Як адзначыў першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў, сёлета ведамства адзначае сваё 30-годдзе. Многія прадпрыемствы маюць больш чым стагадовую гісторыю развіцця. Яны маюць уласныя прадукты, захавалі моцныя працоўныя калектывы і вызначаюць стратэгію далейшага развіцця. А яшчэ варта адзначыць, што ў агульным аб’ёме леташняга экспарту прадпрыемстваў сістэмы Міністэрства прамысловасці 80% склала навукаёмістая і высокатэхналагічная прадукцыя, сказаў Аляксандр Агароднікаў. Ён заўважыў, што беларускія машыны сёння працуюць ва ўсіх частках нашай планеты. На дадзеным этапе прадукцыя прадпрыемстваў сістэмы Мінпрама пастаўляецца прыкладна ў 150 краін свету. Акрамя таго, з 2016 года аб’ём прамысловай вытворчасці вырас у паўтара раза ў супастаўных умовах, а экспарт за апошнія дзве пяцігодкі павялічыўся больш чым у два разы.
«Калі казаць пра аб’ём вытворчасці ў натуральным вылічэнні, то з 2000 года выраблена больш за 385 тысяч грузавікоў, 242 тысячы легкавых аўтамабіляў, каля 18 тысяч аўтобусаў і не менш чым 22 мільёны халадзільнікаў. За гэты час было атрымана больш за 1,1 мільёна трактароў, прыкладна 19 мільёнаў тэлевізараў, амаль 22 тысячы камбайнаў, 23 мільёны тон пракату металаў і больш за 124 тысячы ліфтаў. Гэта толькі асноўныя таварныя групы, па якіх ажыццяўлялася вытворчасць. Унутранае спажыванне ў нас у краіне, на жаль, абмежавана, таму больш за 70%, а ў асобныя гады 74–75% мы пастаўлялі на экспарт», — прывёў папярэднія вынікі першы намеснік міністра.
Акрамя таго, інавацыйная прадукцыя за мінулы год у аб’ёме вытворчасці склала 46,5%. «Кожныя два гады ў нас цалкам змяняецца мадэльны шэраг вырабленага прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці прадукту, — распавёў ён. — Летась у нас было 6,5 мільярда долараў экспарту. Гэта найлепшая лічба за апошнія 10 гадоў па сістэме Міністэрства прамысловасці. Пры гэтым экспарт навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі склаў больш чым тры чвэрці ў агульным леташнім экспарце прадпрыемстваў Мінпрама».
Па выніках 2023 года доля прамысловасці ва ўнутраным валавым прадукце краіны склала 3,65%. «Прадпрыемствы сістэмы Мінпрама ўносяць у развіццё краіны досыць значны ўклад», — падкрэсліў першы намеснік міністра.
За афрыканскім рынкам — ёмістая перспектыва
Традыцыйна супрацоўніцтва Беларусі складвалася больш з краінамі постсавецкай прасторы і Еўра-
саюза, аднак гэтым не абмяжоўвалася. Аляксандр Агароднікаў сказаў, што сёння наша краіна працуе па ўсіх кантынентах і па розных групах прамысловых тавараў.
Што датычыцца афрыканскага рынку, то на сёння ён найбольш прывабны для супрацоўніцтва, адзначыў першы намеснік міністра. «Мы разглядаем афрыканскія краіны як партнёраў. Яны разумеюць, што мы прапануем ім сапраўдныя партнёрскія адносіны, — сказаў ён. — Менавіта таму практычна з усімі краінамі Афрыкі ў нас складваюцца добрыя, даверлівыя адносіны».
У асноўным на афрыканскі рынак пастаўляецца сельскагаспадарчая тэхніка з арганізацыяй сэрвісу, пасляпродажнага абслугоўвання і навучаннем спецыялістаў. «Мы бачым, што за сельскагаспадарчай тэхнікай будзе падцягвацца і іншая наша прадукцыя», — падкрэсліў першы намеснік міністра.
Генеральны дырэктар Мінскага аўтамабільнага завода Валерый Іванковіч расказаў, што галоўныя мэты прадпрыемства сканцэнтраваны на двух глабальных напрамках — выпуск грузавой тэхнікі розных мадыфікацый і грузападымальнасці (цягачы, самазвалы, спецыяльныя шасі) і запатрабаванай пасажырскай тэхнікі.
