Шчырыя і адкрытыя размовы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са студэнтамі беларускіх ВНУ працягваюцца. Грамадска-палітычныя і асабістыя пытанні з кіраўніком дзяржавы гэтым разам абмеркавалі студэнты ВНУ інжынерна-тэхнічнага профілю. «Адкрыты мікрафон з Прэзідэнтам» сабраў на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі неабыякавых студэнтаў, магістрантаў і выкладчыкаў з шасці ўніверсітэтаў, якія рыхтуюць людзей, адказных за тэхналагічны і навуковы суверэнітэт краіны. Першая падобная сустрэча прайшла ў пачатку верасня ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. Тады кіраўнік дзяржавы адзначаў, што наспела тэма для сур’ёзнай размовы з пакаленнем, якому наканавана працягваць гістарычны шлях Беларусі.
Наведванне ўніверсітэта Прэзідэнтам — гэта яшчэ і добрая нагода правесці міні-праверку таго, як тэхнічныя ВНУ рыхтуюць кадры, які ўклад робяць у рэальны сектар эканомікі. Спецыяльна для гэтага была прадстаўлена выстаўка навуковых і інавацыйных дасягненняў тэхнічных ВНУ Мінска. Яны датычацца такіх сфер, як стандартызацыя, павышэнне абараназдольнасці, авіяцыя, транспарт і бяспека дарожнага руху. Медыцынскія і аграрныя тэхналогіі, сувязь. Рэктар БДУІР Вадзім Богуш расказаў, што ўніверсітэт працуе разам з абаронным сектарам эканомікі. Прэзідэнт пацікавіўся, ці могуць яны дапамагчы зрабіць высокадакладную і перашкодаўстойлівую ракету. Рэктар Вадзім Богуш далажыў, што работы ў гэтым напрамку вядуцца. «Калі вы гэта зробіце, тады я буду лічыць, што вы не дарма хлеб ясце. Усё, што трэба, прасіце. Мы вам створым усе ўмовы. Але трэба зрабіць ракету перашкодаўстойлівую», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. ВНУ займаецца і беспілотным транспартам. Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў, што адставаць у гэтай сферы нельга. Тэма надзвычай важная, як заўважыў кіраўнік дзяржавы ў аўторак, аглядаючы айчынныя мадэлі беспілотнікаў, сёння без іх ніякая вайна немагчымая. Таму градус увагі да беспілотнікаў зніжацца не будзе.
«БДУІР рыхтуе спецыялістаў і праводзіць навуковыя даследаванні па трох асноўных ключавых для краіны напрамках: мікраэлектроніка, радыёэлектроніка і сфера інфармацыйных тэхналогій. Мы працуем у цесным звязку з нашымі прадпрыемствамі. І ўступную кампанію гэтага года мы выканалі ў поўным аб’ёме, — расказаў рэктар БДУІР. — Пры гэтым мы пачалі падрыхтоўку па трох новых спецыяльнасцях — „электроннае машынабудаванне“ (мы яе робім разам з „Планарам“ і „Інтэгралам“), „кіберфізічныя сістэмы“ і „лічбавы маркетынг“ (разам з прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці і ПВТ)». Вадзім Богуш таксама адзначыў, што асаблівая ўвага ва ўніверсітэце ўдзяляецца практыкаарыентаванаму навучанню, каля 20 працэнтаў выкладчыкаў — эксперты з рэальнага сектара эканомікі.
Свае інавацыйныя распрацоўкі прадставілі таксама Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі і Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі. Студэнты гэтых ВНУ атрымалі ўнікальную магчымасць напрамую пагаварыць з Прэзідэнтам. І яны яе не ўпусцілі — сустрэча працягвалася каля трох гадзін.
Тон сустрэчы быў зададзены адразу. «Вы будучыня нашай краіны. Як бы гэта банальна ні гучала, заўсёды было так, моладзь — будучыня нашай краіны. І вельмі важна тое, які ў вас настрой, што вы думаеце аб будучым. Можа быць, нашы меркаванні не супадаюць. Тады давайце знойдзем пэўны кампраміс, як гэта павінны быць у разумных славян, беларусаў. Мы заўсёды былі людзьмі памяркоўнымі і кампраміснымі. Гэта вельмі важна», — адзначыў Прэзідэнт. Але найперш некалькі слоў на злобу дня.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дастаткова інфармаваны аб многіх працэсах у грамадстве. Ён расказаў, што ведае і аб сітуацыі ў ВНУ, у курсе таго, як праходзіць уступная кампанія, размеркаванне. «Пра што вы пішаце, гаворыце, спрачаецеся, таксама мне вядома. У агульных рысах. — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але галоўнае для мяне як для Прэзідэнта заключаецца ў тым, каб кожны з нашых маладых людзей, скончыўшы сярэднюю школу, меў магчымасць паступіць у ВНУ. На роўных». Прэзідэнт успомніў, як у савецкія часы паступіць ва ўніверсітэт было вельмі цяжка з-за вялікага конкурсу, існавала і праблема блату. «Я б вельмі засмуціўся, калі нехта з нашых студэнтаў сказаў, што ў нас гэта праблема існуе. У нас, наколькі я разумею гэты працэс, існуе іншая праблема — у нас у многія ВНУ недаборы на спецыяльнасці пэўныя», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. У той жа час, па яго словах, шмат робіцца для таго, каб ва ўсіх была магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю. Як прыклад — мэтавыя накіраванні, асабліва гэта актуальна для выпускнікоў сельскіх школ. «Я імкнуся рабіць усё, каб усе мелі роўныя ўмовы», — заўважыў Прэзідэнт.
