14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Што людзі пішуць?


Што перадаецца ў спадчыну,

альбо Госцю рады былі ўсе

Для пачатку — трохі пра сябе. З газетай «Звязда» я сябрую даўно, з задавальненнем чытаю і сама вось хачу напісаць, што сорак гадоў працавала настаўніцай у Лельчыцкай СШ № 2, што заўсёды прывівала дзецям любоў да роднай мовы і літаратуры, рыхтавала да самастойнага жыцця... Вельмі хацела, каб усе мае вучні выбралі сабе цікавыя прафесіі, каб стварылі добрыя сем’і, каб захавалі ў сэрцах дабрыню — жылі сярод людзей як людзі.

Цяпер я на заслужаным адпачынку. Часта гуляю па горадзе, люблю пасядзець на лавачцы, пад ліпамі ў нашым прыгожым утульным парку (побач — царква), часта сустракаюся са сваімі (былых не бывае!) вучнямі. Адзін з іх, Канстанцін Кавалёў, пахваліўся, што нядаўна прыехаў з Італіі, што наведваў там сям’ю, у якой гасцяваў у дзяцінстве.

...Тады, на рубяжы стагоддзяў, па так званай чарнобыльскай праграме, многіх дзяцей вывозілі на аздараўленне ў Германію, Латвію, Расію, на Каўказ... Канстанцін трапіў у Італію, жыў там у сям’і Дантэ, купаўся ў моры, змог умацаваць здароўе, пабачыць свет... І — ці ж не малайчына?! — не забыўся на гэта: падтрымліваў сувязь са сваімі гаспадарамі, а потым, ужо дарослым самастойным чалавекам, адважыўся знайшоў магчымасць І зноў наведаў.

Расказваў, што сустрэлі яго (не адразу, праўда, пазнаўшы) у Падуі, што з вялікай радасцю павезлі дадому.

Жыве сям’я гаспадароў у сельскай мясцовасці, у глыбінцы, у двухпавярховым белым доме пад чарапічным дахам, разам з родзічамі трымае некалькі ферм, абрабляе зямлю. Дарослыя дзеці, сыны двух братоў, дапамагаюць бацькам.

Прыезджага, Канстанціна, пасялілі ў тым самым пакоі (толькі пасля рамонту), што і некалі раней. Казаў, што ў яго за вокнамі была ўсё тая ж прыгажосць і простае сялянскае жыццё.

Гаспадар Флавіа ледзь не адразу ж наладзіў госцю экскурсію па сваіх фермах, па гаспадарцы.

Шмат мерапрыемстваў запланавала і аганізавала гаспадыня Луіза. Сярод іх амаль кожны дзень былі паездкі да мора, наведванне славутых мясцін, кафэ і рэстаранаў з італьянскай кухняй, сустрэчы з многімі сваякамі, якіх госць (тады — хлапчук) не бачыў... дваццаць пяць гадоў.

Казаў, што асобныя з італьянцаў змяніліся больш: нехта вырас, нехта пастарэў, але, здаецца, усе засталіся такімі ж вясёлымі, бадзёрымі, улюбёнымі ў жыццё. Госцю з Беларусі, з мінулага, рады былі ўсе: распытвалі пра жыццё-быццё, пра нашу краіну.

Канстанціну пашчасціла пазнаёміцца з жонкай і дзецьмі Матэа, старэйшага сына сваіх гаспадароў. Малодшы, Андрэа, пакуль не жанаты, але яго дзяўчына досыць часта прыходзіць у госці і пачуваецца амаль як дома.

...А ўсё, напэўна, таму, што ў гэтай сям’і пануе атмасфера спагады і дабрыні любові і павагі адзін да аднаго: старэйшых — да малодшых, малодшых — да старэйшых.

І вось гэта — як тыя ж фермы, як справа жыцця, як рухомая і нерухомая маёмасць — перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Прыклад, згадзіцеся, варты пераймання.

С. А. Мядзведзева,

г. Лельчыцы.


«Без партызанскіх атрадаў нам не абысціся»

Героя Савецкага Саюза генерал-маёра Васіля Каржа землякі нездарма называлі Васіль Мудры

Нарадзіўся ён у пачатку мінулага стагоддзя на сённяшняй Салігоршчыне ў простай сялянскай сям’і. Свой першы баявы вопыт набыў у партызанскай барацьбе ў Заходняй Беларусі, выбіраўся старшынёй калгасаў у Слуцкім і Старобінскім раёнах. Пасля заканчэння спецкурсаў некалькі гадоў працаваў у органах НКУС, удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Іспаніі. 

І таму з пачаткам Вялікай Айчыннай, ужо загадчыкам сектара Пінскага абкама КП(б) Беларусі, адразу прызнаў, што гэта вайна надоўга і што ў ёй не абысціся без партызанскіх атрадаў.

Першы з іх, атрад Камарова з 60 чалавек, быў арганізаваны ў першы ж дзень вайны.

