюць адрознасці. А значыць, трэба прыслухацца да аповядаў старэйшых, а магчыма — і пашукаць адпаведную гістарычную літаратуру, зазірнуць у іншыя фальклорныя зборы.
Ёсць у кнізе і загадкі, і гульні. Пад назвай «Я прыдумала загадкі — у іх святочныя адгадкі» — загадкі, якія раскіданы па ўсіх раздзелах «Народнага каляндара школьніка», якія звязаны з самымі рознымі святамі.
У выдання — адмысловы дызайн, прыгожае мастацкае афармленне, якое істотна дапаўняе змест, стварае настрой пры чытанні, знаёмстве з кнігай. Застаецца толькі павіншаваць аўтараў праекта, выдавецтва «Мастацкая літаратура» з добрай святочнай падзеяй, з кнігай выключна знакавага выхаваўчага характару. І разам з тым... пашкадаваць: тыраж — усяго толькі 1200 экзэмпляраў. Так што, спяшайцеся набыць «Народны каляндар школьніка». Зрабіць гэта можна ў любой кнігарні ААТ «Белкніга» , а таксама ў Мінску ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: праспект Незалежнасці, 72.
Добрага настрою на ўсе святы з народнага календара!
Мікола БЕРЛЕЖ
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.