На працягу чатырох дзён зборныя каманды 15 галіновых прафсаюзаў будуць спаборнічаць у дзевяці відах спорту. Валейбол, плаванне, більярдны спорт, лёгкая атлетыка, міні-футбол, кулявая стральба, настольны тэніс, гіравы спорт, дартс — ва ўсіх гэтых відах прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый розных галін эканомікі пакажуць сваё майстэрства. Па традыцыі арганізатарамі маштабнага спартыўнага мерапрыемства выступаюць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства спорту і турызму.
У складзе кожнай каманды па 48 удзельнікаў — усяго больш за 700 чалавек. Гэта спартсмены-аматары: па зацверджаных правілах да ўдзелу ў спартакіядзе не дапускаюцца прафесійныя спартсмены, уключаныя ў спісачны склад нацыянальных і зборных каманд краіны па адпаведных відах спорту.
— Прынамсі як паказвае практыка, спартыўны напал, эмоцыі і рызыка падчас правядзення спартакіяды не саступаюць прафесійным спаборніцтвам, — адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. — Міжгаліновыя спартакіяды праводзяцца раз у два гады. Напярэдадні рэспубліканскай спартакіяды спаборніцтвы прайшлі на галіновым і рэгіянальным узроўні.
Неабходна адзначыць, што ў цэлым Федэрацыя прафсаюзаў надае вялікую ўвагу фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце ў працоўных калектывах. Яна не абмяжоўваецца арганізацыяй і правядзеннем спартакіяд і турыстычных злётаў. Працягваецца работа па ўнясенні ў тарыфныя, мясцовыя пагадненні і калектыўныя дагаворы палажэнняў, якія падтрымліваюць работнікаў, што вядуць актыўны і здаровы лад жыцця. Гэта матэрыяльная падтрымка, дапамога ў набыцці абанементаў у спартыўныя залы, басейны, у арганізацыі памяшканняў для заняткаў спортам на прадпрыемствах, арганізацыя адпачынку і аздараўлення сем’яў з дзецьмі і шмат іншага.
Алена КРАВЕЦ
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».