Міжнародны Дзень перакладчыка (свята адзначаецца 30 верасня, пачынаючы з 1991 года, — згодна рашэнню Міжнароднай федэрацыі перакладчыкаў; а ў 2017 годзе Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, абвясціўшы 30 верасня Міжнародным днём пераклада, які адзначаецца ў межах ААН) стаў нагодай для ўшаноўвання лепшых майстроў мастацкага перакладу ў Чачэнскай Рэспубліцы.
У Нацыянальнай бібліятэцы ў Грозным Саюз пісьменнікаў Чачэнскай Рэспублікі правёў ушанаванне тых паэтаў, празаікаў, дзіцячых пісьменнікаў, якія працуюць і на ніве мастацкага перакладу. Старшыня пісьменніцкай арганізацыі Аламахад Ельсаеў уручыў узнагароды лепшым працаўнікам на ніве мастацкага перакладу. Сярод узнагароджаных — народны пісьменнік Чачэнскай Рэспублікі Адам Ахматукаеў, які шмат зрабіў дзеля прадстаўлення беларускай паэзіі на чачэнскай мове. Дзякуючы яго намаганням у апошнія гады ў розных перыядычных выданнях, а таксама ў зборніку беларускай паэзіі анталагічнага характару дыялог з чачэнскім чытачом вядуць Якуб Колас, Янка Купала, Пімен Панчанка, Уладзімір Караткевіч, Мікола Мятліцкі, Алесь Бадак, Віктар Шніп... Аламахад Ельсаеў выканаў і даручэнне беларускіх калег, уручыўшы Адаму Ахматукаеву Ганаровую грамату Саюза пісьменнікаў Беларусі і Ганаровую грамату Выдавецкага дома «Звязда».
На сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы Чачэнскай Рэспублікі шмат хто гаварыў пра развіццё, умацаванне беларуска-чачэнскіх сувязяў літаратурных сувязяў. Гучалі імёны тых рупліўцаў, якія гэтаму актыўна спрыялі і спрыяюць, — шматгадовы галоўны рэдактар часопіса «Нана» («Маці») Лула Куні, Руслан Кагадзіеў, Пецімат Петрымава, Адам Ахматукаеў... Шчырая творчая каманда сяброў беларускай літаратуры! Дзякуючы ім на чачэнскую мову пераўвасоблены беларускія народныя казкі, у розных выданнях надрукаваны артыкулы пра класікаў беларускай літаратуры. Дзякуючы ім болей шырокімі сталі ўяўленні пра характар народа Беларусі ў чачэнскіх чытачоў!..
Сяргей ШЫЧКО
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».