«Інфаасяроддзе ўсіх нас зрабіла вельмі адкрытымі і, на жаль, уразлівымі. Вы гэта лепей за мяне разумееце. Вам, будучым спецыялістам у інфармацыйных тэхналогіях, электроніцы, не трэба расказваць аб хуткасці распаўсюджвання і здабывання даных аб любым чалавеку. І калі мы самі давяраем гэтыя звесткі гаджэту, то разумеем, што становімся не суб’ектам адносін, якія завязваюцца ў інфапрасторы, а аб’ектам», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, што на яго рабочым стале часта з’яўляюцца даныя сацыялагічных даследаванняў з прэтэнзіяй на фарміраванне сацыяльнага партрэта сучаснай моладзі. «Але я ведаю, што ніводзін такі дакумент, ні адна дакладная запіска ці справаздача па актуальных праблемах маладзёжнай палітыкі не адкажуць на галоўнае пытанне: хто працягне будаваць і развіваць Беларусь?», — адзначыў Прэзідэнт. Менавіта гэта ён назваў прычынай сваіх сустрэч са студэнтамі. «Вы прыйшлі сюды, каб задаць свае пытанні Прэзідэнту, а я прыйшоў, каб убачыць вас, зразумець і скласці ўласную думку, знайсці адказ на гэтае пытанне — самае важнае для мяне сёння. Паўтару яго: хто працягне нашу гісторыю? Гісторыю суверэннай Беларусі. Кажу пра гэта шчыра і адкрыта», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што яго раніца звычайна пачынаецца з агляду грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і свеце. Ён заўважыў, што зараз увесь свет сочыць за ходам электаральнай кампаніі ў ЗША. Аляксандр Лукашэнка, растлумачыў чаму: «Так. гэта важная краіна, ад яе ў многім залежыць, як будуць далей развівацца сусветныя адносіны дзяржаў. Але ў асноўным, таму што ператварылі палітычны працэс у цікавы захапляльны серыял».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сучасныя палітыкі, эксперты, аналітыкі канструктыўнай сусветнай большасці вымушаны гаварыць аб рэальнай сітуацыі, паўтараючы адзін і той жа наратыў — «свет на мяжы новай сусветнай вайны». Ён растлумачыў, што гэта кажуць не для таго, каб напалохаць. А для таго, каб не адцягваць увагу на дурасці, не расслабляцца, канцэнтравацца на нацыянальных інтарэсах. «Я часта кажу: Беларусь — кавалак зямлі. Гэта не вызначэнне тэрытарыяльных маштабаў. Гэта пра тое, што свет вялізны. І нікому, акрамя нас, мы не патрэбны. Паверце майму досведу. Але калі паглядзець з пункту гледжання геапалітычных інтарэсаў іншых краін, то ўбачым іншы вобраз», — сказаў Прэзідэнт. Ён прывёў лічбы ў пацверджанне: адна Беларусь — гэта 6 такіх дзяржаў як Бельгія, 5 такіх краін як Нідэрланды, больш за 2 з паловай Аўстрыі ці Чэхіі па тэрыторыі. «Мы можам размясціць у сябе народы ўсёй Прыбалтыкі і Малдовы. Гэта прыкладна. І не толькі размясціць. Можам апрануць і накарміць», — заўважыў беларускі лідар. Таксама ён дадаў, што ў нас ёсць лес і балоты — лёгкія Еўропы. «Нашы апрацаваныя палі, вада — рэсурсы, якія ў будучыні стануць на вагу золата, таму што не ў кожнай еўрапейскай краіне існуе такі запас і не ўсе яго берагуць, як гэта робім мы. Дарэчы, у перыяд Першай сусветнай вайны нас не саромеючыся рабавала Германія, пасля падзелу Беларусі ў 1921 годзе — Польшча. Нахабна вывозілі з тэрыторыі нашай краіны па вузкакалейках і торф, і лес, і харчаванне. А ў гэты час беларусы галадалі», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Але, галоўнае, па яго словах, тое, што мы стаім на шляху да беспрэцэдэнтна і, на думку краін Захаду, несправядліва багатай гэтымі і іншымі рэсурсамі Расіі. «І далей на тэму палітычных і санкцыйных выпадаў з боку калектыўнага Захаду на адрас нашых з расіянамі дзяржаў можна не разважаць. — канстатаваў ён. — Канешне, сёння пытанне нумар адзін — гэта рэсурсы. Так было заўсёды ў нашай гісторыі. Сёння Захад валодае найвышэйшымі тэхналогіямі, якімі па асобных накірунках не валодае ні Расія, ні Беларусь. Тэхналогіі ёсць, але для іх патрэбны рэсурсы, каб вырабляць гатовыя вырабы — тыя ж беспілотнікі, прадукцыю на аснове штучнага інтэлекту і гэтак далей. Патрэбны рэсурсы. Патрэбныя крыніцы рэдказямельных металаў. Дзе яны засяроджаны? Найперш у Расійскай Федэрацыі». Прэзідэнт падкрэсліў, што заўсёды высокатэхналагічны Захад імкнуўся на Усход, да скарбніц рэсурсаў. Так адбываецца і зараз. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, як гісторык ён назірае, што кожныя 100 гадоў гісторыя паўтараецца.
«Важна, каб вы разумелі, чаму сучасныя палітыкі так шмат гавораць аб нацыянальных інтарэсах, суверэнітэце, дзяржаўнасці. Калі ўсё гэта страціць, то са статусу грамадзян сваёй краіны можна рэзка апусціцца на прыступку залежных ад чужой дзяржавы, стаць працоўнай сілай транснацыянальнага бізнэсу. Хтосьці, можа, і зажыве багата, але не ўсё. Большасць — горш. І гэта мы таксама ў сваёй гісторыі праходзілі. Таму я шмат кажу пра сацыяльную справядлівасць і мір. Таму мы і працуем у названым напрамку. І нашы мірныя ініцыятывы абсалютна не пярэчаць контрмерам па абароназдольнасці, якія мы вымушаны прымаць, — заявіў Прэзідэнт. — Мы павінны рэагаваць на наяўнае становішча, прагназаваць далейшае развіццё падзей, знаходзіць адэкватныя рашэнні».
