Вы тут

Змоўкнуць недзе сябры


У наступным годзе, першага студзеня 2025 года, — 90 гадоў з дня нараджэння Віктара Жака... Магчыма, хтосьці яго яшчэ памятае. І па палітэхнічнаму... І па кароткай яго працы ў Саюзе пісьменнікаў... Не, не павінны забыцца...


Нарадзіўся Віктар Герасімавіч Жак у вёсцы Моўчадзь Баранавіцкага раёна. Закончыў Жытомірскі дзяржаўны педагагічны інстытут у 1957 годзе. У 1963 годзе — аспірантуру Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Абараніў дысертацыю. Кандыдат педагагічных навук. Працаваў у Беларускім дзяржаўным палітэхнічным інстытуце... 

 Возера Свіцязь

Шчасця і радасці чалавеку ў жыцці заўсёды нестае. Мала іх бывае. Не хапіла мне шчасця і радасці ад знаёмства, ад размоў з Віктарам Жакам. Шкадуючы, што не стала чалавека, асобы, я па-дурному, прэмітыўна-эгаістычна шкадую сябе, што лішні раз не пазваніў, не наведаўся, не запрасіў да размовы, да агульных адкрыццяў. Адчуваю: з яго, Віктара Жака, адыходам проста бяднейшым стаў сам.

...У паэта, які сёння прыналежны ўжо, відаць, усяму свету, у Андрэя Вазнясенскага ёсць нямала беларускіх вершаў.

Я бяру цябе напарукі 
перад сіламі жыцця і зла,
перад вокам спрагнелым
разлукі,
што глядзіць, як імгла,
з вугла.

Я бяру цябе напарукі 
як нявольніцу сумятні.
ты — дзялянка, дзе клоны 
рухнулі,
ты мне крыкнула: абарані!

Змоўкнуць недзе сябры,
завірухі.
Каб успыхнула ўсё — ліні,
белавежскаю чаркай сівухі
пачастуй галаўні у агні.

Запаліце тугу ў маім доме!
Хай мінулае як на духу.
Усё гары сінім полымем
стомленым
акрамя — 
запаліце тугу!

(Пераклад Рыгора Барадуліна)

Ці не галоўная з прычын частага звароту Андрэя Вазнясенскага да беларускай, скажам так, тэмы — менавіта сяброўства паэта з чытачом. Сяброўства з чытачом, з улюбёным у паэзію Віктарам Жакам. Дзесяцігоддзі сяброўства. Такі вось Віктар чалавек. Адкрыўшы нешта выключнае, ён пасля жыў захопленасцю гэтым выключным. Паэзія і жыццё, тэатр і жыццё, мастацтва і жыццё зліваліся, знітоўваліся, паядноўваліся ў бясконцую суцэльнасць. І ўжо Вазнясенскі, аднойчы прыехаўшы ў Мінск па запрашэнню Віктара Жака да студэнтаў політэхнічнага інстытута, не ведаў іншага, болей шчаслівага для ўцёкаў прытулку, як Беларусь, як Белавежская пушча, як возера Свіцязь, як проста гасціннасць беларускага сябра. Як гасціннасць тых, хто поруч з Віктарам, хто блізкі да яго. Беларусь Андрэя Вазнясенскага — гэта і рэжысёр Барыс Луцэнка, і вечны калгасны старшыня Уладзімір Бядуля, і народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. 

Ні праўды на зямлі няма,
ні ў небе.
А ён шукае праўду
пад зямлёй.
Арэ глыбока, давярае 
глебе
і чуе, як нялёгка, 
роднай, ёй!

Яго і славасловілі, і крылі.
Ды пошукам — 
не да шуміх.
Ён не бядуе —
на падземных крылах
імчыць Бядуля —
лётае мужык.
Сакавікі ўсе ў ліпені рванулі.
Ці гэта гіз кароў праняў,
Бядуля?

