Вы тут

Якія пытанні ўздымаюцца падчас I Форуму блогераў, які гэтымі днямі праходзіць у Мінску


У першага падобнага мерапрыемства, арганізатарам якога з’яўляецца Міністэрства інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, красамоўная назва — «БлогБай. Нам ёсць што сказаць!» У тым ліку з гэтай мэтай, а яшчэ каб падзяліцца вопытам з калегамі, даведацца актуальную інфармацыю з вуснаў вядомых медыяэкспертаў і журналістаў, у сталіцу з’ехаліся прадстаўнікі блогасферы з усіх рэгіёнаў краіны. Акрамя таго, у форуме прымаюць удзел прадстаўнікі прэс-службаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, спецыялісты ў сферы масавых камунікацый Беларусі і Расіі. 


 

Акрамя пленарнага пасяджэння, у праграме форуму — адукацыйная лекцыя, тэматычныя экскурсіі, тэарэтычныя і практычныя лекцыі ад кіраўнікоў і журналістаў аўтарытэтных СМІ, папулярных блогераў. 

«Каб краіна заставалася такой жа мірнай, трэба папрацаваць»

«Мы сабраліся, каб пагаварыць, пагутарыць, можа быць, нечаму навучыцца, але, самае галоўнае, — атрымаць уражанні і выпрацаваць пэўную формулу камунікату дзяржавы з блогерамі і блогераў з дзяржавай, — звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, патлумачыў мэту мерапрыемства міністр інфармацыі Марат Маркаў. — Вельмі хачу, каб вы атрымалі, у першую чаргу, задавальненне і нейкія веды, якія, магчыма, вам спатрэбяцца». 

Кіраўнік інфармацыйнага ведамства звярнуў увагу на тое, што агульная аўдыторыя ўсіх блогераў, якія ўдзельнічаюць у форуме, — больш як 27 мільёнаў падпісчыкаў. «Гэтыя людзі на вас арыентуюцца, яны вас слухаюць, звяраюць свае думкі з вашымі, — канстатаваў міністр. — Гэта накладвае пэўную адказнасць, і я хачу, каб аб гэтай адказнасці мы сёння таксама пагаварылі».

Па словах Марата Маркава, ад блогерскай супольнасці сёння залежыць нямала. «Каб краіна заставалася такой жа прыгожай і, самае галоўнае, мірнай, крыху трэба папрацаваць, — канкрэтызаваў ён. — Не толькі міністэрству інфармацыі, міністэрству адукацыі або Белтэлекаму, Адміністрацыі Прэзідэнта, а ўсім вам у першую чаргу». 

Першы форум блогераў Беларусі «Блог Бай. Нам ёсць што сказаць!» стартаваў у Мінску.

Міністр інфармацыі прапанаваў блогерам расказаць пра гэты форум так, каб на яго хацелася сабрацца ўсім тым, хто сюды не патрапіў. «Вельмі хачу, каб тым, хто ўдзельнічае ў мерапрыемстве (а яно сапраўды ўнікальнае), яно настолькі спадабалася, што яны сказалі: міністэрства, рабіце яшчэ, — патлумачыў Марат Маркаў гэты пасыл у размове з журналістамі. — Калі мы не будзем збірацца разам, калі не будзем разумець, наколькі гэта важна сёння для краіны і кожнага з нас, — значыць, мы альбо нямногага варты, альбо проста не любім сваю краіну, а яе любіць трэба».

 

«Журналісты СМІ і блогеры — гэта ўсе грамадзяне нашай краіны»

У размове з журналістамі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў адзначыў важнасць супрацоўніцтва блогераў і журналістаў дзеля будучага медыяландшафту краіны. «Блогеры — гэта такія ж грамадзяне нашай краіны, гэта людзі сацыяльна актыўныя, людзі, якія прадстаўляюць у сваіх блогах свой пункт гледжання, свае адносіны да тых ці іншых аб’ектаў, якія яны адлюстроўваюць у сваім блогасяроддзі, — канстатаваў ён. — Яны маюць вялікую аўдыторыю. Значыць, іх меркаванне, іх погляд на тую ці іншую сферу цікавыя вялікай колькасці людзей. І многія з гэтых людзей жывуць далёка за межамі нашай Беларусі».

Таксама намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта лічыць важным супрацоўніцтва журналістаў традыцыйных медыя і тых, хто прадстаўляе так званую грамадзянскую журналістыку. «Яшчэ раз паўтару: і журналісты СМІ, і блогеры — гэта ўсе грамадзяне нашай краіны, гэта тыя, хто жадае лепшага нашай краіне, людзям, якія тут жывуць, жадае росквіту і прыгажосці, дабрабыту свайму маленькаму рэгіёну або той сферы, пра якую яны складаюць свае блогі, у якой яны, магчыма, працуюць і разумеюць значна лепш і больш, чым журналіст, які прыехаў туды на здымкі», — патлумачыў ён. 