Сёлета адзначаецца 30-годдзе Міністэрства прамысловасці, прыкладна на гэты ж час прыпадае перыяд развіцця пасажырскага транспарту. «30 гадоў таму ў нас не было ўласнага пасажырскага транспарту. На базе Мінскага аўтамабільнага завода ўзнік новы напрамак. Мы распрацавалі розныя мадэлі, мадыфікацыі на груза- і пасажыраперавозкі. Сёння ў нас ёсць і электробусы, і тралейбусы, і аўтобусы з газавым прывадам, якія працуюць на звадкаваным і на кампрыміраваным газе», — распавёў Валерый Іванковіч.
За тры дзясяткі гадоў МАЗ распрацаваў тры пакаленні аўтобусаў. «Наша ўніфікаваная інавацыйная платформа дазваляе вырашаць любыя задачы, якія неабходныя спажыўцу для рынку пасажырскай тэхнікі», — падкрэсліў ён.
Было адзначана, што пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы прадпрыемства рэалізоўвае інавацыйны праект рэканструкцыі аўтобуснага завода. «Рэалізацыя праекта дазволіць павялічыць магутнасць у два разы. Гэта значыць, мы будзем выпускаць да 3 тысяч адзінак пасажырскай тэхнікі розных мадыфікацый, ёмістасці, што забяспечыць яшчэ большую дыверсіфікацыю экспарту», — нагадаў генеральны дырэктар.
Сёння МАЗ рэалізуе стратэгію развіцця да 2030 года, якая мае на ўвазе пад сабой паэтапнае перааснашчэнне, набыццё новага інавацыйнага абсталявання. Па словах Валерыя Іванковіча, гэта дазволіць пашырыць мадэльны рад і задаволіць запыты спажыўцоў.
Гендырэктар прадпрыемства таксама распавёў аб развіцці супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі. Паводле яго слоў, найбольш актыўна адносіны пачалі развівацца ў апошнія гады. «У нас вялікія сувязі з Паўночнай Афрыкай.
Мы пачыналі са зборачных вытворчасцяў. Важна, каб мы на роўных успрымалі гэтае супрацоўніцтва. У гэтым перспектыва нашага ўзае-
мадзеяння».
Над аўтаномнымі аўтамабілямі «БЕЛАЗ» пачаў працаваць яшчэ ў 2013 годзе. Другое пакаленне такіх машын ужо знаходзіцца ў доследнай эксплуатацыі ў Расіі. А ў дадзены момант прадпрыемства вырашае пытанні імпартазамяшчэння электронных кампанентаў і праграмнага забеспячэння.
«Ужо з мінулага года на прадпрыемстве працуюць над атрыманнем доследных узораў імпартазамяшчальнай тэхнікі. Гэта датычыцца як сістэм кантролю і кіравання, а значыць, таго, што называецца жалезам, так і праграмнага забеспячэння, — распавёў журналістам Сяргей Лесін, генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ».
Першую задачу ў холдынгу ўжо выканалі: машына прайшла прыёма-здатачныя выпрабаванні ў снежні мінулага года. Цяпер вырашаецца пытанне атрымання ўласнага праграмнага прадукту для кіравання ўсім гэтым комплексам. «Да канца года гэтая задача будзе вырашана. І мы ў наступным годзе плануем рэалізацыю самазвалаў з ужываннем беларускіх камплектуючых і софту», — заявіў Лесін. Таксама ён распавёў пра іншыя прыклады лічбавізацыі айчынных аўтамабіляў.
«З бягучага года кожны самазвал камплектуецца сістэмай, якая дазваляе з дапамогай мабільнай сувязі або індустрыяльнага Wі-Fі адсочваць работу кожнай адзінкі тэхнікі. Збіраецца больш за 200 параметраў работы вузлоў, і тут выкарыстоўваецца штучны інтэлект, які дазваляе выбудоўваць трэнды і даваць прадказанні ў частцы рэшткавага рэсурсу вузла, выяўляць анамаліі, што кажа аб яго аварыйнай рабоце.
Сяргей Лесін заявіў, што без стаўкі на лічбавізацыю заставацца канкурэнтаздольным складана, і гэта датычыцца не толькі магчымасцяў аўтамабіляў, але і саміх пытанняў вытворчасці. У якасці прыкладу ён прывёў цалкам рабатызаваны фарбавальны комплекс, які будзе запушчаны на прадпрыемстве ў наступным годзе.
Генеральны дырэктар адзначыў, што Расійская Федэрацыя з’яўляецца не толькі асноўным пакупніком беларускай кар’ернай тэхнікі, а і сапраўды магутнай пляцоўкай тэхналагічнай кааперацыі. Напрыклад, у дадзены момант на прадпрыемстве холдынга рэалізоўваецца праект мадэрнізацыі вытворчасці. Агульны аб’ём інвестыцый перавысіць 250 мільёнаў долараў.
