14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Ці існуе формула сапраўднага шчасця?


Жнівеньскі нумар «Полымя», намякаючы на развітанне з летам, запрашае паразважаць: што такое сапраўднае шчасце? Думку пра яго чытач заўважыць у шэрагу тэкстаў, што належаць як празаікам, так і паэтам. Заглыбімся ў часопіс, у мастацкія творы, адштурхнуўшыся ад якіх, я паспрабавала вывесці адну надзейную формулу.


Міхась Башлакоў у назве падборкі «Дзякуй Богу за неба высокае» фіксуе агульную настраёвасць сваіх вершаў. Асалоду паэт атрымлівае ад сузірання прыгажосці наваколля, паглыблення ў прыродны свет, што часам «разбаўляюць» успаміны пра сябе маладога. З працэсамі эстэтычнага «ўжывання» ў першааснову быцця, зліцця з ёю асацыіруецца ў аўтара любоў да Айчыны. Лірычны герой прызнаецца, што ўжо няма ў яго былых парываў і памкненняў — такіх, якія сёння ўласцівы маладым людзям, а з каштоўнасцей па-ранейшаму натхняюць толькі творчыя. Звяртае ўвагу ў вершы «Пачатак» дзіцячае ўсведамленне сваёй здольнасці да работы са словам і звязаных з гэтым перспектыў, паспяхова рэалізаваных:

І ўсе свае хлапечыя забавы 

На задні план павольна адышлі... 

І ў жыце ўжо гняздо звівала слава 

Між васількоў, на гомельскай зямлі...

Уладзімір Гніламедаў працягвае публікацыю рамана «У войску», распавядаючы пра падзеі ў арміі, дзе знаходзіцца галоўны герой Платонаў, і ў іншых месцах, напрыклад, у роднай вёсцы, жывуць яго блізкія людзі. Злучае розныя мастацкія прасторы сувязь, якую падтрымліваюць героі: твор насычаны ліставаннем армейца з каханай, са сваякамі і інш. Сталы аўтар дзеліцца глыбокімі думкамі, укладзенымі ў вусны герояў, напрыклад: «А ўвогуле жыццё — гэта цяжба з узростам. Старасць не для слабакоў, але чалавек, як паказвае досвед, можа перажыць усё, калі ў яго ёсць на тое воля і жаданне. Вялікае няшчасце — няўменне пераносіць няшчасце» — давайце запомнім гэты апошні сказ, ён ляжа ў аснову абяцанай мной напачатку формулы. 

У наратыў уплятаюцца містычныя замалёўкі фальклорнага паходжання пра тое, як душа памерлай гераіні прыходзіць да мужа: на кухні раніцай, на наступны дзень пасля смерці гаспадыні, грукаюць талеркі. Хацелася б, каб гэта развівалася ў літаратуры, таму што магло б прынесці плён, мяркуючы, напрыклад, па поспеху рамана інданезійскага пісьменніка Эка Курніявана «Прыгажосць — гэта гора». 

Іна Фралова дорыць чытачу нізку «Вярэдзіць сэрца светлы сум...», у якой знойдзецца трошкі філасофіі («На Браслаўскіх азёрах» — верш, прысвечаны земляку), трошкі захаплення жаночай прыгажосцю («Шыпкоўская Мадонна» — аўтарская адаптацыя знакамітага ў мастацтве і літаратуры вобраза), трошкі атмасферы даўніны, у якой паэтэса, відаць, жыла ў шчаслівым дзяцінстве («Дзед Рыгор»).

Алена Брава ў апавяданні «На ланч да Мэрылін Манро» вяртае ў савецкія часы, даючы пазнакі канкрэтнага перыяду праз увядзенне тэмы Афганскай вайны і выхаду на экраны вядомага фільма 1979 года. На некалькіх старонках разгортваецца трагедыя студэнткі, якая прагне быць каханай, наладзіць асабістае жыццё. Аўтар заглыблена ў псіхалогію: адсутнасць бацькі, адзінота, страта блізкіх абарочваюцца пошукам пяшчоты ў каханні да нявартага чалавека. Немагчымасць справіцца з пачуццямі вядзе да жахлівага падзення з балкона і смерці, якая паказваецца як працяг жыцця. Там, за парогам, дзяўчына знаходзіць супакаенне ў дасягнутым стане патрэбнасці і абароненасці, а яшчэ яе чакае перспектыва ланчу з секс-сімвалам. Відавочна і паралель паміж трагічнымі лёсамі гераіні А. Брава і Мэрылін Манро, нягледзячы на розніцу жанчын у знешнасці, сацыяльным статусе, абедзвюх аб’ядноўвае, словамі У. Гніламедава, няўменне «пераносіць няшчасце».