Народныя мсціўцы, напачатку ўзброеныя толькі вінтоўкамі і гранатамі, грамілі нямецкія гарнізоны, знішчалі сродкі сувязі. У сярэдзіне сакавіка 1942-га арганізавалі адзін з першых рэйдаў, у ходзе якога, паводле ўспамінаў В. З. Каржа, было разгромлена некалькі паліцэйскіх участкаў, у насельніцтва ўмацавалася вера ў перамогу, стварылася легенда аб існаванні рэгулярнай вайсковай часці. Да лістапада гэтага ж года сем вялікіх па сіле атрадаў утварылі партызанскае злучэнне, а пасля — на стыку Мінскай, Пінскай, Палескай абласцей — і вялікую партызанскую зону.

...З лютага 1943 года гітлераўскае камандаванне спрабавала расквітацца з народнымі мсціўцамі. Супраць злучэння Каржа кідаліся ўсё новыя і новыя сілы з артылерыяй, самалётамі, танкамі. І кожны раз партызаны прарывалі акружэнне. Усяго да ліпеня 1944 года яны разграмілі больш за шэсцьдзесят буйных нямецка-фашысцкіх гарнізонаў, знішчылі пяць чыгуначных станцый і дзесяць эшалонаў з баявой тэхнікай і боепрыпасамі. Акрамя таго, пінскія падрыўнікі на розных участках чыгункі пусцілі пад адхон 468 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага, абстралялі 219 варожых эшалонаў і ўзарвалі 23 616 чыгуначных рэек. За ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле праціўніка і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства ў жніўні 1944 года В. З. Каржу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

...У мірны час Васіль Захаравіч скончыў Ваенную акадэмію, працаваў намеснікам міністра лясной гаспадаркі, на роднай Салігоршчыне ўзначальваў калгас «Партызанскі край». Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Імем яго названы вуліцы ў Мінску, Пінску, Салігорску, Давід-Гарадку, Лунінцы, Слоніме, школа ў Пінску. Пра легендарнага партызанскага камандзіра і яго паплечнікаў зняты двухсерыйны фільм «Трэцяга не дадзена». У аграгарадку Хорастава ўстаноўлены помнік В. З. Каржу, адкрыты Музей партызанскага краю.

Мікалай Шаўчэнка,

г. Мінск.


Дарагая Вольга Сяргееўна

Мая новая суседка — настаўніца, прычым не проста — а, мусіць, яшчэ і класная, у шырокім сэнсе гэтага слова, бо расказвала, як аднойчы на сваім стале знайшла самаробную паштоўку, як прачытала там кранальнае: «Увесь чацвёрты клас любіць вас, Вольга Сяргееўна!»

Дарагое прызнанне: такое — як ёй здалося — проста грэх схаваць у шафу! Настаўніца пакінула яго на стале.

Назаўтра на паштоўцы з’явілася прыпіска, і тэкст стаў чытацца так: «Увесь чацвёрты клас любіць вас, Вольга Сяргееўна! За выключэннем двух чалавек».

«Не ведаю, хто гэта высвятляў, хто напісаў і хто тыя два чалавекі, — са смехам казала настаўніца, — але ж хочацца верыць, што некалі, праз гады, мы з вучнямі абавязкова сустрэнемся, усё гэта ўспомнім і як жа хораша, дружна будзем смяяцца...»

Хай збываюцца мары настаўнікаў! Асабліва — дарагіх і любімых!

А. Чайкоўская,

г. Гомель.


«Не трэба жыць як набяжыць...»

Нашы продкі прыкмячалі, што сваё гняздо ўсялякай птушцы міла: вяртаюцца яны з выраю... як вяртаюцца на радзіму дзеці, а ў школы — яе выпускнікі. Найчасцей, мусіць, праз год пасля выпуску? Здараецца, што праз пяць, дзесяць, нават дваццаць. А вось праз пяцьдзясят… У нашай, Капланецкай сярэдняй школе, такое здараецца. Што здзівіла, адну з нядаўніх сустрэч (у тым ліку з першай настаўніцай Верай Піліпаўнай Вяргейчык) арганізавала выпускніца Вольга Калясень.

Гэтая, здавалася б, нічым такім не адметная дзяўчынка, хадзіла ў дзявяты клас, калі на рабоце загінуў бацька. На руках у матулі засталося пяцёра сірот.

У гады вайны і адразу пасля яе многія ўдовы, гледзячы адна на адну, спраўляліся з падобнымі ношамі. Але ж не ўсе — і тады, і тым больш пазней.

Не вытрымала і матуля Вольгі: на яе, старэйшую з дачок, пакінула малодшых брацікаў і сястрычак. Жыві як зможаш... А як, калі ні сілы, ні сродкаў, ні жыццёвага вопыту?

Сваякі тады забілі трывогу, прычыніліся і ўлады: 4-гадовую Іну і 14-гадовую Марыю пакінулі на старэйшую сястру, 10-гадовага Колю і 9-гадовую Зою вырашылі забраць у школу-інтэрнат.

