14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Жарсці па «зялёных чалавечках»


У Кангрэсе ЗША адбудуцца публічныя слуханні, прысвечаныя... з’яўленню неапазнаных лятальных аб’ектаў (НЛА). Аб гэтым паведаміла брытанскае выданне Daіly Maіl са спасылкай на крыніцы ў камітэце Сената. Галоўнай прычынай для пасяджэння сталі паведамленні амерыканскіх вайскоўцаў аб новых назіраннях НЛА, а таксама нядаўняя заява былога чыноўніка Пентагона Луіса Элізонда, які сцвярджае, што валодае інфармацыяй аб «іншапланетным імпланце», знойдзеным у целе вайскоўца. Сенатар Кірстэн Джылібранд, актыўны прыхільнік раскрыцця даных, падкрэсліла, што ўсе матэрыялы па НЛА павінны стаць даступнымі для шырокай грамадскасці. Чаму ў ЗША так заклапочаны прышэльцамі?


Адкуль пайшлі «талеркі»?

Захапленне тэмай НЛА, верагодна, пачалося ў 1947 годзе, калі пілот Кенэт Арнольд паведаміў аб сустрэчы з дзіўным лятальным апаратам, піша The Hіll. Як адзначае часопіс Perspectіves on Hіstory, Арнольд распавёў, што бачыў дзевяць яркіх аб’ектаў, якія ляцелі шчыльным строем на дзіўнай хуткасці ў раёне гары Рэйнір у Вашынгтоне. Пазней ён падзяліўся падрабязнасцямі незвычайнай сустрэчы: ён бачыў дзіўны самалёт — «пляскаты, як форма для пірага, які па форме нагадвае кажана». Арнольд удакладніў, што аб’ект «лётаў як талерка, калі б яе запусцілі па вадзе». Лічыцца, што менавіта гэта паслужыла падставай для з’яўлення тэрміна «лятальная талерка».

Заінтрыгаваная незвычайнай з’явай амерыканская грамадскасць тут жа падхапіла гэтую тэму. У наступныя дзесяцігоддзі ўфалогія атрымала шырокае адлюстраванне ў тым ліку ў культуры, прысутнічала ў вялікай колькасці фільмаў і кніг. Адны з найбольш папулярных мастацкіх кінастужак, створаных на хвалі захопленасці таямніцамі пазаземных цывілізацый, былі зняты Стывенам Спілбергам «Блізкія кантакты трэцяй ступені» (1977) і «Іншапланецянін» (1982).

Розныя звесткі аб НЛА назапашваліся гадамі. Але далёка не заўсёды цікавасць да гэтай тэмы была аднолькава высокая. Усё змянілася да канца 1990-х гадоў з прыходам эры інтэрнэту. «Калі вы пагаворыце са шматлікімі дасведчанымі ўфолагамі, яны скажуць: „Чувак, інтэрнэт нас забіў“. Як ні дзіўна, гэта сапраўды паменшыла энтузіязм руху, які існаваў многія гады, заснаванага на тым, што людзі збіраліся разам», — прыводзіць The Hіll словы гісторыка з Універсітэта штата Пенсільванія, які даследуе тэму НЛА, Грэга Эгігяна.

Такім чынам справы ішлі аж да 2017 года. Усё змянілася пасля публікацыі газетай The New York Tіmes паведамлення аб сакрэтнай праграме Пентагона па НЛА. «Знайсці ў штогадовым бюджэце Міністэрства абароны ў $600 млрд 22 млн, выдаткаваных на ўдасканаленую праграму ідэнтыфікацыі аэракасмічных пагроз, было практычна немагчыма. Менавіта гэтага і дабіваўся Пентагон», — пісала выданне. Паводле даных газеты, шмат гадоў у рамках праграмы вывучаліся паведамленні аб неапазнаныx лятальных аб’ектах. Міністэрства абароны да гэтага не прызнавала існаванне такой праграмы, якая, сцвярджалі ў самім ведамстве, была закрыта ў 2012 годзе. Пры гэтым крыніцы сцвярджаюць, што яна працягнула існаваць і яе супрацоўнікі ўвесь гэты час расследавалі эпізоды, пра якія ім паведамлялі вайскоўцы.

«Легалізацыя» прышэльцаў

Дэпартамент па даследаванні ўсіх відаў анамалій (AARO) пры Мінабароны ЗША нават апублікаваў карту свету з адзнакамі найбольшай колькасці назіранняў неапазнаных лятальных аб’ектаў з 1996 да 2023 года. Дакумент размясцілі на афіцыйным сайце ведамства. Згодна з картай, за апошнія 27 гадоў НЛА часцей за ўсё бачылі на ўсходнім і заходнім узбярэжжах ЗША, каля японскіх гарадоў Хірасіма і Нагасакі, а таксама над такімі буйнымі цэнтрамі Блізкага Усходу, як Багдад, Доха і Дубай.

