14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Сумеснымі намаганнямі прадухіліць трагедыю


Па традыцыі ў чацвёрты чацвер верасня міністэрствы і ведамствы аб’ядноўваюцца для таго, каб сфарміраваць у грамадзян навыкі бяспечнай жыццядзейнасці. Гэтая работа, якая ўключае ў сябе і правядзенне адукацыйна-выхаваўчых мерапрыемстваў з удзелам падрастаючага пакалення, і прапаганду бяспечных умоў пражывання насельніцтва, праводзіцца пастаянна, але менавіта ў гэты дзень акцэнты гучаць найбольш гучна і канкрэтна. Усё для таго, каб кожны, хто калі-небудзь трапіць у надзвычайную сітуацыю, разумеў, якія дзеянні прадпрыняць, каб захаваць жыццё сабе і сваім блізкім.


Эвакуіравацца правільна

Актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія праводзяцца пад эгідай Адзінага дня бяспекі, традыцыйна з’яўляюцца ратавальнікі. Мерапрыемствы перш за ўсё накіраваны на фарміраванне ў грамадства культуры бяспекі жыццядзейнасці, навучанне насельніцтва правілам паводзін ва ўмовах розных надзвычайных сітуацый, асабліва пры пажары. Невыпадкова ў гэты дзень супрацоўнікі МНС наведаюць прадпрыемствы і арганізацыі, дзе правядуць трэніровачныя заняткі па эвакуацыі людзей з будынкаў падчас пажару. Менавіта ўзгаранні часцей за ўсё фіксуюцца ў зводцы ратавальнікаў. Вядома, гэтыя адважныя людзі заўсёды паспяхова і аператыўна спраўляюцца з вогненнай стыхіяй, але, разлічваючы на прафесіяналаў, нельга забываць і аб тым, што да прыбыцця ратавальнікаў, медыцынскіх работнікаў, міліцыі можна зрабіць самому. У першую чаргу дзеля таго, каб захаваць здароўе і жыццё сабе, сваім блізкім.

«Значнасць акцыі пацвярджаецца частымі памылкамі кіраўнікоў і персаналу пры планаванні і арганізацыі эвакуацыі, а таксама памылкамі наведвальнікаў аб’ектаў масавага знаходжання пры правядзенні эвакуацыі, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ. — Так, за восем месяцаў бягучага года на аб’ектах арганізацый адбылося 322 пажары, на якіх шэсць чалавек загінулі, 16 атрымалі траўмы».

Згодна са сцэнарыем Адзінага дня бяспекі, галоўнымі выканаўцамі мерапрыемстваў стануць кіраўнікі арганізацый, незалежна ад форм уласнасці. Яны 26 верасня правядуць заняткі з работнікамі на працоўных месцах і давядуць да іх адпаведную інфармацыю аб парадку эвакуацыі, а таксама на практыцы адпрацуюць алгарытм дзеянняў пры эвакуацыі. У сувязі з гэтым на інтэрнэт-партале МНС падрыхтаваны і размешчаны метадычныя матэрыялы для кіраўнікоў у частцы тэарэтычнай і практычнай адпрацоўкі плана эвакуацыі пры пажары.

Адпрацаваць найбольш частыя сітуацыі

Акрамя таго, 26 верасня ў мэтах навучання насельніцтва правілам бяспечных паводзін і правілам аказання першай дапамогі пры пажары ці іншай надзвычайнай сітуацыі МНС сумесна з МУС, Міністэрствам аховы здароўя і Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа будзе арганізаваны шэраг тэматычных інтэрактыўных пляцовак у месцах масавага знаходжання людзей. Спасылку на інтэрактыўную карту з указаннем месцаў і часу іх работы можна знайсці на сайце ратавальнага ведамства. Такія пляцоўкі размесцяцца паблізу месцаў масавага знаходжання людзей і будуць разлічаны на тых грамадзян, якія 26 верасня не апынуцца на працоўных месцах.

Як адзначыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення арганізацыі нагляду і прафілактыкі МНС Васіль СІЎЧАК, актуальнасць навучання па гэтых пытаннях пацвярджаецца шматлікімі здарэннямі з масавай гібеллю людзей, якія адбыліся ў свеце. 

«Аналізуючы дадзеныя надзвычайныя сітуацыі, мы прыйшлі да высновы, што асноўнымі ўмовамі, якія прыводзяць да цяжкіх наступстваў, з’яўляюцца паніка, няправільныя дзеянні пры эвакуацыі, а таксама няўменне аказаць першую дапамогу пацярпеламу, — канкрэтызаваў ён. — Таму 26 верасня МНС рэкамендуе ўсім кіраўнікам арганізацый, незалежна ад формы ўласнасці, правесці навучанне ў сваіх калектывах. Пры навучанні калектыву неабходна выкарыстоўваць ролікі, якія больш наглядна пакажуць, як правільна сябе паводзіць ва ўмовах задымлення, у натоўпе і гэтак далей. Любы можа аказацца ў такой сітуацыі, калі яго жыццё, а таксама здароўе тых, хто знаходзіцца побач, будзе залежаць ад правільных дзеянняў. Таму да мерапрыемства трэба аднесціся максімальна адказна».

Пляцоўкі для дзяцей і работа ў працоўных калектывах

Усяго ў гэты дзень пройдзе звыш 500 сумесных мерапрыемстваў. Па словах намесніка начальніка аддзела арганізацыі работы ўчастковых інспектараў міліцыі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Юрыя ГУШЧЫ, супрацоўнікі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў як аднаасобна, так і ў складзе міжведамасных рабочых груп у Адзіны дзень бяспекі пастараюцца наведаць усе аб’екты розных форм уласнасці, прыняць удзел у правядзенні інструктажоў з іх кіраўнікамі. Таксама міліцыянеры выступяць у працоўных калектывах, а таксама па месцы жыхарства грамадзян — з мэтай давядзення інфармацыі аб бяспечнай жыццядзейнасці.

Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый ШАЎЦОЎ паведаміў, што грамадскае аб’яднанне правядзе ў Адзіны дзень бяспекі больш за 350 мерапрыемстваў. «Па ўсёй краіне будзе арганізавана больш за 100 тэматычных пляцовак каля гандлёва-забаўляльных цэнтраў і іншых месцаў масавага знаходжання грамадзян, дзе мы будзем навучаць насельніцтва правілам аказання першай медыцынскай дапамогі, — удакладніў ён. — Таксама будзе працаваць больш за 100 інтэрактыўных пляцовак для дзяцей, бо правілы бяспекі трэба тлумачыць у любым узросце: хоць бы куды тэлефанаваць, бегчы і не панікаваць. Больш за 40 мерапрыемстваў у фармаце Дня адкрытых дзвярэй пройдуць у раённых арганізацыях Чырвонага Крыжа, запланавана каля 50 прафілактычных мерапрыемстваў у навучальных установах, а таксама каля 60 выступленняў у працоўных калектывах. Усім саставам мы будзем расказваць людзям, як неабходна дзейнічаць і аказваць самадапамогу, дапамагаць тым, хто знаходзіцца побач».

Дзмітрый Шаўцоў расказаў, што Беларускі Чырвоны Крыж падрыхтаваў розныя псіхалагічныя трэнінгі для грамадзян, бо галоўнае, па яго словах, у надзвычайнай сітуацыі — не паддацца паніцы і кантраляваць свае паводзіны.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.