14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Як служыцца пераможцу трэцяга сезона папулярнага музычнага праекта «ФАКТАР.BY»


За Даніілам Савенем без перабольшання назірала ўся краіна. Многія прарочылі сціпламу, але вельмі таленавітаму хлопцу са Слуцка перамогу, а ён проста рабіў тое, што любіць больш за ўсё на свеце, — спяваў. Здавалася б, пасля феерычнай перамогі ў праекце для Данііла ўсе дарогі адкрыты. Аднак малады чалавек выбраў шлях служэння не толькі музыцы, але і сваёй Айчыне, беларускаму народу — нядаўна ён папоўніў шэрагі Узброеных Сіл.


Не сказаць, што гэта было проста. Па медыцынскіх паказаннях папулярны спявак мае адтэрміноўку ад прызыву на воінскую службу, але такі расклад Данііла, які з самага дзяцінства марыць служыць у арміі, не задаволіў, і ён адважыўся напісаць ліст Прэзідэнту.

«Назіраючы складаную геапалітычную абстаноўку вакол і адчуваючы трывожны дух часу, я, як грамадзянін маёй краіны, які дасягнуў прызыўнога ўзросту, не магу заставацца ўбаку», — сказана ў звароце да Галоўнакамандуючага. Будучы невідушчым ад нараджэння і цудоўна разумеючы, што не зможа належным чынам абыходзіцца са зброяй, Данііл у выглядзе выключэння папрасіў дазволіць яму прайсці ваенную службу па кантракце ў адным з музычных калектываў Узброеных Сіл. «Лічу, што ў цяжкі час для Радзімы музыка таксама можа быць дзеючай зброяй, — адзначана ў лісце кіраўніку дзяржавы. — Абавязваюся няўхільна выконваць усе абавязкі ваеннаслужачага ў поўнай адпаведнасці са статутам, прадугледжаным Міністэрствам абароны».

Няма нічога немагчымага. Галоўнакамандуючы жаданне Данііла падтрымаў. Вось ужо як другі месяц малады чалавек з’яўляецца артыстам заслужанага калектыву нашай краіны — Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Сіла мастацтва

Да новага статусу Данііл Савеня прызвычаіўся хутка. «Калектыў добры, рэпертуар шырокі», — дзеліцца ўражаннямі малады чалавек. Тым больш служыць у арміі ён марыў з самага дзяцінства. «Добра разумеў, што мая мара — з разраду фантастычных, але цяпер гэта ўжо рэальнасць, — кажа Данііл. — Не магу спакойна глядзець на тое, што адбываецца ў свеце, і нічога не магу памяняць, але я магу памяняць свет вакол сябе. І мая краіна — той самы свет. Падчас сваёй службы ў арміі хачу рабіць нешта добрае — спяваць для ваеннаслужачых і грамадзянскіх асоб».

Артыст перакананы: музыка валодае магутным уздзеяннем на чалавека. І прыводзіць прыклад, як у гады Вялікай Айчыннай вайны працавалі канцэртныя брыгады. Музычныя калектывы рабілі сваю справу і падчас баявых дзеянняў у Афганістане. У прыватнасці, маральны дух ваеннаслужачым падымаў народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка.

«Можаце сабе ўявіць — усюды смерць, страты, і прыязджае такая канцэртная брыгада і спявае ў зямлянцы? — разважае Данііл. — Напрыклад, песню „До тебя мне дойти нелегко, а до смерти четыре шага“... Чуеш гэтую песню і разумееш, чаму трэба працягваць рабіць сваю справу. Спадзяюся, мне і нашаму ансамблю не давядзецца ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, але гэта патрэбна і ў мірны час. У гарнізонах, дзе вельмі складаная служба, вечарам хлопцы валяцца з ног. І калі прыязджае да іх такая канцэртная брыгада, гучаць родныя сэрцу песні, няўжо гэта не здорава? Ці не ў гэтым наша прызначэнне як ансамбля?»

Ваеннаслужачы згадвае нядаўняе выступленне ў адной з воінскіх часцей, якая дыслацыруецца ў Слуцку. Прызнаецца, што не чакаў такіх эмоцый. Лічыць, што яго мэта — не зрабіць на кагосьці ўражанне, а данесці нешта важнае да асабовага складу, а яшчэ каб салдаты і афіцэры адпачылі, расслабіліся.