(Пераклад Рыгора Барадуліна)

Фактычна беларускія вершы Андрэя Вазнясенскага можна было б сабраць у адну кнігу, у адзін паэтычны зборнік. Некаторай спробай зрабіць гэта можна лічыць кнігу «Свіцязанскі вянок». У яе — тры аўтары: Адам Міцкевіч, Рыгор Барадулін, Андрэй Вазнясенскі (з вершамі па-руску і іх перакладам на беларускую мову). Кніга выйшла ў свет у год 200-годдзя Адама Міцкевіча. У 1998 годзе. Замест прэзентацыі тады ж, 5 чэрвеня, наладзілі паэтычнае свята на беразе Свіцязі. Віктар Жак запрасіў Андрэя Вазнясенскага. Па дарозе з аднаго замежжа ў другое паэт і прыехаў. Прыехалі на Свіцязь і беларускія паэты, пісьменнікі. Лічы, у большасці сваёй усе сябры Віктара Жака, усе яго добрыя знаёмыя. Вазнясенскі двойчы за адну раніцу абышоў Свіцязь. Ісці, мусіць, штораз болей за гадзіну. І хаця прыехаў з аэрапорта «Мінск-2» у самую ноч (гадзіны ў дзве з паловай), ужо да дзевяці, а то і раней паспеў ажыццявіць першую прагулку. З таго паходу прынёс і вершаваныя радкі. Пасля ўжо, надвячоркам, чытаў іх усім, каго прывяло на Свіцязь жаданне сустрэцца з Вазнясенскім. А я памятаю, якой радасцю свяціліся вочы Віктара Жака, свяціліся радасцю, што ў Вазнясенскага з’явіліся новыя радкі пра Беларусь, пра Свіцязь. У дадатак да тых, ранейшых...

І сам я тут жыву для козыра.
На водгук сэрца 
разрываецца, —
Дубовы ліст прыпаў 
да возера
Напамінаннем Страдыварыуса.

(Пераклад
Рыгора Барадуліна)

Незадоўга перад смерцю Жака запрасілі на работу ў Саюз пісьменнікаў. Яго, педагога, выкладчыка політэхнічнай акадэміі. І адразу — на пасаду намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў. Жака, які нават не быў членам пісьменніцкай арганізацыі. Многіх, трэба сказаць праўду, гэта здзівіла. А Жаку даручылі ці не самае складанае для людзей творчых — арганізацыйную працу. Работу па вяртанню грамадскага і сацыяльнага статуса пісьменніка, пісьменніцкай арганізацыі. А мяне ўзрадавала (хто ведаў, што Віктар Герасімавіч — цяжка хворы, што знаходзіцца на парозе развітання з намі...), бо лічыў, быў перакананы, што чалавек, які гатовы безаглядна працаваць для іншых, здольны зрабіць многа.

Гняздо — каронай 
над бярозаю.
Над хутарам 
счарнелым стылі
З бусліхай бусел, 
нібы ў роздуме,
Бяздумна-сумна 
й артыстычна.

Гняздо над заглушшу
прышпілена,
Як указанне Віфлеема,
Дзве шыі слодыччу 
знясілены.
Так дзве змяі
Над чашай ззвілены
У медыцынскую эмблему.

Забіла забыццё ўладарна
Гняздоўе ўнізе
Гаспадарскае.
Зруб згніў.
Без працы бусел госціць.
Як адарыць мілосцю 
здарыцца,
Дык трэба адарыць — 
кагосьці.

(Пераклад Рыгора Барадуліна)

Гэтыя радкі — ізноў з верша Андрэя Вазнясенскага. З верша «Буслы», які паэт і прысвяціў Віктару Жаку.
Мне здаецца, што ў грамадства, ў людзей можа быць і такі падзел — на сумных і вясёлых. Канешне ж, ён быў вясёлым, як па сённяшнім часе, незямным зусім чалавекам, здольным радавацца багатаму, шчодраму і ўсё ж такі светламу жыццю.

... Аматары паэзіі ранейшых, даўніх дзесяцігоддзяў трымаюць у памяці мінскія сустрэчы з Бэлай Ахмадулінай, Андрэем Дземянцьеўскім, Яўгенам Еўтушэнкам , іншымі папулярнымі паэтамі 1960- 1980-х... І, лічы, ці не зкожнай з гэтых сустрэч пэўны ўдўзел нястомнага Віктара Жака... А што да Свіцязянскага паэтычнага дыхання, то і ў пазнейшыя часіны ўтульная мясцінка каля возера не аднойчы станавілася прытулкам паэтаў. Як — і фестываля «Свитязи ясной изящные крылья», так і іншых яркіх мастацкіх імпрэз, няхай сабе і без удзелу паэтаў з гучнымі імёнамі... 

Кастусь ЛЕШНІЦА
 

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.