Своеасаблівы ўнутраны «раздрай» дэманструе і лірычны герой Андрэя Дарожкіна ў першым жа вершы падборкі «Людзі маюць крылы». Малады чалавек гатовы прыняць пацалунак са смакам цыкуты з жаданых вуснаў, якія нібы таямнічая неруш. У выніку асобе, якую на зямным шляху могуць чакаць складаныя сітуацыі (і расчараванне ў каханым, здрада ці адсутнасць узаемнасці — не самыя цяжкія з іх), неабходна выхаваць уменне не ламацца ад напалу сваіх жарсцей, няхай нават выкліканых знешнімі падзеямі — вось і формула шчасця.

У эмацыянальным палоне знаходзімся мы ўсе, асабліва ў турбулентныя перыяды жыцця, таму важна вучыцца, арыентуючыся ў сваіх пачуццях, быць здольным перажыць іх, выстаяць фізічна і псіхалагічна. Гэта і ёсць шчасце, калі не разумець яго ў інфантыльным вымярэнні як лёгкае і салодкае жыццё, у якім усё па-твойму.

Іван Пяшко прапаноўвае мастацкія тэксты «Прынцып» і «Пра шкло, тунэль i кувалду», якія жанрава вызначаюцца як апавяданні. Праблематыка іх апелюе да маралі, пра якую папярэдняя аўтар, дарэчы, зусім не дбае, з’яўляючыся маўклівым назіральнікам (вось як па-рознаму можна падыходзіць да ўвасаблення сваёй мастакоўскай ідэі!). У «Прынцыпе» апісваецца сустрэча былой настаўніцы з вучнем, які канфліктаваў з ёй у школе, ды і цяпер не здолеў устрымацца ад жадання адпомсціць, зыходзячы з нейкай сваёй суб’ектыўнай праўды. У творы «Пра шкло, тунэль і кувалду» ўздымаецца этычна нагружаная тэма, з якой масава сутыкнуліся жыхары Беларусі гадоў пяць таму. Незразумелыя фірмы множацца, дурачы пенсіянераў, ды і не толькі, калі прапаноўваюць за вялікія грошы «абслугоўванне пластыкавых вокнаў», як у апавяданні, ці замену аўтамата ў электрашчытку. 

Доктар філалагічных навук Галіна Тычко ў навуковай публікацыі «Асоба і творчасць Уладзіміра Калесніка ў кантэксце беларускага літаратуразнаўства другой паловы ХХ стагоддзя» расказвае пра выдатную постаць гуманітарыстыкі. Спадчына даследчыка дазваляе сцвердзіць, што «беларускае літаратуразнаўства і крытыка ў другой палове ХХ стагоддзя, насуперак досыць распаўсюджаным меркаванням аб адставанні ад развіцця літаратуры, можна сказаць, у пэўнай ступені дасягнулі свайго росквіту...». Паводле Г. Тычко, У. Калеснік быў інтэлектуалам і эстэтам, заглыбленым у працэс філасофскага спасціжэння свету і сэнсу быцця, ён запачаткаваў разгляд заходнебеларускай з’явы ва ўсім айчынным літаратуразнаўстве. Увогуле ж навукоўцу было ўласціва мудра і аб’ектыўна праз здабыткі літаратуры пазначаць месца беларускага народа ў асяроддзі сусветнай супольнасці.

Вікторыя Сон у артыкуле «Развіццё сучаснай урбаністычнай паэзіі» выказвае думкі пра тое, што горад — гэта своеасаблівы феномен, які можа быць «прачытаны» як тэкст, а таксама як месца спараджэння тэкстаў. Даследчыца разглядае беларускую паэзію ад часоў М. Багдановіча да сённяшніх — твораў В. Шніпа, А. Глобуса і інш. Некалі я пісала, што паэтычныя падборкі ў нумарах «Полымя» прымушаюць здзіўляцца, нібыта і не было XX ст. з яго ўрбанізацыяй і іншымі глабальнымі працэсамі, у якія ўключана наша краіна. Але аўтар сцвярджае, «што беларуская ўрбаністычная паэзія дасягнула ўжо адносна высокага ўзроўню, стала даволі ўпэўненай і трывалай і нават мае ўжо дастатковую спадчыну». Яна гэта пераканаўча даказвае: калі прыгледзецца і заглыбіцца, можна ў сучаснай літаратуры знайсці прыклады выдатнай урбаністыкі, праўда, па-ранейшаму абмежаванай вобразам Вільні, якая нас не «адпускае», і Мінска. 

Казімір Камейша працягвае дзяліцца ўспамінамі «Па літфондаўскай пуцёўцы. Кактэбель», чытаючы якія сенняшнія літаратары зноў будуць зайздросціць аўтарытэту пісьменніка ў савецкай дзяржаве, што дазваляла аздараўляцца і назапашваць уражанні творчым людзям за казённы кошт. Згадваюцца вядомыя людзі: Бэла Ахмадуліна, Іван Бунін, Уладзімір Караткевіч і інш. Дзеліцца К. Камейша і сваёй думкай, што «ў музеях ніколі не бывае так, як было ў самім жыцці, так, як хацелася б нам, жывым. Музеі ствараюцца там, дзе ўжо нечага няма, але нам жадаецца, каб яно было, а гэта значыць — заставалася ў нашай памяці». Кактэбель вядомы напаўкаштоўнымі камянямі, што збіраў, гуляючы каля вады, аўтар публікацыі, у памяці якога дагэтуль адбіваецца прыбой.

