Кітайская мадэрнізацыя ідзе па шляху мірнага развіцця. Гэтую станоўчую тэндэнцыю адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Чжан Вэньчуань на ўрачыстым прыёме з нагоды 75-й гадавіны з дня ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі.
«Нягледзячы на тое, што я ўступіў на пасаду ўсяго некалькі дзён назад, мне ўжо ўдалося паўдзельнічаць у некалькіх мерапрыемствах, дзе мы правялі адкрыты і паглыблены абмен думкамі, — паведаміў кіраўнік дыпмісіі. — Я адчуў шчырыя і сяброўскія пачуцці ўсіх колаў беларускага грамадства ў адносінах да Кітая і іх вялікія чаканні па развіцці дружбы і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».
Як вядома, 1 кастрычніка адзначаецца 75-годдзе з дня ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. «За гэтыя гады Кітай пад кіраўніцтвам Кампартыі прайшоў вялікі шлях, ператварыўся з беднай і адсталай краіны ў сярэднезаможнае грамадства, што стварыла рэдкія ва ўсім свеце цуды хуткага эканамічнага развіцця і доўгатэрміновай сацыяльнай стабільнасці. За больш чым 40 гадоў пасля пачатку правядзення палітыкі рэформ і адкрытасці сярэднегадавы рост эканомікі Кітая склаў 8,9 працэнта, а ўклад у сусветны эканамічны рост перавысіў 30 працэнтаў, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — Пачынаючы з ХVІІІ Усекітайскага з’езда КПК у 2012 годзе, Цэнтральны камітэт партыі, ядром якога з’яўляецца Сі Цзіньпін, аб’яднаў і ўзначаліў шматнацыянальны народ краіны для паспяховага прасоўвання і пашырэння кітайскай мадэрнізацыі».
2024-ы з’яўляецца вырашальным годам для Кітая ў дасягненні мэт і задач 14-га пяцігадовага плана. Ва ўмовах запаволення тэмпаў росту сусветнай эканомікі і павелічэння фактараў нявызначанасці і нестабільнасці ў свеце ў першым паўгоддзі ВУП Кітая вырас на 5 працэнтаў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, а агульны аб’ём імпарту і экспарту тавараў павялічыўся на 6,1 працэнта. Кітай стаў важным рухавіком і стабілізацыйнай сілай глабальнага эканамічнага росту.
Як адзначыў Чжан Вэньчуань, у ліпені паспяхова праведзены трэці пленум ЦК КПК 20-га склікання, на якім прыняты грандыёзны план па ўсебаковым паглыбленні рэформ, пашырэнні адкрытасці знешняму свету і ўсебаковаму садзейнічанню вялікай справе пабудовы магутнай дзяржавы і нацыянальнага адраджэння праз кітайскую мадэрнізацыю.
Кітай выступае за раўнапраўную і спарадкаваную шматпалярнасць свету, а таксама агульнадаступную і інклюзіўную эканамічную глабалізацыю. Чжан Вэньчуань адзначыў імклівыя, нябачаныя за стагоддзе перамены свету: «Паглыблена разгортваецца чарговая навукова-тэхнічная і прамысловая рэвалюцыя, пераразмяркоўваецца глабальны баланс сіл, назіраецца прыкметны рост уплыву „Глабальнага Поўдня“. У гэтых умовах мір, развіццё, супрацоўніцтва і ўзаемны выйгрыш сталі спадзяваннямі народаў і агульнай тэндэнцыяй. У мэтах пабудовы Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва Кітай паслядоўна вылучыў ініцыятыву сумеснага будаўніцтва „Адзін пояс, адзін шлях“, Ініцыятыву па глабальным развіцці, Ініцыятыву па глабальнай бяспецы і Ініцыятыву глабальнай цывілізацыі».
Як падкрэсліў кіраўнік дыпмісіі, Кітай паслядоўна садзейнічае палітычнаму ўрэгуляванню рэгіянальных гарачых кропак і ўносіць актыўны ўклад у падтрыманне міру і бяспекі ва ўсім свеце. КНР адданая стварэнню платформы супрацоўніцтва адкрытага тыпу. Кітай разам з дзяржавамі, якія развіваюцца, паскараюць тэмпы мадэрнізацыі, надаючы большы імпульс і пашыраючы прастору для мадэрнізацыі краін па ўсім свеце. «Зазіраючы ў будучыню, Кітай, як і раней, працягне выконваць свае абавязкі буйной краіны і будзе працаваць поплеч з міжнароднай супольнасцю, каб бесперапынна прыўносіць сваю мудрасць і сілу ва ўдасканаленне глабальнага кіравання, рэагаванне на перамены свету і вырашэнне цяжкіх праблем чалавецтва», — адзначыў Чжан Вэньчуань.