Беларусь таксама ўмацоўвае саюзніцкія адносіны з Расіяй, мы сталі паўнапраўнымі членамі ШАС, выбудавана ўсепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства з Кітаем, паглыбляецца інтэграцыя ў рамках ЕАЭС, СНД. «Я папрасіў бы вас і заклікаю вас сачыць за гэтай павесткай, таму што ў будучыні яна будзе вызначаць вектар вашага далейшага жыцця, жыцця вашых дзяцей і ўнукаў. Мы будуем доўгатэрміновае супрацоўніцтва з прагрэсіўнай сусветнай большасцю. Вам — працягваць яго і напаўняць новым зместам. Перш за ўсё ў эканамічным напрамку», — сказаў беларускі лідар.
Як заўважыў Прэзідэнт, Рэспубліка Беларусь — экспартаарыентаваная краіна. Краіна з адкрытай эканомікай. Таму, па яго словах, нас душаць санкцыямі, змушаючы ўвесь час шукаць новыя рынкі збыту і пастаўшчыкоў камплектуючых, выпуск якіх мы яшчэ не асвоілі. «І мы іх знаходзім. Ведаем, усе цяжкасці часовыя. І гэта час магчымасцяў. У глабальным свеце немагчыма закрыць трансфер тэхналогій або прадукцыі. Гэта проста нерэальна. Мы таксама гэта на практыцы разумеем. Больш за тое, санкцыі нас падштурхнулі, прымусілі варушыцца, ісці наперад. Канструктарскія бюро буйных прадпрыемстваў, Акадэмія навук Беларусі актыўна займаюцца імпартазамяшчэннем, у тым ліку, як я ўпэўніўся, і ВНУ. Гэта правільна, ды і выйсця ў нас іншага проста няма, калі мы хочам выжыць. Калі не навучымся рабіць камплектуючыя для сваёй прадукцыі, то гэтая прадукцыя нікому не будзе патрэбная», — сказаў беларускі лідар. Ён зрабіў акцэнт на тым, што сёння мы маем сучасныя аўтобусы і электробусы ўласнай вытворчасці. Вырабляем і прадаём легкавыя аўтамабілі, трактары і камбайны, якія па якасці не горшыя за лепшыя імпартныя ўзоры. Ёсць дасягненні ў мікраэлектроніцы, нават ноўтбук свой зрабілі, у інфармацыйных тэхналогіях, фармацэўтыцы, біятэхналогіях. «Гэта я толькі малую частку назваў. Краіна развіваецца, людзі развіваюцца, — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. — І айчынны мабільны тэлефон, аб якім шмат зараз гаворым, зробім. Абавязаны зрабіць. Таму што гаджэты, як вы бачылі ў апошні час, пераўтварылі ў баявую зброю. Гэта ўжо пытанне нацыянальнай бяспекі».
«Санкцыі ўвялі не супраць мяне, як любяць казаць на Захадзе, дыктатара, а супраць вас і вашых бацькоў, блізкіх. Гэта фашызм. А яны ж вучаць нас дэмакратыі. Яны ад нас патрабуюць гуманнасці. Гэта нават не двайныя стандарты, а поўная дэградацыя чалавечага сумлення і годнасці», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да прысутных студэнтаў, Прэзідэнт прызнаўся, што вельмі хоча, каб яны рэалізаваліся ў сваёй прафесіі, стварылі сем’і, сталі бацькамі. «Усё гэта будзе. Галоўнае на гэтым жыццёвым шляху, каб вы ацэньвалі сітуацыю глабальна, бачылі сувязь паміж унутранай і знешняй палітыкай, разумелі сутнасць гістарычнага моманту», — параіў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, якую б пасаду ні займаў чалавек, ён нікуды не падзенецца ад палітыкі, таму ў ёй трэба разбірацца. Можа нават, не горш, чым у сваёй спецыяльнасці.
«Геапалітычныя канкурэнты робяць усё, каб збіць Беларусь са шляху ў новы эканамічны ўклад. Санкцыі, барацьба на інфармацыйным полі за свае каштоўнасці, традыцыі, гістарычную памяць забіраюць шмат сіл і рэсурсаў. Гэта праўда. Але праўда і тое, што мы ўсё ж ствараем сваю эканоміку, як гэта сёння модна казаць, лічбавую эканоміку, укараняем у жыццё элементы 6-га і 7-га тэхналагічных укладаў. Разумныя гарады, разумны транспарт, штучны інтэлект, беспілотнікі, інавацыйная вытворчасць — гэта будучыня, якую вы працягнеце будаваць, стаўшы дыпламаванымі спецыялістамі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, гэта ўжо нават рэальнасць, у якой беларусы атрымалі поспех. Ён прывёў прыклады. Распрацоўкі інжынераў «Планара», «Інтэграла», прадпрыемстваў ваенпрама, Акадэміі навук, тэхнапаркаў пры ВНУ ўжо ўкаранёныя ў вытворчасць і пастаўляюцца на экспарт, выкарыстоўваюцца нават у касмічнай сферы. Але, як заўважыў беларускі лідар, і тут ёсць, над чым працаваць: «Задачы перад галіной стаяць самыя амбіцыйныя. Паўтаруся. Мы павінны у паскораным фармаце правесці навукова-тэхнічную рэвалюцыю. Таму развіццё інжынернай галіны для нас — стратэгічны напрамак, які вызначыць будучыню Беларусі. Мы не можам спыніцца, тым больш адстаць». Па яго словах, менавіта па гэтай прычыне, будуць укладвацца сродкі ў развіццё перспектыўных тэхнічных напрамкаў: робататэхніку, нанаэлектроніку, складаныя саманавучальныя сістэмы і іншыя.
«Цяпер задумваем стварыць на базе спецыялізаваных ВНУ хай-тэк- інкубатары — цэнтры прагрэсіўнай думкі. Для такіх, як вы, — мэтанакіраваных маладых людзей, з зацікаўленымі вачыма, свежымі ідэямі, нестандартным поглядам на рашэнне навуковых і прыкладных задач. Думаю, БДУІР павінен рэалізаваць такі праект. А калі вы рызыкнеце на гэта пайсці, мы вас абавязкова падтрымаем», — падзяліўся планамі кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што без увагі не застануцца інжынеры, якія заўтра прыйдуць непасрэдна на вытворчасць, заводы і ў сельскагаспадарчыя арганізацыі. «Годныя ўмовы працы і заработная плата, сацыяльная падтрымка, жыллё ў абавязковым парадку, будуць прыярытэтам нашай палітыкі ў наступнай пяцігодцы. — паабяцаў Прэзідэнт.