«Згодна са статутам, задача ваенных музыкантаў — падымаць баявы дух ваеннаслужачых Беларусі, — удакладняе Данііл Савеня. — Калі казаць больш зразумела, то наша задача — несці радасць і, калі трэба, дапамагчы ваеннаслужачым узяць сябе ў рукі, каб эфектыўна выконваць свае паўсядзённыя задачы. У моманты стомленасці часам дастаткова паслухаць добрую і прыгожую музыку. Няхай гэта будзе і ў полі. Музыка — наймацнейшая зброя. Пяццю гукамі можна прымусіць чалавека плакаць, смяяцца, успамінаць, спадзявацца».

Жаданне, якое не спыніць

Расказваючы аб тым, што яго прымусіла напісаць ліст Прэзідэнту, Данііл Савеня ўдакладняе: калі ён прыняў рашэнне служыць у арміі, добра разумеў, што, згодна з заканадаўствам, гэта немагчыма. Але ўсё-такі адважыўся напісаць ліст Галоўнакамандуючаму. Аб тым, што яго просьба падтрымана, Данііл даведаўся ад намесніка начальніка ансамбля, які яму патэлефанаваў.

Сям’я хлопца сур’ёзна гэтую навіну не ўспрыняла. Акрамя прадзеда, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў падчас баёў у Франкфурце-на-Майне, са сваякоў ніхто не служыў. «Да майго рашэння паставіліся па-рознаму, — згадвае Данііл. — Хтосьці з неразуменнем, але з пэўнай павагай. Хтосьці знаходзіўся ў паўшокавым стане. Маўляў, нічога сабе, а такое магчыма? А нехта проста нейтральна. Розныя рэакцыі. Але маё жаданне нельга было спыніць. Яно было даўно і надоўга».

Ваеннаслужачы расказвае, што першапачаткова планаваў паспрабаваць свае сілы ва Узорна-паказальным аркестры Узброеных Сіл, але камандаванне распарадзілася, каб Данііл трапіў у Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл. І прычына простая — да Дома афіцэраў, дзе размяшчаецца калектыў ансамбля, Даніілу бліжэй дабірацца. У аркестр, які дыслацыруецца на тэрыторыі воінскай часці, трэба было б ехаць на іншы канец горада. Малады чалавек не прывык быць для кагосьці абузай, таму прыняў рашэнне на карысць ансамбля. Ён асвоіў грамадскі транспарт і карыстаецца ім без дапамогі навакольных.

На службу Данііл дабіраецца самастойна. Eн лічыць, што ваеннаслужачы не павінен прыносіць праблем. «Як бы гэта выглядала, калі б мяне, не дай бог, забіралі на машыне, суправаджалі? — не разумее ён. — Не хачу здавацца нейкім асаблівым. Зразумела, што менавіта з такой пазіцыяй на мяне некаторыя і глядзяць. Але быць асаблівым з пункту гледжання пэўных прэферэнцый я б не хацеў».

Цікаўлюся ў артыста, ці не стаміўся ён ад павышанай увагі. «Не сказаў бы, што яна суперпавышаная, каб ад яе стаміцца, — кажа Данііл. — Беларусы — дастаткова тактычны народ, яны ў асноўным дазваляюць сабе падыходзіць у кафэ або яшчэ дзесьці. Усякае, вядома, бывае. Як правіла, просяць сфатаграфавацца».

Цырымонія, якая запомніцца надоўга

Данііл Савеня прызнаецца, што той момант, калі ён упершыню апрануў ваенную форму, не забудзе ніколі. «Адчуў найсур’ёзнейшую адказнасць, — успамінае ён гэты дзень. — Кожнае слова цяпер, кожнае рашэнне і нават кожны погляд можа несці за сабой пэўныя наступствы. Як ваеннаслужачыя, я павінен разумець, што на мяне ўсё-такі глядзяць людзі і, напэўна, робяць высновы аб Узброеных Сілах у цэлым».

