14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

32 фільмы будуць прадстаўлены на фестывалі дакументальнага кіно «Еўразія.DOC»


У панядзелак, 30 верасня, у Смаленску стартуе VІІІ Міжнародны фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC». А 3 і 4 кастрычніка працяг яго чакаем у Мінску. Як і штогод, сёлета яго наведвальнікам прапануюць не толькі прагляд цікавых дакументальных кінастужак, але і ўдзел у абмеркаванні шэрагу актуальных тэм у асяроддзі экспертаў. У кароткай праграме фестывалю будуць прадстаўлены 32 фільмы-фіналісты з Беларусі, Расіі, краін СНД і далёкага замежжа. З улікам таго, што кінафорум праводзіцца пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, усе адкрытыя паказы дакументальных кінастужак і дыскусіі бясплатныя для наведвальнікаў.


Напярэдадні старту фестывалю ў яго адрас ужо пачалі паступаць першыя віншаванні. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла ў сваім звароце да ўдзельнікаў і гасцей «Еўразіі.DOC», што гэты форум ужо паспеў зарэкамендаваць сябе як значная культурная, медыйная падзея ў календары беларускай сталіцы і дазваляе пазнаёміцца з найлепшымі дакументальнымі работамі еўразійскай і сусветнай прасторы: «...Сёння на стваральніках дакументальнага кіно ляжыць вялікая адказнасць за аб’ектыўную аўтарскую перадачу „нерва часу“, сутнасці сусветных і рэгіянальных канфліктаў, сутыкнення высокіх гуманістычных ідэалаў і традыцыйнай культуры народаў Еўразіі з так званымі новымі каштоўнасцямі, а на самай справе — з „шырспажывам“ глабалізму, бескультур’ем адмены шэдэўраў мастацтва і іх аўтараў, забыццём праўдзівай гісторыі і маральнасці. Адсюль і высокі запыт беларускай аўдыторыі на праўду і справядлівасць у дакументальных стужках»…

Адкрыецца кінафорум у Смаленску ў панядзелак фільмам «Югорскія навелы» (Расія, 2023 г.) рэжысёра Аляксандра Авілава. Дарэчы, гэтую кінастужку змогуць убачыць і ў Беларусі 3 кастрычніка ў Доме Масквы. Фільм пазнаёміць гледачоў з гісторыямі людзей, якія не імкнуцца ў вялікія гарады, а свядома выбралі для жыцця радавыя ўгоддзі і паселішчы югорскай зямлі. У навелах «Шлях да вытокаў», «Свая зямля», «Прыняць выклік», «Дом без сцен» і «Помніць старыя казкі» паказаны героі розных прафесій (захавальніца старажытных хантыйскіх рэцэптаў, фельчар санітарнай авіяцыі, сучасная паляўнічая, аленявод-філосаф і настаўніца музыкі), але аб’яднаны яны адным жаданнем — захоўваць нацыянальную культуру, звычаі і побыт продкаў і перадаваць іх сваім дзецям, наступным пакаленням. Рэжысёр кінафільма правёў з кожным з гэтых людзей больш за тыдзень, фіксуючы іх працоўныя будні. Адчуць гэтую атмасферу цяпер будзе магчымасць і ў шматлікіх гледачоў. Яшчэ ў рамках форуму пройдзе Маладзёжны конкурс «Еўразія. DOC: 4 хвіліны». Творчае спаборніцтва дазваляе заявіць пра сябе і прэзентаваць свае ідэі маладым рэжысёрам-дакументалістам. У гэтым годзе з 57 заявак у шорт-ліст адабралі восем кароткаметражак, чатыры з якіх ад беларускіх аўтараў.

Пасля 1 і 2 кастрычніка ў Смаленску прадэманструюць яшчэ шэраг дакументальных кінастужак з розных краін і самай разнастайнай тэматыкі. Напрыклад, што датычыцца Беларусі, то сёлета ад нашай краіны ў праграму «Еўразіі.DOC» трапілі фільмы «Сусвет Івана Міско» Яўгена Сяцько, «Гаспар не выйшаў на сувязь» Анатоля Занковіча, якія пакажуць расійскай аўдыторыі. А 3 і 4 кастрычніка ў Мінску мы зможам трапіць на паказы кінаработ «Яна — вайна» Паліны Лушчык, «Горад пад намі» Ганны Літаш, «Мінск 1944. Вызваленне» Аксаны Лашкевіч і «Шталаг 352. Без права на забыццё» Аляксандра Шурмілёва. Знайсці праграму і час сеансаў можна на афіцыйным сайце кінафестывалю.

А вось калі звярнуцца да праектаў, заяўленых у праграме сёлета ад іншых краін, то па анонсах звяртае на сябе ўвагу шэраг кінастужак. Стужка «Аул стратэгічнага прызначэння» (Казахстан, 2023 г., рэж. Болатхан Нусімбекаў) перанясе гледача на мяжу Казахстана з Кітаем і пазнаёміць з умовамі жыцця тых, хто не жадае адракацца ад роднай зямлі. Фільм «Мама» (Кыргызстан, 2022 г., рэж. Айдана Асан кызы) — гісторыя пра жанчыну, якая працуе медсястрой у дзіцячай бальніцы, а па-за працай прысвячае сябе выхаванню васьмярых дзяцей... Вядома, у некаторых фільмах цэнтральнай тэмай з’яўляецца паказ вайны, у розныя часы і ў розных гарадах такая рэчаіснасць мае сваіх герояў, антыгерояў і наступствы. Да такога зместу кінаработ можна аднесці «Забыць латышскага снайпера» (Латвія, 2023 г., рэж. Андрэй Якаўлеў), «Браты» (Расія, 2023 г., рэж. Айгуль Ярбулава), «На фронт» (Расія, 2024 г., рэж. Ульяна Герасімава).

Арганізатарам фестывалю з беларускага боку з’яўляецца Беларускі саюз журналістаў. Яго мерапрыемствы праводзяцца пры падтрымцы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкама, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры Беларусі. Акрамя кінапаказаў, у рамках фестывалю пройдуць таксама майстар-класы, сустрэчы з аўтарамі і круглыя сталы. Так, непасрэдна ў беларускай сталіцы плануецца абмеркаванне такіх тэм, як «Гарызонты новага свету. Стваральныя прынцыпы новай светабудовы» і «Памятныя даты Вялікай Айчыннай вайны. 80 гадоў вызвалення Беларусі». Мінгарвыканкам плануе выкарыстоўваць мерапрыемствы кінафоруму ў якасці адкрытых дыскусійных пляцовак па тэматыцы Года якасці, супрацьдзеяння інфармацыйным укідам, 80-годдзя вызвалення Беларусі, перспектывам нашай краіны ў буйных рэгіянальных інтэграцыйных праектах (ШАС, АДКБ, СНД і іншых). Таму сачыце за навінамі і плануйце сваю культурную праграму на пачатак кастрычніка.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.