«Планаў шмат. Але вярнуся да задачы нашай з вамі сустрэчы. Мне вельмі важна разумець, наколькі вы тонка ці не адчуваеце сваю адказнасць за будучыню краіны, наколькі добра вы арыентуецеся ў падзеях і фактах, якія фарміруюць міжнародны і ўнутраны інфармацыйны парадак дня сённяшняга дня. Мы, дарослыя, увесь час думаем, як вам растлумачыць, а вы шмат чаго самі бачыце і разумееце, робіце вельмі правільныя, мудрыя высновы. Таму і да вас прыйшоў да вас на адкрытую размову», — звярнуўся да прысутных беларускі лідар.
Як і арыентаваў Аляксандр Лукашэнка, удзельнікі сустрэчы не саромеліся задаваць розныя пытанні, нават асабістыя. І першым было пытанне, якое, напэўна, цікавіць многіх — як утрымліваць у галаве такі масіў інфармацыі, з якім штодзень прыходзіцца сутыкацца Прэзідэнту. Інжынеры, зразумела, пацікавіліся, ці дапамагае ў гэтым штучны інтэлект ці спецыяльныя аўтаматызаваныя праграмы.
«Не думайце, што ў мяне галава адрозніваецца ад вашай. Дакладна такая ж галава. Проста трэба ўмець сістэматызаваць інфармацыю», — адказаў на гэта Прэзідэнт. Паводле яго слоў, гэта важна яшчэ і таму, што, акрамя вялікага аб’ёму інфармацыі, кіраўнік дзяржавы сутыкаецца з неабходнасцю прымаць мноства важных рашэнняў. І каб не памыліцца, трэба валодаць інфармацыяй, разбірацца ў ёй. «Разумееш: не дай бог у такім грамадстве, як беларускае грамадства, дзе ў асноўным разумныя і адукаваныя людзі, зрабіць сістэмную, глабальную памылку. Гэта самае небяспечнае для любога кіраўніка, асабліва першай асобы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Таму неабходна раскладваць веды і інфармацыю «па палічках», як у бібліятэцы. Прэзідэнт расказаў, што такім чынам навучыўся працаваць з інфармацыяй, яшчэ ў студэнцтве, за што, паводле яго слоў, да гэтага часу ўдзячны выкладчыкам. І, вядома, паводле яго слоў, вялікую ролю іграе вопыт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра сваё сцвярджэнне, аб тым, што прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца. «Калі ў цябе ад прыроды няма асноўных элементаў, уласцівасцяў і якасцяў прэзідэнта, не лезь у гэтую сферу. Я шмат зараз думаю, натуральна, пераходны перыяд, разумею, што хтосьці прыйдзе пасля мяне, будзе кіраваць краінай. Дрэнна, добра... Гэта вы потым ацэніце, параўноўваючы. Усё спазнаецца ў параўнанні,» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што нядаўна назначыў шмат маладых службовых асоб, некаторым з якіх няма і 40 гадоў. «Трэба, каб былі маладыя людзі. Але трэба, каб яны прайшлі пэўныя прыступкі. І мой досвед, маё прэзідэнцкае жыццё дазволілі мне гэтых людзей убачыць у справе. Яны выраслі ў мяне на вачах. І, прызначаючы, я разумею, што ў таго ці іншага чалавека ёсць досвед. Веды неабходны. Яны з’яўляюцца базай, падмуркам, на які кладзецца ваш вопыт. Вось гэта ўсё разам і гарачае жаданне зрабіць нешта карыснае будзе садзейнічаць таму, што ты будзеш больш-менш эфектыўна працаваць як прэзідэнт», — сказаў ён.
У час размовы звярнулі ўвагу, што многія пытанні знешняй палітыкі вырашаюцца дзякуючы асабістым сувязям Прэзідэнта. Па ягоных словах, гэта таксама вельмі важны навык. «Вельмі шмат залежыць ад тваіх асабістых сувязяў. Вось наступны Прэзідэнт, за Лукашэнкам, ён павінен быць гатовы да таго, што яму трэба будзе на міжнароднай арэне даказваць свой узровень,» — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў сваёй рабоце не выкарыстоўвае ні штучны інтэлект, ні спецыяльныя аўтаматызаваныя праграмы, прывык працаваць па-старому. Але, паводле яго слоў, у гэта пытанне ён пагружаны, таму што за гэтым будучыня. Кіраўнік дзяржавы таксама падзяліўся сваімі асцярогамі наконт таго, што штучны інтэлект можа ўзяць людзей у палон, і калі ў выніку развіцця тэхналогій чалавецтва апынецца не пры справе, гэта будзе катастрофа. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ва ўсе перыяды гісторыі ў цэнтры ўсіх працэсаў стаяў чалавек. І гэта нельга страціць. Хоць сёння і без тэхналогій не абысціся. «Мы павінны гэта асвоіць, мы павінны гэтым валодаць. Гэта вельмі важна», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Як вядома, у графіку Прэзідэнта шмат і замежных камандзіровак. Студэнты пацікавіліся, якая была самай экстрэмальнай. Напэўна, іх здзівіла, што Прэзідэнт расказаў аб тым, што кожную камандзіроўку можна назваць экстрэмальнай, паколькі за пратакольнымі мерапрыемствамі часта хаваюцца вельмі напружаныя перагаворы. «Напэўна, самай экстрэмальнай была камандзіроўка ў мінулым годзе, калі ў Кітай, а потым нам у Афрыку прыйшлося ляцець», — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, як на шляху з Кітая спыніўся ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, дзе правёў яшчэ некалькі рабочых сустрэч. «Потым паляцелі на ўсход Афрыкі, з