14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Анатоль Сівак далажыў аб перспектывах развіцця будаўнічага і транспартнага комплексаў краіны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі


З адпаведным дакладам намеснік прэм’ер-міністра выступіў на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, пасля чаго адказаў на пытанні парламентарыяў. Паляпшэнне жыллёвых умоў, транспартнае забеспячэнне заўсёды знаходзяцца ў топе праблем, з якімі да дэпутатаў і сенатараў звяртаюцца грамадзяне. Аднымі з найбольш вострых і актуальных для насельніцтва таксама з’яўляюцца пытанні, звязаныя з эксплуатацыяй жыллёвага фонду, правядзеннем бягучага і капітальнага рамонтаў.


Будаўнічы комплекс

За восем месяцаў 2024 года на выкананне будаўніча-мантажных работ накіравана 12 млрд. рублёў, што ў супастаўных цэнах складае 105,2 % да ўзроўню мінулага года. Аб’ём работ па капітальным рамонце падраднымі арганізацыямі склаў 1,2 млрд. рублёў, тэмпы росту да ўзроўню мінулага года — 102,4 %, па бягучым рамонце — 2,3 млрд. рублёў (128,1 %). Падраднымі арганізацыямі краіны за сем месяцаў бягучага года забяспечана прыбытковая і рэнтабельная работа. 

Што датычыцца заработнай платы будаўнікоў, за студзень — ліпень гэтага года яна склала 2,5 тысячы рублёў і перавысіла сярэднерэспубліканскі ўзровень на 14,1 %. «У параўнанні з іншымі відамі дзейнасці па ўзроўні заработнай платы будгаліна займае пятае месца, а тэмпах росту налічанай сярэднямесячнай заработнай платы па выніках студзеня — ліпеня 2024 года — першае месца сярод іншых галін», — адзначыў Анатоль Сівак.

Па словах віцэ-прэм’ера, тэмпы экспарту будаўнічых, інжынерных і архітэктурных паслуг склалі 104,2 %. «Дадатнае знешнегандлёвае сальда ўпершыню дасягнула памеру 223,6 млн. долараў, — звярнуў увагу ён. — Гэтаму спрыяе работа па актыўным выхадзе беларускіх падрадных арганізацый на рынкі расійскіх рэгіёнаў, якая праводзіцца ва ўзаемадзеянні з урадам Расійскай Федэрацыі». 

Аб’ём вытворчасці прамысловасці будматэрыялаў па краіне за восем месяцаў у цэлым склаў 4,8 млрд. рублёў і вырас у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 6 %. «Адным з галоўных складнікаў устойлівага развіцця вытворчасцяў будаўнічых матэрыялаў па-ранейшаму застаецца падтрыманне высокага ўзроўню якасці гатовай прадукцыі, яе канкурэнтаздольнасці, — падкрэсліў Анатоль Сівак. — Прыярытэтам у доўгатэрміновай перспектыве для айчынных прадпрыемстваў прамысловасці будаўнічых матэрыялаў становіцца пытанне павелічэння глыбіні перапрацоўкі мясцовых сыравінных рэсурсаў і арганізацыя здабычы будаўнічых карысных выкапняў узамен імпартнай сыравіны».

За восем месяцаў бягучага года ў эксплуатацыю ўведзена 2,2 млн. кв. метраў жылля. Найбольш высокія паказчыкі па Брэсцкай і Віцебскай абласцях, самы нізкі паказчык — па Мінску. «Гадавое заданне па будаўніцтве жылля з дзяржаўнай падтрымкай выканана на 32,9 %, увод склаў 460 тысяч кв. метраў, — канкрэтызаваў намеснік прэм’ер-міністра. — Доля індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў агульным аб’ёме ўведзенага ў эксплуатацыю жылля склала 53,1 %. Забяспечанасць насельніцтва жыллём паводле вынікаў 2023 года склала 29,9 кв. метра на чалавека, што перавышае ўстаноўлены ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 — 2025 гады паказчык».

Анатоль Сівак нагадаў, што ў бягучым годзе кіраўніком дзяржавы зададзены прынцыпова новы вектар у жыллёвай палітыцы — аказанне дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля перш за ўсё там, дзе ствараюцца і развіваюцца вытворчыя магутнасці. З мэтай яго рэалізацыі ўжо прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 344 «Аб субсідзіраванні юрыдычных асоб пры ўзвядзенні або набыцці жылых памяшканняў», якім прадугледжваецца прадастаўленне дзяржаўным арганізацыям субсідый з бюджэту ў памеры 50 % стаўкі рэфінансавання для кампенсацыі працэнтных ставак па крэдытах, прыцягнутых гэтымі арганізацыямі для будаўніцтва (набыцця) арэнднага жылля. Пры гэтым кожнае пятае такое арэнднае памяшканне падлягае прадастаўленню ў першачарговым парадку маладым спецыялістам і моладзі ва ўзросце да 31 года.

