У нас даўно стала традыцыяй аддаваць у розныя секцыі, гурткі, клубы па інтарэсах дзяцей з самага ранняга ўзросту. І калі з колькасцю і нагрузкамі не перашчыраваць, справа гэта цалкам карысная. Па-першае, у вольны ад вучобы час дзіця, як гавораць, пры справе, а бацькі не турбуюцца за яго бяспеку. Па-другое, дзіця пераключаецца на іншы род дзейнасці і такім чынам адпачывае ад вучобы. Ну, і, па-трэцяе, для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак дадатковая адукацыя становіцца пачаткам шляху ў адукацыю асноўную, а значыць, і прафесію.
— У сістэме адукацыйнага ведамства працуе 252 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З іх 67 з’яўляюцца аднапрофільнымі і 185 — шматпрофільнымі. Толькі ў Мінску функцыянуюць 23 такія ўстановы, — расказвае намеснік дырэктара УА «Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ганна АВЕРЫНА. — Усе яны на слыху, у асаблівым прадстаўленні не маюць патрэбы. Гэта Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, Мінскі дзяржаўны турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі, Мінскі гарадскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнскай моладзі. У сістэме сталіцы таксама 11 раённых шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі і 9 раённых фізкультурна-спартыўных цэнтраў.
Наколькі разнастайны вольны час прапаноўваюць сёння, гаворыць наступная лічба: праграма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэалізоўваецца па 15 профілях, ад тэхнічных да грамадскіх і гуманітарных. Асаблівым попытам карыстаюцца культурна-забаўляльны і ваенна-патрыятычны профілі. Усё больш моладзі аддаюць перавагу інтэлектуальна-пазнавальным, натуральна-матэматычным і грамадска-гуманітарным кірункам. Колькасць удзельнікаў аб’яднанняў па інтарэсах таксама ўражвае: іх больш за 360 тысяч.
— Кожнае трэцяе дзіця, а ў асобных рэгіёнах кожнае другое займаецца ў аб’яднаннях па інтарэсах, — канстатуе Ганна Аверына.
Па яе словах, дадатковая адукацыя адыгрывае вялікую ролю ў такой важнай справе, як выхаванне падрастаючага пакалення. Для гэтага сістэма мае шмат магчымасцяў: фестывалі, конкурсы, выставы, акцыі і іншыя маладзёжныя ініцыятывы.
— Наша галоўная задача ў новым навучальным годзе — максімальна ўцягнуць навучэнцаў у дзейнасць па захаванні краязнаўчай, патрыятычнай і прыроднай спадчыны праз занятасць у аб’яднаннях па інтарэсах, практычныя справы і ўдзел у праектах, — кажа намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Вікторыя ПАШКО. — Улічваючы, што сёлета краіна адзначыла 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў наступным нас чакае юбілейны год Вялікай Перамогі, атрымае працяг развіццё сеткі аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага кірунку, а таксама па сучасных кірунках турысцка-краязнаўчай, эколага-біялагічнай дзейнасці. Работа аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю будзе арганізоўвацца ва ўзаемадзеянні з воінскімі фарміраваннямі Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, МНС, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
Яна адзначыла, што сёння асаблівую актуальнасць набывае музейная работа. Ва ўстановах адукацыі працуе больш за 1400 музеяў, 127 з іх — са статусам «народны». Але і гэта яшчэ не ўсё. Для юных краязнаўцаў рыхтуецца сапраўдны сюрпрыз — у краіне з’явіцца інтэрактыўная карта музеяў устаноў адукацыі. Вікторыя Вітальеўна крыху адсунула заслону гэтага сюрпрызу: «Цяпер мы актыўна працуем над завяршэннем карты. Яна з’явіцца ў найбліжэйшы час, будзе ў адкрытым доступе і зможа даць поўную разгорнутую інфармацыю аб тых музеях, якія цяпер вядуць сваю работу ў сістэме адукацыі. Там будуць размешчаны інтэрактыўныя спасылкі, дзякуючы якім наведвальнік зможа атрымаць усю неабходную інфармацыю аб музеі: яго кантактныя даныя, хто кіруе ўстановай, што ў ёй можна паглядзець, якія асаблівасці».
Яшчэ адзін цікавы праект цэнтра экалогіі і краязнаўства — «Зялёная школа». У яго ўцягнута больш за 700 устаноў адукацыі, працуе праект па шасці кірунках.
— Мы не можам заставацца ўбаку ад праблемы змены клімату, якая хвалюе ўвесь свет, і ўносім свой пасільны ўклад у захаванне кліматычных умоў, — дзеліцца намеснік дырэктара. — Распрацавалі «Кліматычную шкатулку», дзе змешчаны цэлы камплект тэматычных адукацыйных матэрыялаў. У асноўным у інтэрактыўнай і гульнявой формах. Гэта цікава, займальна і добра запамінаецца дзецьмі.
Актуальнай сёння застаецца яшчэ адна важная тэма — сельская гаспадарка. У кантэксце дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі вырашаецца задача па фарміраванні правільнага стаўлення да найважнейшай з галін нашай эканомікі. А як гэта найлепш зрабіць? Вядома, праз уцягванне дзяцей у сельскагаспадарчую працу. Якраз цяпер, у рамках рэспубліканскага праекта «Сад мары», праходзіць маштабны збор пладова-ягадных культур. Навучэнцы разнастайных устаноў адукацыі займаюцца гэтым з задавальненнем і любоўю — ведаюць, што іх праца карысная для ўсіх.
