14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Прафсаюз адукацыі і навукі сабраў каля сотні прафактывістаў з 6 краін


Як устойліва развівацца ВНУ, захаваць навуковыя школы і шырока ўключаць у работу моладзь — гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваюць прадстаўнікі сферы адукацыі з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Узбекістана, Кыргызстана і Арменіі на XXXVII з’ездзе Еўразійскай асацыяцыі прафсаюзных арганізацый універсітэтаў (ЕАПАУ).


Цырымонія адкрыцця З’езда адбылася на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, дзе і прайшлі першыя пленарныя пасяджэнні. Удзел у форуме прынялі прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў, Міністэрства адукацыі, кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі і маладзёжны прафактыў. Напярэдадні ўдзельнікі мерапрыемства наведалі Міжнародны ўніверсітэт «МІПСА». Дарэчы, не ва ўсіх краінах ёсць такая прафсаюзная ВНУ, статус і магчымасці якой дазваляюць развіваць міжнароднае супрацоўніцтва ў навучанні і павышэнні кваліфікацыі кадраў.

У цэлым праграма ва ўдзельнікаў З’езда шырокая. Будуць разгледжаны пытанні сацыяльнай падтрымкі моладзі, нарматворчыя аспекты работы прафсаюзаў розных краін, асаблівасці падтрымкі прафесарска-выкладчыцкага саставу ўстаноў вышэйшай адукацыі і інш. Акрамя пленарных пасяджэнняў, дзелавых сустрэч і знаёмстваў з работай універсітэтаў, для прафсаюзных лідэраў прадугледжана і культурная праграма. Многія ўдзельнікі наведваюць Беларусь упершыню.

— У кожнай з краін постсавецкай прасторы, нягледзячы на падобныя шмат у чым традыцыі, ёсць свае напрацоўкі па ўсіх напрамках дзейнасці. У тым ліку ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі і ўзаемадзеянні прафкамаў з кіраўніцтвам навучальных устаноў. Такія сустрэчы дазваляюць нам узяць самае лепшае адзін у аднога і зрабіць яшчэ лепш у сябе. У нас заключаны дамовы з галіновымі прафсаюзамі ўсіх сяброўскіх краін. Гэта дае магчымасць у тым ліку развіваць супрацоўніцтва паміж універсітэтамі, сябраваць, дзяліцца вопытам, праводзіць сумесныя маладзёжныя або ветэранскія форумы — вырашаць пытанні лакальна, — расказала старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч.

Як адзначыў старшыня прафсаюзнай арганізацыі Майкопскага тэхналагічнага ўніверсітэта Хазрэт Сіюхаў, сустрэчы, якія аб’ядноўваюць прафарганізацыі розных краін, сёння асабліва неабходныя.

— Тут ідзе абмен напрацоўкамі, меркаваннямі. І што вельмі важна сёння ў геапалітычным становішчы — на міжнародным узроўні адбываецца аб’яднанне аднадумцаў. Гэта дапамагае захоўваць добрыя традыцыі і развівацца далей, — дадаў прадстаўнік адной з вядучых ВНУ поўдня Расіі.

Асацыяцыя — адно з найбуйнейшых міжнародных прафсаюзных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы, якое дзейнічае ўжо ні адзін дзясятак гадоў. За гэты час зроблена нямала для ўмацавання сяброўства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж універсітэтамі і іх прафсаюзнымі арганізацыямі ў інтарэсах развіцця адукацыі ў краінах-удзельніцах.
Аб развіцці і аўтарытэце ЕАПАУ казаў і кіраўнік Асацыяцыі.

— Штогод мы прымаем розныя рашэнні, якія тычацца жыцця арганізацыі, аб тым, што неабходна зрабіць, каб яе разнастаіць, узбагаціць, развіваць. Для гэтага мы разам і збіраемся, вызначаем напрамкі, даем старт новым праектам. Усё больш універсітэтаў з розных краін выказваюць намеры ўступіць у рады арганізацыі. Гэта сведчыць аб тым, што мы рухаемся ў правільным напрамку, і Асацыяцыя па праве заслужыла свой аўтарытэт, — адзначыў прэзідэнт Еўразійскай асацыяцыі прафсаюзных арганізацый універсітэтаў Ігар Катлабоўскі.
Трэба адзначыць, што сёлета 8 беларускіх універсітэтаў выказалі жаданне стаць членамі ЕАПАУ. У яе шэрагі новых удзельнікаў ва ўрачыстай абстаноўцы прымуць у апошні дзень работы з’езда, 28 верасня. Цырымонія пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Даведачна:

ЕАПАУ аб’ядноўвае прафарганізацыі работнікаў і студэнтаў каля 70 універсітэтаў, у тым ліку 15 пярвічак з нашай краіны.
Еўразійская Асацыяцыя прафсаюзных арганізацый універсітэтаў — добраахвотнае аб’яднанне пярвічных прафсаюзных арганізацый работнікаў і навучэнцаў універсітэтаў дзяржаў Еўразійскага кантынента, створанае для захавання і развіцця сувязей, якія склаліся, абмену вопытам, аб’яднання намаганняў, узаемадапамогі і каардынацыі дзейнасці ў інтарэсах сваіх арганізацый і членаў прафсаюзаў. 

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.