усходу — на захад Афрыкі, з захаду — зноў на ўсход. Кеніяй мы, па-мойму, скончылі. І зноў вярнуліся ў Эміраты, сустрэліся з Прэзідэнтам, дамовіліся па нейкіх пытаннях. На гэта, па-мойму, больш за тыдзень сышло. Гэта сапраўды была экстрэмальная паездка, тым больш што гэта гарачыя краіны. А я чалавек паўночны, можна сказаць, я ненавіджу спякоту ўвогуле. Гэтыя дні для мяне былі выпрабаваннем», — прызнаўся кіраўнік дзяржавы. Ён падзяліўся, што ў цэлым не любіць камандзіроўкі і цяжка пераносіць працяглыя паездкі за мяжу. «Таму я ні разу за ўсе свае прэзідэнцкія гады па-сапраўднаму ў адпачынку не быў. Толькі дома я магу адпачыць, хаця цяжка сказаць, што тут адпачынак. Я вельмі люблю сваю краіну, люблю яе прыроду. Унікальнае месца, дзе мы жывём», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Студэнты ўдакладнілі ў кіраўніка дзяржавы, ці лічыць ён экстрэмальным свой візіт у Югаславію ў 1999 годзе. Гэта паездка Аляксандра Лукашэнкі ў краіну, якая менавіта ў той час падвяргалася бамбёжкам, ужо стала гістарычнай. «Слухайце, Бялград.... Я ужо пра гэта і забыўся!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Тыя падзеі 25-гадовай даўніны ён назваў фашызмам з боку НАТА. Альянс так і не гарантаваў бяспеку палёту беларускага борта ў Югаславію. Больш за тое, ведаючы, што кіраўнік іншай краіны знаходзіцца ў Бялградзе, ажыццявілі авіяналёты. «Падлятаем да мяжы Югаславіі, да мяне заходзіць камандзір экіпажа і кажа: „Таварыш Прэзідэнт, нам загадана апусціцца на вышыню да кіламетра“. Я зразумеў, што гэта такое. Яны думалі, што я развярнуся: гэта вельмі небяспечна. Я кажу: „Апускайся “. Ён на мяне глядзіць: „Саб’юць!“ Я кажу: „Не саб’юць, апускайся“. І вось я сяджу ля ілюмінатара і гляджу: такое ўражанне, што мы слізгаем па верхавінах дрэў. Бачаць, што мы не спалохаліся. Мы падлятаем да аэрадрома — яны пачалі бамбіць Югаславію, ракеты лётаюць. Прызямляемся пад гэтую кананаду. Я нават не ведаў, што некаторыя з нашых нават парашуты з сабой узялі. Гэта была такая экстрэмальная паездка. Сербы гэта ацанілі і цэняць да гэтага часу», — успомніў кіраўнік дзяржавы.
Маладыя людзі звярнулі ўвагу і на тое, што кіраўнік дзяржавы не карыстаецца мабільным тэлефонам. І ў працяг тэмы спыталі, на якой стадыі знаходзіцца распрацоўка айчыннага мабільнага тэлефона. Але гэта работа толькі пачынаецца і казаць пра стадыі пакуль рана. Галоўнае тут, па словах кіраўніка дзяржавы тое, што Беларусь ідзе сваім шляхам, стварае сваю тэхніку. Як вядома, нядаўна беларускія вытворцы прадставілі айчынны камп’ютар. І няхай, тым былі і імпартныя элементы, галоўнае, што пачатак пакладзены.
А што тычыцца мабільнага тэлефона, то Прэзідэнт прадставіў сапраўдны эксклюзіў. Ён расказаў, што карыстаецца мабільным тэлефонам закрытай сувязі. І нават паказаў яго. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў гэтым тэлефоне выкарыстоўваецца распрацоўка КДБ, якая не дазваляе праслухаць размову — гаворка кадзіруецца, а ў эфіры пры спробе перахопу размовы чутныя гукі, падобныя да булькатання, дэшыфруецца яна толькі пры атрыманні сігналу на іншым такім жа апараце. У сувязі з гэтым гаджэт даволі масіўны, але ідзе работа над тым, каб зрабіць яго больш кампактным. Размаўляць па закрытай сувязі з Прэзідэнтам могуць каля 70 чалавек. Патрапіць у гэты пералік можна толькі з асабістага дазволу кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што гэта распрацоўка крыптаграфічнай школы КДБ, якую ў Беларусі з часоў Савецкага Саюза захавалі, не разбурылі. І гэта распрацоўка цікавіць і іншыя краіны.
Маладыя людзі пацікавіліся, як Прэзідэнт ставіцца да стартап-праектаў і наколькі гэта пытанне актуальнае для Беларусі.
«Я жыву гэтымі пытаннямі, у гэтым сутнасць развіцця нашай краіны», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, ён звярнуў увагу, што не патрэбны ідэі дзеля ідэі. Патрэбны актуальныя ідэі, якія прынясуць канкрэтны вынік.
Прэзідэнт нагадаў, як неаднаразова падтрымліваў розныя прапановы і праекты, у тым ліку ў сферы ІТ. Паводле яго слоў, неабходна і далей рухацца ў напрамку рэалізацыі сучасных праектаў: «Гэта нам трэба будзе для таго, каб выстаяць, абараніцца. І чым больш ідэй, тым лепей. Але ідэя павінна быць рэальнай, пажадана прыземленай і падмацаванай хоць нечым. Каб, прымаючы рашэнне і выдзяляючы грошы, я ці хтосьці яшчэ былі ўпэўненыя, што гэтая ідэя будзе патрэбная сёння, заўтра».
Студэнтаў, зразумела, цікавілі і пытанні ўніверсітэтаў. Напрыклад, у Прэзідэнта спыталі, ці лічыць ён неабходным удзел беларускіх універсітэтаў у міжнародных рэйтынгавых сістэмах. Адказ кіраўніка дзяржавы быў адназначны і зразумелы: «Калі ўніверсітэты хочуць быць у рэйтынгавай сістэме, то няхай будуць. Але я на гэта не зважаю, бо гэта ўсё палітызавана».