Міхась Сліва ў працягу рубрыкі «Успаміны» ў тэксце, названым «„Жыццёвінкі“ Васіля Ткачова», расказвае чытачам пра празаіка, драматурга, публіцыста, крытыка. Творца доўгі час пражыў на Рагачоўшчыне, стаў яе «ганаровым грамадзянінам», яму прысвячаюцца літаратурныя мерапрыемствы, розныя конкурсы, а дом, дзе жыў, абазначаны мемарыяльнай дошкай. У лёсе аўтара публікацыі знойдзецца некалькі цікавых эпізодаў (напрыклад, уступленне ў Саюз пісьменнікаў Беларусі), за якія ён удзячны свайму сябру, што меў схільнасць дапамагаць маладым аўтарам на іх шляху per aspera ad astra.

Рубрыка «Братэрства» гэтым разам акунае ў экзатычную прастору беларуска-туркменскіх літаратурных узаемасувязей. У публікацыі «Пісаць праўду, і толькі праўду...» супрацоўнік часопіса «Дунья эдэбіяты» Джума Мулкаман адказаў на некалькі пытанняў: распавёў пра гісторыю зацікаўлення беларускай літаратурай, у чым немалую ролю адыграла творчасць Васіля Быкава, і паведаміў, што за 2019–2024 гг. пераклаў на сваю мову творы пяці або шасці беларускіх пісьменнікаў. Адразу за інтэрв’ю размешчана апавяданне «Землятрус» у перакладзе з туркменскай мовы Алеся Карлюкевіча.

У рубрыцы «Партрэты» Адам Глобус ушаноўвае памяць пра знанага творцу ў публікацыі «Кляшчук. Словы пра фотамастака Анатоля Клешчука». У шэрагу фрагментаў расказваецца пра гісторыю знаёмства і супрацоўніцтва аўтара з гэтым чалавекам, агульныя спробы вырашаць пытанні з аўтарскім правам, у якіх і сёння яшчэ не расстаўлены кропкі. Адзначаюцца моманты, калі фотамастаку, як і любому творчаму чалавеку, трэба было прыстасоўвацца да імклівых змен у свеце, якія бесперапынна адбываюцца, прымушаючы нас хвалявацца, перажываць, пераадольваць.

Мысляры лічаць: у будучыні ўсіх нас чакае неабходнасць не проста адаптавацца да новага ў прафесіі, а змяняць занятак — нават некалькі разоў за жыццё — у сувязі з тым, што лічбавізацыя і штучны інтэлект будуць адбіраць у чалавека «хлеб».

Алена Чыжэўская ў рэцэнзіі «Кніга, якая нікога не пакіне абыякавым» расказвае пра выданне «Ніколі не забудзем: аповеды беларускіх дзяцей і дарослых аб сваім дзяцінстве ў дні Вялікай Айчыннай вайны». Са шматгалосся ўспамінаў складаецца суцэльная сімфонiя жыцця ў тыя часы. Рэцэнзент адзначае разнастайнасць i неаднабаковасць аповедаў, вылучае лейтматыў кнiгi: вайна — хвароба, калi розум спiць, а душы апантаны вiрусамi жаху i нянавiсцi. 

Мікола Леўчанка ў рэцэнзіі «Доўгія вёрсты жыцця» знаёміць з кнігай Віктара Арцём’ева, які неўзабаве перасягне стагадовы рубеж, «Я — доўгажыхар. Хроніка даўгалецця». У публікацыі прапаноўваецца зазірнуць у жыццёвыя высновы чалавека, які перажыў нягоды сталінскіх рэпрэсій, Вялікую Айчынную вайну, нішчымныя пасляваенныя будні, насычаныя шматлікімі падзеямі ў пакручастай дарозе да роднага слова. Нам абяцаюць апісанні сустрэч з вядомымі літаратарамі, у тым ліку Якубам Коласам, і цікавыя гісторыі з жыцця аўтара з рэцэптамі лекавання і доўгажыхарства.

Надзея Парчук расказвае пра кнігу Анатоля Дзенісейкі «Любоў у агні вайны», што выдаецца другі раз, прэтэндуючы на саісканне абласной літаратурнай прэміі імя У. Калесніка ў намінацыі «Проза». Прыводзяцца добрыя словы пра кнігу вядомых людзей Беларусі, сярод іх — Ігар Лучанок, які прысвяціў аўтару сваю песню. 

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.