 

Кажучы аб лічбавым суверэнітэце, Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што правілы гульні мяняюцца. У прыватнасці, выразаюцца альтэрнатыўныя для Захаду каналы з Беларусі і Расіі. І Telegram пасля затрымання Паўла Дурава, па яго словах, ужо не будзе такім свабодным, якім ён здаваўся яшчэ ўчора. Пры гэтым намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта расказаў, што ў Саюзнай дзяржаве развіваюць свае платформы, і заклікаў блогераў выкарыстоўваць іх для размяшчэння аўтарскіх відэа.

«Мы разумеем, што інтэрнэт і ўсё, што ў ім адбываецца, ніколі ўжо не будзе такім, якім ён быў 15 ці нават 10 гадоў таму, — рэзюмаваў Уладзімір Пярцоў. — У такім асяроддзі мы з вамі знаходзімся — ва ўмовах, калі супраць нас усіх вядзецца гэтая інфармацыйная агрэсія. І я вельмі прашу вас заставацца такімі ж патрыятычнымі людзьмі, якія жадаюць жыць, ствараць і дабівацца росквіту роднай Беларусі». 

«Наша задача — каб кантэнт, які вырабляецца на карысць Беларусі, знаходзіўся на нашых серверах»

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант звярнуў увагу на тое, што ў сучасных умовах блогеры з’яўляюцца не толькі стваральнікамі кантэнту, але і важнымі ўдзельнікамі інфармацыйнага поля. Па яго словах, Белтэлерадыёкампанія адкрыта да супрацоўніцтва з блогерамі. «Асабліва гэта датычыцца тых, хто займаецца грамадска-палітычнай журналістыкай і блогерствам, — удакладніў кіраўнік СМІ. — У нас хапае эфірнага часу. Мы, правёўшы пэўныя перамовы і абмеркаваўшы тэматыку, гатовы прадаставіць час для вас — тых, хто хоча гэтым займацца: вытворчасцю і генерыраваннем інфармацыі, у першую чаргу аналітычных матэрыялаў».

Іван Эйсмант расказаў аб эфектыўнасці навінавай сістэмы ў інфармацыйнай вайне, прэзентаваў новыя праекты, якія нядаўна запусціла Белтэлерадыёкампанія — канал «Першы інфармацыйны» і сайт навін «news.by».

 

 

Яшчэ адзін інфармацыйны прадукт, які нядаўна з’явіўся ў айчынным медыяасяроддзі, прэзентавала генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч. Размова ідзе пра партал VIDEOBEL.BY, дзе на адной платформы змешчаны нацыянальны грамадска-палітычны кантэнт.

Па словах медыямэнеджара, патрэбна была платформа, якую не будуць цэнзураваць па амерыканскай адмашцы. У гэтай сувязі Ірына Акуловіч нагадала выказванні Прэзідэнта Беларусі: «Нам не трэба чужога, свой дабрабыт мы створым самі, сваёй працай і на сваёй зямлі». А для гэтага, па словах гендырэктара БелТА, патрэбен уласны рэсурс. «Галоўная асаблівасць VIDEOBEL у тым, што ў адным месцы можна глядзець усё самае важнае, — падкрэсліла яна. — Партал адаптаваны пад усе платформы: тэлефон, тэлевізар, камп’ютар. Наша задача — зрабіць партал зручным для карыстальніка». Невыпадкова кожнае відэа разбіваецца на тэматычныя адрэзкі. Аднак па гэтай прычыне яно не адразу з’яўляецца на партале пасля яго выхаду ў эфір на нацыянальных каналах. 

«Цяпер, працуючы невялікай камандай, мы, безумоўна, не можам размясціць тут усё відэа, — паведаміла Ірына Акуловіч. — Але ў бліжэйшы час гэта стане магчымым. Гэта неабходна рабіць, бо наша задача — каб кантэнт, які вырабляецца на карысць Беларусі, знаходзіўся на нашых серверах».

«Блогерства — гэта з’ява, якая з’яўляецца часткай вялікага працэсу»

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін паразважаў на тэму «Блогерства: свабодная творчасць або адказная грамадзянская журналістыка?» «Як палітолаг, я не веру ні ў твітарныя, ні ў фэйсбучныя, ні тэлеграмныя, ні ніякія іншыя блогерскія рэвалюцыі, — падкрэсліў ён. — І нават праславуты тэлеграм-канал, які ў нас на слыху быў у 2020-м, — гэта толькі частка працэсу. Гэта вельмі важны момант, каб мы ўсведамлялі і не апынуліся ў той сітуацыі. Блогерства — гэта з’ява, якая з’яўляецца часткай вялікага працэсу. Ні ў якім разе не трэба думаць, што тыя перамены, тыя вялізныя змяненні, аб якіх мы часткова сказалі, мяняюць нешта надоўга». 