Для БЕЛАЗа супрацоўніцтва з Расіяй забяспечвае больш за 90% продажаў. Безумоўна, і расійскія партнёры разглядаюць нас як асноўнага пастаўшчыка кар’ернай тэхнікі.
А яшчэ холдынг прыцягвае сродкі крэдыту, выдадзенага РФ, у асноўным для мадэрнізацыі ўласных вытворчых магутнасцяў і павелічэння патэнцыяльнага аб’ёму вытворчасці тэхнікі. Магутнасці прадпрыемства пасля рэалізацыі гэтага праекта павінны вырасці на 20%. Тэрмін заканчэння — 2025 год.
«Мы атрымалі сродкі на льготных умовах. Да канца 2025 года чакаецца паступленне не менш за 70 адзінак абсталявання, якое дазволіць нам не толькі павялічыць аб’ёмы вытворчасці нашай прадукцыі, але і павысіць яе тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Акрамя таго, гэта дазволіць нам аптымізаваць сабекошт прадукцыі, што таксама станоўча адаб’ецца на цэнах, якія мы прапануем нашым кліентам у Расійскай Федэрацыі», — адзначыў гендырэктар.
Калі казаць пра сумеснае імпартазамяшчэнне, то Сяргей Лесін успомніў праект з магнітагорскім металургічным камбінатам і «Поўначсталлю» па замяшчэнні зноса-ўстойлівых ліставых сталей. «Нашы партнёры паступова нарошчваюць аб’ёмы, якія нам патрэбны, а адсутныя мы перакрываем з дружалюбных краін. Ужо ў наступным годзе, думаю, цалкам закрыем усе аб’ёмы. Акрамя таго, ёсць знакавы праект па стварэнні сумеснага прадпрыемства ў Пінску, якое ўжо выпускае прадукцыю — гэта аксіяльна-поршневыя помпы.
Раней гэта была прадукцыя, якая выпускаецца ў краінах Заходняй Еўропы, а цяпер гэта сумесны прадукт з расійскай кампаніяй», — падзяліўся ён.
Таксама рэалізоўваецца два праекты з расійскімі вытворцамі па такіх складаных кампанентах, як рухавікі ўнутранага згарання. «Прадукты не самыя простыя да засваення, але мы рухаемся, доследныя ўзоры альбо ў стане зборкі выпрабаванняў на нашых палігонах, альбо ўжо ў палях у эксплуатацыі. Глядзім, як гэта ўсё працуе і якія трэба ўнесці карэктывы для павышэння надзейнасці тэхнікі».
Як распавёў генеральны дырэктар ААТ «Планар» Сяргей Авакаў, экспарт прадукцыі на гэтым прадпрыемстве вырас амаль у два разы ў першым паўгоддзі 2024 года. «Мы вырабляем абсталяванне, на якім іншыя прадпрыемствы вырабляюць інтэгральныя схемы. Наша прадпрыемства працуе цяпер практычна 24 на 7. У нас даволі моцна расце экспарт. У 2022 годзе ў адносінах да 2021-га тэмп росту экспарту склаў 212%, у 2023 годзе ў адносінах да 2022-га — 201%.
Сёлета па выніках першага паўгоддзя тэмп росту экспарту склаў 197% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Каб падтрымліваць такі высокі тэмп росту экспарту, нам даводзіцца праводзіць пастаянныя распрацоўкі новых прадуктаў», — заявіў Сяргей Авакаў.
На прадпрыемстве вядзецца распрацоўка новага абсталявання па шасці праектах дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, а таксама па дзевяці кааперацыйных праектах, якія фінансуе Расійская Федэрацыя. «Мы пастаянна абнаўляем сваё абсталяванне, робім яго больш інтэлектаёмістым, за кошт чаго павышаецца яго кошт», — падкрэсліў гендырэктар.
Дарэчы, развіццё «Планара» ўжо распісана да 2040 года ў адпаведнай праграме. «У ёй прадугледжаны цэлы шэраг кааперацыйных праектаў, у тым ліку досыць вялікіх. Мы выконваем два праекты па пашырэнні вытворчасці дакладнай механікі і оптыкі. Акрамя таго, працуем па ўсіх напрамках, звязаных з імпартазамяшчэннем. Хоць у нас і высокі ўзровень лакалізацыі — парадку 80%, — але 20% мы закуплялі ў далёкім замежжы», — падзяліўся Сяргей Авакаў. Імпартазамяшчальныя праекты прадпрыемства датычацца асабліва чыстых матэрыялаў, лазернай тэхнікі.
Сяргей КУРКАЧ
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.