Нягледзячы на тое, што методыка імплантацыі распрацавана яшчэ ў 70–80-я гады мінулага стагоддзя, многія мірацца з ад-
сутнасцю зубоў, лічачы, што ўстаноўка імплантаў — гэта балюча, патрабуе шмат часу і выдаткаў. Насамрэч імплантацыя — самы фізіялагічны і надзейны спосаб аднавіць страчаныя зубы. Імплант — гэта зуб, устаноўлены на месцы страчанага. Калі паглыбляцца падрабязней, то сам імплант — аналаг кораня зуба, а на яго ўсталёўваецца штучная каронка. Колькі насамрэч часу займае іх устаноўка? Ці падыходзіць імплантацыя пажылым людзям? Якія супрацьпаказанні? Ці праўда, што імпланты могуць не прыжыцца? Якога догляду яны патрабуюць? Пра гэта расказаў хірург-імплантолаг Яўген СТРАНГЕЛЬСКІ.
— Яўген Вікенцьевіч, ці трэба аднаўляць тыя страчаныя зубы, якіх не відаць? Да якіх наступстваў прыводзіць недахоп зубоў?
— Страчаныя зубы аднаўляць неабходна, бо іх адсутнасць можа прывесці да дэфармацыі зубнога раду не толькі на той сківіцы, дзе знаходзіўся зуб, але і на процілеглай. У будучыні гэта прывядзе да большых расходаў па аднаўленні зубнога раду. Акрамя таго, будзе адбывацца атрафія косці (змяншэнне яе аб’ёму) у вобласці згубленага зуба — з кожным годам на 15-20 працэнтаў, што зноў жа прывядзе да лішніх выдаткаў па ўзнаўленні страчанага зуба.
— Многія мірацца з адсутнасцю зубоў, лічачы, што імпланты — гэта дорага, балюча і ненадзейна. Колькі можа праслужыць імплант і ці патрэбна іх перыядычная замена? Колькі па часе займае яго ўстаноўка?
— Усё залежыць ад досведу і кампетэнтнасці ўрача, у тым ліку і час устаноўкі імпланта, і тэрмін яго службы. Гэтак жа вялікае значэнне мае тытан, з якога зроблены імплант — так званы grade. Найбольш эфектыўны і чысты тытан маркі 4 grade, ён валодае высокай трываласцю і прыжывальнасцю.
Як правіла, імплант можа праслужыць усё жыццё, але шмат залежыць ад самога пацыента. Адыгрываюць ролю лад жыцця, агульнае саматычнае здароўе, наяўнасць шкодных звычак, гігіена. Акрамя таго, важна прыбраць траўмавальныя фактары ў поласці рота: цвёрдую ежу, зубную шчотку моцнай цвёрдасці, выкарыстанне драўляных зубачыстак. І строга прытрымлівацца рэкамендацый урача.
— У цяперашні час імплантацыя — самая перадавая тэхналогія. Ці існуе ўжо нешта новае і сучаснае?
— На дадзены момант гэта самая даступная і перадавая тэхналогія па аднаўленні зубнога раду ў вобласці аднаго або некалькіх адсутных зубоў.
Ёсць і методыка ўзнаўлення зубнога раду, калі адсутнічаюць усе зубы ці выдаляюцца нежыццяздольныя. Тады ўстанаўліваецца чатыры ці шэсць імплантаў (на іх і будзе ісці ўся нагрузка) і на працягу пяці—сямі працоўных дзён вырабляюцца пратэзы на ўсю сківіцу. Пры такой методыцы чалавек не выпадае са свайго звыклага рытму надоўга і якасць жыцця захоўваецца на высокім узроўні.
— Раскажыце пра этапы імплантацыі: колькі па часе займае кожны з іх і якія работы выконваюцца?
— Звычайна пацыент прыходзіць на кансультацыю з конусна-прамянёвай камп’ютарнай тамаграфіяй (так званы ЗD-здымак), гэта першы этап. На другім устанаўліваецца імплант. У залежнасці ад складанасці, а тут усё вельмі індывідуальна, гэта займае ад 40 хвілін да некалькіх гадзін (калі гаворка ідзе пра ўстаноўку некалькіх імплантаў). На трэцім этапе знімаюцца швы.
