Графік заўсёды насычаны, але ад людзей зараджаешся... Асабістыя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, выязныя сустрэчы з выбаршчыкамі, наведванне сацыяльна значных аб’ектаў — аб насычаным графіку работы ў выбарчай акрузе «Звязда» распытала дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Андрэя Балыша. Для Андрэя Іванавіча верасень у яго Гарадоцкай выбарчай акрузе № 21 выдаўся багатым на сустрэчы і разнастайныя мерапрыемствы.
Зона адказнасці парламентарыя — Віцебскі, Гарадоцкі, а таксама частка Чыгуначнага раёна Віцебска ў межах былога гарадскога пасёлка Руба і Вярхоўе. Чакалі асабістай сустрэчы з Андрэем Балышам гэтым разам жыхары некалькіх населеных пунктаў.
— Частку мерапрыемстваў правёў у фармаце інфармацыйных груп. Шчыра прызнацца, знаходжуся пад вельмі добрым уражаннем ад мерапрыемстваў, якія прайшлі на базе Мазалаўскай сярэдняй школы і сярэдняй школы № 2 горада Гарадок, — адзначае Андрэй Іванавіч.
— Сустрэчы выйшлі вельмі прадукцыйныя і цікавыя. Школьнікі задавалі настолькі ўдумлівыя, не па-дзіцячы сур’ёзныя пытанні, што, калі б не досвед жыццёвы, досвед як кіраўніка, было б нават складана з ходу адказаць. Вучні старэйшых класаў цікавіліся маім жыццёвым і працоўным шляхамі. Ім было цікава дазнацца, як пасля вучобы ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, аспірантуры ў Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве, працы кіраўніком у навуковых установах я прыйшоў да дэпутацкай дзейнасці. З майго вопыту сустрэч з выбаршчыкамі магу сказаць, што і на сустрэчах са школьнікамі, і ў працоўных калектывах, і на вытворчасці людзям цікава даведацца пра дзейнасць парламентарыяў. Расказваю, якія задачы для сябе стаўлю ў рабоце ў выбарчай акрузе, расказваю аб дзейнасці нашай камісіі па аграрнай палітыцы.
Падчас работы ў верасні ў выбарчай акрузе вельмі цікавай і плённай атрымалася сустрэча парламентарыя з маладымі спецыялістамі-педагогамі, якія толькі прыйшлі на сваё першае месца працы або ўжо адпрацавалі першы год па спецыяльнасці. Мерапрыемства арганізавалі на базе сярэдняй школы № 2 Гарадка.
— Атрымаўся сапраўды жывы дыялог. Мяне цікавіла, напрыклад, як нашы маладыя спецыялісты прыйшлі ў прафесію. Дзяліліся сваім бачаннем, чаму цяпер здараецца, што моладзь вучыцца, атрымлівае дыплом, а потым у прафесіі іх не знайсці. Калі паразмаўляў з маладымі спецыялістамі-педагогамі, якія прыехалі на першае месца працы нехта ў горад, нехта ў сельскую мясцовасць, па тым, як яны матываваныя і сур’ёзна настроены, відаць, што застануцца ў прафесіі. Для сябе зазначыў, што сёння і ўлады на месцах, і ўласна працоўныя калектывы імкнуцца не толькі забяспечыць добрыя ўмовы працы, пражывання для маладых спецыялістаў, але і зрабіць усё магчымае, каб моладзі было цікава працаваць, раскрыцца, — дзеліцца сваімі назіраннямі парламентарый.
Гарадок і Гарадоцкі раён для Андрэя Іванавіча — мясціны асаблівыя.
У свой час ён, ураджэнец Гродзеншчыны, менавіта сюды быў размеркаваны маладым спецыялістам.
— Падчас работы гэтым разам у выбарчай акрузе з радасцю разам з жыхарамі Гарадокшчыны прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у гонар 100-годдзя ўтварэння Гарадоцкага раёна. Рады, што была магчымасць далучыцца да мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства, — зазначае парламентарый. — Дарэчы, калі прымаў удзел у святочных мерапрыемствах і да Дня ведаў, і да Дня народнага адзінства, пераканаўся, як за душу бярэ, нікога не пакідае раўнадушным, калі дзеці — ад першаклашак да выпускнікоў — ведаюць на памяць, стараюцца, спяваюць гімн краіны. Гэта сведчыць аб тым, што і ідэалогія правільна працуе, і патрыятычнае выхаванне ў нас вельмі дастойнае.
Як падзяліўся парламентарый, на святочных мерапрыемствах, сустрэчах, дзе толькі апошнім часам ён быў госцем, пераважная большасць — ад дзяцей-школьнікаў да моладзі, учарашніх выпускнікоў ВНУ, а цяпер спецыялістаў-пачаткоўцаў, — глыбока ў тэме тых агульнадзяржаўных, ідэалагічных, палітычных задач, якімі жыве наша краіна, грамадзянская супольнасць.
— Мяне перапаўняў гонар, што ў нас такія адукаваныя, неабыякавыя, актыўныя людзі. Падчас правядзення інфармацыйных груп, адказваючы на пытанні нашых працаўнікоў, моладзі, пераканаўся: нашы людзі цэняць, што мы жывём шчасліва і бяспечна, жывём у суверэннай дзяржаве з развітой эканомікай, высокім узроўнем сацыяльнай абароны, — рэзюмуе парламентарый.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.