Урадам распрацоўваецца адзін нарматыўны акт, дзе будуць замацаваны ўсе формы дзяржаўнай падтрымкі грамадзян. Палажэнні гэтага акта будуць выкладзены простай і зразумелай мовай. «Гэта патрабаванне кіраўніка дзяржавы, — падкрэсліў Анатоль Сівак. — Для спрашчэння працэсу будаўніцтва жылля цяпер прапрацоўваецца пытанне замацавання парадку, пры якім будучыя ўласнікі жылля (юрыдычныя і фізічныя асобы) максімальна выключаюцца з працэсу будаўніцтва, і будуць купляць у асноўным ужо гатовае жыллё. Гэта дазволіць, на наш погляд, пазбегнуць у далейшым цэлага шэрагу праблемных пытанняў, што ўзнікаюць у фізічных асоб, якія не валодаюць дастатковымі ведамі ў галіне будаўніцтва».

Адносна індывідуальнага жылля падрыхтаваны праект указа, які прадугледжвае стварэнне спрошчанага парадку ўзвядзення будаўнічымі арганізацыямі жылых дамоў з наступнай іх рэалізацыяй насельніцтву, а таксама падключэння індывідуальных жылых дамоў да інжынерных сетак эксплуатуючымі арганізацыямі па заяўках грамадзян і юрыдычных асоб. У мэтах стымулявання попыту з боку насельніцтва ўрадам прынята рашэнне аб аказанні падтрымкі фізічным асобам у выглядзе льготнага крэдытавання пад 4 % гадавых пры набыцці камплектаў драўляных аднакватэрных жылых дамоў, якія вырабляюцца лясгасамі.

«У цэлым, калі казаць пра асноўныя напрамкі ў жыллёвай палітыцы, плануецца спрашчэнне для юрыдычных і фізічных асоб працэсу будаўніцтва і набыцця жылля, рэнавацыя існуючых жылых тэрыторый населеных пунктаў, стварэнне ўмоў для прыцягнення людзей у сельскую мясцовасць і замацавання кадраў запатрабаваных спецыяльнасцяў на рабочых месцах, уключэння ў абарот пустога жылля і павышэння ўзроўню яго добраўпарадкавання», — падсумаваў гэты блок пытанняў Анатоль Сівак.

Транспартны комплекс

Сітуацыя ў сферы грузавых перавозак па-ранейшаму характарызуецца пераарыентацыяй беларускіх экспартных грузаў на ўсходні напрамак і скарачэннем аб’ёмаў транзіту грузаў у напрамку Усход — Захад — Усход. «Станоўчую дынаміку дэманструюць практычна ўсе віды транспарту, у лідарах — аўтамабільны транспарт, — удакладніў віцэ-прэм’ер. — Урадам прымаюцца меры, накіраваныя на павелічэнне патэнцыялу транспартнага комплексу як для павышэння правазных магчымасцяў, так і якаснага складніка. Тут адным з найважнейшых фактараў з’яўляецца рэалізацыя інвестыцыйных праграм».

Ідзе закупка рухомага саставу беларускіх вытворцаў. Усяго ў 2024 годзе стаіць задача набыць не менш як 2700 адзінак грузавога чыгуначнага рухомага саставу. Ужо закуплена 1510 вагонаў. Па словах намесніка прэм’ер-міністра, актуальным з’яўляецца пытанне абнаўлення парка рухомага саставу пасажырскага аўтамабільнага і гарадскога электрычнага транспарту. «Сёлета плануецца набыць больш за 740 адзінак рухомага саставу, у тым ліку больш за 600 аўтобусаў, 90 тралейбусаў, 30 электробусаў і 22 трамваі. За мінулы перыяд года ўжо набыта 317 адзінак», — канкрэтызаваў ён.

