«Белыя росы» — фільм пра любоў да бліжняга, да Радзімы, да самога жыцця — закрануў сэрцы мільёнаў савецкіх гледачоў і не страчвае сваёй актуальнасці і ў наш час. Новы погляд на старую гісторыю ці даніна павагі шэдэўру Аляксея Дударава — што ўяўляе сабой спектакль-чытка «Белыя росы»? Давайце разбірацца.
Сам драматург у шматлікіх інтэрв’ю здзіўляўся папулярнасці свайго сцэнарыя. Гісторыя, напісаная ў спешцы, стала класікай беларускага кінематографа, а назва «Белыя росы» распаўсюдзілася далёка за межы роднай Беларусі.
На першы погляд здаецца, што гэта простая гісторыя пра цяжкія наступствы ўрбанізацыі, якая знішчыла традыцыйны ўклад сялянскага жыцця, душу вёскі. Аднак у цэнтры апавядання — не толькі канфлікт старога і новага, а тэма роднага дома, дзе захоўваецца памяць многіх пакаленняў. І, канешне, каханне, што часта становіцца імпульсам для развіцця падзей.
Побач з высокімі шэрымі хмарачосамі дажывае апошнія дзянькі невялічкая вёска Белыя Росы. Галоўны герой Фядос Ходас — сапраўдны карэнны жыхар гэтага паселішча — хвалюецца за лёс трох сваіх сыноў. Старэйшы Андрэй занадта прагматычны, яго процілегласць — малодшы Васька, занадта інфантыльны, а сярэдні Сашка ўжо 15 гадоў шукае сваё месца па ўсім свеце. Добрая гісторыя з беларускім каларытам дэманструе сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці, вучыць любові да бліжняга і з лёгкім гумарам паказвае трагедыю вялікай страты. Жыццё ідзе, цывілізацыя развіваецца, але не ўсе гатовы прыняць гэтыя змены і, як стары Фядос, усім сэрцам цягнуцца да мінулага.
Спектакль-чытка Новага драматычнага тэатра прымеркаваны да 100-годдзя беларускага кіно і 40-годдзя з дня выхаду на экраны мастацкага фільма «Белыя росы». Існуе меркаванне, што новая версія ці працяг класічных твораў загадзя асуджаны на няўдачу. Заўсёды знойдуцца людзі, якім не хапіла цеплыні і атмасферы былога. Аднак у рэжысёра-пастаноўшчыка Лізаветы Машковіч («Вадэвілі», «Дом Бернарды Альба») і мастака-пастаноўшчыка Лідзіі Малашэнка атрымалася перадаць дух легендарнай кінастужкі, спалучыць такія розныя і адначасова такія падобныя віды мастацтва — кіно і тэатр.
Арыгінальным рэжысёрскім ходам стала перадача эмацыянальнага стану герояў праз музычнае суправаджэнне, якое артысты ствараюць пры дапамозе інструментаў і бытавых прадметаў. Меладычныя спевы, гукі гітары, баяна і дрэва зліваюцца ў сапраўдную сімфонію, прысвечаную роднаму дому, глыбокай беларускай душы.
Спектакль-чытка пастаўлены па кінасцэнарыі Аляксея Дударава, таму вядомыя не аднаму пакаленню гледачоў устойлівыя выразы цалкам захаваны ў пастаноўцы Лізаветы Машковіч. Таксама ёсць унікальная магчымасць убачыць сцэны, што не ўвайшлі ў фільм Ігара Дабралюбава. Напрыклад, больш падрабязна паказаны шлях Сашкі дамоў: эпізод са звальненнем (заява дырэктару рыбакамбіната), сцэна ў аэрапорце і інш.
Сны — гэта чырвоныя нітка ўсёй кінастужкі, якая звязвае рэальнасць і ўнутраны свет герояў. Лізавета Машковіч выкарыстала гэтыя кадры ў сваёй пастаноўцы, з-за чаго межы паміж кіно і тэатрам пакрыху сціраюцца. Такі прыём яшчэ раз падкрэслівае аснову спектакля, аднак дазваляе абыграць стары эпізод з новымі эмоцыямі. Кадры з фільма, як цені, суправаджаюць герояў на сцэне (а можа, акцёры — гэта толькі цень былой велічы кінакарціны?).
Тэатральны жанр «чытка» апошнім часам набірае папулярнасць як сярод рэжысёраў, так і сярод гледачоў.
Спектакль-чытка развіваецца, набывае новыя рысы, выходзіць за агульныя межы і, магчыма, у хуткім часе будзе на адным узроўні з класічнымі тэатральнымі жанрамі. Пастаноўка Новага драматычнага тэатра «Белыя росы» — не проста статычныя акцёры з белымі паперкамі ў руках. Гэта зусім іншы погляд на жанр, дзе з мінімальнымі дэкарацыямі, аднак з сапраўдным акцёрскім майстэрствам гісторыя ажывае ў фантазіі гледачоў. Спектакль-чытка — быццам сумесная праца артыстаў і публікі, таму што эмоцыі кожнага ўплываюць на агульную атмасферу пастаноўкі.
У «Белых росах» задзейнічаны Сяргей Шырочын (Фядос), Васіль Ніцко (Цімафей), Дзмітрый Кузняцоў (Сашка), Фёдар Пясецкі (Вася), Дзмітрый Ціхановіч (Андрэй), Данііл Казак і Сцяпан Краўчук (Мішка Кісель). Канешне, ролі ўмоўныя. Акрамя галоўных герояў, у спектаклі шмат другасных і эпізадычных персанажаў, што спачатку можа заблытаць, але з развіццём сюжэта толькі прыцягвае ўвагу гледачоў (асабліва ў моманты, калі акцёрам трэба паказаць кароўку ці сабаку Валета). Трэба адзначыць талент Надзеі Анціповіч, лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі, вядомай па спектаклях «Вадэвілі», «Лялечны дом», «Плачу за каханне» і інш. У карціне «Белыя росы» Надзея сыграла ўсе жаночыя ролі: і жонку старэйшага брата, і Марусю, і паштальёнку Верку, і нават сур’ёзную прадстаўніцу мясцовай улады. Кожны персанаж у яе выкананні мае свае рысы, эмоцыі і пачуцці.
У спектаклі шмат папулярных кампазіцый савецкіх часоў: «Мой адрес Советский Союз», «Трава у дома», «Малиновка»; паэзія Арсенія Таркоўскага, Марыны Цвятаевай і, вядома, любімы хіт «Страдания» на словы Міхаіла Таніча і музыку Яна Фрэнкеля.
Пастаноўка Новага драматычнага тэатра — не спроба паўтарыць ці палепшыць знакаміты фільм Ігара Дабралюбава. Гэта спектакль-настальгія, дзе кожная рэпліка — удзячнасць кінематаграфічнаму феномену, павага да легендарных акцёраў і аўтараў карціны.
Персанажы спектакля лёгка балансуюць паміж іроніяй і сумам, уласнымі пачуццямі і ўжо звыклымі вобразамі, ствараючы цікавую меладраматычную гісторыю са знаёмымі героямі, але іншым настроем.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».