Пяць насычаных дзён правялі ўдзельнікі XVІІ Фестывалю «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» ў Смаленску з 11 да 15 верасня. Конкурсы, дзелавыя сустрэчы, новыя знаёмствы, экскурсіі і канцэрты... Усё гэта стварыла неверагодную атмасферу свята і сяброўства для юных артыстаў.
Паводле слоў намесніка старшыні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па маладзёжнай палітыцы, спорце і турызме Сяргея Клішэвіча, фестываль «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» — гэта паспяховы прыклад маладзёжнай народнай дыпламатыі, што з’яўляецца фундаментам для палітыкі, эканомікі і іншых сфер.
— Асабліва калі гаворка ідзе аб моладзі, гэта значыць, аб тых юнаках і дзяўчатах, якія ў будучыні будуць кіраваць нашымі краінамі, таму важна ўжо сёння іх згуртаваць, каб яны разумелі каштоўнасць сяброўства паміж нашымі народамі і працягвалі добрыя традыцыі мірасуседства, якія заклалі нашы продкі, — адзначыў ён.
Сёлета фестываль меў новаўвядзенні. Апроч вакальнага правялі яшчэ і харэаграфічны конкурс, на якім прадстаўлялі народны, эстрадны танцы, а таксама сучасную харэаграфію. Акрамя гэтага, вялікую ўвагу ўдзялілі патрыятычнаму складніку маштабнага мерапрыемства і ўпершыню правялі форум маладых гісторыкаў Саюзнай дзяржавы. Экскурсія па горадзе для беларускай дэлегацыі таксама стала прыемным сюрпрызам і магчымасцю даведацца шмат новага пра Смаленск, паглядзець на яго з вышыні Саборнай гары і наведаць жамчужыну горада — Свята-Успенскі кафедральны сабор.
Вядома, галоўная інтрыга фестывалю раскрылася на гала-канцэрце закрыцця.
Менавіта там сталі вядомыя пераможцы конкурсу выканаўцаў маладзёжнай песні і конкурсу харэаграфічных калектываў. У вакальным выпрабаванні званне лаўрэата і дыплом першай ступені атрымалі Ангеліна Самалётава з Беларусі і Аляксандр Несцераў з Расіі.
Што да міжнароднага конкурсу харэаграфічных калектываў, то ў намінацыі «Народна-сцэнічны танец, стылізацыя народнага танца» Гран-пры і магчымасць паўдзельнічаць у «Славянскім базары ў Віцебску» атрымалі заслужаны калектыў народнай творчасці Расійскай Федэрацыі ансамбль танца «Ералаш» і ўзорны мастацкі калектыў харэаграфічны ансамбль «Фолія». А звання лаўрэата першай ступені ўдастоены заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль танца «Белая Русь» і заслужаны аматарскі калектыў узорны ансамбль народнага танца «Чабарок».
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».