— У Беларусі за ўстановамі адукацыі замацаваны ўчасткі, дзе вырошчваюцца пэўныя культуры, — распавядае Вікторыя Вітальеўна. — У некаторых школах маюцца нават уласныя ўчасткі пладова-ягадных садоў. Дзеці назіраюць за развіццём раслін, ростам і паспяваннем пладоў. Удзельнічаюць у іх зборы. Гэта вельмі карысны досвед, асабліва для тых, хто сваё жыццё вырашыць звязаць з аграноміяй.
...У тым, што большасць удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу «Юны натураліст», заключны этап якога пройдзе зусім хутка, практычна вызначыліся ў выбары свайго далейшага прафесійнага шляху, спецыялісты цэнтра не сумняваюцца.
— Гэта ўжо некалькі іншы ўзровень, чым проста догляд раслін, — тлумачыць намеснік дырэктара. — Бо асноўная мэта конкурсу — уцягнуць моладзь у даследчую, навуковую і праектную дзейнасць у галіне сельскай гаспадаркі і аграэкалогіі.
Работы сюды прадстаўляюцца сур’ёзныя, з навуковым абгрунтаваннем. Таму і ўзроставы цэнз там не дзіцячы, а хутчэй падлеткава-маладзёжны, ад 12 да 17 гадоў. Спаборнічаюць юныя аграрыі ў шасці намінацыях: «Актуальны агарод», «Падарунак настаўніку», «Казка аб любімым дрэве», «Аптэкарскі агарод — залог здароўя...», «У падарунак нашчадкам» і «Ураджай са знакам якасці». Пасля падвядзення вынікаў мы арганізуем выставу сельскагаспадарчай прадукцыі, якая была вырашчана ўдзельнікамі конкурсу.
Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк — унікальная ўстанова дадатковай адукацыі. Штогод, пачынаючы з 2021 года, там арганізоўваецца 10 адукацыйных змен, па 24 дні кожная.
Трапіць сюды мараць многія, але атрымліваецца ў самых адораных і мэтанакіраваных. На кожную адукацыйную змену тут набіраюць 150 вучняў старшых класаў. Спіс профіляў вялікі: «Зялёная хімія», «Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі», «Робататэхніка», «Інжынерная экалогія», «Біятэхналогія», «Нанаіндустрыя і нанатэхналогіі», «Энергетыка будучыні», «Электроніка і сувязь», «Архітэктура і дызайн», «Інфармацыйная бяспека», «Лазерныя тэхналогіі», «Авіякасмічныя тэхналогіі», «Віртуальная і дапоўненая рэальнасць», «Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне», «Прыродныя рэсурсы».
Пра найбольш запатрабаваныя з іх расказаў загадчык аддзела рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прыродазнаўча-матэматычнага профілю ўстановы адукацыі «Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк» Віталь СЦЕПАВЫ.
— Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія напрамкі аб’яднанняў па інтарэсах, як робататэхніка, прататыпіраванне, праграмаванне, сеткавае і сістэмнае адміністраванне, інжынерны дызайн CAD, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка, вэб-тэхналогіі, графічны дызайн, радыёэлектроніка, гульнявая індустрыя. Не страчваюць актуальнасці і традыцыйныя: пачатковае тэхнічнае мадэляванне, трасавы мадэлізм, суднамадэляванне, авіямадэляванне, ракетамадэляванне, картынг, аўтамадэльны спорт і іншыя, якія складваліся дзесяцігоддзямі.
Як адзначыў загадчык аддзела, Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк фарміруе новае адукацыйнае асяроддзе, паэтапна ствараючы і развіваючы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі інжынерна-тэхнічныя цэнтры. На сёння іх у краіне 167. На базе цэнтраў праводзіцца 379 факультатыўных заняткаў, працуе 335 аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнай накіраванасці. А ахопліваюць гэтыя цэнтры больш за 4,5 тысячы навучэнцаў.
— Інжынерна-тэхнічныя цэнтры ў школах становяцца падмуркам для падрыхтоўкі высокаматываваных навучэнцаў для паступлення ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, — працягнуў Віталь Сцепавы. — Вектары і перспектывы развіцця дадатковай адукацыі тэхнічнай накіраванасці ў цяперашні час вызначаюцца ва ўзаемадзеянні з дадатковай адукацыяй адораных дзяцей і моладзі.
Адбор для навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку юны саіскальнік праходзіць у некалькі этапаў. Спачатку ён павінен выканаць дзве важныя ўмовы: на сайце ўстановы дадатковай адукацыі запоўніць заяўку ў электронным выглядзе з указаннем жаданага напрамку навучання, а да яе прыкласці аўтарскі праект (работу) даследчага характару або дыплом пераможцы, удзельніка алімпіяды па вучэбных прадметах або адукацыйнага конкурсу як мінімум абласнога ўзроўню.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота з адкрытых крыніц
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».
«Наш слоган — „У нагу з часам“».