Не проста ўрачыстай цырымоніяй, а адной з найважнейшых падзей у жыцці стала для Данііла прыняцце Ваеннай прысягі. Падчас рытуалу прысутнічалі блізкія маладога чалавека, быў узняты Дзяржаўны сцяг, гучаў гімн Рэспублікі Беларусь — клятву, якую вымаўляюць усе ваеннаслужачыя краіны, вядомы спявак будзе памятаць вельмі доўга.

У дзевяць раніцы Данііл ужо ў ансамблі. Ён расказвае, што дысцыпліна ў калектыве — на вельмі высокім узроўні. І гэта, па яго словах, толькі на карысць: ніхто, напрыклад, не спазняецца, а таму работа ідзе хутка і эфектыўна. У цяперашні час артысты калектыву запісваюць партыі, рыхтуюцца да канцэртаў, у якіх ужо будзе ўдзельнічаць і наваспечаны ваеннаслужачы. Работы, як прызнаецца Данііл, шмат, таму сумаваць няма калі. «Як мінімум сем твораў мне неабходна развучыць у найбліжэйшы час, — удакладняе ён. — А ўвогуле музычных твораў столькі, што складана нават уявіць. У ансамбля вельмі вялікі рэпертуар. У нас дастаткова шырокае поле дзейнасці».

Данііл расказвае, што пры выбары рэпертуару тут абавязкова прыслухоўваюцца да меркавання артыста. «Такога няма: начальнік загадаў — і ні кроку назад, — кажа ён. — Дзмітрый Юр’евіч — дастаткова лаяльны кіраўнік, які гатовы выслухаць. Не абыходзіцца і без загадаў. Гэта таксама трэба, бо іншы раз творчыя людзі некалькі самадзейныя. Часам іх трэба прыводзіць у форму. Усё-такі ансамбль — работа калектыўная. Тут вылучацца можна, але толькі там, дзе неабходна».

З калегамі малады чалавек хутка знайшоў агульную мову. «Мяне цёпла прынялі, — прызнаецца ваеннаслужачы. — Зразумела, што не без ваеннага гумару, але я сам магу пажартаваць, таму мне камфортна ў такім асяроддзі. Цікавяцца, як я жыву, як спраўляюся з тымі ці іншымі справамі. Напрыклад, як карыстаюся тэлефонам».

Вольны час малады чалавек у асноўным праводзіць дома. Любіць чытаць: мастацкую літаратуру або кнігі аб ваенных падзеях. Глядзіць фільмы і, вядома ж, спявае. Не супраць выйсці з сябрамі на прагулку.

Дарагія людзі і гібкасць характару

Перамога ў музычным шоу «ФАКТАР.BY» адназначна змяніла жыццё Данііла. Яго не толькі пазнаюць на вуліцы, а і часцей сталі запрашаць на канцэрты. Галоўным вынікам удзелу ў праекце, па меркаванні самога пераможцы, стала знаёмства з вельмі важнымі для яго людзьмі. Галоўным з іх, вядома, з’яўляецца настаўнік па праекце — Сяргей Пархоменка, або спявак Сярога. Данііл расказвае, што іх узаемаадносіны не спыніліся з завяршэннем музычнага шоу. Настаўнік і яго вучань часта гутараць па тэлефоне, бачацца, прадукцыйна супрацоўнічаюць. «Гэты чалавек мне шмат чаго даў у плане пэўных прынцыповых момантаў. Як таварыш, шмат падказаў таго, да чаго б я сам доўга ішоў», — кажа ваеннаслужачы аб сваім настаўніку не толькі па праекце, але і ў жыцці.

Добрыя адносіны Данііл падтрымлівае і з усімі, хто калісьці разгледзеў у ім талент і садзейнічаў яго раскрыццю. «Усё пачалося з дзіцячага сада, — узгадвае артыст. — Кіраўнік музычнага гуртка заўважыла ў мяне даныя, пачала прыцягваць да ранішнікаў. Потым у школе Таццяна Мікалаеўна, таксама кіраўнік музычнага гуртка, заўважыла мяне, і да пятага-шостага класа мы былі разам. Затым я прыйшоў на навучанне да Алены Віктараўны Атрашкевіч, з падачы якой паступіў у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў».