Як падкрэсліў пасол, «на працягу 32 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін кітайска-беларускія адносіны заўсёды захоўваюць добрую дынаміку развіцця, а супрацоўніцтва дасягае важкіх вынікаў. У гэтым годзе ўсепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства паміж Кітаем і Беларуссю працягвае прыносіць свой плён».
Чжан Вэньчуань звярнуў увагу на тое, што «ў ліпені Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зноў сустрэліся на пляцоўцы саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане і дасягнулі шэрагу важных дамоўленасцяў. У трэцяй дэкадзе жніўня прэм’ер Дзяржаўнага савета Кітая Лі Цян паспяхова здзейсніў афіцыйны візіт у Беларусь, што надало новы імпульс развіццю прагматычнага супрацоўніцтва».
«У апошнія гады двухбаковы тавараабарот захоўвае тэндэнцыю імклівага росту, супрацоўніцтва ў сумесным будаўніцтве „Адзін пояс, адзін шлях“ грунтоўна рухаецца наперад, паспяхова праведзены форум рэктараў вядучых універсітэтаў Кітая і Беларусі, афіцыйна заснаваны Кітайскі цэнтр кнігі ў Беларусі, паспяхова пачаўся Год супрацоўніцтва Кітая і Беларусі ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый, а сяброўства і ўзаемаразуменне паміж двума народамі працягваюць паглыбляцца, — падкрэсліў кітайскі дыпламат. — Справа кітайска-беларускага дружалюбнага супрацоўніцтва дэманструе пазітыўную тэндэнцыю дынамічнага развіцця і мае шырокія перспектывы».
Кітай — ядро сусветнай эканомікі, падкрэсліў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай СНАПКОЎ. «1 кастрычніка 1949 года для Кітая — стартавы пункт імклівага росту і каласальных пераўтварэнняў, якія мы ўсе цяпер назіраем, — перакананы першы віцэ-прэм’ер. — За гэты непрацяглы перыяд Кітайская Народная Рэспубліка дабілася насамрэч выдатных вынікаў, прадэманстраваўшы ўсяму свету яркі прыклад самаадданасці, упартасці і працавітасці на шляху да дасягнення поспехаў у намечаных напрамках. З моманту абвяшчэння палітыкі рэформ і адкрытасці КНР забяспечыла амаль чвэрць глабальнага эканамічнага росту. На сёння гэта найвышэйшы паказчык у свеце. Валавы ўнутраны прадукт за гады існавання краіны вырас у 1850 разоў — з 68 мільярдаў да 126 трыльёнаў юаняў — у сярэднім у 25 разоў штогод».
Сучасны Кітай забяспечвае амаль траціну ад сусветных аб’ёмаў прамысловай вытворчасці. Магчымым гэта стала ў тым ліку дзякуючы пастаяннаму павышэнню якасці і ўзроўню адукацыі. Краіна ўжо выйшла ў сусветныя лідары па колькасці навукова-тэхнічных спецыялістаў. Сёлета мацерыковы Кітай аказаўся першым у свеце па колькасці ВНУ, якія трапілі ў першыя 50 і 100 універсітэтаў па ўплыве даследаванняў. Кітай можа пахваліцца выключнымі дасягненнямі ў галіне тэхналогій і інавацый. Краіне належыць самы вялікі ў свеце радыётэлескоп. Першы спадарожнік квантавай сувязі сканструяваны кітайцамі. Новыя дасягненні адбыліся ў галіне квантавых і гравітацыйных датчыкаў, высокапрадукцыйных вылічэнняў, касмічных запускаў. Менавіта кітайскі апарат упершыню ў гісторыі даставіў на Зямлю ўзоры грунту з адваротнага боку Месяца.
Як адзначыў Мікалай Снапкоў, па даследаванні штучнага інтэлекту Кітай апярэдзіў ЗША, Паўднёвую Карэю, Японію і Індыю. З 2014 да 2023 года арганізацыі з Кітая падалі 38 210 патэнтаў, звязаных са штучным інтэлектам, у той час як ЗША — 6276 патэнтаў, з кратным адставаннем знаходзяцца на другім месцы. «Казаць аб дасягненнях Кітая можна бясконца: ад маштабнай лічбавізацыі ў галіне сельскай гаспадаркі да стварэння шматразовага касмічнага карабля», — заўважыў першы намеснік прэм’ер-міністра.
