14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Чым займаюцца воіны-хімікі і якая іх роля?


Каб даведацца гэта, карэспандэнт пабывала ў брыгадзе радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны. Спектр задач гэтага падраздзялення даволі шырокі. Узнікла падраздзяленне ў 1918 годзе. «Хімікі», як іх называлі калегі і цывільныя, прайшлі ўвесь шлях станаўлення Чырвонай і савецкай армій. Галоўнымі выпрабаваннямі войскаў хімабароны сталі Вялікая Айчынная вайна, канфлікт у Афганістане і аварыя на Чарнобыльскай АЭС.


40 воінскіх часцей у вогненных саракавых атрымалі ганаровыя найменні, 22 ваеннаслужачыя сталі Героямі Савецкага Саюза. Дэзактывацыяй і будаўніцтвам «саркафага» над чацвёртым энергаблокам ЧАЭС займаліся 10 палкоў і батальёнаў хімічных войскаў Узброеных Сіл СССР! Сучасныя беларускія войскі РХБ абароны былі сфарміраваны ў 1992 годзе. У 2022-м яны атрымалі назву войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны.

Зброя для моцных

Што стаіць на ўзбраенні войскаў РХБЗ? Пералічыць усё немагчыма — шмат вузкапрофільнай тэхнікі. Раскажам аб асноўным. Пачнём з агнямётаў. У арсенале тры тыпы: РВА «Рысь», «Чмель» і «ПДМ» — павышанай далёкасці і магутнасці.

Раскажам аб рэактыўным пяхотным агнямёце «Рысь». Агнямёт складаецца з пластыкавай пускавой устаноўкі, у канструкцыю якой уваходзіць ствол, пісталетная рукаятка кіравання агнём, ударна-спускавы механізм і сошкі. Ударна-спускавы механізм электрычны, абсталяваны імпульсным генератарам. Пасля ўзвядзення баявой спружыны ствараецца энергія, якая і ініцыіруе стрэл пры націску на спуск.

Вага пускавой устаноўкі складае каля 3,5 кілаграма, плюс зарад — гэта яшчэ звыш 12 кг. Агнямёт — зброя для моцных хлопцаў. Узгаранне адбываецца пасля таго, як капсула пакінула ствол. Пасля гэтага яна трапляе ў цэль, і распырскваецца агнясумесь. Тэмпература ў зоне паражэння складае каля 1000 градусаў. Зброя кропкава знішчае жывую сілу ў накрытых агнявых пунктах, будынках, аўтамабілях.

Аэразольная заслона

Перад тым, як выйсці на агнявую мяжу, разлікі трэніруюцца на асобнай пляцоўцы. Баявую стральбу весці мне не дазволілі, таму ўдалося праверыць на сабе толькі вучэбны агнямёт. Гэта спецыяльны трэнажор, унутры якога размешчана не агнясумесь, а ствол малакалібернай вінтоўкі. Стрэл ён робіць толькі патронам 5,6 мм.

Для чаго патрэбна аэразольная заслона? Перадыслацыруемся на наступную мяжу. Тут нас чакае разлік спецтэхнікі. Я была ўпэўнена, што ў войску ўжо знаёмая з усім узбраеннем, але з гэтым сутыкнулася ўпершыню.

Гэтая машына называецца тэрмадымавая апаратура. Яна прызначана для таго каб ствараць аэразольную заслону. Навошта гэта трэба? Для ўтойвання важных аб’ектаў, мастоў, баявой тэхнікі, а таксама лжывых аб’ектаў. Танкі і самалёты адлюстроўваюць інфрачырвонае выпраменьванне — яны становяцца мішэнню для дронаў і высокадакладнай зброі. А пры дапамозе вось такой аэразольнай заслоны тэхніку можна лёгка замаскіраваць. Апаратура можа працаваць да 13 гадзін без перапынку, пасля гэтага яна дазапраўляецца.

