З гісторыяй гэтай экспедыцыі я сутыкнулася, калі са сваім суаўтарам, архівістам Віталём Скалабанам, пісала пра гісторыю банкету ў гонар 15-годдзя творчай дзейнасці Цішкі Гартнага, на які не быў запрошаны вядомы гісторык Міхась Мялешка. Прычына, як высветлілася, была ў сварцы паміж Мялешкам і ягоным паплечнікам па этнаграфічнай экспедыцыі 1923 г. Аляксандрам Шлюбскім. Што ж, час расставіў усё на свае месцы. І Шлюбскі, і Мялешка ўвайшлі ў гісторыю, і абодва загінулі ў канцы 30-х. А экспедыцыя 1923 года была амаль забытая. Хоць матэрыялы, здабытыя тады навукоўцамі, маюць неацэннае значэнне і, фактычна, выкарыстоўваліся ўвесь час, нярэдка без спасылкі на крыніцы.
Прысвечаны экспедыцыі альбом-манаграфія пабачыў свет у выдавецтве «Беларуская навука» і мае трох аўтараў — гэта Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч і Надзея Саўчанка. Для чытача — выдатная магчымасць перанесціся ў эпоху 1920-х, калі стваралася беларуская навука, калі людзі, поўныя энтузіязму, вывучалі народную культуру. Дадатковую глыбіню сягання ў эпоху забяспечваюць фотаздымкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, зробленыя падчас экспедыцыі, — яны ўсе разам друкуюцца ўпершыню. Ігуменскі, Бабруйскі, Мазырскі, Слуцкі паветы... Усім, хто жыве ці бываў у мясцінах, якія занатавала для вечнасці экспедыцыя, будзе асабліва цікава. Зазірнуць у твары продкаў, дэталёва разгледзець касцюмы, збудаванні, прадметы побыту, пейзажы...
Здымкі Льва Дашкевіча перадаюць не толькі рэчыўныя дэталі, але настрой, эмоцыі, атмасферу. Загадкавая грэбля з вёскі Сяргеевічы на возера Муха можа стаць афішай да містычнага мастацкага фільма, а селянін з сякерай з гэтай вёскі з хітраватай усмешкай і пранікліва зіхатлівымі вачыма здаецца героем таго фільма. Кніга пабудавана так, што чытач паўтарае шлях экспедыцыі пункт за пунктам. Падрабязныя каментары чытаюцца захапляльна. Вось на здымку калодзеж — мы даведваемся, як ён зладжаны, што значыла для сялян зона ля яго... Вось «Хата беднай удавы» ля вёскі Кавалевічы — і мы можам прачытаць, што значыла ў тагачаснай вёсцы страта гаспадара, якім быў лёс дзяўчынкі-сіраты... Вось прызба хаты ў Шацку, на якой сядзяць дзве сталыя жанчыны — чытаем, што такое прызба... Даведваемся пра народныя святы і традыцыі. Вось на здымку з вёскі Хатляны «кубельнікі» — удзельнікі вяселля, якія сядзелі на куфры нявесты, калі яе пасаг перавозілі ў дом жаніха. А вось палац Тышкевічаў у Лагойску — сёння ад яго засталіся толькі руіны, а тут можам палюбавацца на яго дэталёва, у час, калі там захоўваліся экспанаты з Егіпта і Пампеяў. Ля здымка вуліцы ў Лагойску чытаем пра побыт местачковых яўрэяў і нават даведваемся яўрэйскую калыханку, у якой згадваецца каза, што прысутнічае на здымку...
