Вы тут

Сёлета Генадзь Гайдук святкуе адразу два юбілеі


У аднаго з найбольш вядомых і запатрабаваных артыстаў коласаўскай трупы Генадзя Іосіфавіча Гайдука не толькі асабістая важная дата, ён святкуе і 40-годдзе сваёй творчай дзейнасці. 


Генадзь Гайдук

Пройдзены вялікі шлях: ад артыста-пачаткоўца да сапраўднага майстра, які здольны выканаць самыя складаныя прафесійныя задачы. А як жа ўсё пачыналася? Наўрад ці ведаў у дзяцінстве вясковы хлопчык Гена Гайдук з Міншчыны, што такое тэатр і прафесія артыста. Меў выдатныя тэхнічныя, інжынерныя здольнасці, любіў круціць розныя шрубкі, болцікі і ў шэсць гадоў нават зрабіў сабе трактар. Сябры і мянушку яму адпаведную далі — Гайка. 

У школе добра цяміў у матэматыцы. Але разам з тым хацелася паказваць розныя сцэнкі і мініяцюры, быць публічнай асобай. Гэта і вызначыла выбар жыццёвага шляху. У тэатральна-мастацкі інстытут паступаў двойчы: толькі з другога разу трапіў на курс выдатнага педагога Аляксандра Іванавіча Бутакова, які для многіх студэнтаў быў сапраўдным бацькам. Але нават найлепшыя з найлепшых не могуць навучыць быць акцёрам, гэта можна адолець толькі самому, лічыць Генадзь Іосіфавіч. Трэба засвоіць у педагогаў аснову, а ўсё астатняе падгледзець, прыдумаць. У настаўнікаў юнак пераняў асновы майстэрства, але сапраўдным акцёрам стаў, ужо трапіўшы на коласаўскую сцэну. 

Дэбютаваў у ролі Лёнькі-Адуванчыка ў спектаклі «Радавыя» па п’есе Аляксея Дударава. Гэта наіўны, непасрэдны, закаханы ў медсястру хлапчук. Потым быў цэлы шэраг маладых герояў: Алёша ў спектаклі пра падлеткавае каханне «Маскоўскія канікулы» А. Кузняцова, шэкспіраўскі Бенволіа з «Рамэа і Джульеты», Вася («І быў дзень...» А. Дударава), Іван («Сняданак з невядомымі» У. Дазорцава), Адзінцоў («Тры гадзіны на сачыненне» А. Крумера, М. Міхайлава). Многа іграў у казках, дзе набыў неблагі прафесійны вопыт: увасобіў на сцэне Пачвару («Дарога з чорнага царства» А. Вярбеца), Бураціна («Навагоднія прыгоды з чароўнай скрыначкай» Ю. Куліка, А. Оксіня), Лесуна ў «Купальскай ночы» Ю. Куліка, Казла з «Кошчынага дома» С. Маршака, Шэрае Мышаня ў «Дні нараджэння ката Леапольда» Аркадзя Хайта, на больш познім этапе — Доктара Айбаліта ў аднайменным спектаклі па кінасцэнарыі Р. Быкава і В. Карастылёва, Зюзю-Зімавіца ў музычнай казцы «Вядзьмарка і Дыназаўрык» А. Якімовіча. 