Аляксандр Лукашэнка назваў галоўным крытэрам для ацэнкі ўніверсітэтаў запатрабаванасць сярод абітурыентаў, у тым ліку і замежных. Напрыклад, БДУІР сёлета нарасціў аказанне паслуг па экспарту на 5 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам, за кошт чаго фарміруецца практычна палова бюджэту ВНУ на год. «Вось гэта рэйтынг. Калі да вас замежнікі едуць — гэта рэйтынг», — звярнуў увагу беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь не толькі ў сферы адукацыйных паслуг, але і ў рэальным сектары эканомікі здольна вырабляць якасную прадукцыю найвышэйшага сусветнага ўзроўню. Зразумела, не ў такіх аб’ёмах, як у буйных дзяржавах. Але гэтага дастаткова для таго, каб дапамагаць і іншым краінам. Прэзідэнт прывёў у прыклад Венесуэлу, дзе беларускія спецыялісты стваралі цэлыя галіны як у грамадзянскай, так і ў ваеннай сферах. «Гэта значыць, мы ўмеем рабіць усё, што трэба. І тыя, каму трэба, ведаюць, да каго прыйсці», — рэзюмаваў беларускі лідар. Таму, па яго словах, трэба ісці сваім шляхам.
Сустрэча з Прэзідэнтам гэта яшчэ і магчымасць зрабіць крок да сваёй мары. Так, курсант акадэміі авіяцыі Алеся Парэчына прызналася, што таксама хацела б паўдзельнічаць у касмічнай праграме Беларусі па прыкладзе Марыны Васілеўскай. «Ясна, што Васілеўская — гэта былі мае дамоўленасці з Прэзідэнтам Пуціным. Я ж разумею, што такое ў космас. Гэта падрыхтоўка. Гэта вялікія грошы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Чалавек паставіўся па-братэрску, як старэйшы брат». Разам з тым беларускі лідар адзначыў, што можа ўладкаваць дзяўчыну ў атрад касманатаў, але папярэдзіў, што палёт можа адбыцца праз 11-12 гадоў. Падрыхтоўка касманатаў займае шмат часу. Але ў дзяўчат ёсць перавагі, у атрадзе касманаўтаў жанчын амаль няма. Прэзідэнт расказаў, што калі планаваўся першы палёт прадстаўніка Беларусі, то размова ішла аб тым, каб гэта была менавіта жанчына. У выніку сур’ёзнага адбору ў космас паляцела Марына Васілеўская. «Гэта як выключэнне. А каб яшчэ паляцець — гэта ўжо твае здольнасці. Вядома, я буду падтрымліваць. Але гэта гады. І гэта табою будзе напрацоўвацца пэўная навуковая праграма», — папярэдзіў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што касманаўт — гэта прафесія, і ў ёй трэба расці паступова. «Той, хто імкнецца да мэты, ён рана ці позна дойдзе да гэтага», — сказаў ён.
Не абышлося і без вострых надзённых тэм. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі канфлікт ва Украіне і выкліканыя ім праблемы. Узгадалі і спробы ўцягнуць Беларусь у вайну, як і ў цэлым абвастрэнне абстаноўкі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў свае словы, сказаныя падчас патрыятычнага форуму 17 верасня, — «нападзенне на Беларусь — гэта трэцяя сусветная вайна». «Дзякуй, нядаўна Пуцін гэта пацвердзіў, уносячы папраўкі ў ядзерную дактрыну, што напад на Расію і Беларусь — і мы прымяняем ядзерную зброю. Ён пацвердзіў мае словы. У гэтым сутнасць была маёй заявы», — удакладніў кіраўнік дзяржавы. Аднак па яго словах, гэтага не хоча і Захад, яны да гэтага не гатовыя. «Але мы ім шчыра гаворым: чырвоная лінія — гэта дзяржаўная граніца. Наступілі на яе — адказ будзе імгненным. Мы да гэтага рыхтуемся. Я шчыра і адкрыта пра гэта кажу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар перакананы, што трэба дамаўляцца з украінцамі і спыняць вайну. Па яго словах, чалавечая памяць зарубцуе раны і адносіны паміж людзьмі з часам адновяцца. «Толькі далей не трэба заходзіць тут. Трэба дамаўляцца. Гэта мая цвёрдая пазіцыя», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што беларусы па пэўных каналах падтрымліваюць кантакт з украінцамі. Адносіны з расіянамі навідавоку. «І мы стараемся на гэтых кантактах, каб нармальна было. Зяленскі пакуль гэтага не чуе і слухаць не хоча. Чаму? Таму што амерыканцы іх штурхаюць да гэтай вайны. Вайна выгадная Амерыцы, вельмі выгадная. Расія — гэта не галоўнае. Трэба Еўропу пастроіць. Вы не думайце, што амерыканцы і еўрапейцы — гэта адна сям’я. Амерыканцам моцная Еўропа не патрэбна», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што дзякуючы гэтай вайне ЗША развіваюць і свой ваенна-прамысловы комплекс, такім чынам, пакідаючы грошы ў сваёй краіне. Па словах беларускага лідара, у амерыканцаў ёсць свае мэты ў гэтай вайне, але ваяваць сваімі рукамі яны не хочуць, цынкавыя труны не падабаюцца амерыканскаму грамадству. «Таму проксі-вайна. Вось няхай украінцы дохнуць там, няхай забіваюць адзін аднаго з рускімі, няхай ваююць, а мы (амерыканцы) ім дадзім, чым ваяваць», — заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што расказаў усё гэта, каб маладыя людзі маглі арыентавацца ў тым, што адбываецца навокал. «Мая вам парада, сыходзячы з майго досведу, — ні ў якім разе не адрывайцеся ад сваёй зямлі», — сказаў ён. Як антыпрыклад кіраўнік дзяржавы прывёў збеглых, якія цяпер просяцца дадому. Ён прызнаў, што ў жыцці бывае ўсякае, але нагадаў, што за свае ўчынкі трэба несці адказнасць: «Бывае ж, як у нас у народзе гавораць, шарыкі за ролікі заскочылі. Памыліўся чалавек. Ну давай. Мы ж зацікаўлены ў тым, каб ты вярнуўся на радзіму. Гэта вельмі важна і для мяне асабіста. Але калі ты вінаваты, ты павінен адказаць па законе. Ідзі ў камісію», — сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што ў 2020 годзе многія людзі, несвядома ішлі ў агульнай масе. І гэта адна справа. Але былі і тыя, хто ўчынялі крымінальнае злачынства. І яны, па словах кіраўніка дзяржавы, будуць адказваць па законе. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што грошы, якія зараз Захад выдзяляе на беларускіх збеглых і апазіцыю, траціць вярхушцы, а да астатніх гэтыя сродкі проста не даходзяць і ім прыходзіцца выжываць у чужой краіне.