Другім найважнейшым напрамкам укладання інвестыцый з’яўляецца інфраструктура. У чыгуначнай сферы працягваюцца работы па аднаўленні і развіцці ўчастка 9-га транспартнага калідора (Жлобін — Магілёў — Орша — Віцебск — Езярышча). Работы плануецца завяршыць да 2026 г. У мэтах перавозкі экспартна-імпартных грузаў у порты Паўночнага Захаду аўтамабільным транспартным транспартам, павышэння эфектыўнасці гэтых перавозак, у лістападзе ўводзіцца ў эксплуатацыю ўчастак дарогі М-3 ад Лагойска да Плешчаніц, выкананай па 1-й катэгорыі, і дарога Р-46 на ўчастку ад Сарачына да Полацка, дзе вырашаецца галоўная праблема — павелічэнне нагрузкі на вось. Заканчваецца капітальны рамонт дарогі ад Полацка да мяжы з Расійскай Федэрацыяй. 

«З улікам уступлення Рэспублікі Беларусь у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва адкрываюцца вялікія перспектывы перад рэспублікай і транспартным комплексам, — акцэнтаваў увагу намеснік кіраўніка ўрада. — Ствараюцца ўмовы, якія садзейнічаюць павелічэнню аб’ёмаў гандлю, лічбавай трансфармацыі і павышэнню попыту на транспартныя і лагістычныя паслугі. Вядзецца работа, накіраваная на эфектыўную практычную рэалізацыю дасягнутых міжнародных дамоўленасцяў».

Актуальным з’яўляецца пытанне павышэння хуткасці і камфортнасці транспартных зносін з гарадамі-спадарожнікамі. Вырашэнне гэтага пытання плануецца забяспечыць за кошт змянення стану і параметраў дарог, прымянення запланаванага да закупкі сучаснага рухомага саставу. Рыхтуецца нарматыўны акт, накіраваны на паскарэнне развіцця праекта «гарадская электрычка». 

«У сферы паветранага транспарту набліжаецца да ўступлення ў сілу міжурадавае Пагадненне з Расійскай Федэрацыяй аб спагнанні аэранавігацыйных і аэрапортавых збораў і тарыфаў, рэалізацыя якога дасць магчымасць забяспечыць роўныя тарыфныя ўмовы пры аказанні паслуг аэрапортаў і аэранавігацыйных паслуг эксплуатантам паветраных суднаў абедзвюх дзяржаў, — дадаў Анатоль Сівак. — Флот пасажырскіх паветраных суднаў авіякампаніі „Белавія“ цяпер максімальна задзейнічаны па ўсіх адкрытых напрамках. Працягваецца работа па развіцці ўсходняга і паўднёвага напрамкаў палётаў для ажыццяўлення рэгулярных паветраных пасажырскіх перавозак. Рэгулярныя рэйсы выконваюцца ў 22 аэрапорты 10 дзяржаў».

Актыўнымі тэмпамі ажыццяўляецца працэс узвядзення, рэканструкцыі і рамонту аўтамабільных дарог агульнага карыстання, на што накіравана 2,2 млрд. рублёў. За мінулы перыяд гэтага года ўжо адрамантавана 4369 км аўтадарог агульнага карыстання, у тым ліку 1624 км рэспубліканскіх і 2745 км мясцовых аўтадарог, што перавышае першапачатковыя планы. Актыўна рамантуюцца маставыя збудаванні. 

Жыллёва-камунальная гаспадарка

Штогод нарошчваюцца аб’ёмы капітальнага рамонту жылля. У 2023 годзе капітальна адрамантавана 3454, 8 тысячы кв. метраў жылля. Як адзначыў віцэ-прэм’ер, гэта самы высокі паказчык за ўвесь час. У 2024 годзе запланавана капітальна адрамантаваць 3667, 4 тысячы кв. метраў жылля.

«Сёлета фінансаванне капітальнага рамонту жылля на 62 % ажыццяўляецца за кошт бюджэту і толькі на 38 % за кошт сродкаў насельніцтва, — канкрэтызаваў ён. — Пры гэтым доля ўдзелу насельніцтва ў фінансаванні капітальнага рамонту скарацілася за год на тры працэнтныя пункты. Працягваецца планамерная работа па замене ў шматкватэрных жылых дамах ліфтаў, якія адпрацавалі нарматыўныя тэрміны эксплуатацыі. Цяпер у жыллёвым фондзе практычна няма ліфтаў, якія эксплуатуюцца звыш нарматыўных тэрмінаў».