Паколькі матэрыялы экспедыцыі збіраліся для выкарыстання на І Усесаюзнай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выставе ў Маскве, ёсць раздзел, прысвечаны гэтай маштабнай падзеі і ўдзелу ў ёй беларусаў. Яшчэ адзін раздзел распавядае пра ўдзельнікаў экспедыцыі — Міхася Мялешку, Аляксандра Шлюбскага, Мікалая Азбукіна, Льва Дашкевіча — усе зніклі паміж жорнамі рэпрэсій. У апошнім раздзеле акрэсліваецца развіццё беларускай этнаграфіі і фалькларыстыкі ў 1920–1930-я гг. Альбом, вядома, найперш цікавы спецыялістам, але і ўсе, хто цікавяцца беларускай гісторыяй і культурай, атрымаюць задавальненне ад знаёмства з ім, і нават тыя, хто дагэтуль не цікавіўся, могуць знайсці штосьці пра свае родныя мясціны і зразумець, наколькі багатая і яшчэ незаслужана мала вывучана наша гісторыя.
Надзея Тэфі, яна ж Лахвіцкая, лічыцца адной з самых яркіх гумарыстак літаратуры. Сапраўды, яе апавяданні нават праз стагоддзе немагчыма чытаць без смеху, пазнаючы тыпы людзей і сітуацыі, што застаюцца нязменнымі. Але трагедый у жыцці вядомай гумарысткі хапала. Пачынаючы з нешчаслівага шлюбу і разводу цаной адмовы ад уласных дзяцей.
«Успаміны» прысвечаны таксама трагічнай старонцы жыцця пісьменніцы — яе эміграцыі, калі ў галодныя паслярэвалюцыйныя гады антрэпрэнёр угаварыў яе паехаць на гастролі ў Адэсу... І пачалося смяротна небяспечнае падарожжа праз хаос Грамадзянскай вайны, якое скончылася на параходзе, што адплываў на чужыну. Нават самыя змрочныя эпізоды аўтарка апісвае, не зрываючыся на пафас і ныццё, — усмешка не пакідае яе вуснаў, няхай горкая, часам сарданічная. Колькі запамінальных тыпаў прамільгнула на гэтых старонках — і ўсе ўразаюцца ў памяць. Апісанні з’едлівыя, часам да гратэску і абсурду. Напрыклад, з’яўляецца чарговы камісар... «...не человек, а нос в сапогах. Есть животные головоногие.
Он был носоногий. Огромный нос, к которому прикреплены две ноги. В одной ноге, очевидно, помещалось сердце, в другой совершалось пищеварение. На ногах сапоги желтые, шнурованные, выше колен. И видно, что комиссар волнуется этими сапогами и гордится». Ці вось карцінка: «Вспоминаю даму в парусиновых лаптях на голых ногах, которая ждала трамвая в Новороссийске, стоя с грудным ребенком под дождем. Чтобы дать мне почувствовать, что она «не кто-нибудь», она говорила ребенку по-французски с милым русским акцентом: «Сильву плэ! Не плэр па! Вуаси ле трамвей, ле трамвей!»
«На ней была котиковая шуба».
Дададзены ў зборнік і яшчэ два раздзелы — «Як я стала пісьменніцай» і «Мой летапіс», з успамінамі пра літаратараў, мастакоў, тэатральных дзеячоў Сярэбранага веку. Напэўна, кагось здзівіць, что сярод успамінаў пра Купрына, Меражкоўскага, Бальманта, Аляксея Талстога, Меерхольда ёсць раздзел, прысвечаны адыёзнай постаці Распуціна. Тэфі, якая была сярод самых папулярных асоб свайго часу, пазнаёмілася з ім асабіста. Што адчуваецца ва ўсіх тэкстах — настальгія. «Ничего я не удержала. Ни портретов, ни посвященных мне стихов, ни подаренных картин, ни интересных писем от замечательных людей — ничего. Есть еще немногое, что сберегла память, но и это понемногу, даже довольно быстро, теряет значение, тускнеет, уходит, вянет и умирает».
Выданні для агляду прадстаўлены кніжнай крамай «Акадэмічная кніга». Мінск, пр. Незалежнасці, 72.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
«Без мінулага не бывае будучыні»
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.