У працяг тэмы ў Прэзідэнта спыталі, ці працягнецца практыка памілавання асуджаных. «Так, працягваць я буду. Таму што гэта мая работа, гэта канстытуцыйны абавязак Прэзідэнта — памілаваць чалавека. Таму трэба выконваць свае абавязкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, пры гэтым ён разумее, што сярод памілаваных будуць тыя, якія парушыць свае абяцанні больш не займацца дзейнасцю, за якую быў пакараныя. Так бывае.
«Таму я кажу: вы не адрывайцеся ад зямлі і ніколі не спяшайцеся. Цярпенне. І пачакаць трэба нейкі час. Менавіта так трэба паступаць. Ні ў якім разе з бухты-барахты нікуды не кідацца. Не спяшайцеся ніколі. Так, трэба ісці хутка, але не спяшаючыся. Акуратна. Думайце, вывярайце, збірайцеся, райцеся», — параіў Прэзідэнт маладым людзям. Пры гэтым, прызнаўся, што сам у маладосці прымаў і неразумныя рашэнні. Разам з тым, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму вельмі падабаецца працаваць з маладымі людзьмі, перадаваць ім свой досвед і веды. Таму працу рэктара ўніверсітэта ён лічыць самай цікавай.
На пачатку размовы Прэзідэнт заўважыў, што ў Беларусі распрацоўваецца і прымяняецца канцэпцыя разумнага горада. А студэнты пацікавіліся, калі чакаць разумную беларускую вёску.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэта нават прасцей, чым разумны горад, паколькі вёска несувымерна меншая. «Распрацуйце нейкую вёску, зробім яе „разумнай“. Там некалькі людзі іншыя, але тым не менш гэта можна. Калі ў вас ёсць такая ідэя і пад яе ёсць людзі, давайце зробім», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы. Ён падтрымаў меркаванне аб тым, што развіццё разумных вёсак можа паўплываць на жыццё краіну, паколькі аграрны сектар займае важнае месца ў структуры эканомікі Беларусі. «Трэба вызначыцца, якія функцыі мы пакінем гэтай разумнай вёсцы. Можа быць, асобныя, якія ў горадзе, нам і не патрэбны будуць там, — выказаў меркаванне Прэзідэнт. — Гэта будучыня. Паколькі ўсё ж такі душа у нас такая... не тое што сялянская, больш па якасцях вясковая (мы людзі добрыя, спагадлівыя, гатовы падзяліцца апошнім, калектывізм у нас развіты). А гэта больш у вёсцы, яны жывуць адной сям’ёй Без вёскі не можа быць Беларусі, не можа быць краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што вёска як мінімум апранае і корміць горад. Таму шмат увагі ўдзяляюць развіццю вёсцы. «А развіваючы вёску, мы павінны самыя перадавыя тэхналогіі накіроўваць туды. У тым ліку і разумную вёску», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён упэўнены, што вясковыя жыхары з вялікі інтарэсам гэта ўспрымуць.
Працягваючы сельскагаспадарчую тэму, у Прэзідэнта папрасілі вылучыць топ-5 любімых сельскагаспадарчых культур. «Без бульбы не абыдземся, — адразу адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Пасля бульбы я б паставіў яблыкі для Беларусі. Мы — яблычны край». Над астатнімі прыйшлося крыху падумаць. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што мог бы назваць і сліву, і абрыкос, і іншае, але гэта не жыццёва важныя культуры. «Кукурузу б назваў. Вельмі важная для нас. Выратавальніца. Клімат стаў больш сухі. Кукуруза расце, асабліва ў Гомелі. Гэта нас ратуе. З гэтага пункту гледжання. Канюшыну магу назваць і лён, бо яны на гербе...» — працягнуў ён.
Беларускі лідар прызнаўся, што ў цэлым вельмі любіць працаваць на зямлі. Ён расказаў, што некаторы час таму высадзіў сад, дзе ёсць і алыча, і персік. Прыжыліся ў Беларусі і кавуны, вырошчванне якіх Аляксандр Лукашэнка раней актыўна рэкламаваў. Прэзідэнт расказаў, што вельмі любіць сельскагаспадарчыя эксперыменты, выпрабоўвае і розную тэхніку. «Вось зараз я выпрабоўваю палівальную машыну. У нас, слухайце, столькі вады, столькі рэк. А побач з ракой поле сухое. Чаму мы не паліваем палі? Бо я вось на поўдні бываю, у азіяцкіх рэспубліках — у іх усюды ўвільготненыя глебы... А мы з рэчкі не можам выліць на суседняе поле. Вось я гэта зараз эксперыментую. А потым гэта ўсё ідзе ў краіне. Але я сам павінен гэта паспрабаваць, павінен бачыць», — расказаў кіраўнік дзяржавы.
Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі не толькі надзённыя пытанні. Але і планы на будучыню. Наступны 2025 год — год 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У Прэзідэнта спыталі, ці абмяркоўвалася правядзенне святочнага парада з удзелам краін, якія дапамагалі перамагчы фашыстаў.