Але вось пайшлі больш грунтоўныя ролі, такія, як Хлестакоў у эксперыментальным спектаклі «ЧП-1» — «ЧП-2» паводле «Рэвізора» М. Гогаля ў пастаноўцы выдатнага рэжысёра Барыса Эрына, пазней Освальд у трагедыі «Грахі бацькоў» паводле п’есы Г. Ібсена «Здані». Увогуле, у «Рэвізоры», па задуме рэжысёра, суіснавалі чатыры Хлестаковы. Гэта ў нейкім сэнсе адлюстроўвала гогалеўскую фантасмагорыю і містыцызм. Кожны з выканаўцаў ролі ўвасабляў нейкую адну рысу — інфернальнасць у Вадзіма Асвяцінскага, інфантыльнасць і рамантычнасць у Генадзя Кірпічова, ганарлівасць і самаўпэўненасць у Міхася Краснабаева, гіпертрафіраваная жаноцкасць у Генадзя Гайдука. Паступова вобраз абрастаў і іншымі рысамі — цынізмам і рафінаванасцю. А праз некалькі гадоў — паглыбленне ў псіхалагізм і трагічнасць ібсенаўскага персанажа Освальда. Яго герою ўласцівы вонкавы, знешні спакой. Страціўшы апошнюю надзею на выратаванне, ён усё прадумаў, разлічыў і прыехаў дадому паміраць. Вестка аб тым, што выбранніца Рэгіна з’яўляецца яго сястрой, не вельмі хвалюе Освальда. Жыццелюбівая, адчайная дзяўчына неабходна яму толькі для таго, каб у патрэбную хвіліну даць выратавальную атруту. Але ад’езд Рэгіны парушае ўсе яго планы. Тады са страшнай прапановай сын звяртаецца да маці. Освальд на сцэне зусім пазбаўлены нервовай узбуджанасці, экзальтацыі, істэрыі. Толькі незямны сум у вачах ды ледзь прыкметная пакутлівая грымаса, што часам скажае яго прыгожы твар, выдаюць нясцерпны душэўны боль. Освальд мяккі, разважлівы, мудры, таму што ў думках сваіх ужо даўно пераступіў мяжу небыцця. Выкананне Генадзя Гайдука ўражвала глыбінёй, напоўненасцю, прыхаваным драматызмам. 

Акцёр з поспехам працаваў у самых розных жанрах: — псіхалагічнай драме, лірычнай камедыі, абсурдысцкім трагіфарсе альбо казцы. Так, у спектаклі «Блэз» па п’есе французскага драматурга Клода Манье ён яскрава выконваў ролю галоўнага героя. Малады мастак містар Блэз арандуе кватэру, каб са сваёй дамай сэрца здзейсніць нейкую аферу. Ён задумаў ажаніцца з дачкой яе багатага палюбоўніка. Але іх планы руйнуюцца, і Блэз вымушаны выкручвацца самымі рознымі спосабамі. Лёгкі жанр, камедыя становішчаў? Так. Але гэты жанр вымушае акцёра трымаць сябе заўсёды ў форме. Тут мы ўспамінаем знакамітых французскіх комікаў, якія нават у вельмі прымітыўных фільмах маглі трымаць увагу гледачоў, выклікаць любоў ці прынамсі сімпатыю да сваіх няўдачлівых персанажаў.

У тэатры Генадзь Іосіфавіч быў заўсёды загружаны, творчага прастою не ведаў, хоць не ўсе работы прыносілі сапраўднае задавальненне. Найбольшую папулярнасць, цёплыя водгукі крытыкаў і гледачоў атрымаў вобраз Марка Шагала. З гэтым спектаклем («Шагал... Шагал...» па п’есе У. Драздова «Прамы цягнік да Парыжа з усімі перасадкамі») тэатр аб’ехаў мноства краін: Вялікабрытанія, ЗША, Францыя, Італія, Польшча, Малдова, Расія, Літва, Латвія. На Міжнародным фестывалі ў Эдынбургу (Шатландыя) ён атрымаў Гран-пры ў праграме «Fringe». Артысту давялося паказаць славутага мастака ў розныя перыяды. Спектакль быў пабудаваны такім чынам, што Марк бачыць розныя малюнкі віцебскага жыцця быццам праз прызму сваёй свядомасці. Першае ў жыцці юнацкае захапленне — Волечка, каханне да Бэлы, развітанне з роднымі і, вядома ж, Віцебск — самы дарагі для яго горад, любімая, ды, на жаль, пакінутая ім радзіма, якая прыходзіць у снах, вершах, малюнках, непазбыўнай настальгіі. Генадзь Гайдук стварыў тонкі, пранізлівы, светлы і вельмі аб’ёмны вобраз найперш праз унутранае пражыванне, праз дакладнае ўзаемадзеянне з іншымі акцёрамі, у выніку чаго атрымаўся сапраўдны ансамбль. 

