На ўрачыстым мерапрыемстве да Дня народнага адзінства 17 верасня Прэзідэнт Беларусі аб'явіў аб старце рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі «Марафон адзінства». Як сказаў кіраўнік дзяржавы, «гэта будзе марафон трыадзінства традыцый: нацыянальнай культуры, якую зберагаем і развіваем, талентаў нашых людзей, якімі славіцца наша зямля, прыгажосці славянскай душы, якая напаўняе свет навокал гармоніяй і ўзаемаразуменнем».
Сама ідэя падобнага мерапрыемства зарадзілася даволі даўно. Спачатку з падачы кіраўніка дзяржавы быў праведзены фестываль «Беларусь — мая песня», дзе шырокая аўдыторыя мела магчымасць убачыць творчасць найлепшых рэгіянальных і абласных калектываў нашай краіны. Яны прэзентавалі сваю творчасць на адной з галоўных канцэртных пляцовак — у Палацы Рэспублікі. Не абмінуў увагай тыя канцэрты і Прэзідэнт, адзначаючы як адметныя нумары, так і ўвогуле атмасферу і высокі прафесійны ўзровень тых праграм. Так паступова з'явілася яшчэ адна ідэя: сабраць найлепшае з гэтых канцэртаў і аб'яднаць у адзін агульны творчы праект.
— Як мы разумеем, лепшай даты, чым 17 верасня, Дзень народнага адзінства, нельга было прыдумаць. Раней у гэты дзень мы рабілі ў канцэртах акцэнты на іншыя тэмы, а сёлета паказалі менавіта наша адзінства — творчае, духоўнае. Нумары былі вельмі розныя, але аб'яднаныя ў адно палатно. Канцэрт спадабаўся гледачам. Таму «Марафон адзінства» — лагічны і натуральны працяг. І ў кіраўніка дзяржавы, і ва ўсіх нас, арганізатараў, вялікае жаданне, каб гэты канцэрт, вядома, недзе трансфармаваны, у адаптаваным выглядзе ўбачыла ўся Беларусь, — адзначыла прэс-сакратар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля ЭЙСМАНТ. — Часта і шмат Прэзідэнт гаворыць пра тое, як мы павінны працаваць і наколькі важная цяпер праца кожнага з нас. Аднак у нашым жыцці ёсць месца і адпачынку, святу. І вельмі хочацца, каб такое свята ў выглядзе «Марафону адзінства» прыйшло ва ўсе рэгіёны нашай краіны.
Па словах арганізатараў, каманда прафесіяналаў ужо даўно працуе над рэалізацыяй ідэі «Марафону адзінства» і на сёння ўжо складзена дарожная карта па правядзенні акцыі.
— Падрыхтоўка да правядзення акцыі пачалася задоўга да таго, як афіцыйна пра яе аб'явілі. Пачалі работу мы якраз па даручэнні Прэзідэнта і на працягу некалькіх месяцаў з розных галін і абласцей уносілі свае прапановы, на аснове чаго фарміравалі праграму мерапрыемстваў «Марафону адзінства», — падзялілася кіраўнік рабочай групы па падрыхтоўцы акцыі «Марафон адзінства» Ганна ЛУКАШЭНКА. — Разумеючы, што адзінства — гэта шматслойнае паняцце, мы напаўнялі нашу акцыю мерапрыемствамі, якія будуць аб'ядноўваць людзей праз культуру, праз адукацыю, нейкую агульную дзейнасць. І на сёння ў нас сфарміравана праграма мерапрыемстваў, якія пройдуць на агульнарэспубліканскім і на рэгіянальных узроўнях. Таксама распрацаваны графік «Марафону адзінства». У выглядзе канцэртаў і лакальных мерапрыемстваў ён даедзе ў кожны рэгіён Беларусі. Як правіла, гэта праграма будзе двухдзённай і прапануе наведвальнікам мерапрыемствы розных напрамкаў. Завяршаць яе плануем вялікім маштабным канцэртам, у якім, па нашай задумцы, таксама ёсць яднальны сэнс, паколькі на адной сцэне выступяць не толькі мясцовыя калектывы, але і артысты, запрошаныя з іншых рэгіёнаў і сталіцы.
