Выстава твораў Людмілы Кальмаевай «Бясконцая мяжа» адкрылася 24 верасня ў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Тут сабраны творы розных гадоў, сярод якіх графіка і жывапіс беларускай мастачкі.
Людміла Кальмаева — адна з самых цікавых сучасных мастакоў-графікаў. Яе творчасць — гэта дыялог са святлом, адлюстраванне прыгажосці ва ўсіх яе праявах. Гэта не проста карціны, а своеасаблівае акно ў душу мастачкі, дзе можна пабачыць тое патаемнае, што яна хацела данесці да гледачоў. Яна — яркая плакатыстка, даследчыца чалавечых станаў і сапраўдны жыццялюб.
У час адкрыцця выстаўкі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Высоцкая падзялілася сваімі ўражаннямі ад карцін:
— Глядзіш на іх і дзівішся, наколькі моцным чалавекам быў іх аўтар. Карціны напісаны ў розных жанрах, і можна заўсёды падумаць, у якім настроі яна іх пісала і атрымаць уяўленне аб пачуцці душы гэтага чалавека.
Таксама свае думкі выказала і першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч:
— Я ведала Людмілу Міхайлаўну вельмі шмат гадоў і вось сёння на гэтай выставе здаецца, што яе асоба ажыла. Я ўспамінаю яе як вельмі эмацыянальную, вельмі тонкую ў сваіх пачуццях і гаворцы, чалавека, які быў жыццялюбам. Яна больш за ўсё любіла мастацтва і прыгажосць, а ў людзях больш за ўсё цаніла жыццярадаснасць.
Паводле слоў Наталлі Шаранговіч, дзякуючы таму, што тут сабраны карціны розных гадоў, вельмі цікава прасочваць развіццё мастачкі і паглядзець на тое, чым яна жыла.
Сапраўды, экспазіцыя атрымалася вельмі самабытнай. Тут сабраны весь творчы шлях мастачкі ад ранняй друкаванай графікі да мадэрністскіх эксперыментаў і канцэптуальных серый. Разнастайнасць жанраў і прыёмаў, універсальны сімвалізм, дэкаратыўнасць і ўсё гэта ў творах невычэрпна натхненай Людмілы Кальмаевай.
Наведаць выставу можна ў галерэі «Ракурс» да 1 снежня.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».
«Наш слоган — „У нагу з часам“».