Днямі Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі адзначыць 50-гадовы юбілей. За гэты час яна дала пуцёўку ў жыццё звыш 14 тысячам спецыялістаў. Больш матываваную, мэтанакіраваную і гатовую да выпрабаванняў моладзь, чым тая, што прыходзіць у навучальную ўстанову, знайсці цяжка. Тут вучацца тыя, хто свядома абраў вельмі складаную прафесію, якая патрабуе ведаў у многіх галінах: ад супрамату да метэаралогіі, ад англійскай мовы да медыцынскай дапамогі. Але апантаных небам юнакоў і дзяўчат гэта не палохае. Попыт на прафесію не падае і нават вырас. Сёлета на навучанне ў акадэмію прынялі (разам з завочнай формай) 423 абітурыенты. У мінулым годзе гэтая лічба была 393, а ў 2022 — 309.
Досыць дакладныя далягляды, нягледзячы на санкцыі, бачацца сёння ў развіцці грамадзянскай авіяцыі Беларусі.
— Цяперашнім часам прапрацоўваецца адкрыццё новых авіярэйсаў з Мінска ў рэгіёны Расіі, — расказаў кансультант Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Генадзь Касцюк. — Палёты пераарыентаваліся з захаду на ўсход і на поўдзень.
Па словах спецыяліста, з’явіліся і новыя напрамкі. Расійскія перавозчыкі пачалі лятаць у Нацыянальны аэрапорт «Мінск» з Чарапаўца, Калугі, Ніжняга Ноўгарада, Пермі. Не так даўно стартавалі палёты ў Мінеральныя Воды, Ульянаўск, Архангельск. Нацыянальны авіяперавозчык краіны «Белавія» паляцела ў Махачкалу.
— З рэгіёнамі Расіі наладжваецца арганізацыя прамых авіязносін з Барнаулам, Уладзікаўказам, Валгаградам, Омскам, Томскам, Цюменню. Працягваецца супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі, — сказаў Генадзь Касцюк. — У мінулым годзе «Белавія» запусціла рэгулярныя рэйсы ў Дэлі. Рыхтуецца да правядзення працэдура ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення для падпісання міжнародных пагадненняў аб паветраных зносінах з Венесуэлай, Кеніяй, Сейшэламі, Саудаўскай Аравіяй.
Кансультант Мінтранса дадаў, што да палётнай дзейнасці падключаюцца і абласныя цэнтры Беларусі. У мінулым годзе запушчаны рэйсы з Гомеля ў Маскву, сёлета — з Гомеля ў Санкт-Пецярбург і з Брэста ў Маскву.
Акадэмія авіяцыі ўнікальная ў сваім родзе ўстанова адукацыі. Акрамя таго, што яна адзіная ў краіне вядзе падрыхтоўку спецыялістаў авіяцыйнай галіны, ёсць у яе яшчэ адна важная адметнасць: тут можна атрымаць і сярэднюю спецыяльную адукацыю з прысваеннем працоўных прафесій, і агульную вышэйшую, скончыць магістратуру і аспірантуру, а пры неабходнасці прайсці курсы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі. Ёсць тут і ваенны факультэт, куды ў мінулым годзе ўпершыню набралі дзяўчат.
Па словах рэктара акадэміі Арцёма Шагідзевіча, сёлетняя ўступная кампанія была сапраўды паспяховай. Усе даведзеныя лічбы прыёму — і на бюджэтнай, і на платнай аснове — выкананы, а практыка прыёму на ваенны факультэт прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва будзе працягвацца і надалей.
— Конкурс на інжынерныя спецыяльнасці складае, як правіла, два і больш чалавекі на месца, — канстатаваў рэктар БДАА. — Вышэй за леташні ён склаўся па спецыяльнасці «Беспілотныя авіяцыйныя комплексы».
Арцём Шагідзевіч падкрэсліў, што тэндэнцыя, калі нейкі кірунак «прасядае» па лічбах прыёму, затым, наадварот, у ім узрастае зацікаўленасць, назіраецца з году ў год. Аднак ёсць спецыяльнасць, якая заўсёды «на піку», — інжынер-пілот. Яе папулярнасць гаворыць толькі аб адным — запатрабаванасці авіятараў у краіне. І канкурэнцыя сярод абітурыентаў даволі высокая.