Першым пунктам маршруту стане Маладзечна. Горад 11 і 12 кастрычніка будзе прымаць «Марафон адзінства». Усяго, па папярэдніх планах, акцыя ахопіць 13 населеных пунктаў Беларусі, у ліку якіх — абласныя гарады, а таксама Маладзечна, Жлобін, Бабруйск, Орша, Ліда, Салігорск, Баранавічы. Фінальных пунктаў правядзення «Марафону адзінства», як і канкрэтных часавых рамак, пакуль ніхто не называе, бо арыентавацца арганізатары будуць найперш на цікавасць і запыт з боку глядацкай аўдыторыі. У падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў акцыі «Марафон адзінства» задзейнічаны: Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства спорту і турызму, Мінгарвыканкам, абласныя выканаўчыя камітэты, ТАА «Музычная медыякампанія», Палац Рэспублікі, БелТА, Федэрацыя прафсаюзаў, БРСМ, Белтэлерадыёкампанія, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускае таварыства «Веды» і іншыя.
Мерапрыемствы «Марафону адзінства» ў пэўнай ступені ахопяць усю краіну. Маштабныя сустрэчы дазволяць беларусам убачыць усю палітру талентаў роднай зямлі і дакрануцца да багатай спадчыны нацыянальнай культуры. Плануюцца таксама мерапрыемствы з удзелам Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паказы кінастужак «Беларусьфільма», дыялогавыя пляцоўкі.
— Падрыхтоўка ў нас вялася вельмі сур'ёзная і скрупулёзная. І галоўнае, лічу, што ў аснове ідэі ёсць душэўнасць, прыгажосць і самабытнасць кожнага рэгіёна. А прымалі ўдзел не толькі знаныя калектывы, але і тыя, хто сябе зарэкамендаваў на працягу ўсяго перыяду выступленняў на розных пляцоўках. Усе яны ўпрыгожылі дадзенае мерапрыемства, — адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль МАРКЕВІЧ. — Таму разам з нашымі калегамі, з рэжысёрскай групай мы зрабілі ўсё, каб абудзіць у гледачах чарговы раз добры настрой, паказаць і наша гістарычнае мінулае, і тое, наколькі ў нас багатая культура, якія таленты мае наша краіна. І «Марафон адзінства» стаў такім яднальным мерапрыемствам для ўсёй Беларусі. Упэўнены, што мы зможам здзівіць аўдыторыю нашымі задумкамі ў кожным рэгіёне.
Маштабныя канцэрты з удзелам любімых і вядомых артыстаў пройдуць у розных гарадах нашай краіны і падораць шмат станоўчых эмоцый свайму гледачу. І падчас наступных канцэртаў гледачы змогуць атрымаць асалоду не толькі ад выступлення сваіх любімых мясцовых выканаўцаў, але і ад творчых нумароў, падрыхтаваных спецыяльна для «Марафона адзінства» ўдзельнікамі з іншых рэгіёнаў.
Так, калі папярэдне падсумоўваць, то «Марафон адзінства» — гэта не толькі выдатная магчымасць прасякнуцца беларускай самабытнай культурай на канцэртнай пляцоўцы, але і прыняць удзел у шэрагу іншых па фармаце мерапрыемстваў, каб цікава было аўдыторыі розных узростаў і інтарэсаў. Адна з задач, якую ставяць перад сабой арганізатары, — выкарыстанне нестандартных рашэнняў па форме і змесце мерапрыемстваў, выкарыстанне разнастайных інтэрактываў. У прыватнасці, у рамках «Марафону адзінства» запланавана правядзенне адкрытага конкурсу малюнка вучняў пачатковых класаў «Мы разам», рэспубліканскі конкурс сачыненняў на тэму «Што такое адзінства», рэспубліканскі конкурс праектаў «Мой уклад у будучыню краіны», серыя мерапрыемстваў у ССУА «Не сумная не лекцыя», серыя мерапрыемстваў «Знакавая сустрэча», стварэнне муралаў, гарадскія квэсты «Гэта ўсё маё роднае» і іншыя. Як адзначаюць арганізатары, ёсць імкненне зрабіць гэтую акцыю па-сапраўднаму маштабнай, ахапіць максімальна шырокую ўзроставую аўдыторыю.
Алена ДРАПКО
Фота БелТА
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».
«Наш слоган — „У нагу з часам“».