Далей звычайна праз 2-3 месяцы робіцца кантрольны ЗD-здымак, і пацыент прыходзіць на пратэзаванне. У гэты ж дзень можна зрабіць сканаванне ў поласці рота, калі для работы па лічбавым пратаколе замест злепкаў у поласці рота робіцца здымак, што паляпшае якасць і змяншае тэрміны вырабу канструкцыі.
Калі пры адсутнасці ўсіх зубоў выкарыстоўваецца методыка з устаноўкай імплантаў 4/6, пра што я казаў вышэй, то гатовы пратэз адзяваецца на трэцім этапе, пасля зняцця швоў. Пацыент атрымлівае рэкамендацыі па доглядзе і выкарыстанні дадзенага пратэза.
Напрыклад, з ім нельга надкусваць і перажоўваць цвёрдую ежу, але затое можна смела размаўляць і ўсміхацца. Трэба сказаць, што такі пратэз лічыцца часовым і падлягае абавязковай замене праз 1-1,5 года на аналагічны, але ён ужо больш шчыльна прылягае. І вось ён ужо будзе пастаянным.
— Часовы пратэз ставіцца толькі пры такой методыцы? Ці магчыма яго ўстаноўка, калі аднаўляецца ўсяго адзін зуб? Усё ж паміж устаноўкай імпланта і самога пратэза праходзіць два—тры месяцы...
— Яны дапушчальныя, калі імплант ставіцца ў эстэтычна важнай зоне, напрыклад, гэта пярэдні зуб ці іншы ў зоне ўсмешкі (чацвёты, пяты і нават шосты). Але кусаць ежу такімі зубамі нельга тры месяцы, яны выключна для ўсмешкі і прыгажосці.
— Ці ёсць супрацьпаказанні да імплантацыі? Ці можна яе рабіць пажылым людзям?
— Супрацьпаказанні ёсць абсалютныя і адносныя. Узрост не з’яўляецца супрацьпаказаннем да імплантацыі. Абсалютнымі супрацьпаказаннямі могуць быць толькі хранічныя захворванні. Сярод іх — парушэнні згусальнасці крыві, псіхіятрычныя захворванні, эпілепсія, зніжаны імунітэт, злаякасныя новаўтварэнні.
Цукровы дыябет, напрыклад, з’яўляецца адносным супрацьпаказаннем і не выключае ўстаноўку імпланта, гэта вырашаецца на кансультацыі ўрача.
Найбольш небяспечным фактарам да адарвання імплантаў з’яўляецца курэнне. Неабходна або скарачаць яго ў два разы, або наогул адмовіцца ад дрэннай звычкі.
— Якія бываюць пабочныя эфекты пасля ўстаноўкі імпланта?
— Пры іх устаноўцы неабходна дакладна выконваць медыкаментозны пратакол, які рэкамендаваны Міністэрствам аховы здароўя.
Звычайна на другія-трэція суткі назіраюцца невялікія ацёкі, але яны хутка праходзяць. Вельмі рэдка здараецца павышэнне тэмпературы, можа быць невялікая болевая рэакцыя, але звычайна яна купіруецца прыёмам нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў.
У поласці рота багатая мікрафлора, як добрая, так і дрэнная, таму, каб не далучылася інфекцыя, неабходны прыём антыбіётыкаў. Акрамя таго, рэкамендуецца прымяняць антысептычныя мазі і растворы.
— Ці праўда, што імпланты часта не прыжываюцца?
— На пачатковым этапе развіцця імплантацыі, а імпланты ставяць у нас у краіне з 1986 года, такое здаралася. Аднак з тых часоў усё істотна змянілася: тытан стаў значна чысцейшым, памянялася методыка ўстаноўкі. Сёння рызыка адарвання імплантаў складае ўсяго 1-2 працэнты. Аднак гэта не адмяняе таго, што неабходна выконваць рэкамендацыі ўрача, каб не трапіць у гэтыя працэнты.
— Ці ёсць правілы эксплуатацыі для імплантаваных зубоў альбо іх можна выкарыстоўваць як родныя?
— Калі ўсталяваны адзін або больш імплантаў, неабходна якасная гігіена поласці рота — яшчэ лепшая, чым была ў вас раней.
Рэкамедуецца дадаткова выкарыстоўваць зубныя ніткі, розныя ёршыкі, ірыгатар.
Алена Кравец
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».