14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Віктар Лукашэнка: «Упэўнены, мы ўбачым вас у будучыні на алімпійскіх п’едэсталах»


Пачынаць спартыўны шлях з медалёў і прызнання заслуг — гэта значыць надаць маладым людзям упэўненасці ў сваіх сілах і матывацыі на далейшую працу. У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта прайшла цырымонія ўшаноўвання медалістаў VIII летніх Міжнародных спартыўных гульняў «Дзеці Азіі». Спаборніцтвы, якія праходзілі ў Якуцку з 25 чэрвеня па 7 ліпеня прынеслі беларускім атлетам 78 медалёў — 27 залатых, 21 сярэбраны і 30 бронзавых. Усяго нашу краіну прадставілі 142 юных атлеты да 16 галоў, якія паказвалі свае здольнасці ў 12 відах спорту. 


Прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка ўручыў грашовыя сертыфікаты пераможцам і прызёрам Гульняў, а таксама трэнерам, дзякуючы якім гэтыя медалі сталі магчымымі. «Успамінаючы сёння выступленне на мінулых стартах, адзначу, што ўсе ганарацца вашымі ўзнагародамі. І, самае важнае, што вы ганарыцеся сабой і сваімі дасягненнямі. У Якуцку вы выступілі з нашымі сцягам і гербам, у гонар вашых перамог гучаў гімн Беларусі. Вы дастойна прадставілі нашу краіну на гэтым буйным турніры. Без каманды — трэнераў, бацькоў — вам наўрад ці ўдалося б дасягнуць гэтых перамог. У зоне вечнай мерзлаты вы адчувалі цеплыню родных сэрцаў, як усё горача за вас перажывалі. Для сябе вы зрабілі выснову, што спорт вышэйшых дасягненняў — той шлях, па якім я пайду і прысвячу ўсё жыццё. Упэўнены, мы ўбачым вас у будучыні на алімпійскіх п’едэсталах, а таксама сярод пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў і Кубкаў свету, розных буйных спартыўных форумаў і будзем успамінаць гэтыя прыемныя моманты з Якуцка, — сказаў Віктар Лукашэнка.

Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук адзначыў, што вынікі беларускай каманды гавораць аб вельмі вялікім патэнцыяле нашага спорту. «Хлопцы і дзяўчаты пераадолелі тысячы кіламетраў, але нават у абсалютна новых кліматычных умовах і ў іншым часавым поясе выступілі выдатна. Яны вялікія малайцы. Хачу сказаць дзякуй трэнерам, якія прывілі падапечным правільнае стаўленне да справы, а таксама бацькам, якія падтрымліваюць дзяцей на пачатковым этапе спартыўнай кар’еры», — падкрэсліў міністр. 

Чатырохразовымі чэмпіёнамі VIII летніх Гульняў «Дзеці Азіі» сталі бегуны Андрэй Літвіновіч і Ганна Арлоўская, тры залатыя медалі заваяваў плывец Раман Гальмак. «Мы былі вельмі рады прыняць удзел на такіх буйных міжнародных спаборніцтвах. Кожны з нас пастараўся паказаць свой максімум, і, мне здаецца, гэта атрымалася. Дзякуй краіне за падтрымку. Гэты старт даў нам яшчэ і магчымасць пазнаёміцца з удзельнікамі з іншых краін, абмяняцца вопытам. Упэўнена, гэта толькі пачатак і наперадзе ў нас яшчэ шмат перамог», — прызналася чэмпіёнка спаборніцтваў Ганна Арлоўская. Дарчэы, менавіта лёгкаатлеты заваявалі найбольш медалёў (13 залатых, 7 сярэбраных, 8 залатых).

Чэмпіёнамі спаборніцтваў «Дзеці Азіі» сталі таксама і беларускія каманды па баскетболе 3×3. У Якуцку не было роўных ні дзяўчатам, ні хлопцам. «Выступаць у Якуцку было вельмі хвалююча, мы шмат рыхтаваліся, трэнерскі штаб настройваў нас вельмі сур’ёзна. Гэта быў першы досвед падрыхтоўкі да такіх важных стартаў і выступленне на такім турніры. Супернікаў слабых у нас было, на першыя гульні было выходзіць нават страшна, усё ж такі першы раз. Але ўсё склалася выдатна, у нас залатыя медалі. І гэта надае ўпэўненасць, адчуваю прэстыж і планка вырасла. Я не скажу, што не адказна ставілася да трэніравак, але цяпер адказнасць і ўзровень вырас. І вельмі матывуе, калі на цябе звяртаюць столькі ўвагі, калі бяруць інтэрв’ю і высока ацэньваюць тое, што мы зрабілі», — падзілалася сваімі ўражаннямі гулец зборнай па баскетболе 3×3 Марта Галавач. 

Чэмпіёнамі і прызёрамі спаборніцтваў «Дзеці Азіі» таксама сталі прадстаўнікі тхэквандо, спартыўнай барацьбы, дзюдо, боксу, мастацкай гімнастыцы, валейболу, баскетболу, настольнага тэніса, стральбы з лука і кулявой стральбы.

Валерыя СЦЯЦКО
Фота НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.