Дынамічнае развіццё — гэта пра акадэмію авіяцыі. Апроч таго, што ў навучанні выкарыстоўваюцца найноўшыя тэхналогіі і абсталяванне, тут рэгулярна з’яўляюцца і новыя прафілізацыі. Сёлета, напрыклад, у рамках спецыяльнасці «Арганізацыя паветранага руху» з’явіўся профіль «Забеспячэнне бяспекі на паветраным транспарце, авіяцыйная бяспека». Спецыялісты з такой адукацыяй будуць запатрабаваны, у тым ліку, і ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Арцём Шагідзевіч адзначае, што моладзь з задавальненнем адгукнулася на прапанову вучыцца па дадзеным профілі, і конкурс атрымаўся дастаткова высокі — 3,1 чалавека на месца.
Вялікая ўвага ў БДАА ўдзяляецца прафарыентацыйнай рабоце, якая вядзецца разам з заказчыкамі кадраў. У школах адкрываюцца інжынерныя класы авіяцыйнай накіраванасці, як вынік — ужо некалькі гадоў запар колькасць першакурснікаў у акадэміі авіяцыі павялічваецца.
У жніўні гэтага года пры ўстанове адукацыі адкрылася першая летняя школа для старшакласнікаў, дзе падлеткаў знаёмілі з асновамі авіямадэлявання, распрацоўкай чарцяжоў міні-самалётаў, вырабам дэталяў. Юныя авіяаматары таксама вывучалі мову міжнароднай камунікацыі пілотаў — англійскую, а таксама гісторыю айчыннага самалётабудавання. Гэты, пакуль яшчэ пілотны, праект плануюць развіваць і надалей.
У перспектыве Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі разлічвае адкрыць спецыяльнасць па падрыхтоўцы авіяканструктараў.
— Тэма актуальная і важная для нас, — адзначыў Арцём Шагідзевіч. — Мы разумеем, што канструктарская школа для Беларусі — гэта новыя кампетэнцыі, веды, перспектыўныя напрамкі развіцця тэхнікі. Перакананы, што нам гэта ўдасца зрабіць. Патрэбны час, неабходны спецыялісты і матэрыяльна-тэхнічная база. У акадэміі ўжо адкрылі лабараторыю авіярухавікабудавання, вядзецца работа з нашымі партнёрамі — універсітэтамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казані, Уфы, Ніжняга Ноўгарада. Галоўнае — усе адкрыты для супрацоўніцтва. І мы зробім усё, каб дабіцца выніку.
Рэктар адзначыў, што сёння акадэмія авіяцыі — гэта камфортныя ўмовы для вучобы і побыту курсантаў. Гэта вялікая колькасць авіяцыйнай тэхнікі — рухавікоў і паветраных судоў. Зусім нядаўна навучальны лётны парк папоўніўся самалётам СRJ200LR з сучасным інтэрфейсам, авіёнікай, добрым фюзеляжам і камфортным салонам.
Будучыя дыспетчары адпрацоўваюць навыкі на сучасным трэнажоры для дыспетчарскага складу, які плануецца згрупаваць з лётным трэнажорам, каб курсант, седзячы за штурвалам самалёта, разумеў абстаноўку і быў на сувязі з дыспетчарам.
Ёсць тут таксама лабараторыі беспілотных лятальных апаратаў і аэрадынамічных выпрабаванняў. Нямногія краіны могуць сабе дазволіць падобнага роду даследаванні.
Агульнапрызнана, што авіяцыйная адукацыя экспартаарыентаваная. Арыентавана на гэты кірунак і Беларуская акадэмія авіяцыі.
— За кошт экспарту адукацыйных паслуг атрымліваем двайны эфект: і заробак, і прэстыж нашай установы адукацыі, — лічыць рэктар. — Галоўнымі партнёрамі з’яўляюцца краіны СНД, шчыльна працуем з рэгіёнам Персідскага заліва, інтэнсіўна развіваецца афрыканскі напрамак. Венесуэла, Кітай, Тайланд, Індыя, Шры-Ланка — таксама нашы партнёры. Ёсць досвед працы па падрыхтоўцы спецыялістаў з Ізраіля, прычым не толькі на першай, але і на паглыбленай ступені адукацыі — магістратуры. Зацікаўлены ў падрыхтоўцы кадраў у нас Манголія і Егіпет. Маем амбіцыйныя планы, імкнёмся, каб нацыянальная школа падрыхтоўкі і лётнага саставу, і ўсяго авіяцыйнага персаналу заняла дастойнае месца не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў сусветным маштабе. Думаю, што гэта цалкам магчыма.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота аўтара
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.