У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый» ад 30 снежня 2023 года раней зарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі павінны прывесці свае ўставы ў адпаведнасці з законам і прадставіць іх у рэгістрацыйныя органы для перарэгістрацыі. Беларуская праваслаўная царква першай з рэлігійных арганізацый завяршыла неабходныя працэдуры. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі за нумарам 1 Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, Патрыяршаму Экзарху усяе Беларусі.
Як патлумачыў Аляксандр Румак, Нацыянальным сходам быў прыняты і ўступіў у сілу новы Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»: «Ім наша рэспубліка пацвердзіла канстытуцыйнае права кожнага чалавека на свабоду выбару веравызнання. Адначасова законам замацавана тое, што дзяржава не можа ўскладаць на рэлігійныя арганізацыі выкананне якіх-небудзь абавязкаў. У той жа час закон утрымлівае патрабаванні, каб рэлігійныя арганізацыі ў сваёй дзейнасці не падвяргалі крытыцы суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, унутраную і знешнюю палітыку краіны, каб рэлігійная дзейнасць не наносіла шкоды правам грамадзян, іх фізічнаму і псіхічнаму здароўю.
Закон дакладна рэгулюе ўзаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый». Важнай навацыяй закона з’яўляецца ўключэнне рэлігійных арганізацый у адзіны рэгістр юрыдычных асоб у Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы ёй можна будзе атрымліваць інфармацыю і аб колькасці рэлігійных арганізацыі, і аб іх становішчы.
Кірункі супрацоўніцтва дзяржавы і Беларускай праваслаўнай царквы вельмі разнастайныя. Як заўважыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, працай ахоплены ўсе пласты грамадзян — ад самых маленькіх да людзей шаноўнага ўзросту: «Гэта запыт нашага часу. Усе людзі маюць патрэбу ў духоўным асэнсаванні і падтрымцы. Уступленне ў сілу новага закона аб рэлігійных арганізацыях, адпаведна перарэгістрацыя і атрыманне новых дакументаў — сведчанне таму, што жыццё развіваецца.
Сёння распрацоўваюцца новыя дакументы, якія датычацца нацыянальнай бяспекі, звязаныя з удасканаленнем сямейнай палітыкі, развіццём узаемадзеяння ў галіне культуры. Усе гэта знаходзіцца і ў сферы ўвагі Царквы. Таму для нас вельмі важны абноўлены дакумент, які вызначае параметры, у якіх Царква будзе здзяйсняць сваё служэнне грамадству, служэнне на карысць нашай дзяржавы».
Рэлігійныя арганізацыі павінны прадставіць дакументы для перарэгістрацыі не пазней за 5 ліпеня 2025 года. Да 1 студзеня 2026 года органы, якія рэгіструюць (Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, аблвыканкамы і мінгарвыканкам), павінны ўнесці звесткі ў адзіны дзяржаўны рэгістр і такім чынам завяршыць перарэгістрацыю рэлігійных арганізацый у нашай краіне. Як нагадаў Аляксандр Румак, падобную працэдуру раней прайшлі грамадскія аб’яднанні, палітычныя партыі.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара
Што будуюць, а што ўжо ўвялі ў эксплуатацыю?
«У ідэале, не адзін алімпійскі цыкл».
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?