Кацярыну Хадасевіч-Лісавую, здаецца, ведае ўся краіна. Пісьменніца, якая настойліва, праз многія гады, працуе з разлікам на дзіцячага чытача. Настаўніца з немалым педагагічным стажам. Часты ўдзельнік сустрэч з чытачамі. У сеціве ёсць розныя супольнасці фанатаў яе твораў, яе казачных герояў. А што сама Кацярына думае пра беларускую дзіцячую літаратуру, як ацэньвае айчыннае кнігавыданне, як увогуле ставіцца да кнігі і чытання? Да ўвагі чытачоў — гутарка з пісьменніцай на самыя розныя тэмы.
— Ці можа сёння пісьменнік быць задаволены стасункамі з выдаўцамі?
— Мая першая кніга выйшла ў 2004 годзе. І вось ужо на працягу дваццаці гадоў я супрацоўнічаю з выдавецтвамі, таму лічу, што пэўны досвед маю. Згадваю, што перад тым, як наважылася выдаваць сваю першую кнігу, чула ад паспяховых і вядомых пісьменнікаў, што шлях літаратара вірлівы і складаны. Што акрамя таленту ён патрабуе шчырай самаадданасці, каласальнай працаздольнасці і пастаяннага самаўдасканалення, бо выдаць кнігу і знайсці сваіх чытачоў зусім няпроста. Мне, пачаткоўцу, было зразумела, якія сур’ёзныя задачы ставіць пісьменніцкая дзейнасць. Але яна вельмі вабіла мяне, таму вырашыла паспрабаваць выпусціць першую кнігу. Азіраючыся на досвед двух дзесяцігоддзяў, магу сказаць, што і дваццаць гадоў таму, і сёння пісьменнік можа быць задаволены і ўдзячны выдаўцам за супрацоўніцтва.
Але часам да наладжанага працэсу сумеснай работы вядзе няпросты і, бывае, доўгі шлях. Поспех прапанаванаму да выдання рукапісу можа забяспечыць у першую чаргу якасны тэкст, які будзе цікавы мэтавай аўдыторыі, тэма павінна адпавядаць запатрабаванням чытачоў, быць актуальнай. Яшчэ важна, каб стос падобных рукапісаў не чакаў свайго часу ў рэдактарскім партфелі выдавецтва, бо ў такім выпадку можна доўга стаяць у чарзе. Дадам яшчэ, што праца пісьменніка заключаецца не толькі ў стварэнні вартага тэксту. З кнігай, якая пабачыць свет, неабходна працаваць, годна і цікава яе прадстаўляць, усімі магчымымі спосабамі даносіць яе да чытачоў. І гэта павінна ажыццяўляцца ў цесным і пастаянным супрацоўніцтве з выдавецтвам.
— Вы працуеце з адным ці некалькімі выдавецтвамі? За кім звычайна рашэнне — да вас звяртаюцца ці вы прыходзіце з новым рукапісам?
— На сёння ў маім творчым багажы трыццаць выдадзеных кніг, якія выйшлі ў сямі буйных выдавецтвах. Дваццаць з іх выпусціў Выдавецкі дом «Звязда». Калектыўныя зборнікі, у якіх друкаваліся мае творы, дадаюць яшчэ некалькі назваў у спісе выдавецтваў, з якімі супрацоўнічаю. Пэўна, у кожнага пісьменніка ёсць выдавецтва, у якім выходзіць большасць яго кніг. Аўтары спрабуюць прапаноўваць свае рукапісы ў розныя ўстановы, але потым кожны знаходзіць сваё асноўнае выдавецтва. Першая мая дзіцячая кніга выйшла ў «Мастацкай літаратуры», а потым паступіла новая цікавая прапанова, якая стала стартам шматгадовага творчага супрацоўніцтва. Са «Звяздой» я ад пачатку, як толькі ў гэтым першым у краіне медыяхолдынгу з’явілася кнігавыданне. Дарэчы, першая мая кніга, рукапіс якой я прынесла на нязменны і такі знаёмы мне адрас Захарава, 19, выйшла на пачатку 2012 года, калі выдавецтва называлася «Літаратура і мастацтва», а ўжо на тытуле наступнай было напісана «Звязда». У маім пісьменніцкім лёсе гэта асаблівая ўстанова, што можна лёгка заўважыць па колькасці выдадзеных там кніг. Я ўдзячна супрацоўнікам выдавецтва за наша даўняе і плённае творчае сяброўства, за дзясяткі кніг, якія мы разам стварылі і з іх прэзентацыямі аб’язджаем усю Беларусь, каб сустрэцца з юнымі чытачамі кожнай вобласці. Сапраўдны літаратурны марафон!