Як лічыць Мікалай Снапкоў, нягледзячы на складаную геапалітычную абстаноўку, Беларусь і Кітай не паслабілі тэмпы двухбаковага супрацоўніцтва, якое дастойна праходзіць праверку на трываласць. «Для Беларусі Кітай — не проста краіна-партнёр, з якой нас звязваюць дыпламатычныя і гандлёвыя адносіны, — адзначыў першы віцэ-прэм’ер. — Мы „жалезныя браты“ і неаднойчы на справе, а не на словах пацвярджалі непадробнае і шчырае сяброўства, заснаванае на даверы, узаемнай дапамозе і непахіснай падтрымцы ўзаемных інтарэсаў. Нашы краіны ўстанавілі найвышэйшы ў гісторыі ўзровень адносін — усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Кіраўнікоў Беларусі і Кітая звязвае моцнае і шчырае сяброўства».
Мінск і Пекін беражліва захоўваюць гістарычную памяць аб гадах барацьбы з фашызмам і мілітарызмам. «Мы адзіныя ў поглядах на сучасную палітычную сітуацыю, будучае светаўладкаванне, — перакананы першы намеснік прэм’ер-міністра. — Беларусь і Кітай аказваюць адзін аднаму безумоўную падтрымку ў пытаннях, якія прадстаўляюць карэнныя інтарэсы. Мы актыўна прасоўваем глабальны парадак дня на міжнародных і рэгіянальных пляцоўках. Разам рэалізоўваем глабальныя ініцыятывы на карысць народаў усіх краін. Мы рухаемся толькі па ўзыходзячай траекторыі».
Як заявіў Мікалай Снапкоў, паміж нашымі краінамі дасягнуты беспрэцэдэнтна высокі ўзровень палітычнага даверу. «Гэта той узровень, да якога мы павінны імкнуцца і па іншых напрамках супрацоўніцтва. Менавіта такая задача перад намі пастаўлена лідарамі Беларусі і Кітая — узняць эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва да ўзроўню палітычнага. Для дасягнення гэтай мэты ўрады вызначылі стрыжневую задачу на сярэднетэрміновую перспектыву — вялікі прыход кітайскіх тэхналогій у Беларусь. Развіццё нашай краіны мы бачым у спалучэнні з канцэпцыяй новых прадукцыйных сіл Кітая на аснове тэхналогій, інавацый і чалавечага патэнцыялу», — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер, працытаваўшы словы Прэзідэнта Беларусі, якія ніколі не страцяць сваёй актуальнасці: «з моцным Кітаем будзе моцнай і Беларусь».
Мікалай Снапкоў выказаў упэўненасць, што з новымі сіламі, новымі ідэямі аб далейшым паглыбленні беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння мы зможам рэалізаваць бягучыя дамоўленасці і, як сказаў прэм’ер Дзяржсавета Лі Цян, узгоднім новы пакет супрацоўніцтва.
«Кітайскі бок гатовы ісці разам з беларускім бокам, працаваць над рэалізацыяй усіх важных дамоўленасцяў, дасягнутых кіраўнікамі дзвюх краін, прадаўжаць прасоўваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю ў розных галінах на карысць народаў дзвюх краін», — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — У Беларусі кажуць: «Моцнае сяброўства сякерай не рассячэш». У кітайцаў таксама ёсць добрая прыказка: «Агульнасць шляху захоўваецца на любой адлегласці, яна мацнейшая за клей, больш трывалая, чым алмаз». Я перакананы, што, прытрымліваючыся развіцця са стратэгічнай вышыні і ў доўгатэрміновай перспектыве, кітайска-беларускія адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства абавязкова дасягнуць яшчэ больш бліскучых поспехаў і адкрыюць яшчэ больш цудоўную будучыню».
«Няхай Беларусь і Кітай і далей ідуць поплеч, дэманструючы ўсяму свету прыклад сапраўднага брацкага сяброўства і ўзорнага супрацоўніцтва, непадуладнага часу, геаграфічнай адлегласці і знешняму ўплыву», — пажадаў Мікалай Снапкоў.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».