Выкарыстанне дымавой маскіроўкі ў войсках мае даўнюю гісторыю. Гэты прыём ужываўся і ў Першую, і ў Другую сусветную вайну. У маштабнай аперацыі дым упершыню выкарыстоўваўся падчас контрнаступлення пад Сталінградам. Тады ад нямецкага камандавання неабходна было схаваць задуму аперацыі, напрамкі галоўных удараў войскаў і месцы засяроджвання сіл і сродкаў.

Памылка, якая дорага каштуе

Першае, што прыходзіць у галаву, калі гаворка заходзіць аб войсках РХБЗ, — гэта, вядома ж, процівагаз і спецыяльная экіпіроўка. Дарэчы, сёння гардэроб воінаў-хімікаў адрозніваецца разнастайнасцю: гэта і касцюмы супраць хімічнага, радыеактыўнага заражэння і біялагічнай абароны. Як гаворыцца, «усё па апошнім піску моды»... Дакладней, згодна з сучаснымі патрабаваннямі абароны.

Зараз я прымераю на сабе процівагаз, падганю яго і выйду для выканання задачы. Па легендзе нашай трэніроўкі, сапернік распыліў атрутныя рэчывы. Нашы вайскоўцы цалкам экіпіраваліся, і перад тым, як накіравацца ў раён, яны павінны прайсці праверку на герметычнасць процівагазаў у спецыяльнай тэхнічнай палатцы.

Унутры памяшкання вайскоўцы спецыяльна распылілі аэразоль. Ён правакуе слёзы, кашаль, увогуле непрыемныя адчуванні. Калі процівагаз падагнаны правільна, то баец нічога не адчуе, а вось калі абы-як, то плакаць ён будзе горкімі слязамі. У прамым сэнсе гэтага слова.

Я вырашыла праверыць, ці правільна экіпіравалася:

— Вы жывыя, хлопцы?

— Так.

— Не адчуваецца нічога?

— Пах.

— Я баюся. Я буду заходзіць спінай.

Заходжу ў палатку:

— Чаму ў мяне слязяцца вочы? А ў вас слязяцца вочы?

— Нармальна.

— Што значыць нармальна? Слязяцца ці не?

Унутры я вытрымала літаральна хвіліну:

— У мяне жудасна слязяцца вочы, значыць, я няправільна падагнала свой процівагаз.

Відавочна, я ўсё зрабіла няправільна. Памылка каштавала мне слёз і насмарку. А калі б гэта былі атрутныя рэчывы, то, хутчэй за ўсё, і жыцця.

У барацьбе з эпідэміяй

Адна з задач войскаў РХБЗ — разведка мясцовасці. Экіпіраваныя ваеннаслужачыя на спецыяльнай тэхніцы накіроўваюцца ў раён, дзе, як мяркуецца, магло адбыцца заражэнне любога характару. У першую чаргу, яны збіраюць інфармацыю аб факце, характары і маштабах надзвычайнага здарэння. Бяруцца пробы паветра, зямлі, вады. Заражаныя ўчасткі абазначаюцца спецыяльнымі знакамі. Тэрыторыя старанна ахоўваецца. Вярнуўшыся ў пункт дыслакацыі, уся тэхніка і ўзбраенне апрацоўваюцца спецыяльнымі сродкамі.

Дарэчы, беларускія воіны-хімікі адыгралі значную ролю ў барацьбе з эпідэміяй COVІD-19. Яны працавалі суткі напралёт, ажыццяўляючы дэзынфекцыю адміністрацыйных будынкаў, школ, бальніц, вуліц нашых гарадоў. Дзякуючы ў тым ліку іх рабоце, эпідэмія пайшла на спад. У сваю чаргу, хацелася б пажадаць вайскоўцам выконваць задачы толькі на палігонах. А эпідэміі і радыяцыйныя заражэнні няхай застануцца выключна ў дакументальных фільмах і на старонках падручнікаў.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Фота з архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»