На другім курсе акурат у канцы верасня сяброўка запрасіла мяне з’едзіць на яе малую радзіму ў журавіны. Ягад на балоце дзесьці пад Крычавам мы назбіралі цэлыя вёдры, але ж і прыгод на сваю галаву нажылі яшчэ больш. На балоце мы заблукалі, а пакуль знайшлі дарогу, спазніліся на апошні прыгарадны аўтобус, на якім меліся даехаць да райцэнтра, дзе быў начлег. Давялося шукаць, дзе пераначаваць, у наваколлі.
Так мы трапілі на хутар да бабулі Алімпы. Хата яе стаяла зусім побач з зонай адсялення, і сама бабуля павінна была выехаць, але адмовілася. Прадукты ёй прывозіў раз на тыдзень старшыня мясцовага сельсавета, так і ківалася адна, з гаспадаркі ў яе была толькі пярэстая кошка ды пара курэй. Вокны яе жытла выходзілі на пляскатае, як стол, бязмежнае балота, з якога насоўвалася восеньская ноч. Было і без таго не па сабе, а тут яшчэ бабка стала нам расказваць пра ваўкалакаў і каталакаў. Пра ваўкалакаў мы штосьці ведалі з кніжак, а вось каталакі, па ўсім, былі менавіта мясцовай легендай. Гэта тыя ж пярэваратні, толькі жанчыны. Калі мужчыны абарочваюцца вялізнымі ваўкамі, дык жанчыны становяцца вялізнымі кошкамі-рысямі (адсюль і назва). Мы слухалі са скептычнымі ўсмешкамі, а бабуля на поўным сур’ёзе расказвала, што ваўкалакі ў гэтых мясцінах перавяліся пасля вайны, а вось каталакі дагэтуль выходзяць на паляванне, яна сама бачыла незвычайную рысь некалькі гадоў таму на балоце…
З той прыгоды мінула шмат часу, мы згадвалі яе толькі ў настальгічных успамінах аб студэнцкім жыцці. Але тут зусім нечакана персанаж, звязаны з нячыстай сілай, прыгадаўся гэтым летам, калі наша дзевяцігадовая малая стала гуляць у дзіўную гульню. Канікулы пачыналіся пад знакам «хачу каціную маску!». Спачатку не маглі даўмецца, што маецца на ўвазе, але дзяўчынка расказала і паказала — у інтэрнэце відэа з падлеткамі, якія ў каціных ды лісіных масках бегаюць па доме і па вуліцы, было нямала. Як і прапаноў падобную маску заказаць і купіць. А тут яшчэ прыехала сяброўка-суседка, і ў яе такая маска ўжо была!
Мы тады яшчэ паняцця не мелі пра квадробераў, але, калі малая, атрымаўшы нарэшце запаветную маску, стала прасіць прыдумаць ёй хвост і што-небудзь на рукі, каб былі падобныя на каціныя лапы, тут я пра каталакаў і ўспомніла. Зрэшты, усё гэта выглядала як гульня, таму знайшлі і хвост, адпароўшы каўнер ад старога паліто, а ў старых пальчатках адрэзалі пальцы — вось і «лапы». Але было ў гэтым штосьці не вельмі і падобнае на гульню, хаця б таму, што была яна кіраванай з сеціва, таму, напэўна, і згадалася асацыяцыя з нячыстай сілай.
У нашым выпадку, дзякуй богу, усё скончылася, як і пачалося, — як чарговая гульня. Пару тыдняў малыя пахадзілі ў масках і з прычэпленымі хвастамі па вуліцы, памяўкалі, а пасля знайшлі новы занятак — у старым куратніку ўладкоўвалі сабе дом. Маску, ужо забытую і непатрэбную, я знайшла нядаўна ў вясковых сенцах, малая нават не забрала яе з сабой у горад…
Хаця, як аказваецца, гэта нам пашанцавала. Бо рух квадробераў (так завуцца тыя, хто знешнасцю і паводзінамі выдае сябе за жывёл) дзякуючы модзе ў інтэрнэце імкліва распаўсюджваецца па ўсім свеце, у тым ліку і ў нас. Падлеткі аб’ядноўваюцца ў суполкі, надзяваюць хвасты-маскі, бегаюць на чацвярэньках, нават спрабуюць кусацца... Пагадзіцеся, зусім мала падобна на гульню, асабліва калі ўлічыць, што гэтым «лісам», «ваўкам» і «кошкам» не дзевяць гадоў, а чатырнаццаць-пятнаццаць. Нібы вярнуліся містычныя часы ваўкалакаў, толькі пярэваратні вылазяць не ноччу пад поўняй, а сярод белага дня. І гэтыя пярэваратні — нашы дзеці.
Яны проста так забаўляюцца? У гэтым няма нічога страшнага? Так, але да пэўнай мяжы. Пакуль не стане зразумела, што хтосьці невядомы, які знаходзіцца невядома дзе, кіруе гэтымі бяскрыўднымі «коцікамі». (Гэтаксама як ужо зразумела, што хтосьці робіць на гэтым захапленні велізарныя грошы — на ўсіх гандлёвых анлайн-пляцоўках «маска і хвост для квадробінга» на любы густ, стартавая цана — 23 рублі, калі ж дадаць «лапы» — ужо 40.) Дзе гарантыя, што як сёння кідаюцца купляць гэтыя цуд-наборы, заўтра тыя ж падлеткі ў масках і з хвастамі не пачнуць гуляць у ваўкалакаў-каталакаў у іх першапачатковым значэнні — кідаючыся на людзей цэлай арганізаванай зграяй па камандзе таго ж невядомага?
А людзі, прыгадаўшы спрадвечны досвед продкаў, не стануць адбівацца ад гэтых «пярэваратняў», як ад пярэваратняў адбівацца і належыць?
Я гіпербалізую праблему і раблю з мухі слана? А вы згадайце суполку «Сіні кіт», якая спачатку нібыта проста аб’ядноўвала падлеткаў, якія адчуваюць сябе адзінокімі і нікому не патрэбнымі, а пасля гэтыя самыя падлеткі скончылі жыццё самагубствам па камандзе куратара, які так і застаўся невядомым, — у Расіі было некалькі дзясяткаў пацверджаных выпадкаў. Вы ўпэўненыя, што вашай дачушчы ці ўнучцы, якой па яе настойлівай просьбе купілі «ўсяго толькі маску, хвосцік і лапкі», не прыйдзе ў пэўны момант паведамленне-загад: «Сёння выходзім на паляванне» — і што яна не збярэцца і не пойдзе, прыхапіўшы з сабой тое, што на «паляванні» заменіць звярыныя іклы і кіпці, напрыклад нож?
Калі ўпэўненыя — што ж, няхай ваш «коцік» радуецца падарунку і гуляе. Галоўнае — не прапусціць, калі коцік раптам пачне ператварацца ў каталака.
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».