Працуючы над вобразам славутага фізіка Эйнштэйна ў спектаклі «Прывітанне, Альберт!», артыст перачытаў многа кніг, сядзеў у інтэрнэце, затое лепш за ўсіх у тэатры ведаў тэорыю адноснасці і мог за лічаны час растлумачыць, што такое фатоны і кванты. Ведаў, што толькі так можна дайсці да самай сутнасці ролі. Увогуле, перыяд працы ў тэатры мастацкім кіраўніком Віталя Баркоўскага лічыцца часам акцёрскага, выканальніцкага ўздыму і Генадзя Гайдука, калі раскрыліся яго здольнасці як драматычнага артыста. Да ўжо названых варта дадаць вобразы зноў жа мастака Хаіма Суціна з «Мадам Боншанс» У. Драздова, Пракурора («От цо да...» па п’есе С. Яновіча «Арышт»). 

На сучасным этапе такімі сталі ролі Пата Дулі ў «Каралеве прыгажосці з Лінэна», Віктара ў «Восеньскай санаце» І. Бергмана, Толі ў «Пахавайце мяне за плінтусам» П. Санаева. У п’есе Мак-Донаха артыст надаў сваёй ролі сапраўдны аб’ём, шчымліва-пранізлівае, драматычнае гучанне. Перад намі зусім не класічны герой-палюбоўнік, артыст акцэнтуе ўвагу на яго добрых чалавечых якасцях: ён з самага пачатку спрабуе зразумець Морын і правілы гульні, якую тая вядзе з ім. Вядома ж, яна больш пачуццёвая, больш ахопленая жаданнем, жарсцю, а ён трапляе да яе ў палон. Герой адчувае сябе даволі няўпэўнена і няёмка ў той канфліктнай сітуацыі з маці, у якую міжволі трапіў. Пэўна ж, гэтая ноч змяніла і яго адносіны з Морын, і яго ўласную самаацэнку. У другой частцы спектакля, калі Пата чытае свой ліст да Морын, дзе робіць ёй прапанову быць разам, абяцае светлы рай, верыш у шчырасць яго намераў, у сапраўднасць пачуцця. Пры ўсёй слабасці характару гэта ўжо ўяўляецца смелым крокам, учынкам, які мог бы ўратаваць яе, ды стаў прычынай згубы. Здольнасць падпарадкаваць сябе абставінам, у якія трапляе герой, выяўляецца, апрача названых спектакляў, у «Афінскіх вечарах» П. Гладзіліна (Барыс Алегавіч), «Загадкавых варыяцыях» Э-Э. Шміта (Эрык Ларсен), «Леанарда?» Э. Флізара (Крывы), «Глыток чужога віскі» Л. Агулянскага (Рычард). Цікава, што нават у камедыйных пастаноўках апошніх гадоў — «Доктар філасофіі» Б. Нушыча (Благае), «Дурнічка» Лопэ дэ Вега (Турын), «Бальніца на краі свету» Х. Бойчава (Дзед) ды іншых — артыст не захапляецца абыгрываннем камічных сітуацый. Ён спрабуе зразумець чалавека, вобраз якога ён стварае, яго мінулае, абставіны, у якія ён трапляе воляй лёсу, логіку паводзін. Пад маскай клоўна альбо камедыйнага героя артыст заўсёды выяўляе драматызм. 

У спектаклі «Смешныя людзі», пастаўленым паводле аднаактовых жартаў Антона Чэхава, рэжысёр Юрый Пахомаў даручае акцёру ролю Нюхіна. Ім пачынаецца дзея, ён працягвае спектакль пасля антракту і завяршае на журботна-шчымлівай ноце фіналу. Менавіта гэты маналог, дзякуючы кантрасту, дазваляе, прымушае іначай зірнуць і на герояў іншых вадэвіляў — так бы мовіць, абсалютна камедыйных. У 2023 годзе спектакль «Смешныя людзі» з поспехам прайшоў на міжнародным фестывалі «Меліхаўская вясна». Прывядзём словы старшыні экспертнага савета фестываля, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Юрыя Колышава, сказаныя пры ўручэнні ўзнагарод і адрасаваныя Генадзю Гайдуку: «Мне хочацца вылучыць аднаго акцёра, які нагадаў мне вялікую школу рускага нацыянальнага псіхалагічнага тэатра». 