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўрадам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам прыняты дадатковыя меры па прывядзенні ў належны стан дваровых тэрыторый у населеных пунктах з прыцягненнем грамадзян. «У 2024 годзе па выніках інвентарызацыі вуліц усіх 1421 аграгарадкоў аблвыканкамамі сфарміраваны рэгіянальныя праграмы рамонту вулічна-дарожнай сеткі ў аграгарадках на 2024 — 2025 гады і на перыяд да 2030 года, — расказаў віцэ-прэм’ер. — Сфарміраваны комплекс мер, накіраваны на паляпшэнне эксплуатацыі ўсёй вулічнай сеткі. У аснове яго ляжыць скарачэнне аб’ёмаў будаўніцтва новых вуліц, а таксама вывад з эксплуатацыі тых вуліц, дзе адсутнічаюць эксплуатуемыя будынкі. На 1 верасня 2024 года адрамантавана 241 вуліца ў 84 аграгарадках агульнай плошчай 709,4 тыс. кв. метраў».

Аблвыканкамамі сфарміраваны рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў для рэалізацыі пастаўленай кіраўніком дзяржавы задачы па забеспячэнні ў 2025 годзе ўсіх спажыўцоў якаснай пітной вадой. «На 1 верасня 2024 года ўведзены ў эксплуатацыю 84 станцыі абезжалезвання вады, яшчэ на 42 станцыях вядуцца будаўніча-мантажныя работы, для будаўніцтва 24 станцый ажыццяўляецца падрыхтоўка пляцовак, — паведаміў віцэ-прэм’ер. — Знаходзіцца на экспертызе ці завяршаецца распрацоўка праектнай дакументацыі на будаўніцтва 29 станцый. Перападключаны да існуючых цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння з вадой нарматыўнай якасці сем населеных пунктаў з васьмі запланаваных. У рамках забеспячэння пераводу ў 2025 годзе Мінска на водазабеспячэнне з падземных крыніц у цяперашні час па ўсіх чатырох чэргах будаўніцтва вядуцца будаўніча-мантажныя работы. У выніку мер, што прымаюцца па выніках 2024 года, чакаецца выкананне мэтавага паказчыка па забяспечанасці спажыўцоў водазабеспячэннем пітной якасці на ўзроўні 99,1 %».

У сферы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА), па словах намесніка прэм’ер-міністра, галоўная задача — мінімізаваць аб’ёмы іх захавання. Меры, што прымаюцца ў гэтым напрамку, далі магчымасць дасягнуць устойлівай дынамікі росту ўзроўню выкарыстання ЦКА, які з 2017 па 2023 год павялічыўся больш як у два разы. Працягваецца будаўніцтва рэгіянальных аб’ектаў па сартаванні і выкарыстанні ЦКА.

«Па адзіным кароткім нумары 115 і праз інтэрнэт-партал 115.бел ад насельніцтва рэспублікі за студзень — жнівень 2024 года паступіла 1805 тысяч заявак і прэтэнзій на якасць жыллёва-камунальных паслуг: гэта на 9,3 % больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, — адзначыў Анатоль Сівак. — Статыстыка сведчыць, што нягледзячы на меры, якія прымаюцца ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, чакаецца вялікая работа па выпраўленні недахопаў, у тым ліку па арганізацыі інфармацыйнага ўзаемадзеяння з насельніцтвам, уключаючы асвятленне работы, якая праводзіцца ў галіне. Спадзяюся, што рост зваротаў звязаны і з ростам даверу да нізавых прадпрыемстваў. Людзі пачалі звяртацца на месцы, а не спрабаваць вырашыць свае часам шэраговыя праблемы за кошт зваротаў у цэнтральны орган улады».

У тэму

Як падкрэсліў у размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц, падчас сумеснага пасяджэння ўзнімаліся актуальныя пытанні, якія патрабуюць асаблівых адносін і ўвагі з боку органаў дзяржаўнага кіравання. «Што датычыцца сяла, непакояць пытанні транспарту, — канкрэтызаваў ён. — Транспартныя адносіны — як дабрацца чалавеку з вёскі ў горад — выклікаюць пэўныя складанасці. І гэта праблема не аднаго чалавека, а цэлых населеных пунктаў, якія пазбаўлены магчымасці дабрацца ў горад. Мы ў Савеце Рэспублікі з удзелам Наталлі Качанавай з запрашэннем міністра транспарту і камунікацый абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Што датычыцца пытанняў ЖКГ, мы бачым заўвагі людзей. Пытанні прыборкі смецця, яго несвоечасовага вывазу, натуральна, павінны стаяць на кантролі ў кіраўніцтва ЖКГ. Лічу, што калі кожны на сваім працоўным месцы будзе па-дзяржаўнаму выконваць свае абавязкі, то гэтыя пытанні ў насельніцтва ўзнікаць не будуць. А калі яны ўзнікаюць, трэба імгненна прымаць рашэнні».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.