У Выдавецкім доме «Звязда» з 2019 года мае кнігі выходзяць у асобнай серыі «Казкі Кніжнай Феі». Прыемна, што выдавецтва зацікаўлена ў новых рукапісах, таму пастаянна прыношу свае творы. Але прапановы ад іншых выдавецтваў таксама бываюць, і час ад часу і там з’яўляюцца мае кнігі. За некалькі апошніх гадоў друкавалася ў выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Беларусь», «Народная асвета», «Благовест»…
— А як, між іншым, складваюцца рашэнні па перавыданні? Хто ў асноўным выступае іх ініцыятарам?
— Перавыдаваць кнігі вельмі важна, асабліва дзіцячыя. Выйшла кніга, напрыклад, пра майго Вухуціка, якога любяць дзеці. У крамах раскупілі тыраж, у бібліятэках потым толькі знойдзеш. Мінула некалькі гадоў — цяжка здабыць кнігу, а трэба ж новае пакаленне маленькіх беларусаў з Вухуцікам пазнаёміць, лісачку Красуню ім прадставіць, Падабайку ў сябры прапанаваць. Выдавецтва перавыпускае тыраж, калі кнігі запатрабаваныя, калі падабаюцца дзецям. І я ўдзячна, што і мае ранейшыя творы зноў выходзяць, што з маімі героямі будуць знаёміцца сённяшнія школьнікі. А ініцыятарам можа выступіць і выдавецтва, і аўтар. Калі кніга добрая — перавыданне будзе.
— Для вас важна, каб вашы творы перакладаліся на рускую мову? А на іншыя мовы?
— Я пішу на нашай роднай мове. Лічу сваёй важнай місіяй паказваць, якая прыгожая, багатая, мілагучная наша беларуская мова. Расказваю дзецям, што гэта наша каштоўнасць, наш скарб, наш культурны, нават генетычны код. Зразумела, творчыя сустрэчы і прэзентацыі праводжу на беларускай мове. Ніколі не было такога, каб дзеці не зразумелі, каб адмовіліся слухаць, каб беларуская мова стала перашкодай для цікавасці да кнігі. У маім разуменні ўсе беларусы могуць чытаць мае кнігі ў арыгінале, на роднай мове. Але пераклады кніг — гэта важна, бо тады пашыраецца чытацкая аўдыторыя. Дзве мае кнігі — праваслаўныя апавяданні — былі перакладзены на рускую мову і пабачылі свет у Маскве. Некаторыя мае творы, пакуль не кнігі, а асобныя казкі і апавяданні, выходзілі ў зборніках, газетах, часопісах у перакладзе на казахскую, таджыкскую, уйгурскую, кітайскую, англійскую мовы. Бачыць свае творы ў перакладзе вельмі прыемна і важна. Хочацца мець пераклады, прадставіць маіх герояў дзецям іншых краін.
— Ці задавальняе мастацкае афармленне вашых кніг?
— Гэта маё асобнае пісьменніцкае шчасце! Мне шанцуе на цудоўных мастакоў, якія так прыгожа і казачна ўвасабляюць маіх герояў. Вельмі важна, каб у дзіцячай кнізе былі якасныя, густоўныя малюнкі. Для юных чытачоў кніга часта пачынаецца з вокладкі і ілюстрацый, якія прывабліваюць узяць кнігу ў рукі, пазнаёміцца з ёй. Мае кнігі афармлялі розныя мастакі, працавалі яны ў розных стылях, але ўсе кнігі прыгожыя. І галоўнае — падабаюцца дзецям. А яны заўважаюць усё! Звяртаюць увагу на самі малюнкі, на колеравую гаму, на стыль, кампазіцыю, бачаць кожную драбніцу. Асобна адзначаюць шрыфт — радуюцца буйным літарам, якія добра чытаць. Яшчэ я вельмі цаню, калі мы з мастаком цесна супрацоўнічаем, калі ў мяне пытаюцца пра пажаданні, дасылаюць спачатку паглядзець эскізы. Час стварэння малюнкаў, наша пастаяннае абмеркаванне, сумесныя ідэі — гэта асаблівы перыяд працы над кнігай. Мне ён вельмі падабаецца! Бачыш, як твае героі і апісаныя падзеі ажываюць. Я шчыра ўдзячна кожнаму мастаку, хто маляваў ілюстрацыі да маіх кніг, за наша супрацоўніцтва.
