Вы тут

Выстаўка «Назаўжды разам» праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі


Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны архіў і Беларускі саюз мастакоў арганізавалі выставачны праект «Назаўжды разам» і прымеркавалі яго да 85-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР і Дня народнага адзінства. Экспазіцыя, з якой можна пазнаёміцца ў выставачным комплексе галоўнай бібліятэкі краіны, з розных бакоў раскрывае тэму дзяржаўнага свята. 


Сяргей Каткоў «Лагойскі мытыў», 1968 г.

На выстаўцы «Назаўжды разам» прадстаўлены экспанаты, якія адлюстроўваюць хаду гісторыі. Убачыць іх можна ў тэматычных раздзелах «Вызваленчы паход Чырвонай арміі», «Народны сход Заходняй Беларусі» і «Усталяванне мірнага жыцця на Заходняй Беларусі». У першую чаргу звяртаюць на сябе ўвагу копіі архіўных дакументаў — дэкларацыі, тэлеграмы, лістоўкі, пратаколы пасяджэнняў бюро ЦК КП(б)Б, праекты пастаноў... Дапаўняюць іх фотаздымкі і перыядычныя выданні — паўсюль адлюстраваны падзеі восені 1939 года. Яшчэ адзін складнік экспазіцыі — кнігі, у тым ліку тыя, што перадаюць атмасферу паўсядзённага жыцця беларусаў, апавядаюць пра 17 верасня ў гісторыі краіны, расказваюць пра стаўленне творчай інтэлігенцыі да ўз’яднання — многія пісьменнікі адгукнуліся на падзею, напісалі шматлікія публіцыстычныя і паэтычныя творы. Так, можна ўбачыць кнігі «Паэзія змагання» Уладзіміра Калесніка, «З палёў Заходняй Беларусі» Уладзіміра Жылкі, «„Крэсы“ змагаюцца» Міхася Машары... Натуральна, арганізатары вылучылі творчасць Максіма Танка — паэт прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Увогуле ж, кніжная экспазіцыя падзелена на раздзелы «17 верасня ў гістарычнай памяці беларускага народа», «Жыццё ў Заходняй Беларусі», «Галасы Заходняй Беларусі». Цэнтральная ж частка праекта мае назву «У адзінай беларускай сям’і» — тут арганізатары прапаноўваюць выданні, прысвечаныя маладому святу — Дню народнага адзінства. 

Не саступаюць у значнасці і выклікаюць асаблівую цікавасць прадстаўленыя графічныя, акварэльныя, жывапісныя і скульптурныя творы больш як 20 тагачасных аўтараў, якія апявалі мір і адлюстроўвалі жыццё беларусаў у адной краіне. Дарэчы, сёння некаторыя работы даволі рэдка дэманструюцца, нягледзячы на славутасць стваральнікаў, а менавіта Сяргея Селіханава, Акіма Шаўчэнкі, Аляксея Глебава, Сяргея Каткова, Андрэя Бембеля, Аляксандра Паслядовіча... 

Васіль Дубовік «Зямлю — сялянам», 1989 г.

Зачароўваюць найперш самыя раннія творы на выстаўцы. Сярод такіх — лінагравюра Саламона Юдовіна «Першыя пераходы на Няве» 1944 года (з цыкла «Ленінград у дні Вялікай Айчыннай вайны»). Вядома, што ўраджэнец Віцебшчыны з 1924 стала жыў і працаваў у Ленінградзе. Зіму 1941–1942 правёў у гэтым горадзе, у 1942–1944 знаходзіўся ў эвакуацыі пад Яраслаўлем. Менавіта каштоўныя малюнкі, выкананыя падчас першай блакаднай зімы, сталі асновай згаданага цыкла, над якім мастак працаваў некалькі гадоў. Дарэчы, Саламон Юдовін вярнуўся ў Ленінград адразу пасля зняцця блакады, там і пражыў да смерці. 

Яшчэ адзін даўні графічны твор — «У полі» (1955) Сямёна Геруса, выкананы з дапамогай сухой іголкі.

Анатоль Шыбнёў «Навальніца прайшла», 1980 г.

Вытанчаная работа мастака, які знаходзіў натхненне пераважна ў гісторыі, яе падзеях і постацях, — зварот да вясковага пейзажа, дэталёвае апісанне прыроды, якая вабіць хараством у любую пару года, у любое надвор’е. 

У ліку найбольш ранніх палотнаў — «Уборка сена» (1948) Сцяпана Андруховіча, які працаваў у станковым жывапісе. Сярод тэм, што цікавілі мастака, — рэвалюцыйны рух і жыццё пасляваеннай вёскі. «Уборка сена» якраз ёй прысвечана. Гэта невялікі лірычны пейзаж, які захапляе лаканізмам формы, выразнасцю кампазіцыі. А вось у творы Паўла Гаўрыленкі «З зямлянкі — у новы дом» (1952) ключавым становіцца ідэйны складнік. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, член Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў у БССР, а пазней і старшыня Беларускага саюза мастакоў (з 1956 да 1961 года), жывапісец не мог абысці ўвагай пасляваенныя будні, подзвігі працаўнікоў. Шматпланавая кампазіцыя выбрана наўмысна, каб, па-першае, падрабязна расказаць пра тагачаснае жыццё, па-другое, выявіць усю эпічнасцьадраджэння краіны пасля шматлікіх разбурэнняў вайны. Гэтай жа тэме прысвячалі творы Анатоль Тычына, Леў Лейтман, Яўген Красоўскі, Анатоль Шыбнёў, Яўген Санько ды іншыя аўтары, чый плён працы можна ўбачыць сёння на выстаўцы «Назаўжды разам».

Фрагмент экспазіцыі

Пазнаёміцца з ёй можна да 31 студзеня 2025 года. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.