 

 

У гэтай сувязі Вадзім Гігін задаў блогерам некалькі пытанняў, на якія, па яго меркаванні, павінен адказаць кожны прадстаўнік блогасферы. «Ці з’яўляецца блогер журналістам, і ў якой частцы ён становіцца журналістам? Вельмі важна — ці лічыце вы сябе журналістам? Другое пытанне — ці павінен блогер быць стопрацэнтным экспертам у тым, аб чым мы гаворым? А я вам скажу, што адны з самых аўтарытэтных экспертаў у арміі нават не служылі. Тым не менш, людзі ім давяраюць, калі яны разважаюць аб перамяшчэнні танкавых калон, прымяненні батальённых тактычных груп, чаму гэтая тактыка ўжо састарэла і інш. Гэта абмяркоўваюць людзі, якія аб арміі разумення не маюць, тым не менш у іх сур’ёзныя падпіскі».

Звярнуў увагу палітолаг і на яшчэ важны момант — ці ёсць неабходнасць у блогерскай этыцы? «Ёсць шматлікія пробы яе распрацаваць, але нешта мне падказвае, што нярэдка поспех у гэтай сферы ляжыць праз парушэнне этычных норм», — патлумачыў ён. Вадзім Гігін папярэдзіў блогерскую супольнасць аб тым, што многіх блогераў выкарыстоўваюць або будуць спрабаваць гэта зрабіць і з палітычнага пункту гледжання. «І перад вамі стане пытанне — хто вы ў палітыцы: інструмент, аб’ект, удзельнік або вы нейтральную пазіцыю хочаце заняць? — канкрэтызаваў свой тэзіс медыяэксперт. — І калі вы захочаце мець нейтральную пазіцыю, не факт, што вас у ёй пакінуць, бо ўсё роўна ўсе мы з’яўляемся закладнікамі гэтага вялікага працэсу».

 

Адсутнасць рэгулявання блогасферы і сакрэт поспеху

Начальнік аддзела ГУБАЗіК МУС Артур Гайко агучыў праблему адсутнасці рэгулявання блогасферы і падкрэсліў, да якіх негатыўных тэндэнцый гэта можа прывесці. «Я рэгулярна праводжу розныя даследаванні, камунікую з людзьмі, якія аказаліся схільнымі да экстрэмісцкаму ўплыву, — паведаміў ён. — Напэўна ўсе чулі гэтую заезджаную фразу: „Я паддаўся ўплыву дэструктыўных Telegram-каналаў“. Гэта я чую ў 90% выпадкаў».

Артур Гайко звярнуў увагу блогерскай супольнасці на неабходнасць трансляцыі праўдзівага кантэнту і пазбяганння фэйкаў. «Напэўна, сацыяльныя, палітблогеры бачылі, што шмат у каго няма межаў і рамак дазволенасці, — канкрэтызаваў ён. — Хтосьці вельмі часта пераходзіць на асобы, пачынаюцца, як кажуць на слэнгу, халівары. Гэта ўсё з-за адсутнасці рэгулявання благасферы». У гэтай сувязі начальнік аддзела ГУБАЗіК МУС лічыць правільнай ініцыятыву ўсім сабрацца, пагаварыць, убачыць адзін аднаго і ўжо далей ад гэтага адштурхоўвацца. У той жа час, па яго словах, у нашай краіне ёсць і дастойныя блогеры, якіх трэба было б прасоўваць. 

 

У форуме таксама браў удзел вядомы сярод моладзі блогер са звыш чым мільённай аўдыторыяй, спявак і тэлевядучы тэлеканала МУЗ-ТВ Улад Кабякоў, які падзяліўся сакрэтам свайго поспеху, і расказаў аб уплыве блогераў на сучаснае грамадства. Ён звярнуў увагу і на важнасці пашырэння прысутнасці тэлебачання ў інтэрнэт-асяроддзі, каб яно карысталася большай папулярнасцю ў моладзі. 

«Тэлебачанне павінна ствараць не толькі навінавыя ролікі, але і забаўляльныя інтэрнэт-праекты: такія, як музычныя шоу і чэленджы, — лічыць малады чалавек. — Калі АНТ пачне здымаць не толькі шортсы з навін, але і чэленджы, гэта будзе проста бомба. Я ўжо заўважаю з’яўленне беларускіх тэлеканалаў на платформах, і гэта станоўчы крок у напрамку лічбавага развіцця». 

Кажучы аб уплыве блогераў у палітычным парадку дня, блогер-мільённік перакананы, што ва ўмовах інфармацыйнай вайны важна кантраляваць не толькі тое, што даносіцца да аўдыторыі, але і хто гэта робіць. «Прыкладам таму служыць досвед у Расіі, дзе блогеры актыўна ўдзельнічаюць у сацыяльна значных праектах, — канкрэтызаваў ён. — Адным з такіх праектаў стала акцыя па зборы гуманітарнай дапамогі дзецям Данбаса сумесна з губернатарам Маскоўскай вобласці. Важна, каб блогеры дапамагалі людзям, а людзі — блогерам, каб усе трымаліся разам».

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.