Спектакль «Дзеці. Вёрсты» па матывах творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (аўтар п’есы Арцём Казюханаў) пры ўсёй прастаце, немудрагелістасці сюжэтнай асновы мае другі, падтэкставы, філасофскі, сімвалічны план. І гэта, здаецца, вельмі добра адчуў выканаўца адной з цэнтральных роляў — Станцыйнага наглядчыка — Генадзь Гайдук. Яго герой набывае нейкія абагульненыя, тыпізаваныя рысы чалавека, які шмат чаго ведае аб людзях і разумее ў жыцці такое, што цяжка нават выказаць у словах, ён — свайго роду дамарослы філосаф, назіральнік. 

П’еса амерыканскіх драматургаў Уільяма Ван Занта і Джэйн Мілмор, па якой быў пастаўлены спектакль коласаўцаў «Каханне і падаткі», быццам нагадвае аб сапраўдных каштоўнасцях: каханне, павага адно да аднаго, пра якія мы часцяком забываем. І гэтая праблема набывае асаблівае гучанне праз вобраз падатковага інспектара Флойда Шпінэля, які змог убачыць і ацаніць сябе і сваё жыццё ў іншым ракурсе. Ужо казалася аб тым, што Генадзь Гайдук зусім не захапляецца ігрой, знешне яркай падачай вобраза, а шукае яго драматычную падаплёку. Драматычная нотка і тут гучыць. Можа, гэта адзінота, неўладкаванасць, нейкая чалавечая нерэалізаванасць. Выдатна артыст перадае стан, пачуцці, эмоцыі героя ў фінальнай сцэне, калі Лэслі раскрывае сапраўдную сутнасць іх намераў. Ад абуранасці нахабствам маладых людзей ён пераходзіць да рашэння дараваць. Чалавек у ім перамог, адолеў чыноўніка, службоўцу, фармальнага выканаўцу сваёй сацыяльнай ролі. 

У 2002 годзе Генадзь Гайдук арганізаваў пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава студэнцкі тэатр «Аўтограф», які існаваў шэсць гадоў. За гэты час былі выпушчаны вельмі цікавыя эксперыментальныя пастаноўкі: «Доктар філасофіі» Браніслава Нушыча, «Справа аб людаедстве» Уласа Дарашэвіча, «Гавялус» паводле «Выпадку ў Пасажы» («Кракадзіл») Фёдара Дастаеўскага, «Сны каморніка» паводле «Замка» Франца Кафкі, «Ніжнія Байдуны» паводле Янкі Брыля. Яны мелі вялікі розгалас сярод студэнтаў і выкладчыкаў. Але, на жаль, кіраўніцтва не аказала цікаваму творчаму калектыву належнай падтрымкі, ды і не заўсёды хапала часу, Генадзь Іосіфавіч літаральна разрываўся паміж рэпетыцыямі і спектаклямі на дзвюх творчых пляцоўках. На жаль, давялося сысці. Былыя вучні Генадзя Іосіфавіча і па сёння з задавальненнем і вялікай падзякай успамінаюць тыя часы. У вольны час артыст любіць пісаць вершы, іншым разам перакладае цікавыя яму творы на беларускую мову. Як прыклад — дзіцячая п’еса «Казявачка», якая і цяпер у рэпертуары.

Генадзь Гайдук адзначаны многімі ўзнагародамі, самая высокая сярод іх — медаль Францыска Скарыны.

Хочацца пажадаць гэтаму патрабавальнаму да сябе артысту, сапраўднаму майстру творчага даўгалецця, новых яскравых роляў і ганаровага звання, якога ён даўно ўжо заслугоўвае.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Кіно

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?