«Не абмяркоўваўся і абмяркоўвацца з-за пэўных прычын не будзе», — адказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што краіны Захаду не запрасілі прадстаўнікоў Беларусі і Расіі нават на нядаўнія памятныя мерапрыемствы ў Асвенцыме, які вызвалялі савецкія войскі. «Яны ўсе хіляць да таго, што гэта яны перамаглі і выратавалі планету ад карычневай чумы, а Савецкі Саюз, мы не мелі да гэтага ніякага дачынення. Хочуць пераарыентаваць увесь свет і перш за ўсё нас перакадзіраваць. Але мы ведаем, хто правы. Таму яны не будуць нас нікуды запрашаць. І разам з намі ніякіх мерапрыемстваў праводзіць не будуць. Я абсалютна перакананы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кажучы пра 2025 год, студэнты спыталі, якой тэме будзе прысвечаны наступны год. Прэзідэнт расказаў, што ў яго ёсць думкі прысвяціць усю наступную пяцігодку якасці — найважнейшай тэме. «Больш важнага пытання для Беларусі няма. Таму што ўсё, што мы вырабляем, — мы за кошт гэтага жывём. А ўсё, што мы вырабляем, вырабляе ўвесь свет. А як тады нам жыць, мы ж хочам сваё прадаць. А як прадаць? Калі будзе якасна. Для нас галоўнае пытанне зараз — пытанне якасці. Не таму што ў нас дрэнная прадукцыя, але яна павінна быць на парадак вышэйшай па якасці. Гэта пытанне выжывальнасці». Таму і неабходна арганізаваць пяцігодку якасці. І па яе выніках адзначаць найлепшыя арганізацыі, прадпрыемствы, тавар. Аднак, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, гэта пакуль толькі развагі. Таму, па яго словах, ён адкрыты да прапаноў. Адна з іх прагучала — назваць наступны год Годам гістарычнай адказнасці. Прэзідэнт назваў гэтую думку цікавай і паабяцаў падумаць.
Разважаючы пра сучасныя праблемы, студэнты пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта наконт барацьбы з інфармацыйнымі выклікамі і пагрозамі. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што ў свеце ідзе інфармацыйная вайна. У прыклад ён прывёў дзейнасць падраздзялення ўкраінскіх сіл спецыяльных аперацый ЦІПСА (Цэнтр інфармацыйна-псіхалагічных аперацый): «Хлусяць напрамую. Памятаеце Буча ва Украіне? Гэта была інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя, і прытым наша разведка дакладна ўстанавіла, хто гэта быў. Гэта былі брытанцы, яны арганізоўвалі. Вось вам інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя».
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў аснове беларускіх адказаў на гэта павінна ляжаць толькі праўда. Па яго словах, запуск у Беларусі новага тэлеканала — «Першы інфармацыйны» — пры ўсіх яго недахопах стаў адказам на дзеянне нядобразычліўцаў у інфармацыйнай вайне. «Я яго таксама крытыкую. Бачу, што яны ўжо пачалі рухацца ў больш самастойным напрамку. Але добры канал», — сказаў беларускі лідар. І прызнаўся, што разам з сынам заўважылі, што іншыя каналы ўжо не глядзяць, а ўключаюць толькі гэта, каб атрымаць у комплексе асноўную інфармацыю. Таму, па словах Прэзідэнта, цяпер неабходна ўзнімаць узровень іншых айчынных тэлеканалаў.
Удзельнікі сустрэчы, відавочна, знаходзяцца ў курсе асноўных пытанняў, якія знаходзяцца на парадку дня. Адзін з прысутных узгадаў словы Прэзідэнта аб тым, што Беларусь не павінна адстаць у падрыхтоўцы кадраў для вядзення сучаснай вайны і, у прыватнасці, спецыялістаў па беспілотніках, радыёэлектроннай барацьбе. Студэнты прапанавалі ў ВНУ, дзе няма ваенных кафедр, адкрыць іх для падрыхтоўкі запатрабаваных па такіх напрамках спецыялістаў. Аляксандр Лукашэнка назваў такую ініцыятыву разумнай і даручыў Міністэрству абароны заняцца прапрацоўкай гэтага пытання сумесна з рэктарамі ўніверсітэтаў. Па яго словах, студэнты таго ж БДУІР могуць стаць самымі класнымі аператарамі беспілотнікаў, таму што гэтая тэма ім вельмі блізкая. «Перадайце міністру абароны, каб заняўся гэтым, з рэктарам параіўся, і мне далажылі, як мы гэта будзем рабіць», — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што без ІТ-тэхналогій немагчыма і развіццё эканомікі. Але ён параіў не зацыклівацца на Парку высокіх тэхналогій. Па словах Прэзідэнта, ён сваю ролю адыграў. Ён будзе і далей працаваць, дзяржава будзе яго падтрымліваць. Але задачу, для якой ПВТ ствараўся, ён выканаў. Па словах беларускага лідара, калі ПВТ атрымаў шэраг прэферэнцый, спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук і буйных прампрадпрыемстваў заклапаціліся і пачалі развіваць уласныя ІТ-кампетэнцыі. Так у іх з’явіліся свае моцныя калектывы ІТ-спецыялістаў, якія ўжо пераўзыходзяць калектывы з ПВТ. «Вось галоўнае. Адтуль пачалося гэтае шэсце па ўсёй краіне», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Дзякуючы ўдзельнікам гэтай сустрэчы, сімвал ІТ-тэхналогій цяпер будзе і ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнту падарылі карціну, створаную штучным інтэлектам. Аўтар ідэі паставіў перад ім задачу паказаць Беларусь інтэлектуальнай, тэхналагічнай, прагрэсіўнай, аграрнай, а таксама прадставіць яе нацыянальныя сімвалы і акрэсліць яе месца ў свеце. Вынік уражвае. «Вельмі каштоўная штука. Прытым такім метадам атрыманая», — пракаментаваў падарунак Прэзідэнт. У заканчэнне сустрэчы ён падзякаваў як удзельнікам і арганізатарам і паўтарыў сваю параду: «Вельмі прашу вас — думайце і не спяшайцеся».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».
«Наш слоган — „У нагу з часам“».