У AARO не ўказалі дакладную колькасць назіранняў за НЛА за гэты перыяд. Таксама ў кароткай справаздачы ведамства прыводзяцца асноўныя характарыстыкі НЛА, складзеныя па словах відавочцаў. Так, згодна з дакументам, часцей за ўсё людзі бачылі ў небе круглыя або сферычныя прадметы дыяметрам ад аднаго да чатырох метраў белага або серабрыстага колеру, якія знаходзіліся на вышыні ад трох да дзесяці кіламетраў.

На працягу многіх гадоў тэма НЛА нязменна прысутнічае ў інфармацыйным полі ЗША ў рознай форме: ад паведамленняў аб знаходжанні іншапланецян на Зямлі да стварэння рабочай групы пры Пентагоне для расследавання выпадкаў з’яўлення неапазнаных лятальных аб’ектаў. Самі амерыканцы ставяцца да гэтага пытання даволі сур’ёзна. У тое, што за апошнія паўстагоддзя Зямлю наведалі іншапланецяне, вераць 40 працэнтаў жыхароў ЗША, раней паведаміла Daіly Maіl са спасылкай на вынікі апытання JL Partners. Больш за 70 працэнтаў апытаных перакананы, што адміністрацыя амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна хавае інфармацыю аб пазаземных аб’ектах.

З апытанняў Newsweek і YouGov вынікае, што доля амерыканцаў, якія лічаць, што з’яўленне НЛА ў небе — гэты верагодны доказ існавання іншапланетнага жыцця, узрасла з 20 працэнтаў у 1996 годзе да 34 працэнтаў у 2022-м. Больш за тое, змянілася і бачанне амерыканцамі магчымага кантакту з іншапланецянамі. Апытанне, праведзенае даследчым цэнтрам Pew у 1996 годзе, паказала, што толькі чатыры працэнты амерыканцаў вераць у яго верагоднасць на працягу наступных 50 гадоў. З апытання YouGov 2022 года вынікае, што гэтая колькасць узрасла да 13 працэнтаў. У 1996 годзе 69 працэнтаў людзей былі перакананы, што кантакт з іншапланецянамі не адбудзецца ў найбліжэйшыя паўстагоддзя. Цяпер такая ўпэўненасць ёсць толькі ў 39 працэнтаў амерыканцаў.

Абсалютнае вар’яцтва

У 2019 годзе апытанне паказала: 68 працэнтаў амерыканцаў лічаць, што ўрад ведае больш, чым гаворыць, але з таго часу спробы дакапацца да ісціны ні да чаго не прывялі. Асабліва трывожны той факт, што распаўсюджванне падобных тэорый змовы можа прывесці да непрадказальных наступстваў. Напрыклад, у тым жа 2019-м у сацсетках узнікла ініцыятыва па штурме «зоны 51». Аб’ект даўно лічыцца месцам, дзе амерыканскія ўлады хаваюць іншапланетны карабель і нават прышэльцаў. Нягледзячы на тое, што ідэя мела несур’ёзны характар, гатоўнасць прыйсці са зброяй і выбіць з улад праўду выказалі сотні тысяч людзей.

Нядаўна ў сеціве завірусіўся ролік, на якім нейкі дзіўны аб’ект завіс над штатам Мантана. На відэа, знятым у невялічкім мястэчку Шота, цяжка нешта зразумець напэўна: нейкая даўгаватая палоска цёмна-сініх агнёў мігціць у начным небе і потым знікае. Але аператар-аматар упэўнены, што на запісе «адназначна» можна разгледзець паветраны апарат. «Усе гэтыя ўспышкі належаць аднаму аб’екту там... Бачыце гэты чырвоны агеньчык — ён круціцца знізу пад аб’ектам... Усе агні ў ідэальна прамой лініі, і вы можаце бачыць, што яно круціцца... Гэта абсалютнае вар’яцтва», — пракаментаваў ён сваё відэа.

У штаце Мантана знаходзіцца адно з трох ключавых сховішчаў амерыканскай ядзернай зброі. З’яўленне паблізу дзіўных лятальных аб’ектаў бударажыць уяўленне амерыканцаў. Усё часцей на тэму НЛА выказваюцца і амерыканскія афіцыйныя асобы. Так, былы высокапастаўлены супрацоўнік разведкі, які адслужыў 14 гадоў у амерыканскіх ВПС, Дэвід Граш сцвярджае, што амерыканскі ўрад валодае дзясяткамі касмічных караблёў пазаземнага паходжання і нават целамі прышэльцаў, хаваючы гэтыя факты ад грамадскасці. Паводле яго слоў, у Пентагона ёсць шэраг праграм па зваротным інжынірынгу іншапланетных тэхналогій для стварэння перспектыўных узораў узбраення.