Данііл лічыць сябе мяккім чалавекам. «Калі трэба, магу быць жорсткім, прынцыповым — увогуле характар у мяне гібкі, — кажа ён. — Лічу, што ваеннаслужачы павінен быць гібкім, бо, калі пастаянна быць толькі жорсткім або толькі мяккім, гэта не вельмі добра. А гібкасць вельмі важная ў камунікацыі. Патрэбна ўмець размаўляць з усімі катэгорыямі людзей. Ваеннаслужачыя ж маюць узаемаадносіны як з дарослымі, так і з дзецьмі».

Бясцэнны вопыт і новая мара

Данііл прызнаецца, што ў сваім рашэнні — звязаць жыццё з арміяй — не расчараваўся. «Спадзяюся, што змагу прыўнесці нешта новае ў калектыў, — гаворыць ён. — У любым выпадку гэта каласальны вопыт. У першую чаргу, узаемадзеяння з людзьмі, якія ніколі не мелі ўяўлення аб такіх, як я. Можа, бачылі, але лічылі іх нямоглымі і бедненькімі (на жаль, бытуе такое меркаванне). Ніякія мы не бедненькія, у нас шмат што робіцца для інвалідаў. Грамадства павінна бачыць такіх людзей як мага больш, тады будзе разуменне, што аб нас можна клапаціцца, нам можна суперажываць, але ні ў якім разе нас нельга шкадаваць».

Артыст перакананы, што служба ў арміі зробіць яго мацнейшым, тут ён спазнае, што такое мужчынскае бескарыслівае сяброўства. «Важна быць патрэбным, карысным грамадству, — лічыць малады чалавек. — Можа, гледзячы на мяне, нехта задумаецца, што і яму трэба пайсці служыць. У рэшце рэшт, трэба ўмець абараняць свой дом — а раптам прыйдзецца. Нават некалькі выстралаў я паспею зрабіць у бок ворага, калі ў мой дом нехта прыйдзе. Вядома, няхай гэты навык лепш не спатрэбіцца».

Данііл марыць аб добрай сям’і, якая будзе яго любіць і падтрымліваць. Няма сумненняў, што гэтае жаданне ваеннаслужачага абавязкова спраўдзіцца, бо самая галоўная мара, нават нягледзячы на складанасць яе ажыццяўлення, — служыць сваёй Айчыне — ужо рэальнасць.

Меркаванне

Карэспандэнты «Звязды» пацікавіліся, як успрынялі ў калектыве новага артыста. Начальнік — мастацкі кіраўнік Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Наумовіч расказаў, што з Даніілам вельмі цікава працаваць. «Спачатку было не зразумела, як будаваць з ім работу: Данііл прыйшоў да нас ваеннаслужачым па кантракце, што, вядома, ускладае на яго крыху больш адказнасці, чым на цывільных людзей, — адзначае кіраўнік ансамбля. — У працэсе знаёмства, работы з ім мы ўбачылі ў ваеннаслужачым выдатныя рысы характару. Данііл сапраўды вельмі таленавіты хлопец, ён па-іншаму ўспрымае музыку, адчувае гукі, валодае абсалютным слыхам, цудоўным тэмбрам, вельмі лёгка ўсё схоплівае, і з ім вельмі лёгка працаваць. Калектыў яго прыняў вельмі добра, бо прыйшоў адораны чалавек, тым больш прафесіянал. Мне здаецца, па ўспрыняцці жыцця ён больш дарослы, чым многія людзі ў ансамблі».

Дзмітрый Наумовіч лічыць, што напісаць ліст Галоўнакамандуючаму — вельмі мужны крок. «У Данііла няпросты лёс, і ён яго загартаваў, — тлумачыць начальнік ансамбля. — У яго ёсць пэўная жыццёвая пазіцыя, вызначаныя мэты, да якіх ён імкнецца. Усё гэта ўскладае на маладога чалавека адказнасць. Данііл ужо абсалютна адаптаваўся ў ансамблі, самастойна перамяшчаецца па пляцоўцы. Мне здаецца, што яму тут добра, бо вакол — людзі, якія з ім пасябравалі і прынялі ў калектыў. Спадзяюся, што яму цікава пастаянна мець зносіны з творчымі людзьмі».

Вераніка КАНЮТА

Фота Яна ГАРБАНЮКА, «Ваяр»

Загаловак у газеце: Узброены музыкай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.