Вольга ім усё патлумачыла, сама адвезла малых у Беразіно і пакінула, — на перакладных дабралася дадому.

А ўслед за ёй гадзіны праз дзве туды ж прыехалі Коля і Зоя. «Хто вас пусціў? Як, на чым вы дабраліся?» — стала распытваць Вольга. «А мы ўцяклі, — пахваліліся дзеці. — Мы не хочам там жыць».

Трэба аддаць належнае работнікам установы: яны хутка агледзелі прапажу і праз гадзіну-другую былі ўжо ў хаце сірот. Зоя з Колем, зразумеўшы, што гэтыя людзі прыехалі па іх, забіліся пад ложак і вылазіць адтуль ніяк не хацелі! Усе разам ледзьве ўгаварылі!

...Аб тым, каб пасля школы вучыцца далей, Вольга ўжо не марыла: трэба было глядзець, гадаваць дзяцей, зарабляць грошы.

Свет не без добрых людзей: кемлівую і старанную дзяўчыну запрасілі працаваць паштальёнам, а пазней — начальнікам невялікай ашчаднай касы. Вольга спраўлялася і сталела. А неяк на танцах апынулася ў пары з Віктарам Старынскім, хлопцам з суседняй вёскі, які аказаўся не толькі маладым і сімпатычным, але і дастаткова смелым: нягледзячы на «пасаг» у выглядзе брата і сястрычак, паклікаў дзяўчыну замуж.

Па прафесіі ён быў трактарыстам, вельмі прыстойным, паважлівым да людзей і вельмі працавітым. Дапамогі яму таксама чакаць не даводзілася (рос без бацькі), таму ўсё рабіў сам. Калі нейкую жэрдку ці плаціну прынесці не мог — прывязваў да матацыкла і цягнуў дадому.

Так паціху, памалу і ладкаваў свой быт, свой дом. А пры ім будаваліся хлявы для каня і каровы, хлеўчыкі для свіней, індыкоў, гусей і курэй, а галоўнае — раскошная лазня, дзверы якой былі адчынены для ўсіх ахвотных.

Не дзіва, што ў вёсцы вельмі паважалі гэтую дружную, працавітую сям’ю, што Вольгу з Віктарам запрашалі на многія сямейныя святы, заслухоўваліся іх чароўнымі галасамі, любаваліся на пару ў танцах.

І на рабоце цанілі. Былы старшыня калгаса «Бярэзінскі» Мікалай Пятровіч Грынкевіч казаў, што, калі б яму ў брыгаду яшчэ трох чалавек такіх, як Віктар Старынскі, Уладзімір Ляшкоў і Уладзімір Баранаў, іншых трактарыстаў можна было б зусім распусціць.

Жыццё — нарэшце — стала ўсміхацца ім (у сям’і, апроч «пасажных» дзяцей, падрасталі ўласныя), але ж сёстрам Вольгі хацелася для радні большага і лепшага. Адна з іх, працуючы бухгалтарам у досыць багатай гаспадарцы Смалявіцкага раёна, стала падбіваць сям’ю на пераезд. Там для маладых працаўнікоў і сапраўды выдзяляліся новыя двухпавярховыя катэджы з усімі выгодамі і пабудовамі, з гаражамі, з вымашчанымі пліткай дарожкамі, з вялікімі ўчасткамі зямлі... Толькі пераязджай — на ўсё гатовае, толькі працуй і жыві.

З аднаго боку, гэта не магло не вабіць (колькі ж можна гарбаціцца на рабоце і дома?!), з другога — тут, на «наседжаным»
месцы, была работа, сябры-суседзі, аўтарытэт.

...Нялёгка давалася гэтае рашэнне, але Віктар згадзіўся на пераезд: пачаў, так бы мовіць, спачатку і потым, казалі, моцна пашкадаваў: сумаваў па сваім ужо прададзеным доме, па сваіх людзях, казаў, што гатовы жыць у любым будане, але каб на беразе роднай рэчкі, што на чужыне і камар загіне...

Як у ваду глядзеў. Пахавала Вольга свайго чалавека.

Не паспела ачомацца ад гэтай непапраўнай бяды, як звалілася новая: не дажыўшы двух месяцаў да рэгістрацыі шлюбу, трагічна загінуў малодшы сын.

Як было змірыцца і не крануцца розумам? Дзе браць сілы?

Не адразу, але ж канчаткова зразумела, што ў мінулым — як бы ні старалася! — анічога ўжо не паправіць. Трэба неяк жыць далей: працаваць, клапаціцца пра сваіх — і блізкіх і далёкіх, ладзіць святы... Ну чаму б і не?

...На сустрэчу аднакласнікаў (выпуск 1974 года!) прыехала чалавек 15. Пабачыліся, пагаварылі, падзякавалі настаўнікам, і, вядома ж, Вользе Старынскай, так шчодра надзеленай любоўю да людзей, да жыцця.

Ніна Бурко, 

Бярэзінскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.