— Вы — часты ўдзельнік розных імпрэз, кніжных фестываляў... Не шкадуеце на гэта час, які адрываеце ад творчага карпення за пісьмовым сталом?
— Сустрэчы з юнымі чытачамі, іх бацькамі, настаўнікамі, бібліятэкарамі — гэта радасць, пісьменніцкае шчасце і крыніца натхнення. Кожнае цудоўнае кніжнае свята пакідае ў сэрцы цёплыя ўспаміны, выклікае прыемныя перажыванні. Іх, гэтыя эмоцыі і самі святы, я апісваю і ў кнігах. На старонках чытачы знаёмяцца з героямі, чытаюць пра сустрэчы, а потым прыходзяць на іх у рэальнасці. Так казка ажывае, да Кніжнай Феі можна завітаць! На свае вочы пабачыць Вухуціка, лісачку Красуню, Падабайку ды іншых герояў. Так што сустрэчы, імпрэзы, фестывалі любім і я, і мае чытачы.
— А ўвогуле што значаць для вас зносіны з чытачом? Наколькі важнай для вас падаецца зваротная сувязь?
— Бачыць, чуць сваіх чытачоў, атрымліваць ад іх у сацсетках водгукі — для мяне не проста частка працы пісьменніка, а частка жыцця. Я часта і з вялікім задавальненнем сустракаюся з тымі, каму са старонак кніг расказваю казачныя гісторыі. Убачыць вочы чытачоў, паслухаць аб іх уражаннях, даведацца, пра каго і пра што яны хацелі б пачытаць у казках Кніжнай Феі, надзвычай каштоўна і важна. Шчыра радуюся кожнаму новаму свайму сябру-чытачу, які прыціскае да сябе кнігу з аўтографам, а вочы дзіцяці праменяцца зацікаўленасцю, прыемным чаканнем сустрэчы з упадабаным героем, які стане добрым сябрам. Адчуваю неверагоднае пісьменніцкае шчасце, калі зноў і зноў на сустрэчы па кожную новую кнігу прыходзяць пастаянныя чытачы. Бачыш, як яны растуць, разумееш, як хутка гэта адбываецца... І тут ужо настолькі хочацца затрымаць іх у сваім казачным свеце як мага даўжэй, дарыць ім свае новыя гісторыі, што часам разам з тым, як растуць мае чытачы, пішуцца і кнігі не толькі для пачатковых класаў, але і для сярэдняй, нават старшай школы.
— Калі б у вас была магчымасць адкрыць уласнае кніжнае выдавецтва, то як, у якім фармаце, якім афармленні выдавалі б кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой?
— Якім было б выдавецтва Кніжнай Феі? У ім усё было б казачным! Там бы працавалі чараўнікі і чараўніцы, якія выпускаюць самыя добрыя, светлыя, цікавыя, вясёлыя кнігі. Вось расказваю пра чараўнікоў-выдаўцоў і нават уяўляю іх у розных дзівосных строях, каб адпавядалі казачнаму выдавецтву. Рыхтуецца, напрыклад, кніга пра Зачараванае балота — на стале рэдактара стаіць букет лотаці, побач на сцяне вісіць пано з моху і рагозу, а ў абедзенны перапынак у рэдакцыі п’юць гарбату з воднай мяты і частуюцца журавінавымі цукатамі. Атмасферна!
Я б хацела, каб мае кнігі былі ў самых розных фарматах. Многія я ўжо прыдумала і разам з выдавецтвам «Звязда» ажыццявіла, застаецца працягваць справу. Гэта і надалей былі б друкаваныя кнігі з мноствам цудоўных малюнкаў. Па-ранейшаму выходзілі б мае кнігі-квэсты, кнігі-перакруткі, кнігі-гаджэты, кнігі-гульні, кнігі-падарожжы. Хацелася б дадаць у выданні мульцікаў, дапоўненай рэальнасці... Усё згаданае ўжо апрабавана, трэба прыдумаць нешта незвычайнае. Хочацца выдаць чароўную кнігу-галаграму! Разгарнуў старонкі, кніга засвяцілася, і над ёй залуналі аб’ёмныя героі, паўсталі апісаныя падзеі, персанажы загаварылі... А пакуль выдаўцы-чараўнікі будуць ажыццяўляць выданне такой кнігі, прапанаваць чытачам аўдыяказкі і электронныя выданні з малюнкамі.