Адцягнуць увагу

Як сцвярджаюць эксперты, вельмі падобна на тое, што, нагнятаючы ажыятаж вакол НЛА, амерыканскія ўлады імкнуцца адцягнуць грамадзян ад унутраных праблем краіны. Супадзенне ці не, але найбольш актыўна публікаваць факты аб неапазнаных паветраных з’явах улады ўзяліся ў 2020-м, калі былі дапушчаны памылкі ў барацьбе з каранавірусам, а пасля пачаліся хваляванні з-за загінулага ў Мінеапалісе афраамерыканца Джорджа Флойда. Ці не таму Белы дом вырашыў «запрасіць» да сябе іншапланецян?

Дарэчы, карыстальнікі сацсетак у ЗША актыўна падтрымлівалі гэту версію. «Прычына тая ж, што і заўсёды: адцягненне ўвагі», — напісаў адзін з каментатараў. «Глупства, што адцягвае ад рэальных праблем, такіх як інфляцыя і міграцыйны крызіс», — адзначыў другі карыстальнік. «Не звяртайце ўвагі на Фаўчы (амерыканскі ўрач, які выступаў супраць выкарыстання недастаткова правераных вакцын. — Рэд.) і інфляцыю... Глядзіце! У небе нешта бліскучае!» — іранізаваў яшчэ адзін каментатар.

«Тэма НЛА звычайна выкарыстоўваецца амерыканскімі СМІ для таго, каб адцягнуць увагу грамадства, — заўважыў aіf. ru загадчык кафедры палітычнага аналізу і сацыяльна-псіхалагічных працэсаў Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Пляханава Андрэй Кошкін. — У эканоміцы праблемы: хранічны бюджэтны дэфіцыт і дзярждоўг, які расце, з ужо астранамічнымі выдаткамі на яго абслугоўванне. Усё гэта вядзе да назапашвання ў грамадстве вялікай напружанасці. Вырашылі людзей крыху расслабіць, пераключыўшы на тэму НЛА, праводзяць такі «сеанс масавай псіхатэрапіі».

Усплёск цікавасці сёння якасна іншы, лічыць эксперт: «Цяпер, калі ў публічнай прасторы так добра прадстаўлены дроны і іншыя перспектыўныя ваенна-паветраныя тэхналогіі, свядомасць масавага выбаршчыка ў ЗША трансфармуецца. Ад кангрэсменаў патрабуюць, каб яны сваім расследаваннем вымусілі Пентагон прызнаць, што інцыдэнты з нібыта НЛА — гэта вынік яго ўтоенай актыўнасці вайскоўцаў, нічога звышнатуральнага.

Што да НЛА і ядзернай зброі ў Мантане, то гэта карысны сюжэт для амерыканскага наратыву пра нібыта агрэсіўную Расію. Маўляў, паглядзіце: незразумела чые аб’екты лётаюць у тым жа штаце, дзе ў нас шахты з ядзернымі ракетамі. Можна абалваніць і прывесці ў істэрычны стан значную частку амерыканскіх выбаршчыкаў».

Нябесная «мікрахвалёўка»

Нарэшце, варта ўзгадаць меркаванне, якое выказаў aіf.ru расійскі фізік, аўтар кнігі «Паляванне на НЛА. Віхуры ў часе» Павел Палуян: «Думаю, усе гэтыя «талеркі» — зямная тэхніка. Падобныя лятальныя апараты з’явіліся ў 1940-я гады, яны выпрабоўваліся, удасканальваліся, выкарыстоўваліся для шпіянажу. Натуральна, была вялізная колькасць дэзынфармацыі прыкрыцця ад спецслужбаў. Тэхналогія, дзякуючы якой лётаюць бязгучныя апараты розных формаў і памераў (бываюць не толькі «талеркі», але і «трыкутнікі»), зусім не фантастычная. На іх стаяць рухальныя панэлі з тысячамі рэльсатронных вочак, якія сінхронна страляюць плазмай і ствараюць імпульс. Але яны маюць адзін важны недахоп — моцнае мікрахвалевае выпраменьванне. Таму для грамадзянскага выкарыстання яны не падыходзяць, ды і для ваеннага таксама — хіба толькі для рэдкіх шпіёнскіх місій. Але цяпер з космасу відаць усё, граніцы сталі празрыстымі. Таму пачаўся працэс рассакрэчвання. А плазменныя рухальныя панэлі спатрэбяцца, напрыклад, грузавым дырыжаблям: там кабіну пілота можна размясціць далёка ад крыніц выпраменьвання. Дарэчы, у кнізе Крыстафера Баклі «Зялёныя чалавечкі» апісана гісторыя, як прэзідэнт ЗША даведваецца, што «лятальныя талеркі» — гэта сакрэтная тэхніка, створаная людзьмі, а «казкі пра іншапланецян распаўсюджваюць спецслужбы».

Зразумела, з меркаваннем экспертаў не пагодзяцца ўфолагі. Яны па-ранейшаму будуць сцвярджаць, што НЛА (ці, выкарыстоўваючы тэрмін амерыканцаў, UAP) — гэта караблі прышэльцаў з іншых планет. Вось толькі ўфолагаў да сваіх расследаванняў Пентагон чамусьці не запрасіў.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.