— Чаго, на ваш суб’ектыўны погляд, не хапае ў справе прапаганды айчыннай дзіцячай кнігі? Стварыць бы асобную індустрыю дзіцячай кнігі, якая будзе выпускаць і праводзіць выданні ў жыццё, забяспечыўшы кнізе падтрымку.
— Хочацца часцей бачыць рэкламу на тэлебачанні. Было б цудоўна па кнігах ствараць мультфільмы, здымаць казкі, выкарыстоўваць сюжэты і цікавых персанажаў у дзіцячых праграмах, любавацца банерамі з кнігамі на вуліцах, чытаць пра новыя выданні на яркіх лістоўках у вагонах метро. Буктрэйлеры да дзіцячых кніг запускаць на розных экранах, у інтэрнэце, перад праглядам дзіцячага сеанса ў кіно. А яшчэ персанажам беларускіх казак добра было б з’явіцца на дзіцячым адзенні, заплечніках, пеналах…
Хацелася б больш добрай рэкламы, грунтоўнай раскруткі. Менавіта на дзіцячую літаратуру трэба выкарыстоўваць максімум рэсурсаў, рабіць сур’ёзныя ўкладанні, бо гэта важныя інвестыцыі ў будучыню нацыі. Любоў і цікавасць да кнігі і чытання зараджаецца ў дзяцінстве і застаецца на ўсё жыццё. Падмурак чытацкай самастойнасці, закладзены ў маленстве, будзе трымаць адносіны з кнігай на працягу жыцця. Стане кніга добрым сябрам — пастаянная яе прысутнасць будзе неабходна чалавеку. Яшчэ хочацца, каб беларусы чыталі айчыннае, выбіралі кнігі на роднай мове, адкрывалі для сябе ў беларускай літаратуры імёны сучасных творцаў.
— Ведаю, што вы не так даўно пабывалі на адметнай кніжнай выстаўцы ў Расіі... Чаму можна павучыцца ў расійскіх прапагандыстаў дзіцячай кнігі, дзіцячага чытання?
— У цэлым, формы і метады працы падобныя. Мы пабывалі ў бібліятэках Ніжняга Ноўгарада, пабачылі іх вялікія плошчы, сучаснае тэхнічнае абсталяванне, новыя адукацыйныя і забаўляльныя пляцоўкі з цікавым інтэрактывам. Штодня ў бібліятэках праходзіць нешта цікавае, чытачоў запрашаюць на мерапрыемствы, ладзяць майстар-класы, праводзяць заняткі. Прыгожа, творча, цікава.
Маючы цесныя стасункі з дарагімі майму пісьменніцкаму сэрцу беларускімі бібліятэкамі, магу сказаць, што і нашы бібліятэкары рупяцца, ствараюць, працуюць для чытачоў. І я выказваю ім шчырую падзяку за працу, рада быць разам, у адной камандзе, якая адкрывае для юных чытачоў дзівосны свет Кнігі.
Мы з Вухуцікам і лісачкай Красуняй таксама правялі некалькі сустрэч з чытачамі бібліятэкі Ніжняга Ноўгарада і заўсёды пачыналі гаварыць на роднай мове. Цікава было нашым гасцям, мы нават вывучылі з імі некаторыя словы па-беларуску. І ўрыўкі з казак ім вельмі спадабалася слухаць у арыгінале.
Выснова адна: дзеці цікавяцца кнігамі, цягнуцца да чытання, таму мы — пісьменнікі, мастакі, кнігавыдаўцы, бібліятэкары, настаўнікі, бацькі — павінны адной дружнай камандай ствараць добрыя цікавыя кнігі і прадстаўляць іх хлопчыкам і дзяўчынкам. Мы гэта ўмеем і робім. Дзякуй! Працягваем працаваць на карысць юных чытачоў.
Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».